аса́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. асядаць — асесці (у 1 знач.).

2. Дзеянне і стан паводле дзеясл. асадзіць ​1 (у 1 знач.).

3. Спец. Глыбіня апускання судна ў ваду. Карабель з глыбокай асадкай. Няпоўны асадка.

4. Спец. У кавальскай справе — ковачная аперацыя, пры якой павялічваецца таўшчыня загатоўкі за кошт яе вышыні.

5. Тое, што і асада ​2 (у 2 і 3 знач.). На сценах віселі розныя малюнкі ў прыгожых асадках. Колас. // Драўляная частка якога‑н. інструмента, прылады, якая з’яўляецца дзяржаннем металічнай або якой‑н. іншай часткі. Асадка долата. □ Дзед Трыфан любіў буслоў, як любіў ён і галубоў, для якіх спецыяльна на гарышчы хаты ставіў асадкі старых рашотаў, і птушкі ў іх вілі гнёзды. Сабаленка. // Пісьмовая прылада — палачка, у якую ўстаўляецца пяро; тое, што і ручка (у 3 знач.). А тым часам галоўнае было ўсё ўперадзе: дастаць аркуш паперы для кантракта, асадку, чарніла, пяро. Колас. Прывычным вокам Варанецкі агледзеў іх, прывычным жэстам узяў асадку і падпісаў некалькі паперак. Скрыган. А ў рабочым пакоі ляжала асадка і пачаты ліст да маскоўскага сябра. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

све́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Палачка з тлушчавага рэчыва з кнотам усярэдзіне, якая служыць для асвятлення. Стэарынавая свечка. □ Куча саломы ляжала ў адным куце, у другім — гарэла самаробная васковая свечка. Шамякін. Шура чыркнуў запалку і паднёс трапяткі жоўты агеньчык спачатку да Валодзевай свечкі, пасля запаліў сваю. Арабей.

2. Адзінка вымярэння сілы святла. Увечары ў новай Пракопавай хаце ярка гарэла вялікая электрычная лямпачка — у сто пяцьдзесят свечак. Ермаловіч.

3. Медыцынскі прэпарат у выглядзе тлушчавай палачкі, які выкарыстоўваецца пры лячэнні гемарою і пад. Гемараідальныя свечкі.

4. Назва некаторых прыстасаванняў для запальвання гаручай сумесі. Запальныя свечкі рухавіка.

5. (звычайна з дзеясл.: «даць», «рабіць»). Вертыкальны пад’ём, узлёт уверх (мяча, самалёта і інш.). Футбаліст даў свечку. □ Урга злёгку, пужаючы, даў свечку. Потым апусціўся на пярэднія ногі і затанцаваў. Караткевіч. // у знач. прысл. све́чкай. Проста ўверх, вертыкальна. Мяч час ад часу свечкай узлятае над сеткай. Даніленка.

•••

Ні богу свечка, ні чорту качарга — пра пасрэднага чалавека, які не вызначаецца здольнасцямі да чаго‑н.

Прыйсці свечкі тушыць гл. прыйсці.

Са свечкай не знойдзеш гл. знайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГРЫБЫ́ (Mycota),

група гетэратрофных бесхларафільных арганізмаў, разнастайных паводле будовы, памераў і спосабу жыцця; адно з царстваў жывой прыроды. Спалучаюць прыкметы раслін (нерухомасць, верхавінкавы тып росту, наяўнасць клетачных сценак і інш.) і жывёл (гетэратрофны тып абмену, наяўнасць хіціну, утварэнне мачавіны і глікагену і інш.). Маюць асобы цыкл развіцця (змена ядзерных фаз, дыкарыятычны стан, разнаякаснасць ядзер у межах адной клеткі — гетэракарыёз і інш.). Раней грыбы адносілі да ніжэйшых раслін. Вядома больш за 100 тыс. відаў грыбоў, пашыраных па ўсім зямным шары. Падзяляюцца на 3 аддзелы: ааміцэты, слізевікі і сапраўдныя грыбы. Сярод апошніх вылучаюць аскаміцэты, базідыяльныя грыбы, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, хітрыдыяміцэты.

