Пле́сці, плясці́, плесць, плэсты́, плыстэ́ ’перавіваючы (палосы, лазу, ніці, стужкі), злучаць (іх) у адно цэлае, вырабляць што-н.’, ’вязаць’, ’віць вяроўкі’, ’гаварыць без сэнсу’, ’гаварыць у сне’, ’узводзіць паклёп, паклёпнічаць’; сюды ж у слалучэннях: плётма пле́сці ’хлусіць’, пле́сці кашалі́ без дужак, плесці плота без калкоў ’гаварыць няпраўду, што папала’; пле́сціся, плясці́ся, пле́сцца ’паволі ехаць, ісці, заплятаючыся, чапляючы нагой за нагу’, плётма плесціся ’ўвесь час цягнуцца, ісці’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Др.-Падб., Шат.; Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС; сміл., Стан.; дзятл., Сцяшк. Сл.; ЛА, 4). Укр. плести́, рус. плести́, плесть, польск. pleść, н.-луж. plasć, в.-луж. plesć, палаб. plitě ’пляце’, чэш. plésti, славац. pliesť, славен. plésti, серб.-харв. плѐсти, харв. чак. plȅst, макед. плете, балг. плета́, ст.-слав. плести ’плесці’. Прасл. *plesti < і.-е. *plekʼ‑te/o: ст.-в.-ням. flehtan, англ.-сакс. fleohtan, лац. plectō ’плесці’; без суф. ‑te/o: ст.-грэч. πλέκω, лац. plicāre ’складаць, загінаць, звіваць’ < і.-е. *piekʼ‑ (Міклашыч, 250; Махэк₂, 459; Фасмер, 3, 280; Брукнер, 418; Бязлай, 3, 56); Трубачоў (Ремесл. терм., 248) — *plek‑ (*plekʼ‑). Мее (Études, 180) рэканструюе прасл. форму як *plet‑. Банькоўскі (2, 606) выводзіць тры прасл. формы: *plesti/*plęsti > *plěsti > *plet‑/*plēt‑/*plot ’пашыраць, павялічваць, дадаючы новыя элементы’. Тое ж абазначае і літ. plė̃sti, platùs ’шырокі’. Адносна значэння ’ілгаць, абгаворваць, узводзіць паклёп’: Брукнер (418), Махэк₂ (459). Фасмер (3, 280), Копечны (Zákl. zásoba, 269) бачаць у ім семантычны перанос прасл. *plesti. Фурлан (JS, 29, 120) выводзіць лексему з гэтым значэннем з і.-е. *pléte/o < *(s)pel‑ ’узнёсла гаварыць’, ад якога можа быць і літ. рlерė́tі ’балбатаць, несці бязглуздзіцу’ (Бязлай, 3, 56), што непераканаўча (Куркіна, Этимология–1994–1996, 199). Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1), плісціся ў значэнні ’цягнуцца’ — русізм, што неабавязкова, параўн. балг. жарт. плете́ ’ідзе’ (БЕР, 5, 342).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плот 1, плу͡от, плут, пліт, плыт, плет ’агароджа вакол чаго-н.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’паркан’ (Нас.; ТСБМ; Варл.), ’агароджа з жэрдак, пераплеценых галлём’ (Яруш., Сцяшк. МГ, Гарэц., Шпіл., Бес., Шушк., Выг., П. С.; Зн., дыс.; ДАБМ, к. 246; Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Сл. Брэс.; івац., Жыв. НС); ’пляцень, агароджа з тонкіх кійкоў, пераплеценых лазой’ (Чуд.; Клім.; ЛА, 4), ’частакол’ (ЛА, 4); ’плот з жэрдак’ (усюды, апрача ўсх.-маг. і ўсх.-гом., ЛА, 4); плот ’застаўкі ад снежных заносаў на дарозе’ (Сцяшк. МГ), ’дубцы, галлё з якіх плятуць агароджу, кашы’ (Сцяшк. Сл., Сцяшк. МГ). Укр. пліт, рус. зах., паўд. плот, польск. płot, н.-луж. płot, в.-луж. płót, чэш., славац. plot, славен. plọ̑t, серб.-харв. пло̑т, макед. плот, балг. плет, ст.-слав. плотъ. Прасл. *plotъ ці *ploktъ (Трубачоў, Ремесл. терм., 163) — гэта іменнае вытворнае з о‑вакалізмам ад дзеяслоўнай асновы *plesti > пле́сці (гл.) < і.-е. *plektō з пашыральным суф. ‑t‑ пры больш старажытным *plekō, параўн. ст.-грэч. πλέκω ’плягу’. Мяркуецца, што *plesti першапачаткова адносіўся да пляцення з гнуткіх, тонкіх атожылкаў і галінак дрэваў. Аналагічнае паходжанне ням. Wand ’сцяна’ < winden ’плесці’ (Мерынгер, IF, 1904–1905, 17, 139 і наст.) ці манг. хэрэм ’сцяна’ < хэрэх ’звязваць, сплятаць’ (Аткупшчыкоў, Из истории, 233). Сюды ж в.-дзв. плутуваць ’пераплятаць плот лазой’ (Сл. ПЗБ).

