Пла́та1 ’выплата, узнагарода за працу, службу ці за атрыманую рэч’, ’грашовая кампенсацыя’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Варл., Сцяшк. Сл.), укр. пла́та, рус. пла́та, польск. płaca (< *plat‑ja) ’від аплаты ў судзе’ (XV ст.), пазней ’плата за працу’, старое płata ’аплата’, в.-луж. płata ’плата, плацеж’, чэш. pláce, plat, славац. pláca, plat, славен. plȃt узнагарода’, pláča ’жалаванне’, серб.-харв. пла́та, пла́ћа ’плата, заробак’, макед., балг. плата ’тс’. Прасл. *plata, *platja, утворанае ад *platiti (Банькоўскі, 2, 615), якое ад *platъ > плат1 (гл.), было запазычана ў прагерм. мову (Мартынаў, Язык, 23–24). Паводле Фасмера (3, 274), ад *plata ўтворана *platiti.

Пла́та2 ’гатунак са скуры каніны’ (Касп.), рус. дыял. плат ’моцная скура для ботаў, якая не прапускае ваду’, польск. płat ’кавалак скуры’. Развіліся з плат1 (гл.) ’кавалак палатна’. Канец слова — пад уплывам ску́ра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)