Жа́ба1 ’земнаводная жывёліна’ (ТСБМ). Рус., укр., балг., макед. жаба, польск. żaba, чэш., славен. žába, серб.-луж. žaba, палаб. zobo ’жаба, рапуха’. Ст.-слав. жаба ’жаба’. Прасл. *žaba < *gēbā < і.-е. g​eb(h)‑ ’слізістае, жаба, крот’ (Покарны, 1, 466): ням. Quappe ’апалонік; мянтуз’, ісл. kvap(i) ’жэле, халадзец’, швед. дыял. (s)kvabb ’нешта тлустае’, англ. quab ’балота’, ст.-прус. gabawo ’жаба’ (Тапароў, E–H, 124–127). Фасмер, 2, 31. Міёр. жа́біна ’згустак сопляў’ (Нар. словатв., 162), магчыма, адлюстроўвае не пераноснае значэнне, а старажытную семантыку. Гэта датычыць, магчыма, і жабер ’студзяністыя водарасці’ (Яшкін; гл. жабурынне). Параўн. памор. žaba (побач з ’лягушка’, ’жаба’, ’смоўж’) ’засохшыя соплі’ (Лорэнц, Pomor.). Калі першаснае значэнне ’жывёліна’, не выключана гукапераймальнае паходжанне і.-е. слова (Махэк₂, 721; Скок, 3, 669; Покарны, 1, 466, не ўпэўнена). Гл. Хэмп, Этимология, 1981, 35–37.

Жа́ба2 ’хвароба горла’ (Бяльк., Шат.). Значэнне ’хвароба горла, рота’ вядома ў рус., укр., польск. (Карловіч), чэш., славац., славен., балг., макед., серб.-луж. (у апошніх для формы žabka), таму можа лічыцца агульнаславянскім. Параўн. таксама літ. gẽbenė ’пухір, прышч, высыпка’. Відаць, ад назвы жывёліны (Фасмер, 2, 31). Падобны перанос параўн. у лац. rana ’жаба; нарыў на языку ў жывёліны’, ням. frösch im Halse ці англ. frog in the throat літар. ’жаба ў горле, хрыпата’, тур. kurbaǧacik ’жабяня, запаленне жыл шыі’ (Радлаў, Опыт). Паводле Махэка (Studie, 123), жаба ў народных павер’ях — ведзьма, што прыносіць хваробу. Трэба улічваць яшчэ жабіць ’перагінаць’ (гл.), магчыма, ’сціскаць’ і лац. angina ’ангіна’ ў сувязі з дзеясловам ango ’душыць, сціскаць’. Мяркулава, Этимология, 1963, 72–78.

Жа́ба3 ’дэталь у плузе для прымацавання паліцы і ручак’ (Шатал.), жа́бка ’рэгулятар мельнічных жорнаў’ (Касп., Сцяшк. МГ, Шатал.). Рус., укр., дыял. жа́бка ’тс’; у іншых слав. мовах žaba, žabka таксама абазначаюць розныя ’прылады для прыяднання або замацавання дэталей’ (польск., чэш., славац., славен., серб.-харв., балг.). Улічваючы іншамоўныя тыпалагічныя паралелі (англ. frog ’жаба’, ’засаўка’, узб. бақа, кірг. бака ’жаба’, ’крыжавіна, на якой замацаваны верхні камень жорнаў’ і г. д.), хутчэй за ўсё перанос назвы жывёліны паводле формы і ўяўнай функцыі (быццам жаба трымае, седзячы, тое, што знаходзіцца пад ёю).

Жа́ба4 ’загана ў палатне, калі ўток слаба прыбіты бёрдам’ (Нар. слова, 253; Влад., 210). Чэш. žaba ’тс’ (PSJČ), балг. жаба ’тс’ (БЕР). Прыналежнасць да тэрміналогіі ткацтва, што мае старажытны характар, а таксама фіксацыя ва ўсіх групах слав. моў указваюць на, магчыма, старажытны характар значэння. Ці перанос ад жаба ’непрыемная жывёліна’ або ’загана, выкліканая ўздзеяннем жабы — ведзьмы’, ці непасрэдна звязаны з дзеясловам жабіць (гл.)? Няясна.

