язык, ‑а, м.

1. Рухомы мышачны орган у ротавай поласці пазваночных жывёл і чалавека, які дапамагае захопліваць, перажоўваць, глытаць ежу, вызначаць яе смакавыя якасці. Лізаць языком. Паказаць язык. ▪ Агніста сонца прыпякае, У губах язык засох, як косць. Купала. [Дзяцел] выпускае з дзюбы свой доўгі і ліпучы язык, тонкі, як шнурок. В. Вольскі. [Ульяна:] А каб табе, мой ты паночак, язык аблез, каб ты ніякага смаку не пачуў! Крапіва. Савіцкі з асалодай цмокнуў языком. — Вось гэта закусачка! Шамякін. Малако ў каровы на языку. Прыказка. // Страва, прыгатаваная з гэтага органа (звычайна каровінага ці свінога). Заліўны язык. // Гэты орган у чалавека, з дапамогай якога ён гаворыць, перадае свае думкі; орган мовы. — А хто страляе? — ледзь прагаварыў.. [Амелька] здранцвелым языком. Якімовіч. — А табе чаго ехаць да майго начальніка? Я і адзін магу дамовіцца. Што, у мяне языка свайго няма? Пальчэўскі. Язык і Кіева дапытаецца. Прыказка. Што ў цвярозага наўме, тое ў п’янага на языку. Прыказка.

2. перан. Здольнасць гаварыць, выказваць свае думкі словамі. Пятрусь трохі апомніўся. Да яго вярнуўся язык і памяць. Колас. // Гаворка, сказаныя словы. Ульяна змоўчала і пра нядбайных кукурузнікаў, і пра іншае. Нават не верыцца, што яе маглі пакараць «за язык»... Лось. І жала, і прала, і ткала, а ўсё языком. З нар.

3. перан. Разм. Палонны, якога захопліваюць спецыяльна, каб атрымаць неабходныя звесткі аб праціўніку. [Камандуючы:] К заўтраму вы павінны мець зусім ясную карціну абароны праціўніка. Дастаць «языка». Крапіва. Нам загадалі Край ляска Прайсці ўздоўж і поперак, Дабыць, Прывесці «языка» — Якога-небудзь обера. Калачынскі.

4. Металічны стрыжань у звоне, які пры ўдарах аб яго сценку ўтварае гук. Марыі ноччу сніўся сон: У падводным царстве чуцен звон.. Цячэ няспынна плынь па дне, Язык пагойдвае ў зване. Аўрамчык.

5. перан. Пра што‑н. прадаўгаватае, выцягнутае, па форме падобнае на язык. Жоўтыя языкі полымя лізалі чорны чыгунок. Жычка. На чарнаце пажарышчаў добра былі відны чыстыя лапіны замеці і языкі сумётаў. Мележ.

•••

Адсохні мой язык, калі...; хай мой язык адсохне, калі... — ужываецца як кляцьба для пацвярджэння правільнасці сказанага.

Без языка; языка няма ў каго — пра маўклівага чалавека, пра чалавека, які не ўмее складна, добра гаварыць.

Бойкі (спрытны) на язык — знаходлівы ў размове, красамоўны.

Вісець на языку гл. вісець.

Востры на язык гл. востры.

Востры язык у каго — хто‑н. дасціпны, з’едлівы ў размове.

Высунуўшы (высалапіўшы) язык — вельмі хутка, паспешна (бегчы, уцякаць, даганяць і пад.).

Выткнуцца з языком гл. выткнуцца.

Доўгі язык у каго — хто‑н. вельмі балбатлівы, гаворыць многа лішняга.

Злы язык у каго — хто‑н. злосна, з’едліва, з насмешкай гаворыць аб кім‑, чым‑н.

Злыя языкі — пра ахвотнікаў да плётак, нагавораў.

Зляцець з языка гл. зляцець (у 5 знач.).

Каб табе язык адсох — ужываецца як праклён таму, хто нядобра сказаў.

Ледзь варочаць языком гл. варочаць 2.

Лёгкі на язык гл. лёгкі.

Мазоліць язык гл. мазоліць.

Малоць языком гл. малоць.

Мыць языкамі гл. мыць.

Мянціць языком гл. мянціць (у 2 знач.).

На языку ў каго — хто‑н. гатоў сказаць, вымавіць што‑н. На языку ў яго ўжо быў адказ, ветлівы, але калючы. Шамякін.

Не спускаць з языка гл. спускаць.

Не сыходзіць з языка гл. сыходзіць.

Папасціся на язык гл. папасціся.

Пацягнуць за язык гл. пацягнуць.

Пляскаць языком гл. пляскаць.

Праглынуць язык гл. праглынуць.

Просіцца на язык гл. прасіцца.

Прыкусіць язык гл. прыкусіць.

Прытрымаць язык гл. прытрымаць.

Развязаць язык гл. развязаць.

Распусціць язык гл. распусціць.

Сарвацца з языка гл. сарвацца (у 6 знач.).

Слабы на язык гл. слабы.

Трапаць языком гл. трапаць.

Трапіць на язык гл. трапіць.

Трымаць за язык гл. трымаць.

Трымаць язык за зубамі гл. трымаць.

Трымаць язык на прывязі гл. трымаць.

Узбрысці на язык гл. узбрысці.

Укараціць (падкараціць) язык каму гл. укараціць.

Уткнуцца са сваім языком гл. уткнуцца.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць) свой язык гл. уткнуць.

Ціпун на язык гл. ціпун.

Цягнуць за язык гл. цягнуць.

Цяляты язык аджавалі (ад’елі) каму, у каго гл. цяля.

Часаць язык (языком, языкі) гл. часаць.

Чорт пацягнуў каго за язык гл. чорт.

Язык аб зубы біць гл. біць.

Язык адняўся ў каго — хто‑н. раптоўна змоўк, страціў здольнасць гаварыць (ад страху, здзіўлення і пад.).

Языкамі абмываць гл. абмываць.

Язык без касцей у каго — хто‑н. любіць пагаварыць, гаворыць многа пустога.

Язык гладка ходзіць у каго — хто‑н. умее лёгка і прыгожа гаварыць.

Язык добра падвешан у каго — хто‑н. умее свабодна, гладка, добра гаварыць.

Язык заплятаецца ў каго — хто‑н. не можа членараздзельна, выразна гаварыць, сказаць што‑н.

Язык (языкі) не завяжаш гл. завязаць 1.

Язык не паварочваецца ў каго — хто‑н. не асмельваецца што‑н. сказаць, спытаць і пад.

Язык прысох у каго — хто‑н. страціў здольнасць гаварыць, раптоўна змоўк (ад страху, радасці і пад.).

Язык развязаўся ў каго — хто‑н. пачаў многа гаварыць, зрабіўся балбатлівым.

Язык свярбіць у каго — хто‑н. не можа ўтрываць, каб не загаварыць, не сказаць чаго‑н.

Язык як брытва — пра здольнасць востра і дасціпна гаварыць.

Як карова языком злізала гл. карова.

Як толькі язык павярнуўся; язык не павернецца (не павярнуўся) у каго — як толькі асмеліўся хто‑н. што‑н. сказаць, спытаць і пад.; хто‑н. не асмеліцца (не асмеліўся) што‑н. сказаць, спытаць і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)