Ды́рда ’дзяўчынка-гарэза, якая выйшла з дзіцячага ўзросту і бегае ў кароткай кашулі’, ’чалавек высокага росту і асабліва той, хто мае доўгія ногі’, ды́рдас ’хлопчык-гарэза, які выйшаў з дзіцячага ўзросту і бегае ў кароткай кашулі’ (Нас.). Паводле Лаўчутэ (Лекс. балтызмы, 19), гэтыя два словы ў даных значэннях зафіксаваны толькі ў бел. мове і на слав. глебе не этымалагізуюцца. Лаўчутэ мяркуе, што крыніцай гэтых лексем былі літ. *dirda, *dirdas (параўн. літ. dirdinė́ti ’сланяцца, бяздзейнічаць’). Ад ды́рда, відавочна, утвораны дзеяслоў ды́рдзіцца ’выцягваць ногі пры смерці’ (Касп.). Параўн. яшчэ вельмі няпэўныя меркаванні ў Сл. паўн.-зах. (пад ды́рда). Няпэўна таксама Трубачоў (Эт. сл., 5, 201) звязвае ды́рда з ды́лда.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Парожні, парожны ’пусты, нічым не запоўнены’ (ТСБМ, Нас., Шат., Янк. БП), поро́жні ’пусты; нішчымны, не прыпраўлены’ (ТС), паро́жневаць ’быць не занятым’ (Нас.), порожнева́ти ’тс’ (Клім.). Рус., укр. поро́жний, ст.-рус. порожьнъ, польск. próżny. Аднакаранёвае са ст.-рус. пороздьнъ, ст.-слав. праздьнъ, в.-луж. prózdny, prózny, н.-луж. prozny, чэш. prázdný, славац. prázdny, серб.-харв. пра̑зни, славен. prázen, prázna, балг. пра́зен, пра́зден. Для ўсх.-слав. і польск. Фасмер (3, 330) узнаўляе прасл. porzdьnjo‑, для астатніх — porzdьnъ. Далейшыя і.-е. сувязі няпэўныя. Горшаль (SR, 5–7, 1954, 121) слав. porzdъ тлумачыць з pors‑do і лічыць роднасным хец. parš‑ ’бегчы’, герм. *ferzan ’аддаляць’, аналагічна слав. pustъ (гл. пусты): pustiti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́па1 ’акоп, траншэя, падкоп’ (ТСБМ). Праз рус. са́па ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 82), якое з франц. sap(p)e ’траншэя’ (Праабражэнскі, 2, 251; Фасмер, 3, 558). Адсюль фразеалагізм ціхай сапай ’непрыметна, цішком’, гл. Лепешаў, этым. фраз., 401–402.

Са́па2 ’від рыбы (тонкая, касцістая)’ (ТС). Рус. дыял. са́па ’рыба Cyprinus ballerus L.’ Існуючыя версіі няпэўныя. Параўноўвалі з літ. šãpalas ’рыба Leuciscus cephalus’, лат. sapals ’від карпа’, гл. Мацэнаўэр, LF, 19, 246 і наст., што адвяргае Фасмер (3, 558), таксама як і думку Мацэнаўэра (Cizí sl., 303) аб сувязі з ням. Zope ’від карпа’, zupe ’тс’. Лаўчутэ (Балтизмы, 148) выводзіць з лат. sapols ’галаўль’; супраць Анікін, Опыт, 272–273 (прапануе сувязь з прасл. *sopěti, *sapeti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыглавец, ст.-бел. триглавецъ ‘трохгаловая істота, пачвара’ (1489 г., ГСБМ), сюды ж мікратапонім Трыглаў ‘назва каменнага ідала’ (Дучыц Л. Археалагічныя помнікі ў назвах, вераваннях і паданнях беларусаў. Мінск 1994, 37, 53). Параўн. у паморскіх славян Trigelawus ‘паганскі бог’, назвы горных вяршынь славен. Triglav, Triglavec, серб. Триглав ‘паганскі бог’: страшног бога Триглава (Петровић С. Систем српске митологије. Београд 199, 190); іншыя фіксацыі няпэўныя. З-за адсутнасці поўнагалосся, хутчэй за ўсё, запазычана з паўднёваславянскіх моў праз пісьмовыя крыніцы, прасл. *tri‑golvъ са спасылкай на Міклашыча падае Сной у Бязлай, 4, 224 (гл. тры, галава), параўн. літ. trigalvis ‘трохгаловы’, што магло паўплываць на захаванне няпоўнагалоснай формы беларускага мікратапоніма ці міфоніма. Гл. яшчэ Скок, 3, 500; Цыхун, Зб. Супруну, 237.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