Жа́ба5 ’карабатае месца на астрыі касы’ (Жд. 1). Магчыма, звязана з паняццем няроўнасці ці непрыемнасці да жа́ба1 (параўн. жа́ба4) або з карабатасцю да дзеяслова жа́біць (гл.). Але не выключана і сувязь з жа́бры: рус. дыял. жа́бри́, жа́бры ’зазубіны на восцях, вудцы; ніжняя сківіца’ (СРНГ).

Жа́ба6 ’адмоўная назва дзяцей’ (ТСБМ), жабянё, жабу́цька, ’малая жаба, дзіця’ (Шат.), жа́біца, жабу́ха ’рабая, маршчыністая жанчына’ (Нас.). Перанос ад жа́ба1 па падобнасці. Такія пераносы вядомы і іншым слав. мовам. Найбольш замацавана ў чэш. і славац. žaba ’дзяўчынка’ (без адмоўнага адцення).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кіда́ць ’кідаць, пакідаць’ (Нас., Яруш., Касп., Ян., ТС), ’садзіць (бульбу)’ (Ян., Шат.), ’складаць стог’ (Выг., Маш., КЭС, лаг.), ’пакідаць на гадоўлю’ (Жд. 2). Укр. кидати, рус. кидать ’тс’, ст.-слав. искыдати ’выкідваць’, балг. кидам ’кідаць’, кина ’рваць’, серб.-харв. ки̏дати ’рваць, чысціць’, славен. kidati ’выкідваць, ачышчаць’, польск. kidać ’кідаць’ (польск. kidać мае яшчэ значэнне ’капаць, пра густую вадкасць’), чэш. kydati ’кідаць (гной)’, славац. kydať ’тс’, в.-луж. kidać ’высыпаць, выліваць, раскідаць (гной)’, н.-луж. kidaś ’тс’. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: ст.-ісл. skióta ’кідаць, страляць’, ст.-англ. scēotan ’тс’, ст.-в.-ням. sciozan ’кідаць; страляць; хутка рухаць’. Гэта супастаўленне дазваляе аднавіць і.-е. *(s)keu̯d‑. Прасл. kydati — ітэратыў ад *kud‑. Аднак супраць гэтай рэканструкцыі іншыя паралелі: літ. šáuti ’страляць; штурхаць; хутка рухаць’, лат. saũt ’хутка рухаць у вызначаным напрамку’, saut ’страляць’, літ. šáudyti ’страляць (шматразовае дзеянне)’, šaudỹkle ’страла’. Супастаўленне дзвюх лексічных груп сведчыць аб іх роднаснасці, але тады мы павінны вызначыць два варыянты архетыпа: *(s)keu̯d‑ і *(s)k̑eu̯, якія, аднак, можна аб’яднаць у *(s)k̑eu̯(d), дзе d‑, магчыма, суфікс асновы цяперашняга часу, якая замяніла старую атэматычную аснову. У гэтым выпадку наглядаецца рэгулярная рэфлексацыя індаеўрапейскага пачатку *(s)k̑ як (s)k або (Мартынаў, Слав. акком., 156). Параўн. Покарны, 955–956; Фасмер, 2, 230; Слаўскі, 2, 137; ЕСУМ, 2, 429–430.

