Талма́ч ’перакладчык’ (Некр. і Байк., Варл., Скарбы), то́лмач ’тс’ (Янк. 1), ст.-бел. толмачъ ’перакладчык, тлумачальнік’ (Ст.-бел. лексікон); сюды ж талма́чыцъ ’перакладаць’ (Варл.), ’тлумачыць’ (Ян.), толмачыць ’тс’ (ТС). Укр. товма́ч, толма́ч, рус. толма́ч, польск. tłumacz, в.-луж. tołmač, чэш. tlumač, славац. tlmač, славен. tolmá, серб.-харв. ту́ма̑ч, балг. тълма́ч, макед. толмач ’перакладчык, тлумачальнік’. Старажытнае запазычанне, мяркуецца прасл. *tъlmačь, з цюркскіх моў, найбольш блізкімі да славянскіх формаў з’яўляецца палавец. і караім. tolmač ’перакладчык, тлумач’ (Булыка, БЛ, 23, 67), параўн. таксама кыпч. tylmač, казах. tilmäč, тур. dilmač, ст.-цюрк. tïlmači ’тс’, што звязаны з цюрк. til ’мова’ (ЕСУМ, 5, 588; Фасмер, 4, 72; Брукнер, 572). Паводле Глухака (643), вандроўны тэрмін, які ў цюркскіх мовах зблізіўся з dyl, dil ’мова’ і мае аналагічныя семантычныя адпаведнікі ў іншых мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́лезны ’такі вялікі, такі шматлікі’ (Ласт., Некр. і Байк.). Экспрэсіўнае ўтварэнне з суф. ‑(е)зн‑, параўн. велічэ́зны, вялі́зны (гл. вялікі), што ўзыходзіць да прасл. *toli, *tolě ’так, столькі’, параўн. укр. дыял. толь ’тс’, тіль ’трохі, не надта многа’, рус. дыял. то́ли, толь ’столькі, настолькі’, стараж.-рус. толи ’потым, і, а’, польск. tyle ’так многа’, дыял. toli ’вось, толькі, а як жа’, чэш. дыял. toli ’столькі, так многа’, н.-луж. toli ’таму што’, a toli ’ўсё ж, аднак, тым не менш’, славен. toli ’так, столькі’, старое серб.-харв. toli, tolje ’настолькі, так’, ст.-слав. толи, толь ’столькі, настолькі’. Спалучэнне дэманстратыўнага займенніка *to з часціцай *li, суадноснае з літ. tõlei ’да таго часу’ і роднаснымі tõl, tolì ’далёка’ (ESSJ SG, 2, 675; Фасмер, 4, 70; Шустар-Шэўц, 1514).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тула́ч ‘бягляк, уцякач, які хаваецца’ (Нас.), ‘выгнаннік, бадзяга’ (смарг., Сл. рэг. лекс.), ст.-бел. тулачъ ‘туляга, бадзяга’ (ГСБМ). З польск. tułacz ‘тс’, сінанімічнага да tułakчэш., Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401), якое з tułać się ‘бадзяцца, блукаць; вандраваць’, што да старой асновы tuł‑ ‘усоўваць, улазіць’ (Брукнер, 584). Паводле Махэка₂ (648), названы дзеяслоў разам з чэш. toulati se, славац. túlať sa ўзнік шляхам метатэзы пачатковых складоў з lutati ‘тс’, якое захавалася ў харв. lútati, серб. лу́тати, макед. лута, балг. лу́там се ‘тс’ < прасл. *lou‑tā‑ti > *lutati; першасны дзеяслоў можна звязаць са ст.-грэч. άλύω (з α‑пратэтычным) ‘бадзяюся’ (у Гамера), што наогул цяжка давесці. Лічыцца, што асновы на цвёрды і мяккі зычны маюць адно паходжанне (Борысь, 653). Параўн. туляч, туляць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́чаць ‘соваць, усоўваць, тыкаць’, ты́чыць ‘торкаць, уторкваць’ (ТС), ты́чяті ‘соваць, даваць’ (беласт., Сл. ПЗБ). Да тыкаць (гл.) паводле магчымага чаргавання ў прасл. *tykēti > *tyčeti > *tyčati ‘усоўваць, тыкаць’. Сюды ж ты́чма ‘не адыходзячы ад каго-небудзь, увесь час папікаючы’: тычма тырчыш (Нас.); як кантамінацыя з тырчма тырчаць (гл. тырчаць) з заменай першага спалучэння сінанімічным.

