КА́БА-ВЕ́РДЭ (Cabo Verde),

Рэспубліка Каба-Вердэ (Repúblika de Cabo Verde), дзяржава на а-вах Зялёнага Мыса ў Атлантычным ак., за 500 км на З ад берагоў Зах. Афрыкі. Падзяляецца на 14 акруг. Пл. 4033 км² Нас. 394,8 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Прая на в-ве Сант’ягу. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 ліп.).

Дзяржаўны лад. К.-В. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. асамблея з ліку яе дэпутатаў на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея (аднапалатны парламент) з 79 дэпутатаў, што выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае Нац. асамблея з яе складу па прапанове прэзідэнта.

Прырода. А-вы Зялёнага Мыса складаюцца з 2 груп — Наветраных (Барлавенту) і Падветраных (Сатавенту) і ўключаюць 15 астравоў. Найб. з іх (пл. ў км²): Сант’ягу — 991, Санту-Антан — 779, Баавішта — 620, Фогу — 476, Сан-Нікалау — 388, Маю — 269, Сан-Вісенты — 227, Сал — 216. Астравы складзены з вулканічных парод. Берагі пераважна стромкія і скалістыя, зручных гаваней мала (найб. значная — бухта Міндэлу на в-ве Сан-Вісенты). Рэльеф гарысты, са шматлікімі вулканічнымі конусамі, кратэрамі і кальдэрамі. Найвыш. пункт — дзеючы вулкан Фогу на в-ве Фогу (2829 м). Карысныя выкапні: каменная соль, гіпс і вулканічныя буд. матэрыялы. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра ад 22 °C (люты) да 27 °C (вер.—кастр.). Ападкаў 100—300 мм за год, пераважна са жн. да кастрычніка. Пастаянных рэк няма. Расліннасць у асноўным пустынная і паўпустынная. Пад горнымі лясамі каля 4 тыс. га. Вядуцца пасадкі лесу. Жывёльны свет бедны. Адсутнічаюць млекакормячыя, акрамя завезенай еўрапейцамі свойскай жывёлы, малпаў, пацукоў і інш. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай.

Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кабавердцы — нашчадкі партуг. каланістаў і неграў-рабоў; пераважна мулаты. Есць выхадцы з Афрыкі (каля 30%) — прадстаўнікі народаў фульбе, балантэ і манджак. У гарадах невял. групы партугальцаў (каля 1%). Больш за 90% вернікаў — католікі, каля 2,5% — пратэстанты, ёсць прыхільнікі традыц. афр. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 100 чал. на 1 км², на а-вах Сант’ягу і Сан-Вісенты больш за 200 чал. на 1 км. У гарадах жыве 56% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1991): Прая — 82,8, Міндэлу — 51,3. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 80% насельніцтва. прам-сці і буд-ве — каля 10, абслуговых галінах — каля 10%.

Гісторыя. А-вы Зялёнага Мыса да з’яўлення тут еўрапейцаў былі бязлюдныя. Адкрыты, верагодна, у 1456 экспедыцыяй А.​Кадамоста. У 1462 пачалося засяленне астравоў партугальцамі і прывезенымі імі пераважна з Сенегала неграмі-рабамі. У 1533 пасяленне Рыбейра-Грандзі атрымала статус горада. Тут размяшчалася рэзідэнцыя епіскапа, які прадстаўляў партуг. карону на астравах і афр. узбярэжжы ад Марока да Гвінеі. У 1564 астравы перайшлі пад кіраванне партуг. манархіі, на чале каралеўскай калан. адміністрацыі стаяў губернатар. У сярэдзіне 17 ст. (афіцыйна з 1770) адм. ц. калоніі стала Санта-Марыя (з 1858 наз. Прая). З 1650 тэр. партуг. Гвінеі адміністрацыйна падпарадкавана губернатару К.-В. У 1757 выключнае права на гандаль з К.-В. і Гвінейскім узбярэжжам перададзена на 20 гадоў «Кампаніі Пара і Мараньян» Жорсткая эксплуатацыя кампаніяй і засухі 1775—77 прывялі да масавай гібелі мясц. насельніцтва. Да 19 ст. астравы былі важным транзітным пунктам на шляху з Партугаліі ў Індыю і адным з гал. цэнтраў партуг. гандлю рабамі. У 1832—79 К.-В. аб’яднана з партуг. Гвінеяй у адзіную заморскую правінцыю. потым асобная калонія. У 1956 створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і А-воў Каба-Вердэ (ПАІГК), якая ў 1963 узначаліла ўзбр. барацьбу супраць каланізатараў. У крас. 1974 Партугалія прызнала ПАІГК адзіным законным прадстаўніком насельніцтва К.-В. і ў ліст. падпісала з ёю пагадненне аб прадастаўленні К.-В. незалежнасці.

5.7.1975 абвешчана незалежная Рэспубліка К.-В. Прэзідэнтам краіны стаў А.​М.​Перэйра. Гал. паліт. сілай заставалася ПАІГК, якая ў 1981 разарвала адносіны з кіруючай партыяй у Гвінеі-Бісау (тая імкнулася да стварэння уніі абедзвюх дзяржаў), а пазней стварыла асобную Афр. партыю незалежнасці К.-В., адзіную легальную партыю ў краіне. У 1980—90-я г. шматгадовая засуха прывяла да эканам. крызісу. У 1990 парламент ухваліў змены ў канстытуцыі, якія прадугледжвалі ўвядзенне ў краіне шматпартыйнай сістэмы. У 1991 адбыліся першыя свабодныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, перамагла партыя Рух за дэмакратыю, прэзідэнтам выбраны падтрыманы ёю незалежны кандыдат А.​Машкарэньяш Мантэйру. К.-В. — чл. ААН (з 1976), Арг-цыі афр. адзінства, Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв. 1992.

Гаспадарка. К.-В. — эканамічна адсталая, пераважна агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) 440 млн. дол. ЗША (1994); на 1 чал. ў год прыпадае 1040 дол. Доля ў ВУП: сельскай гаспадаркі — 18%, рыбалоўства — 7, прам-сці — 8, абслуговых галін — 67%. У дзярж. сектары ствараецца да 40% ВУП. Гал. галіна — сельская гаспадарка. З-за гарыстага рэльефу і неўрадлівых глеб вядзенне сельскай гаспадаркі магчыма на 12% тэрыторыі, земляробства — на 1,4% (каля 5600 га). С.-г. землі цярпяць ад недахопу вады. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі; ёсць кааператывы. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, фасолю, батат, цукр. трыснёг, маніёк, бульбу, агародніну. Экспартныя культуры: бананы (штогод 5—10 тыс. т), кава, тытунь, арахіс, клешчавіна, гарчыца. Вырошчваюць таксама апельсіны, фінікі і какосавыя арэхі. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1990): буйн. раг. жывёлы — каля 13, свіней — каля 40, коз — каля 70, авечак — каля 3. Штогадовы ўлоў рыбы, амараў і крэветак каля 15—20 тыс. т. Прам-сць развіта слаба. На а-вах Сал, Баавішта і Маю здабыча каменнай солі (да 40 тыс. т у год), на в-ве Санту-Антан — пуцаланаў (цэм. сыравіна), гіпсу і кааліну. Вытв-сць электраэнергіі 40 млн. кВт∙гадз (1995) на дробных дызельных электрастанцыях. Будуюцца ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюць энергію ветру і сонца. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: рамонт і буд-ва дробных суднаў (г. Міндэлу), вытв-сць адзення і абутку (ф-кі швейная ў Міндэлу, тэкст., швейная і абутковая ў Праі), мэблі (Прая). Харчасмакавая прам-сць уключае перапрацоўку рыбы і вытв-сць рыбных кансерваў, разнастайных харч. тавараў, у т. л. алею і мукі. Працуюць ліцейна-мех. майстэрні (Міндэлу), з-ды жалезабетонных і керамічных вырабаў, буд. матэрыялаў, прадпрыемствы па зборцы з імпартных дэталей эл.-быт. прылад і іх рамонце (Прая). Развіты саматужныя промыслы (ганчарны, пляценне кошыкаў, выраб сувеніраў). У г. Прая саматужна-маст. майстэрні. На астравах Сант’ягу і Сан-Вісенты невял. з-ды па апрасненні марской вады. У порце Міндэлу — бункераванне (забеспячэнне палівам і інш.) суднаў розных краін. Унутр. транспарт аўтамабільны. На астравах 3,2 тыс. км аўтадарог (у т. л. 0,8 тыс. км з цвёрдым пакрыццём), 10,5 тыс. легкавых аўтамабіляў, 5,5 тыс. грузавікоў і аўтобусаў. Сувязь паміж астравамі і з інш. краінамі ажыццяўляецца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Прая і Міндэлу. На в-ве Сал міжнар. аэрапорт. Знешні гандаль мае адмоўны баланс. Штогадовы экспарт каля 5 млн. дол., імпарт каля 170 млн. дол. Краіна экспартуе соль, бананы, каву, тытунь, рыбныя кансервы, імпартуе прамысл. і харч. тавары. Гандаль пераважна з Партугаліяй (49% экспарту і 34% імпарту), Анголай, Нідэрландамі. Дадатковыя сродкі краіне прыносяць турызм, грашовыя пераводы эмігрантаў, дапамога міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — эскуда Каба-Вердэ.