Кідаць ’уводзіць аснову ў бёрда’ (Нар. сл.), кідаць у бёрда ’працягваць у бёрда ніткі асновы’ (Жыв. сл.), кідаць у ніт ’працягваць праз ніт ніткі асновы’ (Жыв. сл., КЭС, лаг.). Гл. кі́даць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Акно́1 (БРС, Касп.), вакно (Нас.), акно ’акно, вока’ (Дабр.), ст.-рус. окъно, рус. окно, укр. вікно, польск. okno, чэш. okno, славац. okno, в.-луж. wokno, н.-луж. hokno, серб.-харв. о̀кно (RHSJ, 8, 821), макед. окно. Хутчэй за ўсё прасл. okno — архаічны прыметнік на ‑no, утвораны ад назоўніка око. Гл. Мерынгер, IF, 16, 125–126, які прыводзіць іншыя індаеўрапейскія прыклады ўтварэння назвы акна ад назвы вока. Фактычна, калі выключыць няўстойлівыя метафары, толькі ў германскіх і славянскіх мовах акно называлася словам, вытворным ад вока (Бак., 469–470). Магчыма, прасл. okno ўзнікла як калька з гоц. augadaúrō (= ’вочныя дзверы’). Прасл. *okna dvьrь з наступным спрашчэннем і вызначэннем родавага паказчыка па зыходнаму назоўніку.

Акно́2 ’глыбокае месца ў балотных крыніцах, азёрах’ (КЭС), окна сольныя салёныя азёры’ (Гарб.), вокнішча ’небяспечнае месца ў возеры ці рацэ, што зацягвае ў глыбіню’ (Нас.). Рус. арх. окно ’глыбокае месца ў возеры’, укр. вікно, серб.-харв. о̀кно ’месца на багнах, якое не зарастае і не замярзае’. Усе гэтыя словы звязаны з прасл. oko ’глыбокае месца ў вадзе’ (гл. Безлай, SR, 5–8, 140–141; Ісачанка, Зб. Младэнаву, 313). Параўн. славац. morské oko, серб.-харв. о̏ко ’глыбокае месца ў вадзе’ і літ. ãkis, akatė̃ ’возера, палонка’. Гэта яшчэ балта-славянскае слова Махэк₂ (411–412) звязвае з лац. aqua ’вада’ і іншымі роднаснымі індаеўрапейскімі лексемамі. Не менш верагоднай застаецца сувязь з прасл. oko ’вока’. Параўн. арм. akn дзірка’, ст.-грэч. ὀπή ’адтуліна’ (Покарны, 775–777).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жада́ць ’хацець нешта зрабіць, зычыць’ (ТСБМ). Рус. дыял. жада́ть ’тс’, укр. жада́ти ’жадаць, дамагацца’, польск. żądać ’тс’, в.-луж. žadać ’дамагацца, хацець’, н.-луж. žedaś ’жадаць’, чэш. žádati, славац. žiadať ’дамагацца, жадаць’, балг. жадувам ’хацець’, макед. жеднее ’тс’, серб.-харв. же́ђати, жѐднети ’моцна хацець’, славен. žéjati ’хацець’. Ст.-слав. жѧдати ’мець смагу; моцна хацець’, ст.-рус. жадати ’тс’. Гэта значэнне замацавалася ў рус. мове за другаснай формай гэтага ж дзеяслова — стараславянізмам жаждаць. У бел. і ўкр. для перадачы такога значэння замацаваўся дзеяслоў прагнуць, прагнути. Гэта адзначыў ужо Бярында (36), перакладаючы жадаю ’прагну’. За дзеясловам жада́ць, жадати асталося значэнне ’моцна хацець’, суадноснае са значэннем рус. желать, якое не мае бел. і ўкр. паралелей, што ўказвае на магчымасць пэўнай семантычнай кантамінацыі. Пры станаўленні значэнняў слова жада́ць на бел. (і ўкр.) мову мела, відаць, уздзеянне польск. żądać, што адлюстравалася ва ўкр. жадати ’моцна хацець, вымагаць’ (як і ў польск.). Апошняе адценне не замацавана ў бел., дзе развілося спецыфічнае адценне значэння ’зычыць, выказваць добрыя пажаданні’. Прасл. *žęd‑ (з насавым інфіксам цяп. ч.) параўноўваецца з літ. gedáuti ’жадаць чагосьці, імкнуцца да чагосьці’, gedė́ti ’імкнуцца, тужыць’, а таксама шэрагам форм і.