Жа́гва ’грыб Piptoperus або іншыя з сям’і Polyporaceae, губа; трут’ (бяроз., Шатал.; тураў., КСТ). Польск. żagiew ’грыб Polyporus’; параўн. рус. кастр., уладз., маск. жа́гра, жагара ’тс’ (СРНГ, Іванова), серб.-харв. же̑г ’трут’. Паводле Міклашыча (406), польск. (і славац. žahev, якое, аднак, не пацвярджаецца SSJ і Калалам) і рус. словы ўзыходзяць да слав. кораня *žeg‑. Гэта прымаюць Брукнер, 664; Фасмер, 2, 32–33. Гараеў (105) побач з гэтым прыводзіць балт. паралелі са значэннем ’галлё’ (гл. жага́ры), а Праабражэнскі (1, 220) адзначае няяснасць утварэння. Бел. і польск. формы ўказваюць на прасл. аснову на *ū (параўн. Бернштэйн, Чередования, 232–234, дзе шэраг прыкладаў назваў раслін на *‑ū: *bruky, *bъty, *klʼuky, *bolgy ’баравік’ і інш.). Этымалогія і словаўтваральная мадэль слоў на *‑ū часта няясныя, шэраг з іх запазычаныя (*pigy, *bruky, *tyky), ёсць і аддзеяслоўныя (*stęgy ’раменьчык для абутку’ і інш.). Лучыц-Федарэц (Бел.-польск. ізал., 80–81) лічыць, што бел.-польск. паралель (Тарнацкі, Studia, к. 77) адлюстроўвае ўплыў балт. словаўтваральнай мадэлі (літ. degtùvas ’запал, запальнік’ пры dègti ’паліць’), што не зусім пераканаўча, бо не тлумачацца шляхі і магчымасці такога ўплыву. Паколькі пашырэнне слова паўн.-слав., магчыма, трэба ўлічыць рус. чага ’жагва’ < комі тшак ’тс’ (Фасмер, 4, 310; Мацвееў, Финно-угор. заимствования, 37), хаця слова вядома і на Палессі (Ніканчук, Матеріали, 62), а таксама суадносіны č — s у фіна-ўгор. мовах (Основы финно-угорского языкознания, 122–124) пры пошуку крыніцы слав. кораня. Няясна. Ст.-бел. жакгва, жакгев ’галавешка, факел’ < польск. żagiew ’тс’ (Булыка, Запазыч., 112).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плю́ска 1 плюска́ ’шалупіны, абгортка з лісцяў вакол асновы плода, або ўвесь плод’ (ТСБМ, Нас.), ’мякіна’, ’плеўка, шалупінне насення’ (Нас.), плю́сквы ’шалупіны з аўса’ (паст., Сл. ПЗБ), плю́скі, плю́склы, плюшча́к ’недабраякаснае насенне’ (ельск., брагін., акц., Мат. Гом.), сюды ж: плюскачы́ ’яшчэ не паспелыя семачкі гарбуза’ (жытк., Нар. сл.); параўн. рус. наўг. плюски ’аўсянае шалупінне’, плюсёнки ’тс’, ’аўсяныя шматкі’, алан. плюсе́нь ’бацвінне рэпы, бруквы, рэдзькі, бульбы’; стараж.-рус. плюска ’шапачка жолуда’, серб.-харв. пљу̏скавице ’шалупіны’, балг. плюски ’боб ці гарох з малымі зярнятамі, малады боб або гарох’. Паводле Трубачова (Этимология–1968, 264), узыходзіць да анаматапеічнай асновы *plʼusk‑ (варыянт *blʼuzg‑), якая выкарыстоўваецца для абазначэння шалупіння, кажуры, струпоў, параўн. літ. pliùskė ’луска аўсянага зярняці, вотруб’е’, bluzgà ’шалупінне, мякіна’, blùzgana ’перхаць на галаве’, лат. blàuzgna ’тс’, plauskas, pluzganas ’шалупінне’, параўн. пляваць/бляваць. Сюды ж, відаць, нарв. дыял. flos, flus(k) ’шалупінне; перхаць у галаве’. Махэк (464) узводзіць рус. плюска́ ’ніжняя частка кветкі, шапачка жолуда’ да зыходнага плюха (гл.), насуперак Гаўлавай (Etym. Brun., 1, 23). Борысь, Папоўска–Таборска (ZPSS, 10, 26) каш. plëščka, pluščka ’плоскі недаспелы стручок’ выводзяць з прыметніка *pljuskъ ’плоскі’, узнятага пад уплывам гукапераймальнага *pljuskati (гл. плюскаць), бо ўдар робіць прадмет плоскім. Гл. плю́шчыць ’рабіць пляскатым’.