*Тыча́ць, тычя́ти ‘тырчаць’ (Клім.), тичйа́ти ‘тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўноўваюць са старым серб. тичати, харв. tičati ‘хавацца’, ‘здзіўляцца’, ‘сядзець на кутніках’, славен. tičáti ‘знаходзіцца, быць, тырчаць’, што выводзіцца з прасл. *tyčati, якое з *tykati ‘ўтыкаць, затыкаць’, ‘калоць, басціся’ (Сной₂, 763). Бязлай (4, 179) славен. tyča̋ti ‘быць заткнутым, утыкнутым’ трактуе як эсіў прасл. *ty̋kati ‘датыкацца, калоць, басціся’, які з’яўляецца ітэратывам ад *tъknǫti ‘тс’. Магчыма, да папярэдняга слова. Гл. таксама тыкаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ілга́ць ’гаварыць няпраўду; выдумваць, хлусіць’ (ТСБМ), іўга́ць (Бяльк.). Рус. лгать, зах.-рус. илга́ть, польск. łgać, в.-луж. łhać, н.-луж. łdhaś, łgaś, палаб. lȧzĕs, чэш. lháti, славац. lhať, славен. lagati, серб.-харв. ла̀гати, балг. лъ̀жа, макед. лаже. Ст.-слав., ст.-рус. лъгати, ст.-бел. илгати, лгати. І‑ мае пратэтычны характар (Карскі, 1, 262). Прасл. *lъgati, *lъžǫ мае дакладныя адпаведнікі ў герм. мовах: гоц. liugan ’ілгаць’, ст.-в.-ням. liogan ’тс’, lugî ’хлусня’ < і.-е. *leugh‑. Гл. Покарны, 1, 686–687; Бернекер, 1, 751; Фасмер, 2, 469; Слаўскі, 5, 119–122. Іншыя і.-е. паралелі выклікаюць сумненні: ст.-літ. łúginaité ’здрадніцкі’ (Атрэмбскі, LP, 1, 138), літ. lūgoti ’прасіць’, лат. lùgt ’тс’ (Мюленбах-Эндзелін, 2, 517–518; Покарны, 1, 686–687). Гл. ілгун, ілжа, ілжэц.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Імкну́цца, імкну́ць ’хутка рухацца, накіроўвацца куды-н’., ’старацца трапіць куды-н., быць дзе-н. або стаць кім-н.’, ’настойліва дамагацца чаго-н.’ (ТСБМ). Рус. ‑мкнуть толькі ў складзе прэфіксальных утварэнняў: примкнуть, сомкнуть, замкнуть, отомкнуть і г. д. Укр. імкну́ти ’скеміць’, польск. mknąć ’імчацца’, чэш. уст. mknouti se ’прыціскацца’, славен. makniti ’ссунуць, пасунуць, зрушыць’, серб.-харв. ма̀кнути ’тс’, балг. мъ́кна ’цягнуць, валачы’, ц.-слав. мъкнѫти сѧ ’хутка рухацца’. Прасл. дзеяслоў *mъknǫti (), суадносны з *mъkěti (гл. імчаць), генетычна роднасны літ. mùkti, munkù, mukaũ ’вызваляцца, бегчы, выслізгвацца’, лат. mukt ’змахнуць, саслізнуць, уцячы, выслізнуць’, на іншай ступені чаргавання: літ. maũkti, maukiù, maukiaũ ’цягнуць, сцягнуць’, ст.-інд. muñcáti, mucáti ’вызваляе, выпускае’, авест. framuχti‑ ’збавенне’. Праабражэнскі, 1, 540–541; Фасмер, 2, 631. Назоўнік імкне́нне, відаць, пад уплывам польск. mknienie з пратэзай і‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляля́к1 ’казадой, Caprimulgus europaeus’ (ТСБМ, Сержп. Грам., Маш., Фед.