прае́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.

1. Перамясціцца ў якім‑н. напрамку (на кані, аўтамашыне і інш.). Сурвіла горадам праехаў паволі, каб не трэсла па бруку. Чорны. Падпольшчыкі праехалі па шашы, пасля, кіламетры праз два, збочылі. Новікаў. // Перамясціцца па якім‑н. шляху (аб транспарце). Праедзе грузавік, даверху нагружаны бульбай, прамчыць матацыкл. І наступае цішыня. Навуменка. Падвода крыху праехала ў бок лесу і спынілася. Курто. // Прабыць некаторы час у дарозе. Праехаць пяць гадзін. // Разм. Адправіцца куды‑н. на чым‑н.; паехаць. [Дырэктар:] «Канікулы, няхай хлопцы праедуць у горад, ды і прывучыць іх трэба да самастойнасці, каб ведалі, як і што». Нядзведскі. [Мароз:] — Думаю, Васільевіч, праехаць па калгасах, ярыну паглядзець, як узышла. Лобан.

2. што і без дап. Едучы, мінуць, пакінуць убаку, ззаду. Праехалі яшчэ дзве-тры вёскі. Усюды панавала стоеная цішыня. Навуменка. [Машыністы] праехалі міма вакзала, міма таварнай канторы, мінулі гідраўлічную калонку... Васілёнак. // Едучы, пераадолець якую‑н. адлегласць. — Можа нам па дарозе? — Мне ў Варавец, — сказаў Залуцкі. — Тады якраз палавіну дарогі праедзеш. Чыгрынаў. // Едучы, пераадолець што‑н. Праехаць балота. □ — Добры шафёр усюды праедзе, — запэўніў Алік. Кулакоўскі. // што. Едучы, прапусціць патрэбны прыпынак, пункт, не спыніцца, дзе трэба, у час язды. Нехта праехаў сваю станцыю. Праспаў, прахапіўся на наступнай. Лужанін.

3. Праехацца, пракаціцца. У час летніх канікул юнак гадзінамі прападаў каля трактарыстаў, і для яго было вялікай радасцю праехаць у кабіне машыны. Шымук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тамі́цца, тамлюся, томішся, томіцца; незак.

1. Заморвацца, прыставаць ад цяжкай, непасільнай працы. Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. Бацька з маткай на рабоце не томяцца, калі з дзетак сваіх цешацца. Прыказка. / Пра рукі, ногі і інш. Пэўны час Максім глядзіць у акно, але томяцца вочы, і ён пачынае пазіраць на пасажыраў. Мікуліч.

2. Мучыцца, пакутаваць, будучы пазбаўленым свабоды. Таміцца ў турме. □ Вякамі таміліся народы Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі пад панскім гнётам. Купала. Пры мястэчку па-над Сожам У фашысцкім гарнізоне За калючай агароджай Люд таміўся ў палоне. Кірэенка. // Тужыць, перажываць, клапоцячыся аб кім‑, чым‑н. І з таго часу ад Настулі І з дому вестак не было — І ўсё там здарыцца магло, і ён [Дзяжа] за іх таміцца мусіў. Колас. Ці ж ёй [Ганне] так і марнець адной, таміцца невядомасцю, гадаць па зорках, што там з Васілём? Мележ. // Знемагаць. Там, ля камбайна, прымасцілася з восем старых жанчын. Зыркае ранішняе сонца сляпіла ім вочы, і яны таміліся ў чаканні. Хадановіч. / Пра прыроду. Усё тамілася і млела ў гэтай ласкавай веснавой цеплыні. Лобан. Гарачы поўдзень таміўся ў цішы сцен фермы. Ракітны. Зямля тамілася, а ноч над ёй спявала. Панчанка.

3. Спец. Вытрымлівацца пры пэўных умовах для набыцця неабходных якасцей. На доле ў кучы тамілася сырая гліна. Скрыган.

4. Зал. да таміць (у 3, 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́сціць, чышчу, чысціні, чысціць; незак., каго-што.

1. Рабіць чыстым, ачышчаць каго‑, што‑н., здымаючы гразь, пыл і пад. Чысціць дыван. □ Запаліўшы ліхтар, фурман чысціў скрэблам і шчоткай каня. Пальчэўскі. Хто [з партызан] чысціў зброю, хто гатаваў ежу, у зямлянках сядзець нікому не хацелася. Сонца прыпякала. Новікаў. // Здымаючы які‑н. налёт (пылу і пад.) з паверхні чаго‑н., наводзіць бляск, глянцаваць. У святочныя дні дзед важна чысціў свае боты. Лынькоў. // Ачышчаць, вызваляць ад таго, што забруджвае, загрувашчвае што‑н. Ранейшыя зімы, калі ў Мсціжах стаяла аўтакалона, дарогу чысцілі трактарам. Пташнікаў. — Мо зноў нарад у мястэчку аэрадром чысціць? — спрабаваў выказаць здагадку бацька. Паўлаў. // Выдаляць, убіраць што‑н., расчышчаючы. Чышчу снег каля хаты, Што надзьмулі вятры. Смагаровіч.