Плот 2, плыт, плытюх, плытюга́ ’хлус, балбатун, пляткар’ (Клім.; пін., Сл. Брэс., Нар. лекс.; івац., Жыв. НС). Да пле́сці (гл.). Паводле Банькоўскага (2, 607), пераход ’плесці’ > ’выдумляць, хлусіць’ — польская спецыфіка. Аднак параўн. рус. арх. плоти́ть ’хлусіць, вярзці лухту’ і фразеалагізм плести плетень ’гаварыць бязглуздзіцу’.

Плот 3 ’плыт’ (Сцяшк. Сл.; ваўк., Сцяшк. МГ; вільн., астрав., Сл. ПЗБ). Да плыт 1 (гл.). Сюды ж плот ’спосаб укладкі лёну і канапель для вымочвання’ (калінк., мазыр., Уладз.).

Плот 4 ’кнот, зроблены з напаўспаленых акрайкаў палатна’ (Мік.). Відаць, да пле́сці (гл.), г. зн. ’сплецены з акрайкаў палатна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры — прыназоўнік (з М. скл.) і прэфікс, параўн. ст.-слав. при, ст.-рус., ст.-бел. при, укр. при, рус. при, польск. przy, каш. přë (памор. přå̃/přä), палаб. prai‑ (прэфікс.), в.-луж. při, н.-луж. pśi (дыял. pśa), чэш. při, славац. pri, славен. pri, серб.-харв., макед., балг. при. Асноўныя значэнні, якія развіліся на зыходнай праславянскай семантычнай базе: прасторавае з указаннем на цесную блізкасць; указанне на адносіны падпарадкавальнасці, падобнасці, аднесенасці да чаго-небудзь; на наяўнасць чаго-небудзь у каго-небудзь; на час, абставіны, становішча. Найбліжэйшымі паралелямі да прасл. *pri лічацца літ. priẽ ’пры, каля, да’ (жамойц. pry, таксама з нарашчэннем ‑gi: príegi/priẽg) з Р. скл., ст.-прус. prei ’да, пры’ з Д. скл. (Фрэнкель, 652–653; Траўтман, 230; пра праблематыку ст.-літ. постпазіцыйнага ‑pi, які ідэнтыфікуецца з лат. прыназ. píe, прасл. і літ. прыназ. з ‑r‑ гл. Ваян, RÉS, 33, 109). Больш далёкія і.-е. адпаведнікі: ст.-лац. prī, грэч. πάραι ’пры’, ст.-інд. parḗ, таксама хец. pa‑ra‑a = parā ’ўперад, з (адкуль-небудзь)’. Аб іранскім інгрэдыенце ў семантыцы *pri (= *kъ, суадносным з сагдз. kw ’к’) гл. Мартынаў (Язык, 50–51). У якасці прэфікса, які працягвае прасл. *pri‑, утварае перш за ўсё дзеясловы са значэннямі: давядзення дзеяння да канчатковай мэты (прыйсці́, прыхілі́цца); дабаўлення, збліжэння, замацавання чаго-небудзь з чым-небудзь (прыдрукава́ць, прышы́ць); накіравання дзеяння да сябе, выканання дзеяння ў сваіх інтарэсах (прыва́біць, прысво́іць); накіравання дзеяння на прадмет зверху ўніз (прымя́ць, прыці́снуць); паўнаты, вычарпанасці дзеяння (прывучы́ць, прыахво́ціць); непаўнаты, слабой меры дзеяння (прыспа́ць, прыадчыні́ць); суправаджальнасці дзеяння (у дзеясловах на ‑(оў)ва: прыгаво́рваць, прытанцо́ўваць). Утварае назоўнікі і прыметнікі са значэннямі: непасрэднага прымыкання да чаго-небудзь (прыла́знік, прыбра́мнік); дадатковасці (прыпло́д, прыпёк). Большая частка гэтых значэнняў мае агульнаславянскі характар. Гл. таксама Фасмер, 3, 362; Скок, 3, 39; Махэк₂, 492; ESSJ, 2, 210–216 (з падрабязным аглядам літ-ры і версій); БЕР, 5, 690.