–Долб.), ле́ляк, лялёк, лелек ’н’ (Бес., Маш., паўн.-зах., КЭС), лельч. ле́ляк ’кажан’ (ЛАПП), леля́к ’ястраб’, (перан.) ’недалуга, недарэка’ (ТС). Укр. леля́к, лиля́к, рі́ляк, лили́к ’кажан’, ле́літ ’сыч’, леле́ка ’бусел’; рус. лилок, лела́к, лелёк, паўн. леле́к ’тс’, ’кажан’; польск. lelek, lelet ’варона’, ’сыч’, ’кваква’, ’чайка’, ’удод’, ’д’ябал, злы дух’, каш. lélek ’казадой’, ’начны прывід, злы дух’, lelač ’дурань, расцяпа’, в.-луж. lělak ’дурань’, ’балбатун’, lělawa ’перапёлка’, чэш. lelek ’казадой’, старое ’кваква’, lelkovati, státi jako lelek ’быць разявай’; славен. lilek, ст.-серб.-харв. лиљкъ ’казадой’, серб.-харв. љи́љак, liljak, макед. лилјак, балг. лиляк, лилия́к ’кажан’, лилек ’казадой’, ц.-слав. лилѣкъ, лиликъ ’нырэц’. Прасл. lel‑ьkъ, lil‑ьkъ, а таксама lel‑jakъ, lel‑ikъ ’казадой’. Пасля назва перайшла на іншых начных птушак (Слаўскі, 4, 139–140) або на птушак, падобных да яго спосабам лятання. І.‑е. адпаведнікі: літ. lė́lis, lelỹs ’казадой’, лат. lêlis, lelis ’расцяпа, няўклюда’. Прасл. лексемы ўзыходзяць да прасл. lelěti, lelějati ’калыхацца, люляць’. Птушка названа паводле яе мягкага, пакалыхваючага лёту, калыхання ўправа і ўлева ўсім целам’ (Развадоўскі, Quest. gram., 2, Kraków, 1899, 259; Мацэнаўэр, LF, 9, 199; Буга, Rinkt, 1, 452; Махэк₂, 326; Шустэр–Шэўц, 11, 825–826; БЕР, 3, 402). Булахоўскі (Вибр. пр., 3, 260, 297) мяркуе, што ў аснове ляжыць гукаперайманне, параўн. зах.-укр. лелет леле́че ’сыч крычыць’. Булыка (Лекс. запазыч., 143) памылкова выводзіць ст.-бел. лелекъ, лелякъ ’казадой’ са ст.-польск. lelek.

Ляля́к2 ’бесклапотны, збалаваны чалавек’ (мазыр., З нар. сл.), ’гультай’ у выразе сядзець, як ляляк, ’гультайнічаць’ (Ян.). Аналагічна ле́жань (гл.) ’казадой’ і ’гультай’. У выніку семантычнага пераносу з ляляк1 (гл.) паводле адносна спакойнага лятання птушкі днём. Параўн. каш. za leleka chodzëc ’гультаяваць, бадзяжнічаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяршо́к1 ’верхняя частка чаго-небудзь’; ’вяршаліна’ (БРС, КТС; КЭС, лаг.); ’тое, чым накрываюць гаршчок’ (Інстр. I), укр., рус. вершок ’тс’, польск. wierszek, н.-луж., в.-луж. wjeršk, чэш. vršek, vršík, славац. vŕšok, славен. vršek, серб.-харв. вр̑шак, макед. вршка ’верхняя частка чаго-небудзь’, балг. връ́шка ’адрубленая вяршаліна сасны’, вършец ’верхняя частка чаго-небудзь’. Да верх (гл.). Утворана пры дапамозе дэмінутыўнага суф. ‑ок (< ‑ьkъ).

