праехаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.

1. Перамясціцца ў якім‑н. напрамку (на кані, аўтамашыне і інш.). Сурвіла горадам праехаў паволі, каб не трэсла па бруку. Чорны. Падпольшчыкі праехалі па шашы, пасля, кіламетры праз два, збочылі. Новікаў. // Перамясціцца па якім‑н. шляху (аб транспарце). Праедзе грузавік, даверху нагружаны бульбай, прамчыць матацыкл. І наступае цішыня. Навуменка. Падвода крыху праехала ў бок лесу і спынілася. Курто. // Прабыць некаторы час у дарозе. Праехаць пяць гадзін. // Разм. Адправіцца куды‑н. на чым‑н.; паехаць. [Дырэктар:] «Канікулы, няхай хлопцы праедуць у горад, ды і прывучыць іх трэба да самастойнасці, каб ведалі, як і што». Нядзведскі. [Мароз:] — Думаю, Васільевіч, праехаць па калгасах, ярыну паглядзець, як узышла. Лобан.

2. што і без дап. Едучы, мінуць, пакінуць убаку, ззаду. Праехалі яшчэ дзве-тры вёскі. Усюды панавала стоеная цішыня. Навуменка. [Машыністы] праехалі міма вакзала, міма таварнай канторы, мінулі гідраўлічную калонку... Васілёнак. // Едучы, пераадолець якую‑н. адлегласць. — Можа нам па дарозе? — Мне ў Варавец, — сказаў Залуцкі. — Тады якраз палавіну дарогі праедзеш. Чыгрынаў. // Едучы, пераадолець што‑н. Праехаць балота. ▪ — Добры шафёр усюды праедзе, — запэўніў Алік. Кулакоўскі. // што. Едучы, прапусціць патрэбны прыпынак, пункт, не спыніцца, дзе трэба, у час язды. Нехта праехаў сваю станцыю. Праспаў, прахапіўся на наступнай. Лужанін.

3. Праехацца, пракаціцца. У час летніх канікул юнак гадзінамі прападаў каля трактарыстаў, і для яго было вялікай радасцю праехаць у кабіне машыны. Шымук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)