2. Разм. Здымаць лупіны, скуру, луску і пад. (з гародніны, пладоў, рыбы і інш.). Бабуля садзіцца чысціць ментузоў, а дзед з Рамірам абедаюць. Асіпенка. Свякроў і нявестка селі на ўслончык на панадворку і пачалі чысціць бульбу на вячэру. Пестрак.

3. перан. Разм. Рабіць праверку з мэтай вызвалення ад шкодных, варожых элементаў.

4. перан. Разм. Рабаваць, абкрадаць. Чысціць кішэні. Чысціць сумкі. □ [Семяняка:] — Сынок яго ў лесе хаваецца ды валасныя касы чысціць, а ён [Сядура] тут нас на вайну ўгаворвае? Лобан. У той ваколіцы шляхта мела многа лесу. Гарадскія купцы іх патроху чысцілі. Бядуля.

5. перан. Разм. Лаяць, сварыцца на каго‑н. І ў захапленні тут жанкі Так пачалі нас чысціць спраўна, Ціпун бы ім на языкі. Бачыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Зара́, зо́ры ’яркая афарбоўка гарызонта пры ўсходзе і заходзе сонца’, ’зорка’. Рус. заря, зори ’афарбоўка гарызонта’, дыял. пенз., кур. утренняя, вечерняя заря ’планета Венера’, укр. зоря ’зорка’, ’афарбоўка гарызонта’, польск. zorza, уст. zarza, н.-луж. zoŕa, в.-луж. zerja ’афарбоўка гарызонта’, палаб. zöri, ’тс’, чэш. zora ’зара’, záře, zář ’святло’, славац. zora ’афарбоўка гарызонта’, славен. zárja, zórja ’тс’, серб.-харв. зо̀ра ’тс’, балг. заря, зора̀, за̀ра ’тс’, макед. зора. Ст.-слав. зарꙗ ’святло, ззянне’. Ст.-рус. заря, зара ’святло, зара’ (XI ст.). Таго ж і.-е. кораня, што зрок, зрэнка (гл.): *gʼher‑ ’ззяць, блішчаць’. Прасла zora, zara (адкуль з суфіксам ‑j‑a: zarja > рус. заря і інш.) мае роднасныя: літ. žarijà ’гарачае вуголле’, ст.-прус. sari ’жар’, літ. žarà ’зара’, англ. gray ’шары’. Пра семантычнае адрозненне зоря, заря гл. Якабсон, Writings, 2, 628; Фасмер, 2, 81; Шанскі, 2, З, 61; Траўтман, 336; Покарны, 1, 441–442; БЕР, 1, 654–655; Скок, 3, 660; Махэк₂, 710. У зах.-рус. адбылася семантычная дыферэнцыяцыя ’зорка’ і ’афарбоўка неба’, прычым першае значэнне замацавалася за лексемай бел. зорка (гл.), укр. зірка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Ка́дзіца, ка́дыца ’калодка ў коле ад воза’ (пін., Нар. лекс.). Рус. ярасл.інш. суфіксацыяй) кадка ’патоўшчаны канец цапільна, у якім замацоўваецца раменьчык’, ’драўлянае цапільна, у якім замацоўваецца раменьчык’, ’драўлянае цапільна з патоўшчаным верхнім канцом’, ’біла ў цэпа’, кадочка ’тс’ і ’адтуліна ў патоўшчаным канцы цапільна, у якім замацоўваецца раменьчык’, ’біла цэпа’, кадулька, кадушка і да т. п. Іншыя вытворныя (на ўласна бел. тэрыторыі) ад *kadь таксама з пераносным значэннем: кадка ’тупы канец яйка’ (Нас.), зах.-бран. кадка ’дно бутэлькі’. Адсутнасць фармальных і семантычных аналагаў вымушае кваліфікаваць пін. кадыца як вузкарэгіянальнае ўтварэнне: адсутнасць на палескай і наогул на большай частцы бел. тэрыторыі формы кадзіца не дазваляе ўключыць бел. слова (Трубачоў, Эт. сл., 9, 109) у артыкул *kadica (вытворнае ад *kadь памянш. суфіксам ‑ica). Зафіксаванае Цыхуном (З нар. сл., 191) на той жа тэрыторыі кадушка ’кадаўб’ і ’маленькая цыліндрычная каробачка, зробленая з бярозавай ці вішневай кары з накрыўкай’ сведчыць аб наяўнасці іншай магчымай словаўтваральнай асновы (фармальна супадаючай з кадзь). Звяртае на сябе ўвагу ўкр. дыял. колодиця ’калодка ў коле ад воза’, палес. колодиця ’тс’, якое і словаўтваральна і тыпалагічна адпавядае бел. слову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажу́рно ’аўчыны’ (віл., Сл. паўн.