Вяршо́к2 ’мера даўжыні ≈ 4,4 см’ (БРС, КТС, Касп., Бяльк., Сцяшк.), укр. вершок, рус. вершок, ст.-рус. вершок (з XVI ст.) ’тс’. Узыходзіць ад прасл. vьrx‑ьkъ ’верхняя частка чаго-небудзь, у прыватнасці верхняя частка ўказальнага пальца’ (Фасмер, 1, 302). Не пераконвае Праабражэнскі (1, 78), КЭСРЯ (77), Булахоўскі (Труды ИРЯ, 1, 151), якія развіццё семантыкі разглядаемай лексемы ўяўляюць наступным чынам: ’вяршыня’ → ’лішак, які з’яўляецца зверху пры насыпанні збожжа’ → ’мера даўжыні’. Бел. вяршок пранікла з рус. мовы (Шанскі, 1, В, 71).

Вяршо́к3 ’верхні слой на адстоеным салодкім малацэ’ (Інстр. I, Шат.), выршо́к (драг., КЭС), укр. вершок ’тс’, рус. уладз., валаг., дан. вершок ’тс’. Усх.-слав. утварэнне. Да верх (гл.), вяршок1 (гл.).

Вяршо́к4 ’адтуліна, верхняе аконца пад столлю для выпуску чаду ў курных хатах, у лазнях’ (Нас., Серб., Інстр. I, КЭС, лаг.). Укр. чарніг. верх, рус. смал. вершок ’тс’, пск. вершнік ’невялікае ваконца ў лазні’. Бел. утварэнне. Да верх ’тс’ (гл.).

Вяршо́к5 ’конусападобнае горла ці лаз у рыбацкіх пастках’ (Тарн.), ве́ршок (Крыв.). Рус. ленінгр. ве́ршник ’верх конусападобнай часткі невада’. Да верх (гл.). Сюды ж увершок, овершок (гл.).

Вяршо́к6 ’першая маленькая булачка з хлебнага цеста, якую часцей за ўсё аддаюць скаціне’ (мазыр., Вешт.). Да верх, вяршок1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віно́ ’віно, алкагольны напітак, пераважна вінаградны’; ’гарэлка’ (БРС, КТС), віно́ зеляно́, віно — прыпеў у песні (беласт., Ант.). Укр. вино ’віно’; ’вінаград’, рус. вино ’віно, гарэлка’, ст.-рус. вино ’вінаград’ (з XII ст.), вино (з XI ст.) ’гарэлка, спірт’, польск. wino ’віно’; ’вінаград’, н.-луж., в.-луж. wino ’віно’, чэш. víno ’віно’; ’вінаград, гронкі вінаграду’; ’агрэст’, славац. víno ’віно’; ’дзікі вінаград’, славен. víno ’віно’, серб.-харв. ви́но, макед. вино, балг. вино ’тс’. Прасл. vino. Фасмер (1, 316) лічыць, што гэта слова з’яўляецца старажытным культурным міжземнаморскім тэрмінам; параўн. грэч. (Ϝ)οἴνη ’лаза’, (Ϝ)οἶνος ’віно’, лац. vīnum, арм. ginī, алб. vēnë, гоц. wein, ст.-в.-ням. wîn, груз. ɣuino, араб. wayun, ст.-яўр. jajin, зах.-сям. wain, асір. īnu. Адсутнасць роднасных назваў віна ў індыйскіх і іранскіх мовах сведчыць пра тое, што віно паходзіць з Міжземнамор’я (Малая Азія — Каўказ). Шляхі пранікнення: ВальдэПокарны (1, 226), Стэндэр–Петарсан, Лёвэ (IF, 13, 5) мяркуюць, што віно паходзіць з гоц. мовы; Ірэчэк (AfslPh, 31, 443), Романскі (JIRSpr., 15, 132), Скок (ZfslPh, 2, 391–400) — з лац. крыніцы, Пагодзін (Anz IF, 13, 132) — з фракійскай мовы. Младэнаў (66), Вальдэ (839), Геаргіеў (Исследов., 265), БЕР (1, 149) зыходзяць пры тлумачэнні першакрыніцы з і.