Жы́дкі ’вадзяністы, негусты, тонкі’. Рус. жи́дкий ’вадкі’, в.-луж. židki ’негусты’, н.-луж. žydki ’тс’, чэш. уст. židký ’вадкі’, славен. žídek ’негусты, вадкі, мяккі, слабы’, серб.-харв. жи́дак, жи̏дак ’негусты, тонкі (пра сцябло і да т. п.); балг. дыял. жѝтък ’вадзяністы, негусты’. Ц.-слав. жидъкъ ’вадкі’. Ст.-рус. жидкий ’негусты, вадкі’. Прасл. *židъkъ утворана з суф. прыметніка *‑ъk‑ (як салодкі і інш.). І.‑е. корань *gu̯eid(h) ’жыжа, гразь’: грэч. δεῖσα ’гразь’, арм. gēǰ ’рэдкі’. Покарны, 1, 469; Фасмер, 2, 53; БЕР, 1, 549. Непераканаўчыя паралелі з герм. і іншых і.-е. моў прыводзіў Младэнаў (160); цікавыя, але няпэўныя балт. паралелі (літ. giẽdrùs, giẽdras ’ясны, празрысты’) дае Махэк₂ (727): іх адносяць да і.-е. кораня *gu̯hei (Покарны, 1, 488; Фрэнкель, 128), сувязь з якім слав. кораня семантычна няпэўная. Прапанова Ваяна (BSL, 31, 44) пра суадносіны *židъkъ з *žica, *žila (семантычна вадкі — гнуткі) не абгрунтоўвалася.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)