Літ.:

Григорович А.А., Грибанов В.В. Кабо-Верде. М., 1988.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Каба-Вердэ.

т. 7, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́ГА (Togo),

Тагалезская Рэспубліка (République Togolaise), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Мяжуе на З з Ганай, на Пн з Буркіна-Фасо, на У з Бенінам. Пл. 56,8 тыс. км². Нас. 5018,5 тыс. чал. (2000). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г. Ламе. Падзяляецца на 5 абласцей. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 крас.).

Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным і прамым галасаваннем на 5 гадоў. Ён таксама з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, валодае правам заканад. ініцыятывы і можа распускаць парламент. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і ўрад. Кіраўнік урада — прэм’ер-міністр, якога назначае прэзідэнт. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны Нац. сход (81 дэпутат, выбіраецца на 4 гады).

Прырода. У рэльефе пераважаюць слабахвалістыя раўніны і плато выш. 200—400 м, у цэнтры і на ПдЗ — горы выш. да 986 м, на Пд — прыморская акумуляцыйная нізіна з лагунамі. Карысныя выкапні: фасфарыты, баксіты, алмазы, жал. і хромавыя руды, вапнякі, мармур. Клімат субэкватарыяльны, на ўзбярэжжы з 2 максімумамі (сак.—чэрв. і вер.—кастр.) і 2 мінімумамі ападкаў, у глыбіні краіны з дажджлівым летнім (крас.—кастр.) і сухім зімовым сезонамі. Сярэднямесячныя т-ры ад 20 да 32 °C. Ападкаў 750—1500 мм за год. Зімой часта дзьме сухі паўн.-ўсх. вецер харматан. Рэкі багатыя гідраэнергіяй. Пераважаюць высакатраўныя саванны. Лясы (20% тэр.) на схілах гор і ў далінах рэк. У складзе жывёльнага свету буйвал, леў, леапард, жыраф, антылопы, шакал, гіены, малпы, кракадзілы. Нац. паркі — Керан, Кве; рэзерваты.

Насельніцтва. Т. — шматнацыянальная краіна. Афр. народы складаюць 99%. Найб. з іх — эве (каля 50% насельніцтва разам з блізкімі народамі, на Пд), кабрэ (на ПнУ), гурма і тэм (на Пн). У гарадах невял. колькасць французаў і арабаў. Сярод вернікаў 70% прытрымліваецца традыц. вераванняў, 20% хрысціян, 10% мусульман. Сярэднегадавы прырост 2,7% (2000). Сярэдняя шчыльн. 88,4 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 500 чал. на 1 км²) заселены асобныя раёны ўзбярэжжа і ПнУ. У гарадах жыве 32% насельніцтва (1998). Найб. гарады: Ламе (каля 600 тыс. ж. з прыгарадамі; 2000), Сакодэ і Кпаліме (каля 50 тыс. ж.). У сельскай гаспадарцы занята 66% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 10%, у абслуговых галінах — 24%.

Гісторыя. У сярэдзіне 15 ст. на ўзбярэжжы Т. з’явіліся партугальцы. Да сярэдзіны 19 ст. тэр. Т. — адзін з раёнаў найб. інтэнсіўнага гандлю рабамі. На момант еўрап. каланізацыі ў канцы 19 ст. найб. развітым з народаў Т. былі эве, якія стварылі на Пд шэраг дзярж. утварэнняў. Існавалі і дзярж. ўтварэнні катаколі — у цэнтры краіны і чакосі — на Пн. У 1884 Германія навязала пратэктарат эве, а да 1902 распаўсюдзіла сваю ўладу на ўсю тэр. Т. У 1-ю сусв. вайну тэр. Т. акупіравана брыт. і франц. войскамі (1914). Версальскі мірны дагавор 1919 замацаваў зах. Т. за Вялікабрытаніяй (у 1957 далучана да Рэспублікі Гана), усх. Т. — за Францыяй у якасці падмандатных тэрыторый Лігі Нацый. Пасля 2-й сусв. вайны Франц. Т. — падапечная тэр. ААН пад кіраваннем Францыі. З 1956 Франц. Т. — самакіравальная рэспубліка ў складзе Франц. супольнасці.

27.4.1960 абвешчана незалежнасць Тагалезскай Рэспублікі. Партыя адзінства Т. (ПАТ) на чале з С.​Алімпіо, якая ўзначаліла ўрад Т., спрабавала стварыць аднапартыйны рэжым, у 1962 забараніла ўсе апазіцыйныя партыі. У выніку ваен. перавароту ў 1963 урад ПАТ скінуты, а Алімпіо забіты. Прэзідэнтам стаў Н.​Груніцкі, які спрабаваў ажыццявіць дэмакр. рэформы. Новы ваен. пераварот у 1967 прывёў да ўлады падпалкоўніка Г.​Эядэму (з 1972 — прэзідэнт Т.), які ўсталяваў жорсткі аўтарытарны рэжым; адзінай дазволенай партыяй было Аб’яднанне тагалезскага народа. Выступленні апазіцыі прымусілі Эядэму ў 1991 дазволіць шматпартыйнасць, што не перашкодзіла яго абранню прэзідэнтам у 1993 і 1998. Т. — чл. ААН (з 1960), Афр. саюза. У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднанне тагалезскага народа, Саюз за змены і інш.