Плю́ска 2, плю́сква, плю́скла ’клоп, Acanthia lectularia’ (Бес.; астрав., воран., свісл., Сцяшк. МГ; Сержп. Грам.; Сл. ПЗБ; карэліц., Шатал.; Жд. 2; Скарбы), ст.-бел. плюска, плюсква ’тс’ (XVII ст.) — са ст.-польск. pluskwa, pluska ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 143), якія, паводле Банькоўскага (2, 613), узыходзяць да plusk, pluskanie < прасл. *plʼuskati > бел. плю́скаць 3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скару́па ‘шкарупа, струп’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘шкарупіна’ (Ласт.), скору́па ‘шарпак’ (беласт., Сл. ПЗБ), скару́ба ‘тс’ (там жа), скару́пка (Нас.), ‘скурка, шкарлупка’ (Ласт.), ‘струпок’ (Байк. і Некр.), скару́пнуць ‘пакрывацца струпам; засыхаць, пакрывацца як бы карою (гаворыцца аб нечым мяккім)’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. скорупа, шкорупа ‘чарапок’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. шкарупа, шкарлупіна. Ст.-бел. скорупа, шкорупа з ст.-польск. skorupa, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 103; яшчэ раней такую думку выказаў Карскі (Белорусы, 149). Пытанне аб паходжанні слоў з ‑б‑ і ‑п‑ застаецца да канца не высветленым. Яны несумненна суадносяцца з прасл. *koruba/*korupъ. Трубачоў (ЭССЯ, 11, 105) на падставе ко́руп ‘скінутая гадзюкай ці вужом скура ў час лінькі’ (шальч., Сл. ПЗБ) узнаўляе прасл. *korupъ, на фоне якога формы з ‑b‑ разглядаюцца як другасныя, узнікшыя ў выніку азванчэння (“аслаблення”) першапачатковага ‑p‑, параўн. серб. кору̀пина ‘кара, кажура, шалупінне’, макед. корупка ‘скурка, кажура, шкарлупа’ і інш. У сувязі з гэтым пытанне аб запазычанні з польскай уяўляецца спрэчным, паколькі гэтыя словы ўзаемадзейнічаюць з блізкімі па семантыцы кантынуантамі прасл. *skorolupa (гл. шкарлупа). Адсутнасць паўнагалосся Карскі (1, 255) тлумачыў недастаткова высветленымі акцэнтнымі прычынамі або пропускам ненаціскнога галоснага. Прасл. *skorupa (побач з *skorupъ, *skorъpa) узнаўляецца на падставе ўкр. шкору́па ‘цвёрдая скарынка на зямлі’, польск. skorupa ‘шкарлупіна, панцыр, чарапок, цвёрдая абалонка зямлі, шарпак’, чэш. дыял. škorupa, škorapa ‘тс’, славац. дыял. skorupa, škorupa, в.-луж. skorpawa, škorpawa ‘шалупіна, скурка, кара’, н.-луж. škórpina ‘тс’, серб.-харв. ско̏руп ‘плёнка на гарачым малацэ’ (гл. Сной у Бязлай, 3, 246–247).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Твар ’пярэдняя частка галавы чалавека’, ’індывідуальнае аблічча, выгляд’ (ТСБМ, Ласт.), ’фізіяномія’ (Байк. і Некр., Касп., Федар. 4, Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Вруб., ЛА, 3), тварь ’тс’ (Нас.), тва́ра ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), тва́рына ’аблічча’ (там жа), твар м. р. ’тс’, ж. р. ’стварэнне’ (ТС), тварь ж. р. ’тс’ (Бяльк.), твар ’воблік, від’ (Гарэц., Некр. і Байк.), тва́рычка ’тварык’ (Нас.), тва́рышча ’пыса, морда’ (Нас.), тварю́ка ’стварэнне, пачвара’ (Растарг.), ст.-бел. тварь ж. р. ’фізіяномія’: тварь збита (XVI ст., Карскі 2–3, 21), твар, тварь ’тс’; ’індывідуальнае аблічча, выгляд’ (канец XV ст.). Укр. твар ’жывое стварэнне’, старое ’аблічча’, рус. тварь ’жывое стварэнне’, стараж.