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прымо́л ’круты бераг ракі’, прымо́лісты ’круты, абрывісты’ (ТС). Відаць, той самы корань, што і ў балг. подмо́л ’бераг, навісшы над ракой’, славен. podmòl ’размыты ракой бераг’, славац. podmoľ ’размытае (падмытае) вадой месца’, што да прасл. *podъmolъ, *podъmoljь ад *podъmelti, параўн. славац. podomlieť ’размыць, падмыць, падкапаць’, в.-луж. podmlěć ’падмыць, падкапаць (бераг)’ пры зыходным mlěć (гл. мало́ць); аналагічна чэш. výmol, славац. výmoľ ’нара, вымытая вадой’, рус. вымол ’прыстань’ (Бернекер, 2, 74; БЕР, 5, 458). Адсутнасць фіксацыі адпаведнага дзеяслова, які лёгка ўзнаўляецца на падставе дзеясловаў тыпу прывары́ць ’зварыць, прыгатаваць’, прыморы́ць ’змарыць’ (ТС) і пад., не можа выклікаць сур’ёзных пярэчанняў супраць названай версіі. Аднак сувязь з *melti трактуецца як другасная, што паўплывала на выцясненне першаснай аманімічнай асновы *‑mьlěti, *‑milati, *‑moliti са значэннем ’выступаць, паказвацца з-за чаго-небудзь’, якая параўноўваецца з алб. mal ’узгорак з крутымі схіламі; абрыў; бераг’ (падрабязна пра апошняе Бярнар, Бълг. изсл., 264), лат. mala ’край, бераг’ і пад. (Куркіна, Этимология–1973, 34–37); супраць роднасці з названымі формамі Трубачоў (ЭССЯ, 9, 49), вяртаючыся да зыходнага *melti, *molъ ’малоць, церці’. Калужская (Палеобалк. реликты в совр. балк. языках. М., 2001, 126) тураў. прымо́л звязвае з грэч. προμολή ’падэшва гары; выток ракі’ і далей з алб. mal, арум. mal ’бераг’, літ. malá ’край, вобласць’, jũrmala ’марское ўзбярэжжа’, лат. jūrmala ’марскі бераг’, ст.-ісл. mǫl ’вал з дробнага камення ўздоўж берага’, а таксама славен. móla ’выступ, балкон, вастрыё’, ’уздоўж’ разам з усімі названымі формамі да і.-е. *mol‑ ’выступаць, выдавацца’. Магчыма, тут назіраецца супадзенне слав. *molъ (< *melti) з субстратным коранем, вядомым у больш шырокім значэнні на значнай індаеўрапейскай тэрыторыі. Сувязь з мул ’іл’, якая прапануецца для ўкр. ви́мул ’вымытае паглыбленне’ (ЕСУМ, 3, 532), здаецца малаверагоднай, параўн. приму́лина ’нанесены вадой глей, мул’. Гл. таксама Глухак, 505: promóliti (se).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяро́ ’пяро птушкі; пяро для пісання; зялёны ліст цыбулі ці часнаку; лопасць у інструментах’ (ТСБМ), ’птушынае пяро’ (Шымк. Собр., Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’плаўнік’ (свісл., Шатал.), перо́ ’пяро ў птушкі’ (Сержп., Каз.), ’лапатка ў вясле; перыстая трава; плаўнік у рыбы’ (ТС), ’лускавінка ў шышцы; сцябло цыбулі’ (ПСл), пэро́ ’шырокая частка вясла’ (Маслен.), ж. р. пяра́ ’птушынае пяро’ (даўг., Сл. ПЗБ), пяры́на ’адно птушынае пяро’ (ТСБМ), пяры́нка ’пёрка’ (Бяльк.), укр. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік’, піры́на ’адно пяро’, рус. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; шырокая частка вясла’, польск. pióro ’птушынае пяро; крыло; пяро для пісання; лопасць’, чэш. pero, péro ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; лопасць’, славац. pero ’птушынае пяро; пяро для пісання’, палаб. perü ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; лопасць’, в.-луж. pjero ’пяро; плаўнік’, н.-луж. pjero ’птушынае пяро; пяро для пісання’, славен. perȏ ’птушынае пяро; пружына гадзінніка; пяро для пісьма; вастрыё пілы; язычок ключа’, серб.-харв. пѐро ’птушынае пяро; плаўнік; ліст’, балг. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; ліст расліны; лопасць; зялёны ліст цыбулі’, макед. перо ’птушынае пяро; восць коласа; ліст кукурузы; пяро для пісання’. Праслав. *pero ’пяро’, роднаснае літ. spar̃nas ’крыло, лопасць’, лат. spàrns ’тс’, ст.-інд. parnám ’крыло, пяро’, авест. parəna‑ ’пяро, крыло’, перс. parr ’тс’, ням. Farn ’папараць’, што ўзыходзяць да і.-е. *per‑/*sper‑ гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання (перадае трымценне), параўн. Фасмер, 3, 243; Шустар-Шэўц, 2, 1081; Глухак, 475. Менш верагодная іншая версія, згодна з якой праславянская форма параўноўваецца з грэч. πτερόν ’пяро, крыло’, πέιομαι ’ляцець’, ст.-інд. pátram ’крыло, пяро’, лац. penna ’тс’, ст.-в.-ням. fedara ’пяро’, ням. Feder ’тс’, што да і.-е. *ptero < *pet‑ ’ляцець’, параўн. Бязлай, 3, 27; Сной₂, 507; БЕР, 5, 179, насуперак ESJSt, 11, 636, дзе па словаўтваральных крытэрыях аддаецца перавага апошняй версіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рот, ро̂т ’поласць паміж сківіцамі і шчокамі да глоткі’ (ТСБМ, Нас., Бес., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Стан., Юрч. Сін., Ян.), ’губы (нутро губы)’ (Дразд., Ян.), ’ляпа, пашча звера’ (Дразд.; паўд.-бел., ЛА, 1), ’паз у кароткіх бярвеннях, што кладуцца ў прасценкі’, ’зеў паміж верхнімі і ніжнімі ніткамі асновы’ (ТС). Укр. рот, ріт ’рот’, ’горла буча ці венцера’, рус. рот ’тс’, тул. рты ’губы’, стараж.-рус. рътъ ’вастрыё’, ’дзюба’; каш. retk ’мыс; каса, гак на возеры’, ’рукаў пяску’, ’яма на дне’, ’заліў’, ’лужа’ з незахаванага каш. ret (Борысь, SEK, 3, 179), палаб. råt ’морда, пашча, зяпа’, ’дзюба’, ’мурло’, в.-луж. rót, rot, ert ’рот’, чэш. ret ’губа’, славац. ret, rty ’вусны’, славен. ȓt ’вастрыё нажа’, ’вяршыня гары’, ’нос карабля’, серб. р̑т, харв. rȃt, ȓt ’мыс’, ’кончык нажа’, ’вяршыня’, ’верх чаго-небудзь’, макед. ʼрт ’мыс’, балг. рът ’узгорак, узвышша’, ц.-слав. рътъ ’нос (абутку, карабля)’, ’дзюба’, ’морда’. Прасл. *rъtъ ’нешта высунутае наперад ці ўверх; вострае заканчэнне, вяршыня чаго-небудзь’, якое з’яўляецца субстантывізаваным першасным дзеепрыметнікам *rŭ‑to‑, звычайна звязваецца з *ryti ’рыць’, *rъvati ’ірваць’ < і.