Гаспадарка. Т. ўваходзіць у групу найбяднейшых краін свету і па класіфікацыі ААН займае 140-е месца паводле паказчыкаў сац.-эканам. развіцця. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. 320 дол. за год (1999). Каля 42,2% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, лесаводстве, рыбалоўстве, паляўніцтве, каля 30,9% — у прам-сці, будаўніцтве, энергетыцы, транспарце і сувязі, каля 17,8% — у гандлі і турызме, 9,1% — у інш. абслуговых галінах. Урад праводзіць мерапрыемствы па ўзмацненні ролі дзяржавы ў эканоміцы. Дзяржава кантралюе б.ч. транспарту, вытв-сць электраэнергіі, здабычу фасфарытаў і інш. Адначасова прыцягваецца замежны (пераважана франц.) капітал. Сельская гаспадарка — асн. галіна эканомікі. Пераважаюць паўнатуральныя і дробнатаварныя гаспадаркі да 1—2 га. Ёсць плантацыі экспартных культур. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 3,4 млн. га зямлі, у т. л. каля 1,4 млн. га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, каля 2 млн. га пад натуральнай пашай (саванны). Вытв-сць асн. харч. культур (1997/98, тыс. т): маніёку — 595,8, батату — 683, кукурузы — 452,8, сорга — 200,5, рысу — 86,2, бабовых — 46,7. Вырошчваюць таксама проса, ямс, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. Гал. экспартныя культуры (штогадовы збор, тыс. т): арахіс — каля 40, кава — каля 6, какава — каля 15, бавоўна-сырэц — каля 45, ядры пальмавых арэхаў — каля 5. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, малатаварная, развіта ў раёнах, дзе няма мухі цэцэ. Пагалоўе (1997, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы 222,8, свіней 850, коз 1110, авечак 740. Птушкагадоўля (7,5 млн. курэй). Буйн. раг. жывёлу гадуюць пераважна на Пн, свіней — на Пд. Рыбалоўства ва ўнутр. вадаёмах і моры (каля 10 тыс. т штогод). Паляўніцтва. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы. Вылучаецца горназдабыўная прам-сць, пераважна здабыча фасфарытаў (на Пд каля г. Акумапе, штогод каля 3 млн. т, 5—6-е месца ў свеце). Здабываюць таксама алмазы, кухонную соль (з марской вады), жал. руду, мармур, буд. матэрыялы. Каля 75% электраэнергіі імпартуецца з Ганы. У 1999 атрымана 90 млн. кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 93% на цеплавых электрастанцыях, 7% на ГЭС. У апрацоўчай прам-сці дробныя прадпрыемствы па вытв-сці мукі, пальмавага і арахісавага алею, крухмалу і мукі з маніёку, безалкагольных напіткаў, парфумерных тавараў; саматужныя прадпрыемствы па ачыстцы бавоўны, першаснай апрацоўцы кавы і какавы. Ёсць некалькі значных прадпрыемстваў: нафтаперапр. з-д (Ламе), тэкст. ф-ка (Даджа), з-ды па вытв-сці лакаў і фарбаў, мыйных сродкаў, кіслароду і ацэтылену, зборцы веласіпедаў і мапедаў, абутковая і запалкавая ф-кі. Развіты саматужныя промыслы: выраб нац. адзення і абутку, хатніх рэчаў, простага с.-г. інвентару, сувеніраў з дрэва і слановай косці, ткацтва, пляценне і ганчарства. Шматлікія паўсаматужныя прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы с.-г. сыравіны, вытв-сці харч. прадуктаў. Харч. тавары, напіткі і тытунёвыя вырабы складаюць 41,1% прамысл. прадукцыі. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (тыс. км, 1996): чыгункі 0,5, аўтадарог 7,5, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2,4. У краіне 74,7 тыс. легкавых, 34,6 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Асн. парты Ламе і Клеме (экспарт фасфарытаў). Праз порт Ламе ажыццяўляе значную частку сваіх знешнегандл. сувязей Буркіна-Фасо. У Т. 17 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Ламе і Ніямтугу. У 1999 экспарт склаў 400 млн. дол., імпарт — 450 млн. дол. У экспарце пераважаюць фасфарыты (каля 40%), кава (каля 5%), бавоўна, какава, пальмавы алей, арахіс; у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, абсталяванне і трансп. сродкі, нафта. Гал. гандл. партнёры: Францыя, Гана, Канада, Кітай. Эканоміка залежыць ад знешняй фін. і тэхн. дапамогі развітых дзяржаў. Турызм. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фін. т-ва.

Герб і сцяг Тога.
Да арт. Тога. Вёска на Пн краіны.

т. 15, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕФІ́ЛЬМ, тэлевізійны фільм,

ігравы, дакумент. ці дакумент.-ігравы фільм, створаны для паказу па тэлебачанні ці прагляду на відэакасетах. У яго маст. структуры сінтэзуюцца вобразная мова кіно (план, ракурс, кампазіцыя, мантаж) і тэлебачання (павялічанае значэнне буйных планаў, працяглае развіццё дзеяння, цыклічныя, серыйныя формы, спалучэнне з кантэкстам тэлепраграм). У 1960-я г. здымаўся на кінастужцы, з 1970-х г. — на відэастужцы, што пашырыла вобразныя магчымасці мовы экрана дзякуючы відэатэхніцы. На Беларусі выпуск Т. пачаўся з 1964 у аб’яднанні «Тэлефільм» Рэсп. студыі тэлебачання, з 1968 — у аб’яднанні «Тэлефільм» кінастудыі «Беларусьфільм», з 1989 — у Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Белвідэацэнтр» Мін-ва культуры Беларусі.

У 1960-я г. пераважалі камерныя псіхал. фільмы з лакальнымі сюжэтамі: «Зімовы дуб» (рэж. М.​Кожын), «Снежны конь» (рэж. Ю.​Дубровін, абодва 1963), «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (рэж. В.​Рубінчык), «Бераг прынцэсы Люські» (рэж. В.​Нікіфараў), «Вясковыя канікулы» (рэж. В.​Рыбараў, усе 1969). На «Тэлефільме» тэлекіно грунтавалася на традыцыях нац. л-ры, кола аўтараў склалі бел. пісьменнікі: У.​Караткевіч («Камлючок», 1967, рэж. М.​Калінін), І.​Сяркоў («Мы — хлопцы жывучыя», 1974, рэж. У.​Станкевіч), І.​Пташнікаў («Родам адсюль», 1969, рэж. У.​Арлоў; «Тартак», 1974, рэж. В.​Карпілаў), А.​Кудравец («Восеньскія яблыкі», 1975, рэж. У.​Унукаў), В.​Карамазаў («Зялёныя фрэгаты», 1976, рэж. Я.​Шабан), А.​Вялюгін («Рэха ў пушчы», 1977, рэж. Дз.​Ніжнікоўская), А.​Дудараў («Кола», 1977; «Бусляня», 1980; «Купальская ноч», 1982, рэж. усіх В.​Басаў; «Суседзі», 1979, рэж. В.​Панамароў), Я.​Сіпакоў («Госць», 1979, рэж. Басаў), А.​Жук («Паляванне на Апошняга Жураўля», 1980, рэж. В.​Анісенка), Шабан («Варыянты», 1981, рэж. Басаў; «Дзень на лясным возеры», 1983, рэж. І.​Калоўскі), Г.​Марчук («Вясковы эрудыт», 1985, рэж. У.​Траццякоў), В.​Іпатава («Памяць па сходнай цане», 1985, рэж. Басаў). Экранізаваліся творы бел. класікаў: Я.​Купалы — маст. Т. «Па шчасце, па сонца» (1971, рэж. В.​Раеўскі), «Пасля кірмашу» (1972, рэж. Ю.​Цвяткоў), «Гусляр» (рэж. Б.​Бахціяраў), «На куццю» (рэж. Н.​Арцімовіч), дакументальныя «Паклон мой народу за песні» (рэж. Калоўскі, усе 1982), «Ніколі я не паміраў» (1992) і «Імша на Купалу» (1993, рэж. абодвух У.​Бокун), «Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка» (1998, рэж. М Якжэн), «Янка Купала» (2002, рэж. С.​Гайдук); Я.​Коласа — маст. «І смех, і бяда» (1973, рэж. Шабан), «Сымон-музыка» (1978) і «Новая зямля» (1982, рэж. абодвух Траццякоў); І.​Мележа — Т. і тэлесерыял «Людзі на балоце» (адпаведна 1965, рэж. А.​Гутковіч; 1984, рэж. В.​Тураў); У.​Караткевіча — «Званы Віцебска» (1974, рэж. В.​Мазынскі), «Ладдзя Роспачы» (1982, рэж. Л.​Тарасава), «Чорны замак Альшанскі» (1984, рэж. М.​Пташук). У Т. знаходзяць сваё ўвасабленне і творы пісьменнікаў рус.: І.​Тургенева («Жыццё і смерць двараніна Чартапханава», 1972, рэж. Тураў; «Гамлет Шчыгроўскага павета», 1975, рэж. Рубінчык; «Зацішша», 1981, рэж. В.​Чацверыкоў; «Бацькі і дзеці», 1984, рэж. Нікіфараў), А.​Пушкіна («Дуброўскі», 1988, рэж. Нікіфараў), Ф.​Дастаеўскага («Вечны муж», 1990, рэж. Я.​Маркоўскі), І.​Буніна («Няспешная вясна», 1990, рэж. У.​Талкачыкаў); польскіх: паводле Э.​Ажэшкі («Хам», 1991, рэж. Дз.​Зайцаў), С.​Жаромскага («Пракляты ўтульны дом». 1998, рэж. Арлоў); амерыканскіх: Дж.​Лондана («Час-Не-Чакае», 1975, рэж. Чацверыкоў), Р.​Уорэна («Уся каралеўская раць», 1971, рэж. Ю.​Дубровін). У 1970-я г. пачаўся выпуск серыялаў пераважна на гіст., гіст.-рэв. і ваен. тэматыку, часта са спалучэннем хронікі і маст. вобразаў (дакумент. «Біяграфія маёй рэспублікі», 1968, рэж. І.​Рудамётаў, В.​Карпілаў, І.​Вейняровіч, А.​Ястрабаў; маст. «Дзяржаўная граніца», 1980—87, рэж. Б.​Сцяпанаў, Нікіфараў). У дакументальна-маст. серыяле В.​Шавялевіча ў кантэксце гісторыі слав. народаў разглядаецца мінулае і сучаснасць Беларусі, абнаўляецца паэтыка-метафарычная мова кіно: «Па дарогах «Слова аб’ палку Ігаравым» (1986), дылогіі «Да вас, сучаснікі мае» (1989—90) і «Прыйдзі і віждзь» (1992); «Пастка для зубра» (1995) і «Беларусь на крыжы стагоддзяў» (2000). Падзеям Вял. Айч. вайны прысвечаны серыялы «Белая зямля» (1970), «Доўгія вёрсты вайны» (паводле В.​Быкава, 1975, рэж. абодвух Карпаў), «Руіны страляюць» (1972, рэж. Чацверыкоў), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.​Пікман), «Нас выбраў час» (1976—78, рэж. Пташук). Асабістая трагедыя чалавека ў час вайны адлюстравана ў маст. Т. «Фруза» (паводле Быкава, 1981, рэж. Нікіфараў), «Сведка» (паводле В.​Казько, 1985, рэж. Рыбараў) Галерэю партрэтаў удзельнікаў вайны стварылі рэжысёры-дакументалісты Басаў («Імгненні Перамогі», «Салдаты Перамогі», абодва 1975; «Дзякуй, салдат», 1984; «Курган», 1995), В.​Жыгалка («Дзеці Брэсцкай крэпасці», «Ім не было і 16», абодва 1978; тэлесерыял «Пасля Перамогі», 1994, «Апошні з групы «Джэк», 2000), Т.​Вашчанка («Адзін з многіх», 2000).