-е. моўных сродкаў — ад кораня *u̯ei > прасл. vi‑ti > віць, вѣтвь, лац. vitis. Міклашыч (392) лічыць слова паўночнаеўрапейскім. Бернекер (1, 25) лічыць слав. vino вельмі старым, не пазней VI ст. н. э. (В. У. Мартынаў, вусн. паведамл.) і роднасным да ст.-слав. винꙗга, серб.-харв. вѝњага, славен. vinjága ’вінаград’ (параўн. літ. vỹnuogė ’вінаград’). Махэк₂ (690) лічыць першакрыніцай слав. vino балканскую латынь і, магчыма, герм. мовы. Гл. яшчэ Покарны, 1121; Клюге, 389; Скіт, 717; Рудніцкі, 1, 391–392.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не1, адмоўе і злучнік (Нас., Бяльк., Растарг., ТС), не, ні, нэ, ны (Сл. ПЗБ), укр. ні, не, рус. нет, не, польск. nie, в.-, н.-луж. , чэш. ne, славац. nie, славен. , серб.-харв. не, балг., макед. не, ст.-слав. не. Прасл. *ne, найбольш блізкія адпаведнікі літ., лат. ne/ne‑, ст.-інд. na, лац. , гоц. ni; хутчэй за ўсё паходзіць з т. зв. дзіцячай мовы (гл. ESSJ SG, 2, 449–450; Фасмер, 3, 52; Бязлай, 2, 217). Ст.-бел. нѣ: ты есте​с сы​н мой иса​в, чили нѣ (XVII ст.), а таксама народнае не: А не! бронь Боже, не чепай (Нас., 6) разам з укр. ні, луж. , славац. nie (адмаўленне) выводзяцца з *ne je, параўн. ст.-слав. нѣ: и нѣ чудо, г. зн. з адмоўя і 3‑й ас. адз. л. цяп. ч. дзеяслова byti (< *ne‑jestь), або з эмфатычнага падаўжэння, гл. Карскі 2–3, 77, 455; ESSJ SG, 2, 474; Шустар-Шэўц, 13, 997, параўн. таксама: А ліпы ў нас не (= няма, ТС); адносна апошняга гл. таксама Васільеў, ИОРЯС, 13, 1908, 3, 187.

Не2 — прыназоўнік ’каля’: Не вакна доўга пелі (Ян.). Няясна; магчыма, з ле (< коле) ’каля’ (гл. ля ’тс’) пад уплывам недалека; тэарэтычна можна дапусціць узнікненне прыназоўніка з т. зв. збыткоўнага («пустога») адмоўя тыпу серб.-харв. некмоли//камоли ’негаворачы ўжо; тым больш’, укр. наче//неначе ’нібы’, бел. мярэча//немярэча ’топкае балота’ і пад. (больш падрабязна гл. ESSJ SG, 2, 447), зыходным у гэтым выпадку магло быць утварэнне тыпу не́кала: Некала каго шкелить, дай давай нада мной (Растарг., 174), значэнне выказвання захаваецца і пры некага шкелить, дак…, а таксама пры кала каго шкелить, дак…, адсюль можа быць выведзена не = кала́ ’каля’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)