Вегетатыўнае цела большасці грыбоў уяўляе сабой міцэлій (грыбніцу), які складаецца з адна- ці шматклетачных разгалінаваных тонкіх ніцей — гіфаў, што ў працэсе развіцця ўтвараюць строму або пладовыя целы рознай марфалогіі. Арганізмы ніжэйшых грыбоў (слізевікі, хітрыдыяміцэты) прадстаўлены голымі плазмодыямі. У жыццёвым цыкле грыбоў магчымы розныя стадыі развіцця (плеямарфізм). Аднаклетачны стан назіраецца ў перыяд размнажэння грыбоў (напр., у спор). Грыбы размнажаюцца вегетатыўным, бясполым і палавым спосабамі. У аснову вызначэння сістэматычнага стану грыбоў пакладзены асаблівасці будовы грыбнога цела, палавога і бясполага споранашэння і формы пладовых цел. Вегетатыўнае размнажэнне ажыццяўляецца кавалкамі міцэлію (шапкавыя грыбы), пачкаваннем (дрожджы), асобнымі клеткамі — аідыямі (галасумчатыя), гемамі і хламідаспорамі (галаўнёвыя грыбы), бясполае — з дапамогай спор, што ўтвараюцца на асобных клетках міцэлію. Споры могуць фарміравацца эндагенна, унутры шарападобна пукатых канцоў гіфаў (спарангіяспоры, зааспоры; у ніжэйшых грыбоў) або экзагенна (канідыяспоры; у вышэйшых і некат. ніжэйшых грыбоў). Для палавога размнажэння ўласціва зліццё аднолькавых або розных паводле памераў гамет (у ніжэйшых грыбоў), яйцаклеткі і сперматазоіда (у ааміцэтаў), вегетатыўных клетак з аднолькавымі або рознымі палавымі знакамі (у зігаміцэтаў), антэрыдыю і архікарпа з утварэннем сумкі (у аскаміцэтаў) або шляхам саматагаміі з утварэннем базідый (у базідыяміцэтаў). Утварэнню сумак і базідый звычайна папярэднічае развіццё на міцэліі пладовых цел — спец. спараносных органаў. У аскаміцэтаў гэта клейстатэцый, перытэцый, апатэцый і інш., у базідыяльных грыбоў распасцёртыя, палачка-, куста-, шара-, зоркападобныя і інш. пладовыя целы.

У прыродна-кліматычных зонах Беларусі трапляюцца прадстаўнікі ўсіх сістэматычных груп грыбоў, якія спецыялізаваны да розных экалагічных умоў існавання. Напр., агарыкальныя, афілафаральныя, гастэраміцэты і інш. сапрабіёнты развіваюцца ў лясах на гнілой драўніне, лясным подсціле, плесневыя грыбы — на прадуктах харчавання, кармах жывёл. Мучніста-расяныя грыбы, іржаўныя, перанаспоравыя, хітрыдыевыя, гельмінтаспорый, фузарый, фітафтора, макраспорый, склератынія і інш. групы фітапатагенных грыбоў паразітуюць на збожжавых, агароднінных, пладова-ягадных культурах. Вядома больш за 200 відаў ядомых грыбоў і каля 40 відаў ядавітых грыбоў. Грыбы мінералізуюць раслінныя рэшткі ў глебе, патагенныя грыбы выклікаюць хваробы раслін, жывёл і чалавека. Грыбы — актыўныя накапляльнікі радыенуклідаў. Многія віды плесневых грыбоў выкарыстоўваюць у мікрабіял. прам-сці для атрымання вітамінаў, антыбіётыкаў, ферментаў, стэроідных гармонаў, дрожджы — у хлебапячэнні, піваварэнні, вінаробстве. Шэраг відаў грыбоў культывуюць (шампіньёны, вешанкі, труфелі). Вывучае грыбы мікалогія.

Літ.:

Беккер З.Э. Физиология грибов и их практическое использование. М., 1963;

Эволюция и систематика грибов: Теорет. и прикладные аспекты. Л., 1984;

Сержанина Г.И., Змитрович И.И. Микромицеты: Иллюстрир. пособие для биологов. Мн., 1978.

В.​В.​Карпук.

Да арт. Грыбы: 1 — сыраежка страўная; 2 — баравік; 3 — падасінавік; 4 — страчок звычайны; 5 — мухамор шэры; 6 — фамітопсіс акаймаваны.

т. 5, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Саба́чка 1 памянш. да сабака 1 (гл.).