-рус. тварь ’стварэнне’; ’істота’; ’сусвет’; ’выраб; убор’, польск. twarz ’твар’, н.-луж. twaŕ ’будаўнічы лес, будынак’, в.-луж. twar ’вулей’, чэш. tvář ’шчака; твар’, славац. tvár ’твар; воблік’, славен. tvar ’рэчыва, матэрыял’, серб.-харв. тва̑р ’рэчыва, стварэнне’, балг. твар ’жывое стварэнне’, макед. дыял. твар ’выраз твару’, ст.-слав. тварь ’стварэнне, істота; прырода’, выгляд’. Да прасл. *tvarъ ж. р., якое звязана з *tvoriti агульным праславянскім коранем *tvor‑/*tvar‑ (Фасмер, 4, 31; Чарных, 2, 231; Шустар-Шэўц, 1562–1563; Бязлай, 4, 252; Борысь, 656; Длугаш-Курчабова, 506–507), гл. тварыць. Заслугоўвае ўвагі меркаванне Карскага (2–3, 21) пра запазычанасць формы твар ж. р. ’пярэдняя частка галавы чалавека’ з польск. twarz (гл. таксама Булыка, Лекс. запазыч., 128), якое само лічыцца запазычаным з чэш. tvář ’аблічча, твар’, што, магчыма, калькуе адносіны лац. facere — facies; гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 402.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́нтух ’вялікі мяшок’ (Гарэц., Др.-Падб., Шн. 2, Інстр. 3), лантуг ’тс’ (Бяльк.), ланту́х ’аплецены з вяровак дарожны мех для сена каню’ (мядз., Нар. сл., Сл. паўн.-зах.), ла́нту́х ’жывот, бруха, пуза’, ’вантробы, унутранасці’, ’частка вантробаў’ (Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Юрч.; слонім., Нар. словатв.), драг. ’вялікі жывот’, глыб., паст., гродз., лельч. ’тоўсты, непаваротлівы, трыбухаты чалавек’, ’гультай’, ’неахайны’ (Сл. паўн.-зах., Нар. сл., З нар. сл., Нар. лекс., КЭС, лаг.), лантушок, лантухі, лынтухі, ланту́шша ’ўнутранасці’ (Нас., Яруш., Юрч., Бяльк.), лях. ’коўдра, посцілка’ (Янк. Мат., Сл. паўн.-зах.). Укр. лантух ’посцілка для ссыпання ў яе збожжа’, ’вялікі мех’, рус. дан., паўд.-рус. ’мешкавіна’, ’мех’, бран., смал. ’страўнік жывёл’. Паралелі заходнеславянскіх моў сведчаць пра тое, што кожнае запазычанне адбывалася самастойна: польск. łantuch ’ануча’ < wańtuch ’грубае палатно’ < ням. Wagentuch (Брукнер, 601; Слаўскі, 4, 464), чэш. (і славац.) lajntuch ’прасціна’ < ням. Leintuch (< Lein ’лён’ і Tuch ’сукно’ (Голуб-Ліер, 279). Рус. лантух, паводле Фасмера (2, 458), паходзіць з ням. Plantuch, Blahentuch (< Plane ’брызент’ ці Blahe ’парусіна’) або, магчыма, з ням. Leintuch ’палатно’. У бел. мове лантух (< ням. Leintuch) першапачаткова азначала ’коўдра, посцілка’. У посцілцы маглі насіць сена, засцілаць салому, на якой спалі, сядзелі на возе, пасля значэнне развіваецца ў напрамку: ’мяшок, у які напіхвалі сена, салому (сяннік)’ > ’мех, вялікі мех’, параўн. ст.-бел. вантухъ (Булыка, Лекс. запазыч., 153) > ’пяхцёр’, параўн. віл., рагач. рапту́х, рэптух (Сл. паўн.-зах.). Пазней шляхам пераносу значэння з’явіліся ’жывот, трыбух; унутранасці’ > ’гультай’. Чартко (Бел. лінгв. зб., 149) бел. лантух ’чалавек, жывёла з тоўстым жыватом’ выводзіць са ст.-бел. вантухъ ’тоўстая посцілка’, якое з с.-в.