-зах.). Адпаведнікаў быццам бы няма. На магчымы экспрэсіўны характар бел. слова ўказваюць тэксты: «На няшытыя аўчыны казалі кажурно. Шапкі шыюць з кажурна. Кавалкі кажурна валяюцца» (Сл. паўн.-зах., 359). Можна параўнаць з вядомымі на Тураўшчыне собарно, кожушно (гл.). Можна меркаваць аб экспрэсіўнай ‑н‑о‑суфіксацыі (кажурно < кажура ’скура, кусок аўчыны’), аднак, параўн. чобурна (< чобаты, тураў., Цыхун, вусн. паведамл.), у меншай меры собарно (< сабака), якія могуць сведчыць аб ускладненым суфіксе (‑арн‑о/‑урн‑о). Што датычыцца генезіса гэтага суфікса, ён, відаць, утварыўся ў выніку дэкампазіцыі структур, дзе ‑ур‑ суфікс з адценнем экспрэсіўнасці (магчыма, наватворам быў не суфікс ‑урн‑о, а толькі ‑рн‑о, параўн. собарно), а ‑н‑, н‑а, н‑я вядомы ў некалькіх прыкладах таксама экспрэсіўны суфікс. Параўн. да першага ваўчура (< воўк), да другога — мална, мяльня ’пустамеля’, аддзеяслоўныя ўтварэнні, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 58, сабачня і інш. Канчатак можа тлумачыцца па-рознаму, аднак звяртае на сябе ўвагу рыфмоўка ў прымаўках: укр. «Душно! — Скинь кожушно» і бел. тураў.: «Як душно, то скідай кожушно, а як холодно, то адзевай лайно».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каќорыце ’кукуруза, Zea mays’ (паўн., КЭС). Відаць, зб. форма ад какарыца (або какорыца?) ’кукуруза’. Падобныяформы адзначаны Віленскім слоўнікам: kokoryca і ў Ліндэ: kukuryca ’Zea mays’. Слаўскі (3, 337) адзначае, што яшчэ ў XVIII ст.-польск. назвы адчуваліся як усх.-слав. выраз. Укр. дыял. кукуріца, кукуриця, в.-луж., н.-луж. kukurica, чэш. kukurice, славац. kukurica, славен. kukurica, kukorica, kokorl· ca, серб.-харв. кукурница. Вандроўны тэрмін не вельмі яснага паходжання, верагодпа, экспансія тэрміна разам з рэаліяй. На поўначы, магчыма, ад паўднёвых славян. Адносна этымалогіі Слаўскі (там жа) мяркуе, што, сапраўды, нельга, як аб гэтым пісаў Бернекер (1, 640–641 і інш.), выключыць паходжанне слова на слав. глебе. Ён звяртае ўвагу на тое, што найбольш частая ў слав. мовах форма kukurica праяўляе дзіўнае падабенства да слав. тэрмінаў для раслін з асновамі *kokor‑: *kukur‑. Галоўнай перашкодай да версіі аб слав. паходжанні слоў, якія абазначаюць кукурузу, з’яўляецца словаўтварэнне, і калі вышэй прыведзеныя формы можна неяк вытлумачыць на слав. глебе, то шырока прадстаўленне лексемы кукуруза, кукурудза нельга разглядаць у такім аспекце. Агляд версій пад кукуруза (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́ць ’зябнуць, мерзнуць’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат.), ’дубець, карчанець’ (Нас.), ’здыхаць’ (Яруш.). Рус. бран., смал., цвяр., пск., наўг., вяц. і інш. колеть ’цвярдзець’ (у Даля без геаграфіі), (смал.) ’здыхаць’. Відаць, інавацыя ў бел. і шэрагу рус., пагранічных з беларускімі гаворках. Утворана аналагічна дубець, карчанець і да т. п. ад кол (гл.). Што датычыць семантыкі, асноўнае значэнне ’станавіцца цвёрдым’, адкуль і ’мерзнуць’ і ’здыхаць’. З вытворных слоў звяртае