-е. *reu̯‑ ’капаць, рыць’ (Міклашыч, 285; Праабражэнскі, 2, 217; Фасмер, 3, 506–507; Мюленбах-Эндзелін, 3, 565 дадаюць сюды яшчэ лат. rutulis ’драўляны кругляк, цурбалак’. Сной₂ (632) выводзіць прасл. *rъtъ з і.-е. *h3er‑ ’паднімацца, узвышацца, рухацца наперад’, якое захавалася ў ст.-грэч. ὄρνυμι, ὀρνύω ’паднімаю, хвалюю, пачынаю’, ст.-інд. ṛṇṓti ’рухацца, перамяшчацца’. Махэк₂ (513) без сумневу адносіць прасл. *rъtъ да роднасных ням. Rüssel ’рыла’, с.-в.-ням. rüezel < ст.-в.-ням. ruozzan ’капаць зямлю’, англ. root ’рыць зямлю, падрываць карані (пра свіней)’, англ.-сакс. wrōt ’рыць рылам (пра свінню)’, лац. rōstrum ’нос’, ’дзюба’ < rādo, ‑ere ’рыць, капаць, скрэбці’. Сюды ж рота́ты ’з вялікім ротам’, ’крыклівы, гарлапан’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стан 1 ‘фігура, постаць чалавека’, ‘месца стаянкі, часовага пасялення’, ‘войска, адзін з ваюючых бакоў’, ‘саслоў’е, сацыяльны слой’, ‘машына ці сістэма машын’, ‘прыстасаванне’, ‘поўны камплект, набор чаго-небудзь (стан калёс)’, ‘становішча’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сл. ПЗБ, Варл.), ‘талія’ (Ласт., Байк. і Некр., Касп., ТС), ‘вымераны кавалак палатна на сарочку’ (Касп.), ‘верхняя частка кашулі, сукенкі’ (Ян.), ‘фігура, постаць’ (Федар. 4), ‘сямейнае або грамадскае становішча’ (Варл.), ‘такарны станок’ (Нік., Оч.), ‘стаянка, шалаш’ (ТС), ст.-бел. станъ ‘фігура’ (Альтбаўэр), ‘адміністрацыйная адзінка’, ‘саслоўе’, ‘становішча’, ‘шлюб’, ‘ваенны лагер’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 71–72). Параўн. укр. стан ‘тулава; становішча, стан’, рус. стан ‘лагер, месца стаянкі’, ‘тулава, постаць чалавека’, рус.-ц.-слав. станъ ‘лагер, стаянка’, польск. stan ‘становішча, знаходжанне; чын; штат; талія’, в.-луж., н.-луж. stan ‘палатка’, чэш., славац. stan ‘шацёр, палатка’, серб.-харв. ста̑н ‘жыллё; стаў (ткацкі)’, ‘стаўка (у войску)’, славен. stȃn ‘жыллё; будова; загон; тулава; становішча’, балг., макед. стан ‘лагер; загон; постаць’, ст.-слав. станъ ‘лагер, стан’. Прасл. *stanъ ‘стан, становішча; месца знаходжання, стаянка’ — дэрыват з суф. ‑nъ ад прасл. *stati ‘стаць’ (Слаўскі, SP, 1, 115; Махэк₂, 574; Шустар-Шэўц, 1354; Борысь, 574). Роднасныя: літ. stónas ‘становішча’ (Фасмер, 3, 745: ставіць пытанне аб запазычанні з славянскага), ст.-інд. sthā́nam ‘месца; месца знаходжання’, грэч. δύστηνος; ‘той, хто знаходзіцца ў благім становішчы’, ст.-в.-ням. stân, stèn ‘стаяць’. Параўн. яшчэ асец. astœw ‘паясніца, талія’. Гл. Фасмер, 3, 745, з літ-рай; гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1354; ЕСУМ, 5, 394–395.

Стан 2 ‘сузор’е Млечны шлях’ (Ласт., Стан.). Да стан 1 са значэннем ‘войска, вайсковы лагер’, параўн. “Млечную дарогу называюць Вайсковым Станам” (Спадчына, 1990, 4, 41).