Саба́чка 2 ’спускавы механізм у агнястрэльнай зброі’, ’прыстасаванне ў машынах, механізмах, якое перашкаджае руху назад зубчастага кола’ (ТСБМ), ’прылада, пры дапамозе якой здымаюць бобы’ (Сцяшк. Сл.), ’частка ткацкага станка’, ’слясак’ (Мат. Гом.), ’дэталь у ніты красён’ (Сл. ПЗБ), ’палачка, якая злучае панажы з нітамі’ (Жыв. сл., Нар. сл.), ’прылада ў кроснах, якая трымае набілкі на патрэбнай вышыні’ (Бяльк.), ’кружкі ў кроснах, на якіх перамяшчаюцца ніткі асновы’ (Сцяшк. Сл.), соба́чка ’вільчак’ (палес., Нар. сл.), соба́чкі ’тры маленькія драўляныя палачкі па абодвух баках ніта’ (Влад.). Агляд семантыкі бел. сабачка гл. таксама Н. А. Старасценка, Бел. мова, 8, 1981, 77 і наст. Параўн. рус. соба́чка ’спускавы механізм у агнястрэльнай зброі’, а таксама назвы дэталяў для захвата, зачэплівання чаго-небудзь, у тым ліку і ў кроснах. Да папярэдняга слова.

Саба́чка 3 ’галоўка дзядоўнік, шышка’ (Нас., Байк. і Некр.). Рус. собачка ’тс’. Да сабачка 1 па ўласцівасці зачэплівацца. Параўн. яшчэ ваўчкі.

Саба́чка 4 ’мужчынскі гальштук у выглядзе банта’ (Сл. рэг. лекс.). Да сабачка 1 па знешняму падабенству.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярба́ ’расліна, Salix L., Salix alba L., Salix fragilis L.’ (БРС, Кіс., Яруш., Бяльк., Касп., Гарэц.), вэрба́ ’вярба’ (Бес.), укр. верба, рус. верба ’тс’, астрах, ’назва любога дрэва’, польск. wierzba, каш. věřba ’вярба’, н.-луж., в.-луж. wjerba, чэш. vrba, славац. vŕba, славен. vŕba, серб.-харв. вр́ба, макед. врба, балг. върба ’вярба’, ст.-слав. врьба, врьбиѥ. Прасл. vьrbá ’лаза, гнуткая расліна’. Да першаснага значэння параўн. такія формы, як вербалоз і інш. Прасл. лексема роднасная да літ. vir̄bas ’дубец, сцябло, лазіна’, лат. vir̂bs ’палачка’, прус. wirbe ’канат, ліна’, грэч. ραπίς, ράβδος ’дубец’, лац. verbēna ’дубцы лаўра’, verbera ’дубцы, якімі секлі, каралі’, ст.-в.-ням. rëba ’вінаградная лаза’. Узыходзіць да і.-е. *u̯erbes < u̯er‑ ’гнуць, віць’ (Траўтман, 360). Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 72; Міклашыч, 383; Мюленбах-Эндзелін, 4, 602; Вальдэ, 819; Брукнер, 617; Скок, 3, 620; Фасмер, 1, 293; Младэнаў, 91; БЕР, 1, 208; Шанскі, 1, В, 54–55. Махэк₂ (699) і КЭСРЯ (74) лічаць vьrbá суфіксальным утварэннем, дзе ‑ba надае значэнне зборнасці. Аб суфіксе ‑ba гл. яшчэ Мартынаў, Дерив., 16–19. Сюды ж ніц., гродз., гом. вербалоз ’вярба казіная’, маг., гродз. ’вярба пяцітычынкавая’ (Кіс.), вярбо́вы (БРС, КТС, Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прут 1 ’тонкая доўгая