До́шка ’дошка’ (БРС). Укр. до́шка, рус. доска́, польск. deska, чэш. deska, балг. дъска́, серб.-харв. да̀ска, ст.-слав. дъска. Прасл. *dъska. Славянскае запазычанне з герм. моў. Параўн. ст.-англ. disc ’стол, блюда’, ст.-в.-ням. tise (ням. Tisch ’стол’). Герм. формы запазычаны з лац. discus ’міска’ < грэч. δίσκος. Іншыя тлумачэнні вельмі няпэўныя, як і няпэўным з’яўляецца вывядзенне слав. слова непасрэдна з лац. або грэч. крыніцы. Гл. Фасмер, 1, 532; Трубачоў, Эт. сл., 5, 184–185; Мартынаў, Лекс. взаим., 61 і наст. Не вельмі зразумелыя бел. і ўкр. формы (адкуль ‑ш‑ замест ‑с‑?). Прасл. характар мае і вытворнае дашча́ны. Параўн. укр. доща́ний, рус. дощано́й, чэш. deščený (дыял.), балг. дъ́счен, серб.-харв. да̏шчан і г. д. Прасл. *dъščanъ(jь). Падрабязны агляд форм у Трубачова, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жы́дкі ’вадзяністы, негусты, тонкі’. Рус. жи́дкий ’вадкі’, в.-луж. židki ’негусты’, н.-луж. žydki ’тс’, чэш. уст. židký ’вадкі’, славен. žídek ’негусты, вадкі, мяккі, слабы’, серб.-харв. жи́дак, жи̏дак ’негусты, тонкі (пра сцябло і да т. п.); балг. дыял. жѝтък ’вадзяністы, негусты’. Ц.-слав. жидъкъ ’вадкі’. Ст.-рус. жидкий ’негусты, вадкі’. Прасл. *židъkъ утворана з суф. прыметніка *‑ъk‑ (як салодкі і інш.). І.‑е. корань *g​eid(h) ’жыжа, гразь’: грэч. δεῖσα ’гразь’, арм. gēǰ ’рэдкі’. Покарны, 1, 469; Фасмер, 2, 53; БЕР, 1, 549. Непераканаўчыя паралелі з герм. і іншых і.-е. моў прыводзіў Младэнаў (160); цікавыя, але няпэўныя балт. паралелі (літ. giẽdrùs, giẽdras ’ясны, празрысты’) дае Махэк₂ (727): іх адносяць да і.-е. кораня *g​hei (Покарны, 1, 488; Фрэнкель, 128), сувязь з якім слав. кораня семантычна няпэўная. Прапанова Ваяна (BSL, 31, 44) пра суадносіны *židъkъ з *žica, *žila (семантычна вадкігнуткі) не абгрунтоўвалася.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́лка ’белы хлеб’ (Карскі 1, Сцяшк.), ’пшанічны хлеб’ (Сцяц. Нар., Вешт.), ’жытні хлеб’ (Касп., Нас., Шн.), ’бохан хлеба’ (Бяльк.). Гл. яшчэ Бесар., Федар., 2. Падрабязна агляд значэнняў Сцяц. Нар., 25 (які лічыць, што найбольш пашыранае і даўняе значэнне ’пшанічнае печыва дзецям’). Рус. бу́лка, укр. бу́лка. Лічыцца запазычаннем з польск. bułka ’тс’ (вядомае з XV ст.). Праабражэнскі, 1, 52; Брукнер, 48; Слаўскі, 1, 50; Бернекер, 100; Рудніцкі, 251; Шанскі, 1, Б, 222. Аб запазычанні сведчыць тое, што ва ўсх.-слав. мовах слова з’явілася вельмі позна: у рус. і ўкр. з XVIII ст., у бел., мабыць, таксама (няма ў Булыкі). Крыніца польскага слова не вельмі пэўная (італ.; франц. boule ’круглы хлеб’, с.-в.-ням. biule ’шышка і г. д.’, швед. bulle ’хлеб, булка і да т. п.’; Слаўскі, 1, 50). Вельмі няпэўныя версіі пра роднаснасць усх.-слав. бу́лка з булава́, булды́рь і г. д. (так Фасмер, 1, 239; там і агляд іншых параўнанняў). Да слова бу́лка параўн. яшчэ Вештарт, Лекс. Палесся, 107–110.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галаве́нька1 ’апалонік (паўзун)’ (Шатал.). Наўрад ці ёсць сувязь са словамі тыпу галаве́нь (назва рыбы з вялікай галавой) ці галаве́нька ’спарыння’ (Шатал.). Хутчэй за ўсё трэба думаць пра нейкую кантамінацыю розных па значэнню, але падобных па форме слоў (*golv‑ ’галава’). А можа, гэта памяншальная форма (суф. ‑енька) ад галава?