Стан 3 ‘стан (дзеяслова)’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.). Відаць, самастойнае ўтварэнне на базе стан 1 ‘становішча’, параўн. рус. залог ‘тс’, польск. strona ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сэ́рца ’цэнтральны орган кровазвароту’, ’гэты орган як сімвал перажыванняў, настрою, пачуццяў’, перан. ’гнеў, злосць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Дразд., Сцяшк., Сл. ПЗБ), таксама сэ́рцо ’тс’ (Мал., Сцяшк., Сл. ПЗБ), сэ́рцэ ’тс’ (Нас., Шн. 2, Сл. Брэс., Сержп. Прымхі), ст.-бел. сэ́рцэ ’тс’ (XVI ст., Золтан, Athila, 551); сюды ж сэ́рца ’цэнтральная ўнутраная частка дрэва, стрыжань’ (Сцяшк.), ’стрыжань’ (Сл. Брэс.), ’чырвы (масць у картах)’ (Наша ніва, 2002, 15 лют.), сэ́рцэ ’адтуліна ў жаку або рыбацкай сетцы’ (Тарн., Горбач, Зах.-пол. гов.); гл. таксама серца. Укр. се́рце, рус. се́рдце, стараж.-рус. сьрдьце, польск., н.-луж. serce, ст.-польск. sierce, чэш., славац. srdce, серб.-харв. ср̏це, дыял. ’унутранасці, вантробы’, славен. srcẹ̑, балг. сърдце́, дыял. съ́рце ’тс’ і ’жывот, страўнік’, макед. срце, ст.-слав. срьдьце ’тс’ і ’жывот, страўнік’. Прасл. *sьr̥dьce ’сэрца’ < *sьr̥dьko утрымлівае памянш. суф. ‑ko; каранёвае імя захоўваецца ў *milo‑sŕ̥dъ ’міласэрны’, *sr̥diti sę ’сярдзіцца, злавацца’. Першапачатковае *sьrd‑/*sьdь, роднаснае літ. širdìs ’сэрца’, лат. sir̂ds ’сэрца; мужнасць; гнеў’, ст.-прус. seyr ’сэрца’, грэч. κῆρ (< *ḱērd‑), гоц. haírtô‑ ’сэрца’, хец. kard ’тс’ і інш.; гл. Фасмер, 3, 605–606; Слаўскі, SP, 1, 101; Траўтман, 302; Фрэнкель, 986–987; Вальдэ-Гофман, 1, 271–272; Покарны, 579–580; Махэк₂, 572; Шустар-Шэўц, 1284–1285; Скок, 3, 316–317; Борысь, 542; Сной, 600; ЕСУМ, 5, 222. Ацвярдзенне с‑ Карскі (1, 357) тлумачыў украінскім і польскім уплывам, дзе, аднак, да гэтага часу формы serce і sierce сустракаюцца ў гаворках, а распаўсюджанне першай з іх адбылося праз т. зв. культурны дыялект з чэшскай мовы і фіксуецца з пачатку XVI ст. (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 314). Параўн. таксама пярэчанні Векслера (Гіст., 207), які па лінгвагеаграфічных прычынах сумняваецца ў такіх уплывах і дапускае тут вынік рэгрэсіўнай асіміляцыі. Першапачатковая семантыка, суадносная з паўднёваславянскай, захавалася ў выразе натшчэ серца ’на пусты страўнік’ (Сержп. Прымхі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́та ’бацька’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп., Бяльк.), ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), ’бацька (дзіцячае слова)’ (Шымк. Собр.), та́туль ’бацька’ (Сцяшк.), та́тка ’бацька; ласкавы зварот не толькі да мужчын, але і жанчын’ (Ян.), та́то, та ’бацька’ (ТС), та́то ’тата, бацька’ (маст., пруж., кам., Сл. ПЗБ; Федар. 4; Горбач, Зах.-пол. гов.), тату́ля ’бацька’ (Ласт., Мат. Маг.), ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), тату́лё ’хросны бацька’ (Сцяц. Сл., Сцяц.), тату́ля, тату́ня ’ласкавы зварот да бацькі, святара і дзіцяці’ (Нас.), тату́лька ’тата’ (Касп.), ’хросны бацька’ (віл., Сл. ПЗБ), ’пачцівы зварот да святара’ (Нас.), тату́ленька ’бацюшка, святы айцец — зварот да святара; зварот да чужой асобы пры здзіўленні’ (Нас.), тату́лечка ’тс’ (Нас.), та́тусь ’бацька’ (Скарбы, Сцяц. Сл., Сцяшк.), ’тата (ласкальнае)’ (воран., шчуч., Сл. ПЗБ), ’хросны бацька’ (Мат. Маг.), ’тата (зневажальнае)’ (Сцяц.), та́тусь ’бацька’ (Ласт.), ’хросны бацька’ (Сл. Брэс., ТС, Касп.), ’бацюшка, святы айцец — пра святара’ (Нас.), та́туська ’хросны бацька’ (Мат. Маг.), та́тушко ’татка’ (Сцяц., Сцяц. Сл.), тату́лечка, тату́лька, тату́сечка, тату́ся, тату́хна ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), ’татуля (ужываецца ў песнях)’ (Бяльк.), та́ты ’тата’ (Сцяшк.), та́тычка ’памяншальнае да тата’ (Бяльк.), ст.