палачка, галінка, дубец, розга’, ’доўгі металічны стрыжань’, ’кавалак дроту’, ’вітка’, ’вочап у студні з жураўлём’, ’тупы край касы — патоўшчаная яе частка, супрацьлеглая вастрыю’, ’прут у жолаба навою для прымацавання палатна’ (ТСБМ, Нас., Шат., Янк. 2, Сцяшк.; маст., Шатал., ТС; брэсц., Нар. словатв., Сл. ПЗБ), ’прут у ярме’ (ЛА, 2, 355), пруто́к ’стрыжанёк, на якім абарачаецца цэўка ў чаўнаку’ (Тарн., Бяльк., Янк. 2; Уладз.; лун., в.-дзв., Шатал.), ’адзін рад саломы на страсе’ (ТС), ’кіёк у ніце’ (ТС, Скарбы), ’сухі чалавек’ (полац., Нар. лекс.), пруткі́ ’спіцы для вязання’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц., Сцяшк.; віл., беласт., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), пруты́ ’жалезныя цягі, якімі злучаюцца ручкі плуга з дышлам’ (Тарн.), прут ’жалезны прут, якім злучаюцца ручкі плуга’ (Смул.), ’металічныя стрыжні ў аснове бараны’ (драг., Выг.; лях., Сл. ПЗБ), ’тонкія жэрдкі, якія прымацоўваюць упоперак латы пры крыцці саламянай страхі’ (Сцяшк., ТС), пру́цік ’спіца для вязання’ (Мат. Маг.), ’палачка ў бёрдзе’ (віл., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. прутъ ’адзінка вымярэння даўжыні і плошчы’ (гл. падрабязна Скурат, Меры, 24 і наст). Рус. прут ’галінка, дубец, розга; металічны стрыжань, кавалак дроту’, прутки́ ’вязальныя спіцы’, укр. прут ’галінка, дубец’, ст.-рус. прутъ ’прут, дубец’, польск. pręt, палаб. prǫt, в.-луж. prut, н.-луж. pšut, чэш. prut, славац. prút, серб.-харв. пру̑т, славен. prọ̑t, балг. прът ’прут’. Прасл. *prǫtъ, паводле Фасмера (3, 390) і Брукнера (436), роднаснае слав. *prǫdъ‑ ’цячэнне’ (гл. пруд) з першасным значэннем ’галінка’, параўн. у семантычных адносінах рус. побе́г ’ветка; парастак’ ад бежа́ть. У і.-е. мовах у якасці роднасных прыводзяцца ст.-ісл. spretta ’ўскокваць, пырскаць, прарастаць’, англ. sprint ’мчацца’, с.-в.-ням. sprenzen ’пырскаць’ і да т. п. Менш верагодныя параўнанні з рус. пря́тать (бел. пра́таць), (Брукнер, 436; Праабражэнскі, 2, 145 і наст.); з рус. прыть, пры́ткий (Брукнер, 436), з польск. promień (Петарсан, BSL, 82). Інакш таксама Махэк₂ (488), які параўноўвае *prǫtъ з чэш. prtiti ’ўсходзіць вясной з зямлі (аб траве)’ і да т. п.; з’яўленне насавога галоснага ён тлумачыць “афектаваным” характарам слова, якое прывяло да падваення зычнага ў канцы слова: *prъttъ > prъntъ > prątъ, што вельмі штучна. Гл. Шустар-Шэўц, 2, 1164; ЕСУМ, 4, 617; БЕР, 5, 831; Банькоўскі, 2, 776. Гл. яшчэ прэнт. Аб пруто́к у ткацкай тэрміналогіі гл. Трубачоў, Этимология–1963, 20.

