Кро́сны (кро́сна) ’ткацкі станок’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Нар. сл., Выг., Маш., Федар., Мядзв., Гарэц., Дзмітр., Рам., Жыв. сл., Нік. Очерки, Шпіл. Путешеств., Нар. словатв., Сержп. Пр., Нар. лекс., Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах., Нас., Ян., Шат., Мат. Гом.). Укр. кросно, кросна, рус. кросно, кросна ’тс’, балг. кросно, макед. кросно, серб.-харв. кро̏сна, славен. krósna ’тс’, польск. krosna, чэш. krosna, славац. krosna, в.-луж. krosna, палаб. krosn ’тс’. Прасл. krosno, krosna ’драўляная рама як козлы або ткацкі станок’. Словаўтварэнне на ‑no, як sukno (< sukati), runo (< ruti). Але знайсці адпаведны дзеяслоў на славянскай або балтыйскай моўнай глебе не ўдаецца. Бліжэйшая паралель літ. krãsė ’крэсла’. Мяркуецца, што сюды ж балта-славянская назва крэсла (гл.) (параўн. ст.-прус. creslan і слав. kreslo, якія марфалагічна супадаюць). Гл. крэсла (параўн. Тапароў, К–Z, 182).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Купа́цца1 ’абмывацца, плаваць’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Я руш., Бяльк., ТС, Касп.). Укр. купати, рус. купать, балг. къпя, серб.-харв. ку́пати, славен. kópati, польск. kąpać, чэш. koupati, славац. kupať, в.-луж. kupać, н.-луж. kupaś ’тс’. Прасл. kǫpati не мае этымалагічна задавальняючага тлумачэння. Вельмі праблематычна сувязь з назвай канапель (параўн. Бернекер, 600), з германскай назвай мора (ст.-ісл. haf) (Якабсон, KZ, 42, 161), з прасл. kǫpa ’звязка’ і інш. Здаецца, што прыведзеная вышэй этымалогія купалы пралівае святло і на гэты тэрмін (гл. купала). Калі дапусціць дублет kupěti/kǫpati (параўн. аб такіх дублетах: Брукнер, KZ, 42; Лер-Сплавінскі, Studia; Слаўскі, SO, 18), можна звесці купаць (у адрозненне ад мыць) да першапачатковага ’ачышчацца агнём’. Пакуль што, аднак, гэта этымалогія вельмі праблематычная.

Купа́цца2 ’пералівацца, зіхацець (пра сонца)’ (ТС). Параўн. купець (гл.) і купіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Куры́ць1 ’пыліць, дыміць; удыхаць і выдыхаць дым якога-небудзь рэчыва, пераважна тытуню’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., ТС, Бяльк., Сцяшк., КЭС, лаг., Сержп., Пр., Янк. Мат., Шатал.). Укр. курити, рус. курить ’тс’, ст.-слав. коурити сѧ ’дыміць’, балг. курна ’запаліць’, серб.-харв. ку́рити ’паліць агонь у печы, тытунь’, славен. kúriti ’раскладваць агонь, дыміць, курыць’, польск. kurzyć się ’дыміць, гарэць; пыліць’, чэш. kouřiti ’дыміць, параваць, пыліць’, славац. kúriť ’паліць печ’, kúriť sa ’дыміць’, в.-луж. kurieć н.-луж. kuriś ’тс’. Прасл. kuriti мае паралелі ў балтыйскіх мовах: літ. kùrti ’раскладваць агонь, паліць’, лат. kur̃t ’тс’. Паралелі ў германскіх мовах (гоц. haúri ’вугаль’, ст.-ісл. hyrr ’агонь’) канчаткова пацвярджаюць першаснасць значэння ’паліць агонь’ (Бернекер, 651–652; Траўтман, 145; Фрэнкель, 319).