-е. моў з іншымі ступенямі чаргавання галосных. І.‑е. корань, відаць, *g​hedh‑ ’прасіць, хацець’. Фасмер, 2, 33; Скок, 3, 675; Махэк₂, 721; Брукнер, 663; Покарны, 1, 448. Траўтман (82), Фрэнкель (144) суадносяць літ. словы са слав. *žьdati ’чакаць’, якое ў Покарнага (1, 426–427) трапляе ў іншы корань *gheidh‑ з тым жа значэннем ’жадаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жвавы ’бойкі, рухавы’. Рус. паўд., зах. жвавый, укр. жвавий, польск. żwawy, памор. žvavï ’тс’, чэш. уст. нар. žvavý ’гаваркі, балбатлівы’, славац. уст. žvavosť ’балбатня’, в.-луж. žwawy ’хто жуе; балбатлівы’. Міклашыч (413) суадносіў бел. жвавы ’вясёлы’ з živ‑ (žĭv‑). Коген (Уч. зал. БГУ, сер. филол., вып. 1. Мн., 1940, с. 193) выдзяляў суфікс ‑ав‑. Таксама Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 10, 134) узводзяць да žĭv‑. Брукнер (668) лічыў, што żwawy да żuć ’жаваць’, а ўсх.-слав. словы з польск. Паходжанне польск. слова і яго семантыку ў русле думкі Брукнера тлумачыў Атрэмбскі (Życie wyrazów, 130–131). Трубачоў (Этимология, 1965, 63–64), рэканструюючы прасл. дыял. *žьvavъjь, указваў на семантычнае і фармальнае супадзенне з авест. j̆vaya ’жвавы’ і дапускаў іранскае ўздзеянне на слав., паколькі больш слав. форм з žьv‑ ён не адзначыў. Аднак такой формай можна лічыць жэўжык (гл.). Калі прыняць тэзіс Міклашыча пра *žьv‑//*živ‑, і.-е. форма будзе мець выгляд *g​ī̆​u (Покарны, 1, 468). Чэш., славац., в.-луж. і ст.-польск. значэнні ўказваюць на магчымасць прыняцця гіпотэзы Брукнера пра суаднясенне з жаваць, аднак, верагодна, бел. і ўкр. формы маглі ўзнікнуць незалежна ад польск. Мсцісл. жвялы ’жвавы’ і вытворныя (жвяла, жвяласць), жвялець ’жвавець’ (гл.), чэрв. жвалы, укр. дыял. жвалий ’жвавы’ (Жэлях.), магчыма, суадносяцца з літ. žvalus ’жвавы, лоўкі’. Да гэтай формы ўзводзіць бел. дыял. жвяла, жвялець Лаўчутэ (Baltistica, VI, 2, 199). Пры гэтым літ. форма магла ўздзейнічаць на бел., а бел. семантыка на літ. Супрун, Бел.-польск. ізал., 124–129.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зык1 ’рэзкі гук’ (ТСБМ). Рус. зык, укр. зик ’тс’. Серб.-луж. zyk, zuk ’гук’, чэш. zuk ’кароткі гук здзіўлення’, серб.-харв. зи̑к ’піск’. Ст.-рус. зыкъ (XVII ст.). Верагодна, прасл. дыял. zy‑kъ уключае суфікс ‑k‑ъ (як znakъ), а аснову трэба рэканструяваць, як *zy‑ < і.-е. gʼhū‑ (гл. Покарны, 1, 413), варыянт *gʼhau‑, gʼhau̯ǝ‑ ’крычаць, зваць’, да якой узыходзіць zъvati (параўн. рык і раўці): авест. zuta‑ ’пазваны’, арм. n‑zovkʼ ’пракляцце’. Фасмер, 2, 109. Іначай, як гукапераймальны, тлумачаць корань Праабражэнскі (1, 259) і Шанскі (2, З, 115) (пад зыкать, але пад зычный дапускае сувязь з звук, звать, зуд, зуёк). Міклашыч (404) звязваў са звінець. Тэрміналагічнае (лінгв.) ужыванне зык ’гук’ адносіцца да пачатку XX ст. Красней, Лекс. і грам., 19. Лоеў. зык ’нагавор’ (Янк.) — развіццё значэння ад ’гук’.