Прут 2 ’раскладка снапоў для малацьбы’ (ДАБМ, камент., 872), ’укладка посуду аднаго ў адзін’ (Вярэн.). Да прут 1; гэтыя значэнні можна вывесці з ’рад, роўны, як прут’; параўн. прут 1 ’рад саломы на страсе’, а таксама пакладка на прост (пад прост 1).

Прут 3 ’згуба, пагібель, смерць’ (капыл., Нар. словатв.). Адваротны дэрыват ад пруцяне́ць, апруцяне́ць (гл.). Параўн. яшчэ паралельныя ўтварэнні апру́да ’смерць’, апру́дзіцца ’цяжка захварэць, акалець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жазло́ ’посах асобай формы, сімвал улады; палачка ў рэгуліроўшчыка вулічнага руху; стрыжань з дужкай пры рэгуліроўцы руху паяздоў’ (ТСБМ). Рус., укр. жезл., дыял. жезло́, чэш. žezlo, уст. žezl, славац., в.-луж. žezlo, балг. жезъл, макед. жезол, серб.-харв. жѐзло, славен. žêzlo ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. жьзлъ ’посах, жазло’, ст.-бел. жезлъ. Параўн. серб.-харв. же́жељ ’посах, кол’. Лат. ziz(i)ls ’посах’ < ст.-рус. (Пагодзін, Следы, 161; Мюленбах-Эндзелін, 4, 730). Ст.-бел., а таксама шэраг сучасных слав. слоў з сімвалічным значэннем могуць узыходзіць да ст.-слав. Першаснае канкрэтнае значэнне ’посах’ адлюстроўваецца ў ст.-слав. жьзлъ, серб.-харв. жежељ і, магчыма, рус. калым, жезе́л ’посах’. Трубачоў (Зб. Раманскаму, 137–140) супастаўляе са ст.-ісл. geisl ’посах’ (ням. Geissel ’пуга’), а далей з грэч. χίλιοι ’тысяча’. Апошняе семантычна цяжка: ’посах з зарубкамі’ хутчэй мог бы абазначаць дзесятак, сотню, што прызнаў і Махэк₂ (726), адмовіўшыся ад папярэдніх параўнанняў з žehlo (Махэк₁, 594), да якіх, па сутнасці, прыйшоў Младэнаў (165), параўноўваючы жезъл са словамі з коранем *žig‑, і якія падтрымлівае БЕР (1, 531), звязваючы з жегъл (гл. жыга́ла 1). Да Трубачова звычайна ст.-сл. жьзлъ параўноўвалі з ням. Kegel ’кол’, што мае фанетычныя цяжкасці, як і этымалогія І. Шмідта, да якой узыходзіць пункт гледжання Трубачова. Фасмер (2, 40) прыхільна аднёсся да параўнання з арм. gzri ’чарот’. Скок (3, 679) не атаясамлівае ў адрозненне ад Трубачова серб.-харв. жѐзло і жежељ, звязваючы апошняе з ц.-слав. жѧжель ’ашыйнік’. Аб žęželь гл. Варбот, Этимология, 1979, 32–34.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцягно́ 1 ’частка нагі ад клуба да калена’, ’бядровая частка тушы, кумпяк’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Растарг., Сцяшк., Сержп. Прымхі, ЛА, 3), сцягно́, сцягня́к ’тс’ (Сл. ПЗБ), сцягно́ ’мускул, мускульная частка рукі, нагі або жывата’ (Ласт.), ’мышца, мускул’ (брасл., Стан.), сцегно́, сцёгно́ ’нага вышэй калена разам з клубам’ (ТС), сцягня́к ’тс’ (Варл.), сцягні́к, сцягня́к ’тс’ (Мат. Гом.), стёгно ’шынка’ (лун., Шатал.), сцёгна ’шынкі лапаткі’ (Пятк. 1), стыгно́ ’бядро’ (Клім.), стыгня́к ’кумпяк’ (Сл. Брэс.), сцягно́, стʼогно́, стэгно́, сцʼегно́ ’свіная нага і кумпяк з яе’ (Вешт., ЛА, 4, Сл. Брэс.). Укр. стегно́ ’верхняя частка нагі’, рус. стегно́ ’бядро, ляжка’, старое польск. ścigno ’кумпяк’, ścięgno ’сухажылле’, в.-луж. sćehno, н.-луж. sćogno ’ляжка, кумпяк (у жывёл)’, чэш., славац. stehno, серб.-харв. сте́гно, славен. stégno ’сцягно’, ст.-слав. стегно, стьгно ’бядро’. Прасл. *stegno; першапачаткова, магчыма, *stьgno, на якое паўплываў дзеяслоў *stęgnǫti (Глухак, 583), гл. сцягнуць. Далей сувязі няпэўныя. Мікала (Ursl. gram., 2, 163) звязвае *stegno з лац. tīgnum ’брус; будаўнічы лес’, якое ўзнаўляецца як *tegnom і набліжаецца да стажар і роднасных, што прымаюць Фасмер (3, 751) і Шустар-Шэўц (2, 1271). Параўноўваюць з літ. steigara ’член, сустаў’, арм. ťekn ’плячо, верхняя частка рукі’, ст.-ірл. tóeb, tóib ’старана’, вал., карнуэлск., брэтонск. tu ’тс’, што Бязлай (3, 315) лічыць больш удалым семантычна, але недасканалым фанетычна. Гл. яшчэ Фасмер, там жа з аглядам літ-ры; Махэк₂, 576; ЕСУМ, 5, 405; Борысь (613) польск. ścięgno лічыць дэрыватам ад ściągać < ciągać ’цягаць’, якое было ўтворана па ўзору прасл. *stegno ’сухажылле’, параўн. балг. сте́гнат ’моцны, пругкі (пра мускулы)’ < сте́гна ’сцягнуць’.

*Сцягно́ 2, сцегно́, сцёгно́ ’верхняя або ніжняя палачка ў ніце’ (ТС), стегно́, стэгни́ца ’палавіна нічанкі, верхні або ніжні рад яе петляў’ (Уладз.), сюды ж, відаць, і ст.-бел. стьгнѣ мѣдне (“іх было толькі два”, XVI ст., Карскі 2–3, 334) з нявысветленым значэннем. Параўн. укр. дыял. стегно́ ’развора’ (Нікан., Трансп.), сте́гна ’бакавыя дошчачкі церніцы’. Да сцягнуць, відавочна, па функцыі (’што трымае ў расцягнутым або сцягнутым стане’).