Т. выконвае рэпрадукцыйную функцыю, стварае экранны летапіс маст. культуры. Багацце і самабытнасць бел. нар. творчасці адлюстраваны ў дакумент. фільмах В.​Каралёва («Палескі карагод», 1991; «Беларускі вясельны каравай», 1993; «Штукар Ямеля з Хальчы», 1996), Ю.​Лысятава («Галасы зямлі маёй», 1994; «Дудка», «Труба і рог», абодва 1995), Ю.​Гарулёва («Грай, скрыпка, грай», 1994), В.​Купрыянава («На крылах фальклору Палесся», 1990; «Калядны сувенір», «Народныя майстры», абодва 1994), А.​Суханавай («Іосіф і яго брат Пётр», 1994; «Бубен і барабан», 1997), Гайдука («Неглюбскі лістапад», 1994; «Масленіца», «Рассыпушка», абодва 1995), А.​Шклярэўскага («Карагод», 1995; «Эй, гуляю я», 1996), І.​Волах «Калядныя цары», 1997), Р.​Грыцковай («Валянціна Каралёва — вясёлая ўдава», 1998). Створаны цыклы дакумент. біягр. Т.-партрэтаў дзеячаў бел. мастацтва: выяўл. — «Мастак Арлен Кашкурэвіч» (1976, рэж. С.​Адаменка), «Напалеон Орда» (1990, рэж. Л.​Гедравічус), «Фантазіі Драздовіча» (1997, рэж. С.​Агеенка), «А.​А.​Анікейчык» (2000, рэж. Ю.​Войніч); муз. — «Песні Ігара Лучанка» (1972), «Харошкі» (1978, рэж. абодвух Басаў), «Урыўкі з ненапісанага. Я.​Глебаў» (рэж. Арлоў), «Анісімаў» (рэж. В.​Шышоў, абодва 1999); тэатральнага і юнамастацтва — «Купалаўцы» (1968, рэж. А.​Колас), «Кінарэжысёр Віктар Тураў» (1995, рэж Цвяткоў), «Паўлінка» (1997, рэж. Шышоў) і інш. У экранны фонд увайшлі і Т.-спектаклі драм. і муз. т-раў (гл. ў арт. Тэлевізійны тэатр). Для дзяцей створаны прыгодніцкія серыялы («Корцік», 1973, «Бронзавая птушка», 1974, рэж. абодвух Калінін; «Апошняе лета дзяцінства». 1974, рэж. Рубінчык), фільмы-казкі («Гора баяцца — шчасця не бачыць», рэж. Тураў; «Пастух Янка», рэж. Цвяткоў, абодва 1973), тэлемюзіклы («Прыгоды ў горадзе, якога няма», 1974, «Прыгоды Бураціна», 1975, «Пра Чырвоную Ша пачку», 1977, «Прададзены смех», 1981, «Казка пра Зорнага хлопчыка», 1983, «Рыжы, сумленны, закаханы», 1984, «Пітэр Пэн», 1987, рэж. усіх Л.​Нячаеў). У 1990-я г. ў Т. дамінуе экалагічная праблематыка маст. фільм «Бліскавіцы» (1990, рэж. Траццякоў), дакумент. цыклы «Бярэзінскі запаведнік» (1994, рэж. Гедравічус), «Нараўлянскія эцюды» (1996, рэж. Басаў), «Чырвоная кніга. Фауна і флора Беларусі» (2000, рэж. І.​Бышнеў) і інш. На мяжы 20—21 ст. у тэлекіно ўваходзіць хрысц. тэматыка: «Уладыка» (1993), «Полацкая Сафія» (1995), «Пад крыламі Ефрасінні» (1996), «Дабро стварай» (1998, рэж. усіх Шавялевіч), «Святыні зямлі беларускай» (2000, рэж. Каралёў) і інш.

В.​Ф.​Нячай.

Кадр з тэлефільма «Прыгоды Бураціна». 1975.
Кадр з тэлефільма «Дзяржаўная граніца» (фільм 2-і) 1981.
Кадр з тэлефільма «Хам». 1991.