Галаве́нька2 ’галавешка’ (Шатал.). Па паходжанню гэта памяншальная форма ад прасл. *golvьńa ’галавешка, факел і да т. п.’ (асноўная форма бел. *галаўня зафіксавана ў бел. мове вельмі слаба; яе няма ў большасці слоўнікаў; Трубачоў (Эт. сл., 7, 12) прыводзіць бел. галаўня, але адкуль?). Прасл. *golvьńa (рус. головня́, укр. голо́вня, польск. głownia, чэш. hlavně, hlaveň, ст.-слав. главьнꙗ, балг. главня́, серб.-харв. гла́вња і г. д.) лічыцца звязаным з прасл. *golva ’галава’ (г. з. н. першапачаткова ’галоўка палена, што гарыць’). Гл. Фасмер, 1, 429–430 (там і агляд ранейшай літ-ры). Менш пераконвае сувязь са ст.-інд. jurvati ’паліць’, jūrṇíṣ ’жар’ і г. д. Іншыя этымалогіі яшчэ больш няпэўныя. Падрабязны агляд славянскіх форм і абгрунтаванне сувязі з *golva гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 12–13.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіга́ць ‘скакаць’, ‘бегчы, шпарка ісці шырокімі крокамі’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Др.-Падб., Гарэц., Байк. і Некр., Сцяшк., Жд. 1, Нар. сл., ЛА, 2), ‘імкнуцца, жадаць, дамагацца’ (Варл.), сігну́ць ‘ступіць’ (Нас.; карэліц., Сл. ПЗБ), сіг ‘крок, скок’ (Нас., Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.). Рус. сига́ть ‘скакаць’, сиг ‘скок’. Брукнер (490) адносіць сюды ж і польск. дыял. (у XVI ст. запісана як мазавецкае) sigać ‘кідаць’, а таксама ц.-слав. сиг ‘костка для гульні’ і серб.-харв. си̏га ‘stalactites’. Апошнія два прыклады няпэўныя, у іншых крыніцах не згадваюцца. Бліжэйшыя паралелі бачаць у ст.-інд. śīghráh̥ ‘хуткі, скоры’, ст.-англ. hígian ‘спяшыць, напружвацца, імкнуцца’; гл. Сольмсен, KZ, 38, 143; Майргофер, 3, 348. Іншая версія — ад *sęgati (гл. сягаць) з другасным ‑i‑, як гэта мяркуе Праабражэнскі (2, 248), менш верагодная, аднак для некаторых значэнняў тыпу лаг. sihać ‘дамагацца’ цалкам дапушчальная. Думку Расянена (FUF, 29, 198) аб запазычанні з чув. sik‑ ‘скакаць’, тур. säkmäk ‘тс’ Фасмер (3, 618) адвяргае з прычыны наяўнасці слова ў беларускай мове. Меркаванні Дабрадомава (Бел.-рус. ізал., 39) пра рускае і беларускае слова як булгарызм не пераконваюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апало́нік1 пало́нік ’разліўная лыжка’. Рус. половник, уполовник, укр. ополоник, половник, абл. уполовник ’тс’. Ст.-рус. половьникъ ’мера сыпкіх цел’, уполовьникъ, упольникъ ’коўш на доўгай ручцы’. Ст.-бел. ополоник 1538–1539, полоник 1556–1571 (Мар. дыс.), ополоникъ (Шакун, Гісторыя, 114). Балг. половница ’сасуд 1/2 л’; макед. арх. половник ’1/2 вядра, торбы і інш.’, серб.-харв. устар. поло̀вњак ’мера збожжа каля 25 кг’, славен. polovník, polovnìca ’старая мера сыпкіх цел’. Параўн. яшчэ ўкр. половник ’засек для паловы’; славац. polovník ’сумесь з аўса (жыта) і ячменю’. Абодва прыклады на упольникъ у Сразн. аб меранні мора ўпольнікам. Апалонік, палонік звязаны са старарускай назвай меры половьникъ, уполовьникъ; апошняя цалкам, магчыма, генетычна звязана з паўднёваславянскімі формамі. Далейшыя этымалагічныя хады няпэўныя; магчыма сувязь з пол ’1/2’. Улічваючы славен. рòl ’чарпак (для лодкі)’ і ст.-рус. упольник, нельга гаварыць аб непасрэднай сувязі з палова ’рэшткі пры апрацоўцы зерня’. Фасмер (4, 164) няпэўна (як сам адзначае) параўноўвае уполовник, упол, уполовьня з палаць ’веяць’ (гл.), палоць.

Апало́нік2, пало́нік (Нас., БРС). Укр. ополоник ’палонік’, рус. дыял. полоник ’тс’ (бранск.). Перанос па знешняму падабенству з назвы лыжкі; параўн. балг. попова лъжичка ’тс’.

*Апало́нік3, ополо́нык ’перапечка з цеста’ (Вешт., 393). Параўн. палёшки ’малыя вараныя ці печаныя перапечкі’ (Вешт., 398). Магчыма, з назвы лыжкі, пры дапамозе якой наліваюць цеста (няпэўна). Параўн. паляніца, апалька (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)