знайсці, знайду, знойдзеш, знойдзе; пр. знайшоў, ‑шла, ‑ло; заг. знайдзі; зак., каго-што.

1. У выніку пошукаў выявіць, адшукаць. Дзеду трэба знайсці тую часць чырвонага войска, камандзір якога стаяў у яго на кватэры. Колас. У горадзе, зразумела, можна было б знайсці хірурга. Якімовіч. // Падшукаць, падабраць. Два тыдні ў нашай вёсцы не было старасты, немцы не маглі знайсці халуя на гэты пост. Краўчанка. [Сястра] не ведае, што адказаць. Тузаецца, не можа знайсці слоў. Скрыган. // Прыдумаць (у выніку разважання). Знайсці выхад з цяжкага становішча. // (у спалучэнні з інф. і словамі «чым», «чаму», «за што» і пад.). Ужываецца для выражэння іранічных адносін да выказвання; роўна па значэнню адмоўным канструкцыям: нечым, нечаму, няма за што і пад. Знайшла чым хваліцца. Знайшоў чаму радавацца. ▪ — Знайшлі за што сварыцца, — умяшаўся Карусь. Колас. // Выявіць у выніку спецыяльных пошукаў, даследаванняў; адкрыць, вынайсці. Знайсці новыя залежы каменнага вугалю. Знайсці новы спосаб рашэння задачы. // Вызначыць шляхам вылічэнняў, вывадаў. Знайсці суму двух лікаў. Знайсці корань слова. // Выбраць, удзяліць для чаго‑н. (які‑н. адрэзак часу). Знайсці вольную хвіліну. ▪ Калі час толькі вольны знайду — Збіраюся ў падарожжа! Нядзведскі.

2. Выявіць, убачыць, заўважыць. — Надоечы мы знайшлі ў алешніку прыкрытую ламаччам яму. Бажко. // (звычайна ў пытальнай канструкцыі са словам «што»). Выявіць, убачыць у кім‑, чым‑н. якія‑н. уласцівасці, якасці. — Што ты смешнага тут знайшоў, супастат? Лынькоў. — Што ты з мяне, старога, кпіш, знайшоў таварыша!.. Чорны. // Застаць, заспець. Прыйшлі і не знайшлі цябе.

3. Атрымаць, набыць. Знайсці прымяненне. Знайсці адлюстраванне. ▪ [Білецкі:] Ты памятаеш, Сцяпан, — я не дрэнна страляю і, можаш не сумнявацца, кожная выпушчаная мною куля знойдзе свой адрас. Маўзон. Разбіты граніт Знойдзе месца сваё ў адбудове. Танк. // у кім-чым. Сустрэць з боку каго‑н. якія‑н. адносіны, пачуцці; адшукаць у кім‑, чым‑н. крыніцу якіх‑н. пачуццяў, адчуванняў. Сямён рашыў пайсці да Булая. Не затым, каб паскардзіцца на каго-небудзь. Проста хацелася раскрыць сваю душу, знайсці спачуванне. Шыцік.

4. са злучн. «што». Прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. Ва ўрадніка пранеслася ў галаве думка: арыштаваць і папа за пакрыванне крамольніка. Але перадумаў і знайшоў, што не варта. Колас. // Палічыць, прызнаць. Знайсці неабходным паведаміць аб прыездзе.

•••

(Днём) з агнём не знойдзеш; са свечкай не знойдзеш — пра што‑н. далёка закінутае, схаванае.

Знайсці агульную мову — дасягнуць узаемаразумення, узгодненасці.

Знайсці дарогу к чыйму сэрцу — выклікаць у каго‑н. да сябе любоў, сімпатыі.

Знайсці канец (канцы) — разабрацца ў чым‑н., даведацца пра што‑н.

Знайсці смерць (магілу) — загінуць, памерці.

Знайсці сябе — правільна вызначыць свае схільнасці, зразумець сваё прызванне.

Знайшоў (знайшлі) дурня (іран.) — выражэнне нязгоды з кім‑, чым‑н., адмаўлення ад чаго‑н.

На дне мора знайсці — адшукаць у любым выпадку, незалежна ад абставін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)