Сцягно́ 3 ’старадаўняя страва, прыгатаваная з мукі і канаплянага малака’: u posnyja dni varyła sabie ściahnó (Варл.). Відаць, з дзягно ’ежа з канапель’ (гл.) з няяснай дэфармацыяй пачатку слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НО́ТНАЕ ПІСЬМО́, натацыя (ад лац. notatio запісванне, абазначэнне),

сістэма графічных знакаў для запісу музыкі, а таксама сам запіс.

Узнікла ў старажытнасці. Першапачаткова перададзеныя па слыху мелодыі абазначаліся піктаграфічным спосабам (з дапамогай выяў) або на аснове алфавітаў, ідэаграфічнага (іерагліфічнага) пісьма і лічбаў (вызначалі ў асн. вышыню гукаў, зрэдку рытм). Найб. стараж. сістэмы натавання кітайская (1300 да н.э.), вавілонская (800 да н.э.), індыйская і грэч. (400 да н.э. — 400 н.э.). У сярэднія вякі для натавання літургічнай музыкі найб. карысталіся неўменным пісьмом (спец. знакі — неўмы — пісаліся над словамі тэксту для напаміну мелодыі песнапенняў). Паступова для больш дакладнага абазначэння вышыні неўмаў пачалі карыстацца лініямі, якія не паказвалі дакладную вышыню гукаў, але дазвалялі адрозніваць гукі адносна больш нізкія і больш высокія. Колькасць такіх ліній дасягала 18; яны як бы ўзнаўлялі на паперы струны муз. інструмента. У 11 ст. Гвіда д ’Арэца ўвёў 4 нотныя лініі (прататып сучаснага нотнага стану). У пачатку ліній ён змяшчаў літарныя знакі (прататыпы сучасных ключоў), што пазначалі дакладную вышыню запісаных на лініях гукаў. Пазней неўменныя знакі заменены квадратнымі або ромбападобнымі нотнымі галоўкамі (пазначалі толькі вышыню гукаў). Неўменным Н.п. найчасцей запісвалі грыгарыянскі харал (адсюль назва харальная натацыя). У канцы 12 ст. пачалі пазначаць працягласць гукаў, узнікла мадальная натацыя. вытокам якой былі старагрэч. стопы — модзі (адсюль назва). У пач. 14 ст. ўзнікла т.зв. мензуральнае Н.п. Яно адначасова фіксавала вышыню і працягласць гукаў (апошнюю вызначала форма нотных галовак) і служыла пераважна для запісу ансамблевай музыкі. Знакі мензуры, якія ўстанаўлівалі 3- або 2-дольнасць кожнай нотнай працягласці, змяшчаліся ў пачатку нотнага радка. пры змене мензуры — у сярэдзіне нотнага тэксту. Знакі паўз адпавядалі мензуральным працягласцям і насілі іх назвы. У 15—17 ст. існавала таксама літарная. або лічбавая сістэма, т.зв. табулатура, для запісу сольнай інстр. музыкі, якая мела шмат разнавіднасцей адпаведна асаблівасцям асобных інструментаў (напр., клавішная. або арганная, лютневая, гітарная, скрыпічная, для цытры, флейты і інш.). Існавалі і нац. табулатуры: ням.. ісп., франц., італьян. і найб. стараж. — англійская (каля 1325). Ва. Усх. Еўропе існавалі самаст. візантыйская (10—18 ст.) і стараж.-руская неўменныя сістэмы натацыі. Найб. стараж. візантыйскія помнікі запісаны экфанетычным Н.п. (9—11 ст.), якое пазначала акцэнты і муз.-рэчытатыўныя інтанацыі літургічных тэкстаў. рытарычныя фігуры (пытанне, вокліч, сцвярджэнне), у пач. 12—15 ст. — вышыню кожнага гуку і акцэнтна-рытмічную структуру мелодыі. У 15 ст. ўведзены дадатковыя знакі для запісу мелізматычных формул. Стараж.-рус. безлінейная сістэма знаменнага Н.п., як і сам знаменны спеў (роспеў), была ўласціва помнікам пісьмовай муз. культуры рускіх, беларусаў, украінцаў, балгар, сербаў, харватаў і інш. У Расіі ў канцы 11—17 ст. існавала безлінейнае знаменнае, стаўпавое або крукавое Н.п. (гл. Крукі). Напачатку яно ўяўляла сабой разнавіднасць ідэаграфічнага неўменнага пісьма — знакі паказвалі асобныя інтанацыі або матывы, а не дакладную вышыню і працягласць гукаў. У 2-й пал. 16 ст. ўведзены кінаварныя паметы, якія паказвалі не толькі вышыню. але і колькасць гукаў, іх напрамак і працягласць. Знакі знаменнага Н.п. адпавядалі 1, 2, 3. 4 і больш гукам, часам цэлым папеўкам, т.зв. какізам. Найб. развітыя мелодыі былі звязаны з тайназамкнёнымі знакавымі зваротамі — ліцамі і фітамі (дайшло больш за 900). Зберагліся фітнікі — зборнікі, дзе змешчаны фіты ў іх графічным абрысе і назве, а таксама з разводам (перакладам на больш даступныя і агульнаўжывальныя знакі безлінейнага Н.п.). Існавалі таксама стараж.-рус. безлінейная кандакарная муз. сістэма (ад грэч. кандак — кантак — палачка, на якую нагортвалі скрутак пергаменту), дзямественная, пуцявая і казанская сістэмы Н.п. (канец 16—17 ст.). У сярэдзіне 17 ст. ўзнікла 5-лінейнае квадратнае кіеўскае Н.п. (занесена ў Расію выхадцамі з Беларусі і Украіны). У 19 — пач. 20 ст. ў Расіі існавала лічбавая нотная сістэма — цыфір, дзе ноты замяняліся лічбамі. Цыфір’ю надрукаваны 2 зб. «Лепта» (1890, 1914), дзе змешчаны рус., бел. і ўкр. канты і псальмы.