Куры́ць2 ’ехаць або бегчы хутка’ (Нас., ТС, Ян.). Запазычанне з літ. kùrtí ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лані́ты ’шчокі’ (слуц., клец., Жд. 1) і ў літар. мове ўстар. паэт. ’тс’ (ТСБМ). Бел.-паўд.-слав. ізалекса (Цыхун, БЛ, 5, 50). Параўн. славен. рэзьянск. laníta, серб.-харв. чак. lȃnita, макед., балг. радоп. лани́та, ла́нта ’тс’. Рус., укр. лани́ты, лани́та — са ст.-слав. ланита ’тс’. Прасл. ol‑n‑ita ’сагнутая частка цела’ (а ў Слаўскага, 4, 460 і ol‑n‑itva > толькі польск. łanitwa ’палазы саней’) — роднаснае да ст.-грэч. ὠλένη ’локаць’, лац. ulna ’ніжняя частка рукі, локаць’, гоц. aleina, ст.-в.-ням. elina, брэт. ilin ’локаць’, ст.-інд. āṇíṣ ’выгіб’, ’загваздка’. Фасмер (2, 457) у ліку славянскіх паралелей падае і чэш. lanitva ’шчака, твар’, якое, аднак, Махэк₂ (320) выводзіць з герм. *an[t]vīlta (> ням. Autlitz). Раней аб olnita пісалі таксама Лідэн, Arm. St., 1906, 127–129; Покарны, 307–308).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́йка1 ’прыстасаванне ў выглядзе конуса для пералівання і фільтравання вадкасці’, ’палівачка’, ’чарпак для вылівання вады’ (Бяльк., Касп., Яруш., Гарэц.; лях., Сл. паўн.-зах., ТСБМ). Укр. лі́йка, рус. ле́йка, польск. lej, ст.-польск. lej (XIV ст.), lejek, lij, lijek, н.-луж. lějk, lejk, в.-луж. lik, чэш. lejík, lejček, славен. lȋj, lijec, серб.-харв. чакаўск. лиј, леј, істрыйск. ли̏јак, lȉjevak ’тс’. Магчыма, яшчэ прасл. lějь, lějьkъ — спачатку як nomen agentis, а пазней nomen instrumenti (параўн. іншыя ўтварэнні з тым жа коранем: каш. ledło ’лейка’, в.-луж. lijidło ’адліўка’, рус. лия́ло ’адлівачная форма’). Утворана ад леяць (гл.), якое з прасл. lějati (Слаўскі, 4, 119–120).

Ле́йка2 ’вылівак’ (стаўб., Нар. сл.; карэліц., З нар. сл.). Відавочна, паходзіць з е́як < *левак < вылівак; другая частка слова ‑йка — у выніку кантамінацыі з лексемай яйка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бук1 ’дрэва Fagus’. Рус. бук, укр. бук, польск. buk, чэш. buk, балг. бук, серб.-харв. бӳк. Параўн. таксама ц.-слав. боукы, серб.-харв. бӳква, славен. búkev, bȗkva, ст.-чэш. bukev ’бук’ і г. д. Старое славянскае запазычанне з германскіх моў. Параўн. гоц. bōka, ст.-ісл. bók, ст.-в.-ням. buohha, якія роднасныя лац. fāgus, грэч. φηγός (гл. пад бузіна́). Падрабязней гл. Фасмер, 1, 234–235 (там і літ-ра).