Зык2 ’від авадня’, ’перыяд і стан узбуджэння кароў ад укусаў насякомых’ (Сл. паўн.-зах.; гарадоў, Нар. лекс.), зыкі́ ’беганне кароў ад укусу аваднёў’. Рус. зах. бранск., дан., краснадар. ’авадзень’, варонеж., кур., калуж., кубан., смал. ’непакой жывёлы ад укусаў аваднёў’, смал. зыки́ ’перыяд узбуджэння жывёлы ад свербу, выкліканага аваднямі’, кур., смал. зык ’гудзенне насякомых’, укр. дзиз ’авадзень’. Параўн. рус. дыял. бзык ’дзіўныя паводзіны; непакой ад укусу аваднёў; авадзень’, бзык, зик ’тс’. Гукапераймальнае (на што ўказвае, між іншым, варыянтнасць зык, бзык, зик, дзиз, бзык), верагодна, аформленае суфіксам ‑к (параўн. бык); развіццё значэння, відаць, ’гудзенне’ > ’суб’ект гудзення’ > ’стан жывёлы’ (праз выраз тыпу напаў зык) > ’час такога стану’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скапе́ц1 ‘капец, месца захоўвання гародніны на зіму’ (Сцяшк., Скарбы, Жыв. сл., Нар. сл.), ‘куча бульбы’ (Янк. 1, Выг., Шатал.), ‘каморніцкі межавы насып’ (Янк. 1), ‘межавы курган’ (Нар. сл.) ‘невялікі земляны насып’ (Янк. 1), скопе́ц, скопы́ц, скопэ́ц, скоўпэ́ць ‘бурт’ (палес., Нар. сл.), ско́пец, ско́пець ‘яма для захоўвання бульбы’, ‘слупок, які аддзяляў надзелы зямлі’ (Сл. Брэс.). Дэрыват ад скапаць < капаць, паралельнае да капец (гл.) < капаць.

Скапе́ц2 ‘чалавек, які падвергся кастрацыі’ (ТСБМ), ‘кастрыраваны баран’ (Касп.; ашм., шчуч., шальч., гродз., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), скоп ‘тс’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Укр. скопе́ць ‘вылегчаны баран; кастрыраваны чалавек’, скоп, скіп ‘тс’, рус. скопе́ц ‘еўнух, кастрат’, польск. skop, skopek ‘вылегчаны баран’, чэш. skopec ‘тс’, славац. škop ‘баран’, в.-луж., н.-луж. skop, палаб. sküöp ‘тс’, серб.-харв. ско́пац ‘кастрат; вылегчаны баран’, славен. skópəc ‘тс’, балг. скопе́ц, макед. скопец ‘кастрат, еўнух’, ст.-слав. скопьць, сюды ж укр. скопи́ти, рус. скопи́ть, польск. skopić, чэш. skopiti, славен. skopíti, балг. скопя́, макед. скопи, ст.-слав. скопити. Прасл. *skopъ, *skopьсь. Роднасныя літ. skõpti ‘выразаць што-небудзь’, лат. šķéps ‘кап’ё’, šķepele ‘абломак’, грэч. σκάπτω ‘рыю, сяку’, таксама ц.-слав. сцапъ ‘палка’ < *skēpъ. Гл. Фасмер, 3, 650; Покарны, 931 і наст.; Брукнер, 494; Махэк₂, 547; Шустар-Шэўц, 1294. Формы без s‑: грэч. κόπτω’ ‘б’ю, рублю’, лац. cāpō ‘каплун’, capulō, ‑āre ‘расколваць’ (Траўтман, 262; Сной₁, 574; БЕР, 6, 778). Борысь (552) *skopъ утварае ад прасл. *skopiti, якое як і паралелі ад і.-е. кораня *(s)kep‑/*(s)kap‑ маюць значэнне ‘рэзаць вострай прыладай’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жарало́ ’адтуліна (у зямлі, посудзе, дрэве, гармаце)’ (ТСБМ, Нас.), ’крыніца, вірыстае месца на рацэ, вокнішча ў балоце’ (Яшкін). Рус. дыял. же́ре́ло́ ’адтуліна ў розных прадметах’, паўд., зах. ’крыніца’, укр. джерело́ ’крыніца’, польск. źródło, н.