На Беларусі ўжо з 2-й пал. 15 ст. вядома квадратная лінейная натацыя на ўзор ранняй чэшскай, якою запісаны Істэбніцкі канцыянал Яна Гуса (1420). У 1-й пал. 16 ст. паявіліся друкаваныя зборнікі з 5-лінейнай неўменнай зах,еўрап. натацыяй (гл. Канцыяналы). Першы бел. рукапісны зборнік з 5-лінейным кіеўскім Н.п. — «Супрасльскі ірмалагіён» (1598—1601). Зборнік бел. музыкі «Полацкі сшытак» (16—17 ст.) напісаны квадратнай кіеўскай і круглай італьян. нотай, што ляжыць у аснове сучаснага Н.п. Перавага сучаснага Н.п. ў нагляднасці абазначэння гукавышыннага становішча нот і іх метрарытмічных суадносін, у наяўнасці ключоў, якія дазваляюць карыстацца нотным станам для запісу розных дыяпазонаў муз. гукарада, абмежавацца 5-лінейнай нотнай сістэмай і толькі зрэдку звяртацца да дадатковых ліній і вызначэнняў. Элементы сучаснага Н.п. — 5-лінейны нотны стан, ключы, якія паказваюць вышыннае значэнне яго ліній, нотныя знакі — ноты і іх розныя элементы, што выяўляюць адносную працягласць гукаў паводле матэм. прынцыпу дзялення на 2 кожнай нотнай (часавай) долі; знакі альтэрацыі пры ключы, якія фіксуюць вышыню дадзенай ступені на працягу ўсяго твора, і пры асобных нотах (выпадковыя) для змены вышыні ступені толькі ў дадзеным такце і актаве; вызначэнні метра, ці колькасці часавых долей у дадзеным такце і іх працягласці; дадатковыя знакі для павелічэння працягласці гуку (кропка. фермата. ліга), аб’яднання некалькіх нотных станаў у агульную нотную сістэму ў адпаведнасці з магчымасцямі інструмента, ансамблевых, хар. і аркестравых складаў. Існуе і развітая сістэма дадатковых абазначэнняў — нюансаў тэмпавых (allegro, andante, adagio, presto і ў лічбах ваганняў маятніка метранома), дынамічных і тых, што ўказваюць на прыёмы выканання, характар выразнасці і інш., што дае магчымасць фіксаваць музыку больш дакладна. З паяўленнем новых муз. плыней 20 ст. адбываецца. з аднаго боку, далейшае ўдакладненне і ўзбагачэнне выканальніцкіх пазначэнняў, пашырэнне іх комплексу, з другога — адмаўленне ад дакладнай пісьмовай фіксацыі муз. твораў, магчымасць нотнага запісу ў выглядзе шэрагу накідаў, свайго роду муз. графікі, спецыфічныя формы запісу, прызначаныя для абазначэння ў тэксце асобых эфектаў гучання і інш.

Літ.:

Ластоўскі В.У. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Коўна, 1926;

Нюрнберг М. Нотная графика. Л., 1953;

Бражников М.В. Древнерусская теория музыки. Л., 1972;

Rybaric R. Vývoj európskeho notopisu. Bratislava, 1982.

Л.​П.​Касцюкавец.