т. 16, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ЗІКА (ад грэч. physis прырода),

навука аб уласцівасцях, формах і будове матэрыі (рэчыва і поля), найб. агульных законах яе руху і пераўтварэнняў. Паняцці і законы Ф. ляжаць у аснове ўсіх прыродазнаўчых навук (хіміі, біялогіі, навукі аб зямлі, астраноміі). Фізічныя законы грунтуюцца на фактах, устаноўленых доследным шляхам, і фармулююцца ў выглядзе колькасных суадносін паміж фізічнымі велічынямі. Асаблівае значэнне ў Ф. маюць захавання законы, якія звязаны з прынцыпамі сіметрыі прасторы і часу. У залежнасці ад метадаў даследавання адрозніваюць эксперыментальную фізіку і тэарэтычную фізіку, ад аб’ектаў вывучэння — фізіку элементарных часціц, ядзерную фізіку, атамную фізіку, малекулярную фізіку, фізіку цвёрдага цела, Ф. вадкасцей і газаў, плазмы, Ф. палёў (эл.-магн. і гравітацыйнага); ад працэсаў (форм руху матэрыі), якія даследуюцца, — механіку матэрыяльных пунктаў і цвёрдых цел, механіку суцэльных асяроддзяў, Ф. ваганняў і хваль, эл. і магн. з’яў, акустыку, оптыку, тэрмадынаміку, квантавую механіку, электрадынаміку, квантавую тэорыю паля, статыстычную фізіку і інш. Падзел Ф. на раздзелы мае ў значнай ступені ўмоўны характар і паміж імі няма выразных межаў. Ф. цесна ўзаемадзейнічае з інш. прыродазнаўчымі навукамі, тэхнікай, медыцынай і рознымі галінамі прам-сці. У выніку ўзніклі такія сумежныя навукі, як аграфізіка, астрафізіка, біяфізіка, геафізіка, матэматычная фізіка, хімічная фізіка, тэхн. Ф. і інш. Развіццё Ф. прывяло да ўзнікнення новых навук, галін тэхнікі і тэхналогій: электра- і радыётэхнікі, электронікі, ядз. энергетыкі, радыёлакацыі і інш. Дасягненні Ф. зрабілі істоты ўплыў на фарміраванне і змест такіх паняццяў, як матэрыя, рух, прастора і час. Для сучаснай Ф. характэрны пераход да вывучэння з’яў пры вял. скарасцях, высокіх энергіях і цісках, больш глыбокае пранікненне ў будову і працэсы руху рэчыва і паля фізічнага. Адной з асн. задач Ф. з’яўляецца стварэнне агульнай тэорыі элементарных часціц і іх узаемадзеянняў — адзінай тэорыі поля, пабудова фізічнай карціны свету.

У сваім развіцці Ф. прайшла некалькі этапаў. Станаўленне Ф. ішло ад старажытнасці да пач. 17 ст. У гэты час вяліся першыя назіранні фіз. з’яў, назапашваліся веды пра іх і ўзніклі асобныя вучэнні. У эпоху грэка-рымскай культуры (6 ст. да н.э. — 2 ст. н.э.) існавала агульная навука аб прыродзе — натурфіласофія, склалася вучэнне пра атамную будову рэчыва — атамістыка (Дэмакрыт, Эпікур, Лукрэцый), устаноўлены найпрасцейшыя законы статыкі (правіла рычага і інш.), распаўсюджання і адбіцця святла, сфармуляваны асновы гідрастатыкі (Архімед), створана геацэнтрычная сістэма свету (К.Пталамей). Вял. значэнне мела сістэматызацыя антычных галін ведаў, зробленая Арыстоцелем. Яго вучэнне было кананізавана царквой, што на многія вякі затармазіла развіццё навукі. У 16 ст. М.Капернік распрацаваў геліяцэнтрычную сістэму свету (яе ідэя прапанавана ў 3 ст. да н.э. Арыстархам Самоскім). Фарміраванне Ф. як навукі адбывалася ад пач. 17 ст. да канца 18 ст., калі пачалося сістэматычнае выкарыстанне эксперым. метадаў. Найб. значэнне мелі працы Г.Галілея (адкрыў інерцыі закон, Галілея прынцып адноснасці, законы свабоднага падзення цел, руху па нахіленай плоскасці і інш.), Э.Тарычэлі (адкрыў атм. ціск), Р.Бойля і Э.Марыёта (даследавалі пругкасць газаў і сфармулявалі Бойля—Марыёта закон), Р.Гука (выказаў гіпотэзу прыцягнення, адкрыў Гука закон), Х.Гюйгенса (заклаў асновы хвалевай тэорыі святла, фіз. маятніка, разам з Г.В.Лейбніцам сфармуляваў закон захавання колькасці руху), І.Ньютана (сфармуляваў асн. законы класічнай механікі, адкрыў сусветнага прыцягнення закон), Л.Эйлера (распрацаваў дынаміку абсалютна цвёрдага цела), Д.Бернулі і Ж.Л.Лагранжа (заклалі аснову гідрадынамікі ідэальнай вадкасці), В.Франкліна (распрацаваў унітарную тэорыю электрычнасці, устанавіў закон захавання эл. зараду), Г.Кавендыша і Ш.А.Кулона (незалежна адкрылі асн. закон электрастатыкі — Кулона закон), П.Бугера і І.Г.Ламберта (распрацавалі асновы фотаметрыі). Класічная Ф. развівалася ў 19 ст. Дж.Дальтан адкрыў кратных адносін закон (1803), даў пачатак сучаснай атамістыцы. Устаноўлены энергіі захавання закон (Ю.Р.Маер, Дж.П.Джоўль, Г.Л.Ф.Гельмгольц), распрацаваны асновы тэрмадынамікі (Р.Ю.Э.Клаўзіус, У.Томсан), створана кінетычная тэорыя газаў (Дж.К.Максвел, Л.Больцман) і хвалевая тэорыя святла (Т.Юнг, А.Ж.Фрэнель), адкрыты законы электрамагнетызму (М.Фарадэй), атрыманы ўраўненні для эл.-магн. хваль (Максвела ўраўненні), якія эксперыментальна пацверджаны Г.Р.Герцам. Вял. значэнне мелі таксама навук. даследаванні, адкрыцці і тэорыі Д.Ф.Араго, Л.Гальвані, А.Вольта, Х.К.Эрстэда, А.М.Ампера, Н.М.С.Карно, Г.Р.Кірхгофа, Р.В.Бунзена і інш.; сфармуляваныя і распрацаваныя другі закон тэрмадынамікі, малекулярна-кінетычная тэорыя цеплавых працэсаў, законы і метады статыстычнай механікі, класічнай электрадынамікі, спектральнага аналізу. Сучасная Ф. пачала фарміравацца ў канцы 19—пач. 20 ст. Новую эпоху ў Ф. вызначыла адкрыццё электрона (Дж.​Дж.Томсан), а таксама рэнтгенаўскіх прамянёў (В.К.Рэнтген), радыеактыўнасці (А.С.Бекерэль), атамнага ядра (Э.Рэзерфард), распрацоўка квантавай мадэлі атама (Н.Х.​Д.​Бор), гіпотэзы хваль дэ Бройля (Л.В. дэ Бройль), якія прывялі да стварэння квантавай механікі і квантавай электрадынамікі (В.К.Гайзенберг і В.Паўлі, Э.​Шродынгер і П.А.М.Дзірак), атамнай і ядз. Ф. У канцы 19—пач. 20 ст. Х.А.Лорэнц заклаў асновы электроннай тэорыі і электрадынамікі рухомых асяроддзяў. На аснове прац Лорэнца і Ж.А.Пуанкарэ створана А.Эйнштэйнам спецыяльная (1905) і агульная (1916) адноснасці тэорыя, даследавана будова атамнага ядра (1919, Рэзерфард), створана пратонна-нейтронная яго мадэль (Гайзенберг, Дз.​Дз.Іваненка), пачала развівацца Ф. элементарных часціц. Вял. ўклад у развіццё Ф. зрабілі М.Гел-Ман, Дж.У.Гібс, Р.Ф.Фейнман і інш.; у Расіі і СССР — М.В.Ламаносаў, П.М.Лебедзеў, Э.Х.Ленц, Дз.А.Мендзялееў, А.С.Папоў, В.У.Пятроў, А.Р.Сталетаў, М.А.Умаў, Б.С.Якобі і інш.; заснавальнікі фіз. школ С.І.Вавілаў, К.Ф.Іофе, І.В.Курчатаў, Л.Д.Ландау, Л.І.Мандэльштам, Дз.С.Раждзественскі, І.Я.Там, а таксама Ж.І.Алфёраў, А.П.Аляксандраў, Л.А.Арцымовіч, М.М.Багалюбаў, М.Г.Басаў, Я.П.Веліхаў, В.Л.Гінзбург, Я.Б.Зяльдовіч, П.Л.Капіца, А.М.Прохараў, І.М.Франк, У.А.Фок, Ю.Б.Харытон, П.А.Чаранкоў і інш. Даследаванні вяліся ў фіз. ін-тах АН СССР і АН саюзных рэспублік, у галіновых НДІ і ун-тах.