-луж. žredło, чэш. zřídlo, славац. žriedlo, žrielo ’тс’, балг. жрело̀, ждрело̀ ’цясніна, крыніца’, серб.-харв. ждрело ’глотка’, ’цясніна’, ’адтуліна’, славен. žrélọ ’адтуліна, выхад з цясніны, рот (жывёлы)’, žerélo ’адтуліна (у печы, у вулеі)’. Ц.-слав. жрѣло ’голас’, ст.-рус. жрѣло, жрело ’голас’, жерело ’вусце’, ’голас’, ’горла’, ’крыніца’, ’дула’. Зыходная прасл. форма *žerdlo з першасным значэннем ’горла, глотка’, адкуль перанос на геаграфічны аб’ект, адтуліну ў нейкім прадмеце (параўн. ’рот’), а таксама ’голас’. Аналагічнае значэнне маюць балт. словы: ст.-прус. gurcle ’глотка, горла’, літ. gurklỹs ’зоб, адамаў яблык’, ’горла пасудзіны’, дыял. gurklė ’глотка’, лат. gurklis ’глотка, зоб’ (Траўтман, 89–90). І.‑е. корань *g​er‑ ’глытаць, глотка, зяпа’ (Покарны, 1, 474–475). Суфіксацыя мае балта-слав. характар, слав. назвы на ‑lo утварыліся з інструментальным значэннем (SP, 1, 103). Корань прадстаўлены таксама ў жэрці, горла, жарло (гл.). Сучаснае пашырэнне пераносных, у асноўным геаграфічных, значэнняў прасл. *žerdlo можа сведчыць у карысць гіпотэзы аб тым, што перанос адбываўся яшчэ ў прасл. перыяд, што вяло да семантычнага размежавання *gъrdlo і *žerdlo; месца *žьr(d)lo ў гэтай семантычнай групе няясна. На другасны характар прасл. значэння *žerdlo ’крыніца’ ўказваюць і яго суадносіны з koldędźь (гл. Мартынаў, Лекс. взаим., 67). Паводле Курынай (Этымалогія, 1967, 132), першаснае значэнне *žerdlo/*žьrdlo ’бяздонне’; яго першасны характар можна пастуліраваць для некаторых геагр. значэнняў, але не для лексемы ў целым. Курыловіч (L’apophonie, 230) тлумачыць і.-е. апафанічнае адрозненне *žerdlo і *žьrdlo.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́яц1 ’звярок сямейства Leporidae’, заю́к, за́йка (Нас.). Рус. заяц, зайка, дыял. пск. зай, укр. заєць, польск. zając, в.-луж. zajac, н.-луж. zajec, палаб. zojąc, чэш. zajíc, славак. zajac, славен. zȃjec, серб.-харв. зе̑ц, за̏јко, балг. за́ек, дыял. за́як, за́енц, за̀ец, зайц, заяц, зек, зак, зо́ек, зайо, зае́, макед. зајак, дыял. заек. Ст.-слав. заѩць ’заяц’. Ст.-рус. заяць, заець (XI ст.) ’заяц’. Прасл. аснова *zaj‑, да якой дадаваліся розныя суфіксы: ‑ęcь (як у месяц) > ‑яц, ‑ukъ, ‑ьk‑a і інш. Шанскі, 2, З, 75. Махэк₂, 709 (за ім Голуб-Копечны, 430; Скок, 3, 647–648), звязваў гэту аснову з ззяць2 (гл.) паводле адкрытых (ззяючых) вачэй, што недастаткова абгрунтавана. Верагодна роднаснае літ. zuĩkis, лат. zaķis ’заяц’ бел. зайка. Фрэнкель, 1281. Праз першапачатковае значэнне ’скакун’ звязваюць з і.-е. *gʼhei‑ ’жвава рухацца’ (Покарны, 1, 424–425, без слав. прыкладаў): літ. žáidžiu, žáisti ’скакаць’, ст.-інд. háyaḥ, арм. ji ’конь’. Праабражэнскі, 1, 244; Фасмер, 2, 84; Саднік-Айцэтмюлер, Handwört., 336. Агляд іншых гіпотэз гл. у Фасмера. Канчатковага этымалагічнага рашэння яшчэ няма.

