Трыглавец, ст.-бел. триглавецъ ‘трохгаловая істота, пачвара’ (1489 г., ГСБМ), сюды ж мікратапонім Трыглаў ‘назва каменнага ідала’ (Дучыц Л. Археалагічныя помнікі ў назвах, вераваннях і паданнях беларусаў. Мінск 1994, 37, 53). Параўн. у паморскіх славян Trigelawus ‘паганскі бог’, назвы горных вяршынь славен. Triglav, Triglavec, серб. Триглав ‘паганскі бог’: страшног бога Триглава (Петровић С. Систем српске митологије. Београд 199, 190); іншыя фіксацыі няпэўныя. З-за адсутнасці поўнагалосся, хутчэй за ўсё, запазычана з паўднёваславянскіх моў праз пісьмовыя крыніцы, прасл. *tri‑golvъ са спасылкай на Міклашыча падае Сной у Бязлай, 4, 224 (гл. тры, галава), параўн. літ. trigalvis ‘трохгаловы’, што магло паўплываць на захаванне няпоўнагалоснай формы беларускага мікратапоніма ці міфоніма. Гл. яшчэ Скок, 3, 500; Цыхун, Зб. Супруну, 237.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)