Бук2 ’месца, куды падае вада з млынавая кола, ад чаго дно робіцца глыбокім’ (Яшкін), ’назва шырокіх і глыбокіх месцаў на рацэ, глыбокае месца на возеры, яма’ (КЭС), бу́ка ’глыбокае месца ў рацэ’ (Яшкін). Параўн. рус. дыял. бук ’глыбокае месца пад колам млына; глыбокае месца ў рацэ, вір’, бу́ко́ви́ще ’тс’, бу́ковище ’абвал, абрыў’. Бясспрэчна, ад гукапераймальнага дзеяслова *bukati. Параўн. бу́кта, бу́хта2, буко́та2, бу́чаё.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́ка ’века; павека’. Ст.-рус., ст.-слав. вѣко ’павека’, рус. ве́ко ’павека; розныя віды кошыкаў; вобад сіта або рэшата’, укр. ві́ко ’накрыўка скрыні, дзяжы і да т. п.’; ’павека’, польск. wieko ’накрыўка’, чэш. víko ’тс’, славен. véko, véka ’павека’. Прасл. *věko ’века; павека’ (< *vēko). Роднасныя: літ. vókas ’павека; накрыўка’, лат. vâks ’накрыўка’ (балт. словы адлюстроўваюць старое *vāk‑; параўнальна з слав. формамі тут іншы вакалізм, але чаргаванне ē : ā назіраецца і ў іншых выпадках). Магчыма таксама, што балт. мовы захоўваюць стары вакалізм, а слав. *věko (замест *vako) развілося пад уплывам слав. *vědi̯a ’павека’ (ст.-рус. вѣжа, ст.-слав. вѣжда ’тс’, балг. ве́жда, серб. ве̏ђа ’брыво’). Гл. Траўтман, 347–348; Фасмер, 1, 286. З прэфіксам *po‑ ўтворана слав. *po‑věka ’павека’, з прэфіксам *ob‑*ob‑věko (> *oběko + розныя суфіксы) ’абечайка’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́рах ’куча зерня або гною’ (Выг. дыс.); ’куча прысыпанай зямлёй бульбы’ (Ліс.); ’шум, шорах’ (Нас.); ’страх, дрыжыкі’ (Касп.), во́рашна ’страшна’ (Касп.), во́рахам (расці) ’кучай’ (З нар. сл.); ’куча’ (Шатал.). Рус. во́рох ’куча, груда’, укр. во́рох ’тс’, рус. ц.-слав. врахъ ’ворах’, балг. врах ’ток; снапы, якія прызначаны для абмалоту’, польск. zawroch ’мяцеліца, віхар’. З другой ступенню вакалізму: рус.-ц.-слав. вьрху, врѣшти ’малаціць’, балг. връха ’малачу’, славен. vršíti ’вытаптаць снапы скацінай’. Роднаснымі з’яўляюцца лат. vârsms ’хлеб, які прызначаны для абмалоту’; ’ворах правяленага зерня’, лац. verrō, ‑ere ’валаку, мяту’ (з *versō), грэч. ἔρρω ’з цяжкасцю хаджу, цягнуся’, ст.-в.-ням. wërran ’путаць’ (Вальдэ₂, 283; Траўтман, 362; Эндзелін, IF, 33, 126; Выгонная, Лекс. Палесся, 86). Магчыма, vьršiti звязана з і.-е. назвай вала (ст.-інд. vr̥ṣaḥ і інш.). Параўн. вол (Мартынаў, вусн. паведамл).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́страў (БРС, КТС, Касп., Яруш., Яшк.), во́страва ’поле паміж лугамі’ (Яшк.). Рус. о́стров, укр. о́стрів, ст.-рус., ст.-слав. островъ ’востраў’, польск. дыял. ostrów ’участак поля пасярод сенажаці’, каш. ostróv ’узвышанае месца на полі або на сенажаці’, чэш., славац. ostrov, балг. о́стров, серб.-харв. о̏стрво, славен. ostróv, в.-луж. wotrow, н.-луж. wótšow, палаб. våstrüʼv. Прасл. o‑strovъ ’тое, што абцякаецца, рачны востраў’. Да струмень (гл.). Роднаснымі з’яўляюцца літ. sravà ’цячэнне, крывацёк’, prasrava ’цячэнне вады’, лат. stràva ’цячэнне’. З іншай ступенню вакалізму: літ. srovė̃, strovė̃ ’цячэнне’, лат. stràva, strāve ’тс’, усх.-літ. sraujà, ст.-інд. girisravā ’горны паток’ (Міклашыч, 318; Траўтман, 279 і наст.; Фасмер, 3, 165). Параўн. у семантычных адносінах серб.-харв. ȍtok ’востраў’. Асаблівасці семантыкі слова востраў у бел. мове гл. Талстой, Геогр., 116 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вось1 (БРС, Нас., Гарэц., Касп., Бяльк., КЭС, КТС). Рус. ось, укр. вісь, род. скл. воси, ст.-рус., ц.-слав. ось, балг. ос, серб.-харв. о̑с, славен. ȏs, род. скл. osȋ, чэш., славац. os, польск. , в.-луж. wóska, н.-луж. wós, палаб. vüs. Генетычна тоеснымі да славянскіх форм з’яўляюцца літ. ašìs ’вось’, лат. ass, ст.-прус. assis, ст.-інд. ákṣaḥ м. р., авест. aša‑, лац. axis, ірл. aiss ’павозка’, грэч. ἄξων ’вось’, ст.-в.-ням. ahsa ж. р. ’вось’ (Траўтман, 14 і наст.; Праабражэнскі, 1, 667; Фасмер, 3, 168; Майргофер, 1, 16).

Вось2 выкл. (БРС, Нас., Яруш., Гарэц., КЭС, Шат.), вося (Нас.). Рус. восе, ст.-рус. восе ’тс’. З во (гл.) і се ’вось, гэта’ (Фасмер, 1, 356). Сюды ж і вось ’потым’ (Жд., 1); параўн. рус. во́сеть ’нядаўна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)