НЯПЭ́ЎНЫЯ ВІ́ДЫ,
віды жывых арганізмаў, пагроза знікнення якіх з дадзенай тэр. ўмоўна існуе (колькасць і стан папуляцый выклікаюць трывогу), аднак ступень яе дакладна не вызначана (з-за недахопу звестак). Уключаюцца ў Чырвоныя кнігі (катэгорыя 4 Камісіі па рэдкіх і знікаючых відах МСАП). На Беларусі 1 Н.в. млекакормячых, 17 — птушак, 8 — насякомых, 7 — пакрытанасенных раслін, па 4 — грыбоў і водарасцей. Ахова Н.в. патрабуе вывучэння іх біялогіі, экалогіі і пашырэння, уліку сустрэч, кантролю за станам папуляцый, забароны здабычы (збору), аховы месцаў пражывання (росту), увядзення ў культуру і рассялення ў прыродныя экатопы (для раслін) і інш.
т. 11, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЙМЕ́ННІК,
часціна мовы, якая паказвае на прадметы і якасці, не называючы іх. Канкрэтнае значэнне мае толькі ў звязнай мове, дзе выступае як марфалагічны сінонім да назоўніка, прыметніка ці лічэбніка. Паводле суадносін з інш. часцінамі мовы З. падзяляюць на назоўнікавыя, прыметнікавыя і лічэбнікавыя; паводле значэння — на асабовыя (я, мы, ты, вы), зваротны (сябе), прыналежныя (мой, наш, твой), пытальна-адносныя (хто, што, каторы), указальныя (гэты, той, такі), азначальныя (сам, увесь, кожны, іншы), адмоўныя (ніхто, нішто), няпэўныя (нехта, некаторы, нейкі). У сказе выконваюць ролю дзейніка, выказніка і дадатковых членаў сказа, найчасцей дапаўнення і азначэння.
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
Я.М.Камароўскі.
т. 6, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)