чы́сціць, чышчу, чысціні, чысціць; незак., каго-што.
1. Рабіць чыстым, ачышчаць каго‑, што‑н., здымаючы гразь, пыл і пад. Чысціць дыван. □ Запаліўшы ліхтар, фурман чысціў скрэблам і шчоткай каня. Пальчэўскі. Хто [з партызан] чысціў зброю, хто гатаваў ежу, у зямлянках сядзець нікому не хацелася. Сонца прыпякала. Новікаў. // Здымаючы які‑н. налёт (пылу і пад.) з паверхні чаго‑н., наводзіць бляск, глянцаваць. У святочныя дні дзед важна чысціў свае боты. Лынькоў. // Ачышчаць, вызваляць ад таго, што забруджвае, загрувашчвае што‑н. Ранейшыя зімы, калі ў Мсціжах стаяла аўтакалона, дарогу чысцілі трактарам. Пташнікаў. — Мо зноў нарад у мястэчку аэрадром чысціць? — спрабаваў выказаць здагадку бацька. Паўлаў. // Выдаляць, убіраць што‑н., расчышчаючы. Чышчу снег каля хаты, Што надзьмулі вятры. Смагаровіч.
2. Разм. Здымаць лупіны, скуру, луску і пад. (з гародніны, пладоў, рыбы і інш.). Бабуля садзіцца чысціць ментузоў, а дзед з Рамірам абедаюць. Асіпенка. Свякроў і нявестка селі на ўслончык на панадворку і пачалі чысціць бульбу на вячэру. Пестрак.
3. перан. Разм. Рабіць праверку з мэтай вызвалення ад шкодных, варожых элементаў.
4. перан. Разм. Рабаваць, абкрадаць. Чысціць кішэні. Чысціць сумкі. □ [Семяняка:] — Сынок яго ў лесе хаваецца ды валасныя касы чысціць, а ён [Сядура] тут нас на вайну ўгаворвае? Лобан. У той ваколіцы шляхта мела многа лесу. Гарадскія купцы іх патроху чысцілі. Бядуля.
5. перан. Разм. Лаяць, сварыцца на каго‑н. І ў захапленні тут жанкі Так пачалі нас чысціць спраўна, Ціпун бы ім на языкі. Бачыла.