За́яц2 ’безбілетны пасажыр’. Рус. заяц, укр. заєць ’тс’. Згадка ў трылогіі Коласа: «зайцаў», як іх там называлі (чыгуначнікі), як і аналагічнае ўжыванне ў Чэхава, указвае, што перанос назвы жывёлы (гл. за́яц1) на безбілетніка замацаваўся каля пералому XIX–XX стст. Паводле Фасмера (2, 84), па прымеце жвавасці, а магчыма, і па прызнаку палахлівасці (да рэчы абедзве гэтыя прыметы сталі асновай для пераносу сонечны зайчык у бел., рус., укр., польск.). Наогул перанос назвы заяц на чалавека вядомы ў розных мовах, але не ў значэнні, ’безбілетны пасажыр, наведвальнік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́ля1 ’драматычны вобраз акцёра’, ’поўны тэкст з п’есы слоў адной дзеючай асобы’, ’работа, занятак’, ’значэнне, ступень удзелу, мера ўплыву’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). З польск. rola ’тс’, якое (праз ням. Rolle) з франц. rôle ’роль’, ’спіс’ < лац. rotulus ’папяровы скрутак з тэкстам акцёра’ (Праабражэнскі, 2, 212; Фасмер, 3, 498; Брукнер, 462; БЕР, 6, 315).

Ро́ля2 ’земляробства’, ’ралля’, ’узаранае поле’ (Нас.), (весня́на) ро́ля ’ралля, веснавое ворыва’ (івац., ЛА, 2), ст.-бел. рольѧ ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. рілля́ ’узаранае поле, ралля’, рус. паўд. ро́лия, ро́лья, ро́ля ’ралля, час ворыва’ (Даль), стараж.-рус. ролия ’ралля, ворыва, земляробства’; польск. rola ’апрацоўваемая зямля’, палаб. rülʼă ’узаранае поле’, н.-луж., в.-луж. rola ’ралля’, паўд.-чэш., ходск. rolí, мар. rolʼa ’ворная зямля’, славац. rolʼа ’поле’, ralʼa ’сялянская сядзіба, участак’, славен. rál ’ралля’, râl ’ворыва’, ’час ворыва’, ’узараная зямля’, ’мера плошчы’; харв. rȁl ’мера зямлі 0,73 га’ і orál ’мера зямлі 2519 м²’, ’узаранае поле’; стараж.-рус. раль ’поле’. Прасл. *or–lja (Брукнер, 462), *orlьji < *orə‑vl‑iə < *orə‑vr‑iə (Махэк₂, 516), *orlьja (Рэйзак, 543), якое з дзеепрым. órlъ: Фурлан (Бязлай, 3, 148–149) выводзіць прасл. *orlь з órlъ, якое да прасл. *orti > orati > араць (гл.). З і.-е. *arH‑: лац. arvum ’узаранае поле’, ’луг’, ’дзёран, мурава’, ст.-грэч. ἄρουρα ’ралля’ (Покарны, 63; Фрыск, 2, 147; Вальдэ (1906), 47). З прасл. *orlь утварыўся зборны назоўнік *orlьje > славен. (o)rálje, orolje ’узараная плошча, поле’, ’мера плошчы’, бел. раллё ’ўзаранае поле’, ’ворыва’ (гл. раллё1), чэш. rolí ’поле’, а бел. ралля (гл. ралля1), ц.-слав., стараж.-рус. ролия, укр. рілля́, польск. rola і г. д. — з прасл. *orljьa.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)