шукаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і чаго.
1. Старацца знайсці, выявіць (скрытае, схаванае, згубленае). Дрыготкімі ад узрушанасці рукамі .. [Маша] шукае плацце і не можа знайсці. Мележ. Было чуваць, як .. [незнаёмы] атрасаецца ад дажджу, доўга выцірае ногі і шукае ўпоцемках клямку. Грахоўскі. Памуляліся швагры — нічога не зробіш: трэба ехаць шукаць кабыліцу. Якімовіч. [Крамарэвіч] доўга шукаў сцежкі. Чорны. // Займацца пошукамі, старацца даведацца пра наяўнасць, месцазнаходжанне каго‑, чаго‑н. Шукаць кватэру. ▪ Як толькі прыходзіў свежы нумар газеты, Міхалка з нецярплівасцю шукаў на яе слупках сваю карэспандэнцыю. Бядуля. [Таня] мусіла брыгадзіра шукаць, а брыгадзір, сказалі ёй, недзе ля трактара, у полі. Гроднеў. // Прабівацца, рабіць праход, выйсце адкуль‑н. Глядзі — скрозь ковы ледзяныя Сачацца кропелькі жывыя, Дарогу новую шукаюць І лёд вадою заліваюць. Колас. Туман. Раса шукае выйсця — Стрывожаная вецярком, З пажоўклых жылаватых лісцяў, Нібы з далоняў, лье цурком. Панчанка.
2. Дабівацца, патрабаваць чаго‑н., старацца атрымаць што‑н. Шукаць сустрэч. Шукаць дапамогі. ▪ Вольга Аляксандраўна доўга шукала работы. Новікаў. [Шабуня] нібы шукаў падтрымкі ў камісара. Мележ. Верка ўпарта шукала выпадку бліжэй пазнаёміцца з Косцем. Карпюк. // Імкнуцца, крочыць да чаго‑н. новага, перадавога, больш дасканалага. Шукаць, ствараць Такое трэба нам сугучча, Дзе б сэрца Леніна жыло, — Яно да дружбы неўміручай Народы нашы прывяло. А. Александровіч. — Цьфу! Якая гэта агіднасць! — думаў далей малады настаўнік: — Жывеш, складаеш планы, чагось шукаеш, чагось дабіваешся, спадзяешся, а прыйдзе час — і ты будзеш труп, гніль, спажытак чарвей. Колас.
•••
Бобу ў гаросе шукаць — рабіць што‑н. бяссэнснае, недарэчнае, бязмэтнае.
З хлеба крошак шукаць — быць незадаволеным тым, што ёсць, рэальна існуе.
Удзень са свечкаю (днём з агнём) шукаць — пра тое, што вельмі цяжка, немагчыма адшукаць, знайсці.
Цераз хлеб ды хлеба шукаць — ад добрага ды шукаць лепшага.
Шукаць вачамі — імкнуцца ўбачыць каго‑, што‑н. [Партызаны] вярнуліся ў сасоннік, дзе Шура начаваў, — ён шукаў вачамі мясціну, выкладзеную хваёвымі лапкамі, і не знаходзіў. Навуменка.
Шукаць ветру (лавіць вецер) у полі — пра марныя пошукі каго‑н.
Шукаць гуза — нарывацца на непрыемнасці.
Шукаць дурняў — старацца абхітрыць, падмануць каго‑н.; хітрасцю прымушаць каго‑н. рабіць што‑н.
Шукаць лёгкага хлеба — пазбягаць цяжкасцей, старацца ўсё рабіць, не прыкладаючы ўласнай працы, намаганняў.
Шукаць пятлі на шыю — лезці ў небяспечныя, рызыкоўныя справы.
Шукаць слоў (слова) — з цяжкасцю падбіраць патрэбныя словы, мець цяжкасці з выражэннем думак.
Шукаць учарашняга дня — спадзявацца вярнуць тое, што назаўсёды страчана, чаго ўжо няма.
Шукаць як хлеба — надта шчыра, старанна шукаць чаго‑н.