Поп1 ’праваслаўны святар’ (ТСБМ), ’святар’ (ТС); укр. піп, рус. поп, балг. поп, с.-харв. по̏п, славен. pòp, чэш., славац., польск., в.-луж. pop, палаб. püöp ’святар; настаўнік’. Са ст.-польск. pop < ст.-в.-ням. pfaffo ’святар; поп’ < познелац. papa ’тс’ < лац. papas ’настаўнік’ < грэч. πάππος ’дзед, продак’ (Фасмер, 3, 327; Чарных, 2, 56). Банькоўскі (2, 698) адмаўляе сувязь з апошнім, мяркуючы, што першапачаткова назва адносілася да паганскага святара, параўн. поп ’снегавік’ (ТС).

Поп2 ’адуванчык, Taraxacum’ (Мат. Гом.), папо́к, пупо́к ’тс’ (Кіс.), папы́, папкі́, папа́ўка ’нівянік, Leucanthemum (Кіс.), папы́, папакі́ ’скабіёза, Scabiosa’ (Кіс., ЭПБ), папкі́, по́пікі ’паўночнік, Knautia’ (Касп., Кіс.), папо́ўнік ’пірэтрум, Pyrethrum’ (ЭПБ), ’вятроўнік, Filipendula’ (Касп., Кіс.), ’баркун, Melilotus’ (Кіс., ЭПБ), папо́к ’канюшына, Trifolium’ (Бяльк.). Найбольш імаверна, названы гэтыя расліны так паводле вонкавага выгляду іх суквеццяў ад пуп (гл.) з пераходам у > o/а, параўн. яшчэ бел. пуп ’бацюшка’ (ЖНС), што, магчыма, звязана з уплывам лексемы поп (гл. поп1) і магло прывесці да ўзнікнення такіх назваў, як ксёндз ’адуванчык’ (Кіс.). Параўн. яшчэ рус. пупо́к ’кветкавая галоўка’, пуповник ’расліна, Scabiosa arvensis’, пупавка ’рамонак’, попо́к ’упрыгожанне спінкі ложка ў выглядзе шарыка’. Польск. pępawa ’адуванчык’. Банькоўскі (2, 538) таксама ўзводзіць да *pǫp‑ava < *pǫp ’пуп’. Па першасную матывацыю ’нешта пукатае, шарападобнае’ паказвае і назва бабок (гл.). Інакш гл. папаўка.

Поп3 ’пер’е цыбулі, часнаку’ (Мат. Гом.). Хутчэй за ўсё да пуп (гл.). Параўн. пупо́к ’калок, які мацуецца да касся’ (Жд. 3, Мат. Гом.), пупо́к ’зашпілька з кавалачка дрэва’, іншыя назвы для гэтай рэаліі цу́рка, па́лачка (ЛА, 4), пупны ’адросткі пер’яў’ (ЛА, 1), параўн. яшчэ ду́дкі, тру́бкі, па́лкі (ЛА, 1). Сюды ж, відаць, укр. піп ’вертыкальна пастаўленая цурка’, рус. поп ’цурка ў гульні, якую збіваюць палкамі’, ’прадмет, які стаіць старчаком’, попы́ ’гарадкі’, балг. по́пак, по́пок, по́пък ’пень’, по́покь, по́пук ’пуп’, чэш. popek ’жалезны калок для рэгуляцыі глыбіні арання’. Магчыма, ранейшае значэнне пуп ’прадаўгаваты кавалак пупавіны, які пакідаюць пры яе пераразанні’ > ’адсечаны кавалак дрэва, цурка, калок’ > ’старчак, цурубалка’. Параўн. пуп (гл.). Фасмер (3, 327) лічыць этымалагічна тоеснымі поп ’цурка’ і поп ’святар’, але не дае матывацыю. Паводле Будзішэўскай (SFPS, 26, 119–122), балг. поп ’слуп, на які апіраецца верх страхі’ — у выніку замены першапачатковага *dědъ ’тс’ пад уплывам хрысціянства (гл. поп1); паводле БЕР (5, 522), выводзіцца з попник, попницъ ’тс’ ад *pьnǫ, pęti, гл. пяць, што сумнеўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)