траціць, трачу, траціш, траціць; незак., каго-што.

1. Расходаваць грошы, сродкі на што‑н. з пэўнай мэтай, патрэбай. Мішка пачынае ўспамінаць Кірылу .. Калі яны з Кірылам зараблялі дзе грошай, то заўсёды трацілі іх сумесна. Лупсякоў. [Іван Маеўскі:] — Вось няхай яны мне адкажуць, адукаваныя... Іх савецкая ўлада вучыла, мільёны траціла на іх. Шамякін.

2. Марна, без толку расходаваць. [Бацька:] — Яшчэ там дзесятка залатая ёсць, то яе да вяселля свайго не граць. Чарнышэвіч. [Начальнік варты:] — Таварыш камандзір, гэта Цыганок пайшоў на пост і вось траціць дарма патроны. Шчарбатаў.

3. Пазбаўляцца ад каго‑, чаго‑н., страчваць, губляць каго‑, што‑н. Траціць здароўе. Траціць зрок. ▪ Вузкая хмарка ўсё больш ды больш налівалася чырванню, а высокае воблака ўсё святлела, траціла ружовасць. Брыль. Заўважыўшы велічную постаць Палаткі, вясёлы расказчык адразу траціў сваё красамоўства. Лынькоў. Прымірыўшыся з мужавым парадкам, Таццяна не траціла ўсё ж надзеі: «Калі ж небудзь задаволіць ён сваю прагнасць, стане чалавекам». Пальчэўскі. Як толькі Васіль Пятровіч успамінаў Алу, у грудзях яго каламуццю ўзнімалася трывога, усё змрачнела навокал, траціла цікавасць. Карпаў. Многія рэчы ў працэсе карыстання трацяць прыгажосць і свой першапачатковы колер. «Звязда». Скажы матулі мілай, хай не плача І слёз сваіх не траціць без прычын. Астрэйка.

4. Несці страту ў асобе таго, хто памёр, пайшоў і пад. [Шкурапкоў:] Мне шкада траціць прыяцеля, але жыццё мне даражэй вашай рукі. Крапіва. Хлопец траціць каханую і засынае неабудным сном на могілках, поруч з абранніцай, яна таксама не стрывала цяжару жыцця. Лужанін.

5. Пераставаць уладаць якімі‑н. матэрыяльнымі каштоўнасцямі; несці страту ў чым‑н. Траціць маёмасць. ▪ Сярэдніх сяляне і вясковая бедната, атрымліваючы пазыку ад банка і не маючы магчымасці расплаціцца, часта трацілі зямлю і маёмасць, якія прадаваліся з малатка. «Весці».

6. Праводзіць час бязмэтна, марна, дарэмна. І усе ведалі, што дзейнічаць трэба хутчэй, што нельга траціць часу. Галавач. Калі [Вашчанюк] браўся за што — траціў цэлыя гады, перабіраў дзесяткі варыянтаў, адхіляў нават тое, што ўхвалілі сябры, і дасягаў свайго. Гроднеў.

7. Парушаць сувязь, паслядоўнасць у думках, гутарцы і пад. Тварыцкі пачаў траціць логіку, якую меў, у сваёй гаворцы. Чорны.

•••

Няма чаго траціць (губляць) каму — можна на ўсё пайсці, бо горш ужо не будзе.

Траціць галаву (розум) — тое, што і губляць галаву (гл. губляць).

Траціць голас — а) страчваць здольнасць гаварыць, крычаць, пець (у выніку прастуды, хвалявання і пад.); б) страчваць гучнасць, чыстату і пад. (пра голас спевака).

Траціць грунт (глебу, зямлю) пад нагамі — пазбаўляцца таго, на чым грунтуецца грамадскае становішча, светапогляд і пад.

Траціць уладу над сабой — губляць самакантроль, бянтэжыцца.

Траціць цану — зніжацца ў вартасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)