На Беларусі даследаванні па Ф. пачаліся ў 1920-я г. ў БДУ, пашырыліся з 1950-х г. Сістэматычна вядуцца ў ін-тах Нац. АН (Ін-це фізікі імя Б.​І.​Сцяпанава, малекулярнай і атамнай фізікі, прыкладной фізікі, фізіка-тэхнічным, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава, электронікі, праблем энергетыкі; гл. адпаведныя арт.), у БДУ, Гомельскім і Гродзенскім ун-тах і інш. Асн. кірункі: лазерная фізіка, мікраэлектроніка, нелінейная оптыка, спектраскапія, фізіка высокіх ціскаў, фізіка высокіх энергій, фізіка дыэлектрыкаў, фізіка паўправаднікоў, фізіка плазмы, Ф. цвёрдага цела, элементарных часціц, ядз. Ф. Найб. значны ўклад у развіццё і арг-цыю навук. даследаванняў па Ф. зрабілі М.А.Барысевіч, М.А.Ельяшэвіч, А.Н.Сеўчанка, М.М.Сірата, Б.І.Сцяпанаў, Ф.І.Фёдараў, а таксама М.С.Акулаў, М.М.Аляхновіч, П.А.Апанасевіч, В.А.Арловіч, У.Р.Барышэўскі, А.А.Богуш, Б.Б.Бойка, Б.В.Бокуць, В.С.Буракоў, А.П.Вайтовіч, Л.В.Валадзько, У.Г.Вафіядзі, А.М.Ганчарэнка, В.П.Грыбкоўскі, Г.П.Гурыновіч, А.П.Дастанка, М.І.Дзямчук, А.П.Іваноў, А.А.Кавалёў, Ф.Ф.Камароў, Л.І.Кісялеўскі, Ф.П.Коршунаў, П.​Дз.Кухарчык, Я.М.Лабанаў, У.А.Лабуноў, А.В.Лыкаў, І.Р.Некрашэвіч, У.П.Радзько, А.С.Рубанаў, А.М.Рубінаў, Р.І.Салаухін, К.М.Салаўёў, А.М.Сердзюкоў, Л.М.Тамільчык, В.А.Таўкачоў, В.​Дз.Ткачоў, А.Ф.Чарняўскі, С.С.Шушкевіч. Выдаюцца часопісы: «Весці Нац. АН Беларусі. Серыя фізіка-матэм. і фізіка-тэхн. навук» (з 1965); «Веснік БДУ. Серыя 1. Фізіка. Матэматыка. Інфарматыка» (з 1969); «Журнал прикладной спектроскопии» (з 1964); «Инженерно-физический журнал» (з 1958). Створана Бел. фіз. т-ва (1990).

Літ.:

Кудрявцев П.С. История физики. Т. 1—3. М., 1956—71;

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970;

Фейнман Р., Лейтон Р., Сэндс М. Фейнмановские лекции по физике: Пер. с анга. Вып. 1—9. М., 1965—67;

Берклеевский курс физики: Пер. с англ. Т. 1—5. М., 1971—74;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 1. Механика. 5 изд. М., 2001;

Іх жа. Теоретическая физика. Т. 2. Теория поля. 7 изд. М., 1988;

Іх жа. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика. 4 изд. М., 1989;

Іх жа. Теоретическая физика. Т. 5. Статистическая физика. Ч. 1. 4 изд. М., 1995;

Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М.; Л., 1962;

Борисевич Н.А. Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. Мн., 1967;

Барышевский В.Г. Ядерная оптика поляризованных сред. Мн., 1976;

Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;

Степанов Б.И. Введение в современную оптику. [Т. 1—4], Мн., 1989—91.

П.​А.​Апанасевіч, А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ву́да 1 ’ляжка’ (КЭС, навагр.), вуды (экспр.) ’ногі’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 133, нясвіж., дзятл.). Ст.-бел. вуда, удъ ’частка цела’ (усе прыклады, за выключэннем аднаго, у евангельскіх тэкстах) (КГСБМ). Рус. уд ’тс’ (прыклады ў Даля таксама з евангельскіх тэкстаў), ст.-рус. оудъ ’член; кавалак’, оудо н. р., мн. л. оудеса ’тс’, ст.-слав. оудъ ’частка цела’, польск. ud, udo ’частка цела, галоўным чынам нага ад бядра да калена’, чэш., славац. úd ’частка цела’, балг. уд, серб.-харв. у̑д, славен. у́д ’тс’. Прасл. udъ. Задавальняючай этымалогіі слова няма. Мяркуецца, што гэта — утварэнне ад і.-е. *au‑ ’прэч’ і кораня *dh(ē)‑ ’што-небудзь аддзеленае’ (Голуб-Копечны, 400) або ўтварэнне з прыстаўкай u‑ ад старажытнага кораня ў ступені рэдукцыі ‑dъ < і.-е. *dh(ē)‑ (Трубачоў, Ремесл. терм., 236). Няпэўна Младэнаў (649), які звязваў уд з уз‑да, об‑уть. Якабсон (LJSLP, 1/2, 1959, 273) падтрымлівае старую этымалогію Гараева (385) аб тым, што уд нельга аддзяліць ад рус. у́дить ’спець, набракаць’ і ад вымя (< *ūd‑men). Іншыя этымалогіі і літ. гл. Фасмер, 4, 148. У сучасных беларускіх гаворках вуда, калі меркаваць па адсутнасці жывых прыкладаў на ўсходнеславянскай тэрыторыі, а таксама па тэрыторыі распаўсюджвання і значэння слова, з’яўляецца, відавочна, запазычаннем з польск. udo ’частка нагі ад бядра да калена’.

Ву́да 2 (БРС, Нас., Шат., Бяльк.), вуда́ (Гарэц., Касп.), ву́дка (Крыв.). Рус. уда́, у́дочка, укр. ву́дка, ст.-рус. оуда, ц.-слав. ѫда, ѫдица, балг. въдица (Младэнаў, 94), серб.-харв. у̏дица, славен. ȯdica, чэш. udice, польск. węda, wędka, в.-луж. wuda, н.-луж. h́uda. Найчасцей тлумачаць з прыстаўкі *an‑ або *on‑ і і.-е. кораня dhē‑, гэта значыць ’тое, што прыкладзена’. Роднаснымі лічаць лат. uodne ’планка, на якой стаіць санны кузаў’, ẽndas ’частка сялянскіх саней’; параўн. таксама літ. iñdas ’сасуд’, славен. nâda ’падстаўка’. Гл. Траўтман, 48; Махэк₂, 666; Фасмер, 4, 148. Менш верагоднай з’яўляецца версія Мейе, Études, 320, які лічыць зыходным *onkda і параўноўвае яго са ст.-інд. aṅkáḥ ’гак’, грэч. ὄγκος ’тс’, лат. uncus ’сагнуты’. Іншую літ-ру гл. у Фасмера (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́стаўка 1 ’птушка Hirundo rustica L., Chelidon urbica і інш.’ (ТСБМ, БРС, Шат., Грыг., Сцяшк., Гарэц., Бяльк., Касп., Яруш., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.), ла́стувка (Бес.), ла́стоўка (Кл.), ластавіца (Шн.), ла́стачка, шчуч. ластавачка ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. ла́стівка, ластовиця, ласточка, гластівка, рус. ластка, ластовица, ластовка, ластуша, ст.-рус. ластовица, ластка ’тс’, ластунъ ’стрыж’; на сучаснай польск. тэрыторыі лексема сустракаецца толькі ў пагранічных з ЧССР і СССР дыялектах: палаб. lostěvaičă/lostovaićă, в.-луж. łastojčka, łastojca, łastolca, fastojnčka, głasiowica, чэш. vlaštovka, lašťovka, laštovice, hlaštověnka, ст.-чэш. vlasiovica, vlaštovica, lastovica, славац. lastovica, славен. lástovka, lástovica, hlastovica, старое lástavica, серб.-харв. ла́ста, lastac, ла̏ставица, ла̏стовица, lastova, макед. ласто́јца, ласта, љастовица, балг. ластавица, ластовица. Прасл. lasta, lastavica, lastovica (Слаўскі, 1, 513; Скок, 2, 274; Булахоўскі, 3, 244) і alstavica (Клепікава, ВСЯ, 5, 172–178). Агульнапрынятай этымалогіі няма. Міклашыч (161) гэту лексему этымалагічна суадносіць з літ. lė̃kti, lakstýti ’лётаць’, lakstùs ’хуткі’, лат. lèkt, lakstiĩt ’шчабятаць’, ’бегаць, скакаць туды і назад’. Таксама Фрэнкель (ZfslPh, 11, 45–47) і Фасмер (2. 463). Голуб-Копечны (419), Махэк₂ (694), Слаўскі (там жа) і Шустар-Шэўц (10, 763) мяркуюць, што ў аснове лексемы ляжыць анамата-экспрэсіўны пачатак (jaskotati, jaskati, ch‑lastati ’шчабятаць’, chlap‑ati ’стукаць, балбатаць’). Развадоўскі (RSPWF, 25, 441) прабуе звязаць яе з ірл. los, кімр. llost ’хвост’. Трубачоў (ЭИРЯ, 2, 1962, 29) суадносіць з роднасным прасл. laska ’ласка, каханне’ і ласка, ласіца ’Mustela vulgaris’. Сапраўды, найбольш блізкімі аказваюцца такія лексемы, як бел. ласы, пад‑ласы ’белабрухі’, ’з белымі бакамі і грудзьмі’ < прасл. lasъ (гл. ласіца 1). Сюды ж пераноснае ла́стаўкі, ла́стаўке ’рабацінне, вяснушкі’ (Сл. паўн.-зах.).