-бел. тато ’тата’ (XVII ст., КГС). Укр. та́то ’тата’, дыял. та́та ’тс’, рус. дыял. та́та ’тс’, польск., н.-луж. tata, tato, в.-луж. tata, чэш. táta, славац. tata, tato, славен. táta, tátek, серб.-харв. та̏та, та́та, та́то, дыял. та̏тe, балг. та́те, тато, дыял. та́та ’мой бацька’, макед. тате ’татка, бацька (пры звароце)’, ст.-слав. тата. Прасл. *tata ’бацька, тата’ з першаснага дзіцячага падваення складоў, як і паралельныя ст.-інд. tatáḥ ’тата’, tātaḥ ’тата, сын, мілы’, хец.-лув. tati‑ ’бацька’, грэч. τέττα, τάτᾶ — клічная форма (пры звароце да бацькі), лац. tata ’тата’, карнуэлск. tat ’тс’, літ. tė̃tis, tė̃tė ’тс’, лат. tētis, tēte ’тс’, прус. thetis ’дзядуля’ (ЕСУМ, 5, 527; Фасмер, 4, 26; Брукнер, 567; Махэк₂, 637; Борысь, 629). Частка слоў адлюстроўвае клічныя ці ўсечаныя формы або ўскладнена памяншальна-ласкальнымі суфіксамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тлець, тле́цца ’гніючы, разбурацца’, ’гарэць без полымя’, ’гніць, трухлець, парахнець’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк.), ’гарэць без полымя’; ’гніць’, (Ласт., ТС), tlyeć ’бедаваць, цярпець нястачу’ (Федар. 4), тлі͡еті ’гніць, слаба гарэць’ (Вруб.), ст.-бел. тлети ’тс’ (XV ст., КГС), сюды ж тліць ’ператвараць у прах’ (Нас.). Укр. тлі́ти ’гнісці, распадацца, разбурацца’, рус. тлеть ’тс’, ’гарэць без полымя’, польск. tleć ’тс’, н.-луж. tłaś ’гнісці, разбурацца’, в.-луж. tłać ’тс’, чэш. tlít ’гнісці; павольна гаснуць’, славац. tlieť ’павольна гаснуць, тлець’, славен. tléti ’ціха без полымя гарэць; гнісці, распадацца’, макед. тлее ’гаснуць’, балг. тле́я ’гарэць без полымя; гнісці’, ст.-слав. тьдѣти ’тлець, гнісці, псавацца, гінуць’. З прасл. *tьlěti ’тлець’, звязанага з *tьliti ’губіць, псаваць’ і роднаснага да лат. tilt ’мякчэць, выбельвацца (пра лён)’. Лічаць верагоднай і сувязь з літ. tìlti ’сціхаць, замаўкаць’, tylė́ti ’маўчаць’, tylùs ’ціхі, маўклівы’, грэч. τέλμα ’калюжа, балота’, τελμίς ’гніль, твань’, арм. tełm, tiłm ’глей, гразь’, і.-е. *tel‑ ’быць ціхім’. Мартынаў (Язык, 30–31, 88) лічыць прасл. *tьlěti роднасным да *tьlo ’апрацаваная (выпаленая) зямля’, якое параўноўваецца з прагерм. tila, гоц. til ’урадлівая зямля’, асец. tillaeg ’ураджай’; паводле Куркінай (Этнолингвистика, ономастика, этимология. Екатеринбург, 2009, 151), *tьlo ’тс’ ад *tьlěti ’гарэць без полымя’, параўн. рус. дыял. тлиль ’выпаленае месца ў лесе’, ’выпалены ўчастак ў лесе, што засяваецца і дае добры ўраджай’, якое суадносіцца з серб.-харв. тљати ’спаць’, адсюль развіццё прыметы ’слабое праяўленне дзеяння, працэсу’ ў ’гарэць без полымя’. Фурлан (Бязлай, 4, 187) на падставе тло н. р., да тла: дровы догорѣли до тла (Нас.), ст.-слав. тьло, тьлꙗ ’цвёрдая зямля’, стараж.-рус. тьло ’зямля; под’ выводзіць адназоўнікавыя дзеясловы прасл. *tьlěti, *tьliti, роднасныя прасл. *toliti ’заміраць, супакойваць’ (гл. таліць 1). Гл. яшчэ Фасмер, 4, 64; Махэк₂, 645; ЕСУМ, 5, 583; Борысь, 634 (адназоўнікавы дзеяслоў з семантыкай ’ператварацца ў зямлю’); Жураўлёў, Язык и миф, 110–111.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)