Да арт. Нотнае пісьмо. Неўменная натацыя.
Да арт. Нотнае пісьмо. Італьянская лютневая табулатура. 1507.
Да арт. Нотнае пісьмо. Фрагмент трохрадковага песнапення з пеўчага рукапіснага зборніка 1-й пал. 17 ст. Дзямественная натацыя.
Да арт. Нотнае пісьмо. Сучасная натацыя.

т. 11, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Поп 1 ’праваслаўны святар’ (ТСБМ), ’святар’ (ТС); укр. піп, рус. поп, балг. поп, с.-харв. по̏п, славен. pòp, чэш., славац., польск., в.-луж. pop, палаб. püöp ’святар; настаўнік’. Са ст.-польск. pop < ст.-в.-ням. pfaffo ’святар; поп’ < познелац. papa ’тс’ < лац. papas ’настаўнік’ < грэч. πάππος ’дзед, продак’ (Фасмер, 3, 327; Чарных, 2, 56). Банькоўскі (2, 698) адмаўляе сувязь з апошнім, мяркуючы, што першапачаткова назва адносілася да паганскага святара, параўн. поп ’снегавік’ (ТС).

Поп 2 ’адуванчык, Taraxacum’ (Мат. Гом.), папо́к, пупо́к ’тс’ (Кіс.), папы́, папкі́, папа́ўка ’нівянік, Leucanthemum (Кіс.), папы́, папакі́ ’скабіёза, Scabiosa’ (Кіс., ЭПБ), папкі́, по́пікі ’паўночнік, Knautia’ (Касп., Кіс.), папо́ўнік ’пірэтрум, Pyrethrum’ (ЭПБ), ’вятроўнік, Filipendula’ (Касп., Кіс.), ’баркун, Melilotus’ (Кіс., ЭПБ), папо́к ’канюшына, Trifolium’ (Бяльк.). Найбольш імаверна, названы гэтыя расліны так паводле вонкавага выгляду іх суквеццяў ад пуп (гл.) з пераходам у > o/а, параўн. яшчэ бел. пуп ’бацюшка’ (ЖНС), што, магчыма, звязана з уплывам лексемы поп (гл. поп 1) і магло прывесці да ўзнікнення такіх назваў, як ксёндз ’адуванчык’ (Кіс.). Параўн. яшчэ рус. пупо́к ’кветкавая галоўка’, пуповник ’расліна, Scabiosa arvensis’, пупавка ’рамонак’, попо́к ’упрыгожанне спінкі ложка ў выглядзе шарыка’. Польск. pępawa ’адуванчык’. Банькоўскі (2, 538) таксама ўзводзіць да *pǫp‑ava < *pǫp ’пуп’. Па першасную матывацыю ’нешта пукатае, шарападобнае’ паказвае і назва бабок (гл.). Інакш гл. папаўка.

Поп 3 ’пер’е цыбулі, часнаку’ (Мат. Гом.). Хутчэй за ўсё да пуп (гл.). Параўн. пупо́к ’калок, які мацуецца да касся’ (Жд. 3, Мат. Гом.), пупо́к ’зашпілька з кавалачка дрэва’, іншыя назвы для гэтай рэаліі цу́рка, па́лачка (ЛА, 4), пупны ’адросткі пер’яў’ (ЛА, 1), параўн. яшчэ ду́дкі, тру́бкі, па́лкі (ЛА, 1). Сюды ж, відаць, укр. піп ’вертыкальна пастаўленая цурка’, рус. поп ’цурка ў гульні, якую збіваюць палкамі’, ’прадмет, які стаіць старчаком’, попы́ ’гарадкі’, балг. по́пак, по́пок, по́пък ’пень’, по́покь, по́пук ’пуп’, чэш. popek ’жалезны калок для рэгуляцыі глыбіні арання’. Магчыма, ранейшае значэнне пуп ’прадаўгаваты кавалак пупавіны, які пакідаюць пры яе пераразанні’ > ’адсечаны кавалак дрэва, цурка, калок’ > ’старчак, цурубалка’. Параўн. пуп (гл.). Фасмер (3, 327) лічыць этымалагічна тоеснымі поп ’цурка’ і поп ’святар’, але не дае матывацыю. Паводле Будзішэўскай (SFPS, 26, 119–122), балг. поп ’слуп, на які апіраецца верх страхі’ — у выніку замены першапачатковага *dědъ ’тс’ пад уплывам хрысціянства (гл. поп 1); паводле БЕР (5, 522), выводзіцца з попник, попницъ ’тс’ ад *pьnǫ, pęti, гл. пяць, што сумнеўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)