Ла́стаўка 2, ла́стоўка, ла́стовочка, ла́сточка, ла́стачка, ла́стка, ла́сткі ’ўстаўка ў штанах ці портках’ (Грыг., Жд. 1, Сакал., Касп., Шатал., Мат. Гом., Мат. Маг., Сл. паўн.-зах.), ’цвікля, клін які ўстаўляецца ў пройму рукава пад пахамі пры ўшыванні яго ў станіну кашулі’ (Бяльк., Сцяшк., Шатал., Мат. Гом., Сакал., Тарн., Бел. нар. адзенне, Бел. хр. дыял.), ’гестка’ (Шатал.). Перанос паводле падабенства з ла́стаўка 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галу́за 1 ’неабцярэбленая галінка’ (Жд. 1), галу́ска ’галінка’ (Сцяшк. МГ). Адносіцца да вялікай групы роднасных слоў. Пароўн. укр. га́лузь, галу́за, голу́за, галу́ззя, рус. дыял. га́лызь ’дрэва для пракладкі дарогі’, польск. gałąź, gałęzie (зборн.), чэш. haluz, ст.-чэш. haluže і г. д. Прасл. *galǫzь вядома толькі ў зах.- і ўсх.-слав. мовах (дыялектнае праславянскае). Мяркуюць, што этымалагічна яно адносіцца да *golъ ’голы’ (з апафоніяй о : а) Першапачаткова ’голая галінка і да т. п.’; параўн. яшчэ для абазначэння галінак і да т. п.: *golь ’галінка’, *golьje ’галінкі’ (зборны назоўнік). Гл. Слаўскі, 1, 252 (там і іншая літ-ра). Булыка (Запазыч., 77) мяркуе, што ст.-бел. галонзка, галузка, голузка ’галінка’ запазычана з польск. gałązka. Наўрад ці гэта так. Запазычаннем можна лічыць толькі галонзка, якое мае прыкметы запазычання (захоўвае ‑он, якое адпавядае польск. насавому гуку).

Галу́за 2 ’свавольнік, гарэза’ (Касп.), ’надзвычайны свавольнік; дурны, бесталковы’ (Нас.), ’бедны, але фарсісты’ (Шат.), ’жэўжык’ (Бяльк.), галузава́ць ’займацца пустымі размовамі; сваволіць’ (Касп.), ’сваволіць, рабіць глупства’ (Нас.). Рус. дыял. галу́за ’тс’. Карскі, як здаецца, няўдала выводзіў з літ. galvóžis (РФВ, 49, 13). Сам Фасмер (1, 390) вылучыў даволі фантастычнае тлумачэнне: галу́за ’гарэза’, магчыма, спачатку мела значэнне ’галіна, сук’ і звязана са слав. *galǫzь ’галінка’ (якое быццам роднаснае з *golъ ’голы’). Хутчэй за ўсё гэта група слоў звязана з укр. глузува́ти ’насміхацца’, рус. дыял. галу́здать ’гарэзаваць’.