на сябе ўвагу калелая ў выразе калелая бярэ (Янк. БП), бадай яго каліэлая ўзела (Сержп. Грам.). У Насовіча калёлая тлумачыцца як наз. жан. р. са значэннем ’холад, дрыжыкі’: «Колѣлая цебе берець, на печь лѣзсшъ» (Нас., 242), колѣлый ’замёрзлы, азяблы’. Думаецца, што можна меркаваць пра беларускую інавацыю, паколькі дакладны адпаведнік быў адзначаны толькі Дабравольскім: колелая ’дрыжыкі, ліхарадка’. Не выключана, што тут эўфемістычная назва хваробы, параўн. рус. дыял. назву ліхаманкі колотуха. У такім выпадку значэнне магло развіцца натуральна на базе семем ’зябнуць’ і ’дрыжаць, трэсціся’ (параўн. і трасца ў аналагічных выпадках). Да статуса інавацыі параўн. рус. том. колеться ’зябіць, ліхаманіць’: «колется тебе всё, колется, хворатся».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няха́й (нӗхай) ’хай; насмешлівая назва таго, хто любіць адкладваць справу ці выконвае яе нестаранна’ (Нас.), няхай, неха́й, ніхай, нэха́й ’хай’ (Гарэц., Грыг., Булг., Бяльк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. нехай ’тс’ (1342 г.), укр. неха́й ’тс’, рус. нехай ’тс’, польск. niechaj, часцей niech ’тс’, чэш., славац. дыял. nech ’тс’ і ’каб’, в.-, н.-луж. njech ’хай’, славен. naj (< nehaj) ’тс’, серб.-харв. не хај (для выражэння забароны, гл. Івіч, Радови Научног Друштва Босне и Херцеговине, књ. X. Одељење ист.-филол. наука, 4. Сараево, 1958, 28), макед. neka ’хай’, балг. нена ’тс’. Беларускае слова лічыцца запазычаннем з польскай (Кюнэ, Poln., 81; Мова бел. пісьм., 227), што, аднак, пры шырокім распаўсюджанні ў слав. мовах здаецца праблематычным. Карскі (2–3, 85, 96) лічыў бел. няха́й, хай формамі загаднага ладу ад ха́яць (гл.), гл. таксама дзеяслоў з адмоўем няха́ць, нях́аіць ’адкладваць справу з-за гультайства ці нядбальства’ (Нас.). Падобным чынам выводзяцца адпаведныя формы і ў іншых слав. мовах (Фасмер, 3, 70; Махэк₂, 394; Бязлай, 1, 190; Шустар-Шэўц, 13, 1010 і інш.). Адносна гісторыі беларускага слова гл. таксама Карскі 2-3, 269, 378.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паву́к1 (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Бяссон., Мал., Гарэц., Яруш., Сл. ПЗБ), пау́к ’тс’ (Бір. дыс.). Рус. пау́к, дыял. па́вок, па́вка, укр. паву́к, ст.-рус. паукъ, ц.-слав. паѫкъ, польск. pająk, палаб. pójąk, славац. pavùk, в.-луж., чэш. pavouk, н.-луж. powk, балг. па́як, серб.-харв. па̏у̑к, славен. pâjok, pâvok. Прасл. paǫkъ, дзе pa — прыстаўка, а ǫkъ роднаснае грэч. ὄγκος, лац. uncus ’крывы гак’, ст.-інд. aηkás ’выгін, крук’ і г. д. Такім чынам, paǫkъ — ’істота з закрыўленымі нагамі’. Гл. Махэк, 439; Фасмер, 3, 219 (там жа і інш. літ-ра). Інакш Брукнер (350), які выводзіць з pa‑ і кораня onk‑ (параўн. літ. añka ’вузел’), enk‑ (параўн. рус. ячея, ячейка ’вока ў сеці’, бел. вячай (гл.). Тады семантычнай матывацыяй магло б быць ’той, хто пляце петлі, сетку’.

Паву́к2 ’паўлін’ (Нас., Гарэц., Шат., Сцяшк.), пау́к ’тс’ (Федар. 1). Ад пав‑ (гл. пава) з суф. ‑ук. Форма паук, відавочна, у выніку змяшэння з павук, паук ’павук’. Параўн. яшчэ укр. паву́к, паву́н, паву́р ’паўлін’.

Паву́к3 ’род рыбалоўнай снасці’ (ТСБМ, абл.). Да павук1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)