час, ‑у, м.
1. Працягласць існавання ўсіх з’яў рэчаіснасць якая вымяраецца вякамі, гадамі, гадзінамі, мінутамі і пад. Час не стаіць і не чакае. Колас. Празрыста-быстраю ракой плыву, І хвалям у затоку не аднесці, Хоць час пасыпаў снегам галаву, І мне яго не змесці, не атрэсці. Пушча. // Мера працягласці ўсяго, што існуе ці адбываецца. Сонечны час. Зорны час. Сярэдні сутачны час. ▪ Было адзінаццаць гадзін ночы па маскоўскаму часу. Шамякін. // Паслядоўная змена мінут, гадзін, дзён і пад. У марах ды ў гаворцы час бяжыць хутка, і мужчыны не заўважылі, як апынуліся перад ганкам перасяленцкага пункта. Пальчэўскі.
2. Больш-менш пэўны прамежак у паслядоўнай змене гадзін, дзён, гадоў і пад., у які што‑н. адбываецца. Траціць час. Бавіць час. ▪ За час сваёй доўгай хваробы .. [Марылька] навучылася вось так ляжаць, глядзець і думаць... Брыль. [Пніцкі:] Цяпер жыву, работы хапае.. А пасля не тое яшчэ будзе. Дай ты адно нам час умацавацца. Чорны. // Пара года, месяца, дня і пад. Ранні час. ▪ Бывала ў восеньскі час, пасучы статак, Андрэй не раз прыходзіў слухаць гэты гоман [дубоў]. Дуброўскі. Добра пасядзець тут [ля доміка] летнім вячэрнім часам, калі паціху згасаюць размаітыя фарбы дня. Навуменка. // Вольныя ад асноўнага занятку гадзіны, дні, якія можна прысвяціць якой‑н. іншай справе. Дырэктар сустрэў суддзю стрымана. — Няма мне часу па рыбалках ездзіць. План трэба выконваць. Капусцін. Нялёгка Леніну было ў тыя дні. Але і тады Уладзімір Ільіч знаходзіў час, каб з выключнай любоўю аднесціся да людзей, дапамагчы ім. Мяжэвіч.
3. Нейкі пэўны момант у паслядоўнай змене гадзін, дзён, гадоў і пад. Назначыць дакладны час сходу. ▪ У гэты ж час хрыпла і прыдушана закукавала зязюля... Нікановіч. // Адпаведны момант, спрыяльная пара для якіх‑н. дзеянняў, для разгортвання чыёй‑н. дзейнасці. Стары, сухенькі, мітуслівы, хапаўся сам і падганяў іншых — усё баяўся ўпусціць час, божкаў, каб пратрымалася надвор’е. Мележ. // у знач. вык. Наступіла пара. Час класціся спаць. Час збіраць ураджай. ▪ Час быў выходзіць. А чалавек усё стаяў і глядзеў. Шыцік. [Дзед:] — Час нам ісці, відаць, там і чаканкі ўсе даўно хлопцы паелі, нас з табой чакаючы... Лынькоў.
4. Перыяд, эпоха, пэўная колькасць гадоў у жыцці чалавецтва, дзяржавы, народа і пад. Каржакевіч быў досыць папулярны яшчэ з дарэвалюцыйнага часу. Крапіва. Меркаванне, што вінавата ў гэтым яе становішча, здавалася Лёдзі дзікім: хіба можа быць такое ў наш час. Карпаў.
5. У філасофіі — усеагульная аб’ектыўная форма існавання матэрыі, якая праяўляецца ў працягласці і паслядоўнасці, неад’емна ад руху. У свеце няма нічога, апрача рухаючайся матэрыі, і рухаючаяся матэрыя не можа рухацца інакш, як у прасторы і ў часе. Ленін.
6. У лінгвістыцы — форма дзеяслова, якая выражае адносіны дзеяння або стану да моманту гаворкі або да якога‑н. іншага моманту. Прошлы час. Цяперашні час. Будучы час.
•••
Даўномінулы час — асобая форма дзеяслова прошлага часу ў некаторых мовах, якая абазначае дзеянне, што адбылося (адбывалася) раней другога дзеяння прошлага часу.
Дэкрэтны час — паясны час, пераведзены для тэрыторыі СССР на адну гадзіну ўперад.
Каменданцкі час — забарона без асобага дазволу з’яўляцца на вуліцах населенага пункта ў пэўны час пры аб’яўленні ваеннага або асаднага становішча.
Машынны час — час, за які выконваецца работа ці вытворчая аперацыя машынай або механізмам.
Мясцовы час — час, які ўстанаўліваецца для пэўнага геаграфічнага пояса, раёна, для пэўнай мясцовасці.
Адзін час — на працягу нейкага часу; некалі, даўней.
Ад часу да часу; час ад часу — калі-нікалі, зрэдку.
Апошні час — незадоўга да цяперашняга моманту.
Без часу — заўчасна, не пражыўшы адведзены час.
Благі час — нядобры час, ліхая гадзіна.
Выйграць час гл. выйграць.
Да пары да часу гл. пара́.
Да часу — а) раней тэрміну. — Мы скончылі ўжо, — растлумачыў .. [Міхась]. — Скончылі да часу і цяпер прыбіраем кожны сваё. Скрыган; б) часова. Зрабілі некалькі брыгад: абсталяваць хоць да часу будоўлю пад .. жывёлу. Чорны.
Засячы час гл. засячы.
З цягам часу гл. цяг 1.
З часам — у будучым, некалі.
Каліф на час гл. каліф.
На першы час — для пачатку чаго‑н.
На скорым часе — неўзабаве, хутка.
На той час — некалі, у мінулым, раней.
На часах — на апошнім месяцы цяжарнасці (пра жанчыну).
Пад час — калі-нікалі, зрэдку.
Па часе — пасля таго, як ужо што‑н. здарылася.
Самы час — іменна такі, які патрэбна, пара.
Сімвал часу гл. сімвал.
Судны час — тое, што і судны дзень (гл. дзень).
Тым часам — адначасова з гэтым, у той самы момант. Тым часам ля ракі ўзнялася, зноў страляніна. Лынькоў.
Увесь час — пастаянна, бесперастанку.
У добры час — пажаданне поспеху, удачы каму‑н.
У свой час — а) некалі, калісьці, раней, у мінулым. І ліпы ўздоўж нашай вуліцы пасадзіў у свой час таксама адзін з паноў Стахоўскіх, — тлумачыць стары краязнаўца. В. Вольскі; б) своечасова, калі ў чым‑н. будзе патрэба, неабходнасць. — Усё ў свой час. Рабіць так, як дамовіліся, — сказаў Хукін. Алешка.
У хуткім часе — хутка, неўзабаве, у блізкай будучыні.
У час — своечасова, у патрэбны момант.
Час б’е чый або каго-чаго — а) падыходзіць, набліжаецца канец; б) падыходзіць час што‑н. рабіць.
Час не трывае (не чакае) — нельга далей адкладваць, трэба спяшацца з выкананнем чаго‑н.
Час прабіў — прыйшла, настала пара для чаго‑н.