Галу́за 3 ’астрыжаны хлопец або дзяўчынка з кароткімі валасамі’ (Сцяц. Словаўтв.). Магчыма, да галуза 2 ’свавольнік, гарэза’ (гл.): ’гарэза’ — ’астрыжаны гарэза’ — ’астрыжаны наогул’. Можна яшчэ згадаць неверагодную этымалогію Фасмера (гл. пад галуза 2): галу́за ’свавольнік, гарэза’ звязана з *galǫzь ’галінка’ (а гэта да *golъ ’голы’, першапачаткова ’голая галінка’). Можа, Фасмер усё ж такі меў рацыю, калі дапусціць, што дзесьці ў дыялектах захавалася значэнне менавіта ’голая галінка’ для галу́за (’галінка’). Тады магчымы перанос значэння (метафарызацыя): ’голая галінка’ — ’астрыжаны хлопец’ (< ’голы, з голай галавой’), далей ’гарэза’ (< ’астрыжаны’). Меркаванні гэтыя вельмі праблематычныя, таму што няма дадатковых даных для гісторыі ўсёй гэтай вялікай групы слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́ба ’від хваробы’ (Касп.). Ілюстрацыя як быццам пацвярджае дэфініцыю: «Каб цебе каліба, як ты мяне падманіў». З назваў хваробы адразу звяртае на сябе ўвагу рус. вяц. калига ’хвароба грыжа’, аднак паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю гэта паралель не вельмі надзейная. Адносна семантыкі рус. назвы параўн. смал. килаватка ’бручка, Brassica napus’, бел. грыжа ’тс’ (нягледзячы на генезіс апошняй назвы). Няясна; у роднасных паўн.-бел. гаворках паралелей да гэтага слова не адзначана, таму можна меркаваць аб рэгіянальным утварэнні. Фармальна можна дапусціць сувязь з калываць (калібаць), параўн. да фанетыкі калібель (Жд. 3, Кліх), аднак такое супастаўленне нічога не праясняе. Цалкам імаверна, што Каспяровічам зафіксавана структура, дзе канкрэтнай назвы не было наогул. Можна думаць, што першапачаткова тут была структура тыпу *каб цябе, каб…, дзе другое каб не толькі ўзмацняе першае, але, магчыма, з’яўляецца субстытутам адпаведнай формулы, якая магла ўключаць і назву хваробы. Прычынай падобнай з’явы магла быць другародная функцыя назвы хваробы параўнальна з функцыяй уласна структуры, не выключана таксама, што тут назіраецца эўфемізацыя выразу, узмацняючая праклён, паколькі пад другім каб можа разумецца любая хвароба з найбольш непажаданых. У канкрэтным выразе каліба адпавядае разгледжанаму вышэй каліб (гл.). Праўда, не вельмі ясна, з’яўляецца гэта наватворам унутры гаворкі, ці тут назіраецца вынік узаемадзеяння гаворак і ўплыву выразу каліба цябе каліба на мяркуемы ’каб цябе, каб…’. Не выключана і запазычанне, аднак знайсці крыніцу нам не ўдалося. У польск. гаворках таксама няма матэрыялу, які б дазволіў меркаваць аб запазычанні. Звяртае на сябе ўвагу дыял. kaleba і kalemba ’старая і худая карова’, ’лянівая жанчына’ і да т. п., аднак гэта паралель не задавальняе. Фармальна падобны гукакомплекс знаходзіцца ў назвах раслін: kolibaba ’расліна… galeopsis ladanum’, kolebok ’radix bardanae’ (дэфініцыя паводле старога тлумачэння Карловіча). Семантычна такое супастаўленне магчымае (назва расліны можа суадносіцца з назвай хваробы), але вельмі няпэўнае. Не выключана і мясцовае ўтварэнне ад калоць з суфіксацыяй як у сядзіба, гасціба (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 84–85). Аб канкрэтнай семантыцы назвы меркаваць цяжка, аднак у гаворках дэрываты ад калоць азначаюць розныя хваробы і з боку семантыкі такое тлумачэнне сумнення не выклікае. Нельга выключаць таксама нейкай памылкі пры запісе, відавочна, патрабуецца ўдакладненне прыведзенай Каспяровічам інфармацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слаць 1 ‘пасылаць, адпраўляць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Варл., ТС). Параўн. укр. сла́ти, рус. слать, ст.-рус. сълати, польск. słać, в.-луж. słać, н.-луж. słaś, чэш. posláti, славац. slať, серб.-харв. сла̏ти, славен. posláti, ст.-слав. сълати. Прасл. *sъlati роднаснае гоц. saljan ‘прыносіць, ахвяраваць’, ст.-ісл. selja ‘перапраўляць, пераносіць, прадаваць’ (Траўтман, 292; Мікала, Ursl. Gr, 1, 79) і, далей, алб. sūljem ‘кідаюся, бягу’, гал. hollen ‘бегчы рыссю’ (гл. Фасмер, 3, 667; там жа і іншыя, менш верагодныя, збліжэнні). Сной₁ (474) адзначае, што прымальнай этымалогіі *sъlati няма. Ондруш (Studia Slavica, 6, 1960, 193 і наст.) спрабуе звязаць яго з літ. setė́ti ‘прыйсці’, salti ‘цячы’, семантычна абгрунтоўваючы гэта на прыкладзе хец. piyami ‘пасылаю’ < paimi ‘іду’, г. зн. ‘пасылаць’ <— ‘загадаць ісці’. Гл. яшчэ Махэк₂ (552), які на іншых і.-е. прыкладах разглядае аналагічнае семантычнае развіццё. Борысь (557) узводзіць да і.-е. *sel‑/*sol‑/*sl‑ ‘узяць; хапаць’; праславянскае слова, на яго думку, развілося ад першаснага каузатыўнага дзеяслова са значэннем ‘рабіць так, што хто-небудзь штосьці бярэ’ → ‘пасылаць, каб нехта штосьці атрымаў’. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 296 з аглядам літ-ры.

Слаць 2, сцялі́ць ‘класці, раскладваць, распасціраць, укладваць’ (ТСБМ, Нас., Сержп. Прымхі, ТС, Варл., Сцяшк., Сл. ПЗБ). Укр. сла́ти, стели́ти, рус. стлать, стели́ть, стараж.-рус. стьлати, польск. słać, ścielić, в.-луж. słać ‘сцяліць’, н.-луж. słaś, stłaś, чэш. stlát, славац. stlať, славен. stláli, балг. сте́ля, ст.-слав. стьлати. Прасл. *stьlati, *steljǫ роднаснае лат. slāt, slāju ‘накладваць, упакоўваць’, грэч. στέλλω “рыхтую, пасылаю’, лац. lātus ‘шырокі’ (< stlatus); да і.-е. *stel‑ ‘расцілаць’; гл. Траўтман, 286; Мюленбах-Эндзелін, 3, 924; Фасмер, 3, 753–754; Сной₁, 609; Борысь, 557; ЕСУМ, 5, 296–297; Міклашыч, 324; Покарны, 1018–1019; Махэк₂, 578. Фасмер (там жа) адзначае, што побач з і.-е. коранем *stel‑ прадстаўлены і *stern‑: лац. sternā, ‑ere, strātum ‘расцілаць, насыпаць’, грэч. στόρνῡμι ‘тс’ (параўн. прасл. *storna, гл. старана); Шустар-Шэўц, 1301–1302; Глухак, 558; Бязлай, 3, 317–318.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тхор, тхур, тху͡ор, тхір, тхыр, хор(ь) ‘шашок, драпежная жывёліна сямейства куніцавых, Mustela putorius’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Клім., Бес., Сцяшк., Дразд., Др.-Падб., Вруб., ТС, Гарэц., Пятк. 2; паўд.-бел., Сл. ПЗБ; усх.-віц., маг., ваўк., віл., гарад., свісл., ЛА, 1): седзі моўчкі, тхуор у нары (Сержп. Прык.), тхор, тхорь ‘тс’ (Растарг.); ст.-бел. тхоръ ‘тс’, ‘футра тхара’ (ГСБМ), перан. тхор ‘баязлівец’ (Нас.), сюды ж тхары́ць ‘баяцца, палохацца’, тхарлі́вы ‘палахлівы’ (Некр. і Байк.), тхарава́ты ‘нелюдзімы, пануры (пра чалавека)’ (Рэг. сл. Віц.). Параўн. укр. тхір, хір, рус. хорь, хорёк, тхорь, стараж.-рус. дъхорь, дохорь, тхорь; польск. tchórz, tkórz, twórz, tfórz, tórz, ćkórz, каш. tvȯř, славін. tk​u̯ȯ́ř, н.-луж. twóŕ, в.-луж. tkhóŕ, tchór, twór, чэш. tchoř, schoř, zhoř, ст.-чэш. dchoř, славац. tchor, славен. thȏr, dihúr, dehȏr, харв., tvȏr, vȍr, fȍr, por, torec, серб. тво̑р, тор, хор, то̏рац, балг. твор, трор, тор, то́рче, тръ́рче, пхорь, пор, по́рът, макед. твор, пор. Прасл. *dъxoŕь першапачаткова ‘смярдзючка’ (Бернекер, 1, 101; SP, 5, 153; Сной₂, 109; Фасмер, 4, 270; Махэк₂, 643; Скок, 1, 374; Бязлай, 1, 101; ЭССЯ, 5, 177–178; ЕСУМ, 5, 689–670). Утворана ад дзеяслова *dъxnǫti ‘смярдзець’ пры дапамозе суф. *‑oŕь. Уласцівасць тхара выдаваць з сябе смярдзючы пах выклікала шэраг падобных утварэнняў ад іншых дзеясловаў з такой жа семантыкай: смярдзюк (Жыв. сл.), польск. śmierdziel, славен. smrdak, smrduh, харв. smŕdelj, серб. смр̏дљивац, макед. смрдушка, смрдуљка (< прасл. *smŕ̥děti ‘смярдзець’), рус. дыял. бздюх ‘тхор’ (< прасл. *pьzděti ‘псаваць паветра’), а таксама ў неславянскіх мовах, напрыклад, франц. putois < ст.-франц. put ‘смярдзючы’ < лац. puter ‘гнілы, трухлявы; смярдзючы’, ‘вялы’. Варыянтнасць пачатку слова назіраецца пасля страты рэдукаваных у выніку прыпадабнення звонкага *d‑ да глухога *t‑ і іншых фанетычных працэсаў. Няма падстаў выводзіць бел. тхор ‘шашок’ з польск. tchórz (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 152), аднак пераноснае значэнне ‘баязлівец’, магчыма, з’яўляецца супольнай інавацыяй або ўтварылася на базе значэння ‘псаваць паветра ў выпадку небяспекі’, што характэрна для жывёліны, ці абазначэння скрытнага характару паводзін чалавека.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)