-ням. Wagen ’воз’, tuoch ’сукно’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́жыт ’насмарк’ (драг., Жыв. сл.), нэ́жыць, ныжы́д ’тс’ (брэсц., Сіг.; Мат. Брэст.), нёжыт ’высыпка на целе ў дзіцяці’ (петрык., Шатал.), нежы́тоўка ’вялікая скула’ (лунін., Шатал.); ’скула, скулка’ (ТС), укр. не́жит, не́жить, не́жид ’насмарк’, рус. не́жить ’сукравіца’, не́жид ’насмарк; сукравіца ў нябожчыкаў’, польск. nieżyt ’катар; боль; нарыў’, чэш. nežit, neżid ’фурункул’, серб.-харв. neżit, neżid ’абсцэс у вуху’, neżić ’тс’, балг. нежит ’запаленне дзёснаў’, не́жет ’рана на дзёснах, рана на вымені’ (радоп.). Шырокае распаўсюджанне сведчыць аб праславянскім паходжанні слова; звычайна разглядаецца як вытворнае ад *žiti ’жыць’, параўн. Махэк2, 393, які на падставе чаргавання ži‑/goi‑ (параўн. зажыць≈загаі́цца, аб ране) выводзіць зыходнае значэнне ’язва, якая не гоіцца’; формы з -d тлумачацца ад’ідэацыяй да žid (жыд); Скок, 3, 682 лічыць слова аднаго паходжання з фальклорным nežitak ’чорт, злы дух, які пасяляецца ў галаве’, адкуль і назва хваробы; параўн. таксама паўночнарускую агульную назву нячыстай сілы — не́жить (гл. Черепанова, Мифол. лексика рус. Севера. Л., 1983, 67). Прынцыповую магчымасць такіх утварэнняў дэманструе не́жыцё ’ліхая доля, кепскае жыццё’ (слонім., Нар. словатв.), серб.-харв. nežitak ’неспакой, хваляванне, сварка’ і пад. Разам з тым нельга не звярнуць увагу на блізкасць да разглядаемых слоў літ. niežas ’сверб’, niežai ’кароста’, niẽžė́ti ’cвярбець, часацца’, man nosi niẽzė́ti ’ў мяне свярбіць нос’ і г. д., параўн. балг. радоп. нежети са ’загнойвацца (пра рану)’, тлумачэнне Герава да назвы хваробы нежит: «дзёсны зубоў робяцца чырвонымі і свярбяць» (Гераў, 6, 228, 314). З улікам гэтага збліжэнне з *živeti можа мець народнаэтымалагічны і другасны характар. На гэтым фоне спроба вывесці ст.-бел. нежитъ ’катар, фурункул’ (з 1517 г.) са ст.-польск. nieżyt ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 130) здаецца непераканальнай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Байра́к 1 ’сухое рэчышча ў яры’ (Яшкін), таксама буйра́к (ст.-бел. байрак ’сухое рэчышча’, з XVII ст.; Булыка, Запазыч.). Рус. баера́к, буера́к, байра́к, боера́к, бара́к ’яр, роў і г. д.’, укр. байра́к, байра́ка ’лясок у яру і г. д.’ Відаць, запазычанне з цюрк. моў: тур. bayir ’узгорак, грудок, схіл гары (парослы дрэвамі)’, карай, bajrak ’гара, узгорак’. Гл. Фасмер, 1, 104, 231 (там і агляд літ-ры). Аб далейшым развіцці значэння гэтага слова гл. пад байра́к 2.

Байра́к 2 ’месца, зарослае бур’янам’ (Булг.). Мабыць, вынік дэградацыі геаграфічнага тэрміна байра́к (гл. байра́к 1) на беларускай тэрыторыі (аб магчымых прычынах гл. пад байра́к 3). Але параўн. і польск. дыял. baraki ’густыя зараснікі’.

Байра́к 3 ’дрэннае, пустое’ (Мат. конф. МГПИ, 1966, 10: Адна́ хво́я до́бра, смалі́ста, друга́я — байра́к). Як відаць з кантэксту, справа ідзе аб дрэнным дрэве. Параўн. польск. bajrak ’кручкаватая сасна’. Відаць, рэзультат дэградацыі слова байра́к ’яр’ (гл. байра́к 1). Развіццё семантыкі: ’яр, яр з лесам, борам’ → ’лес, бор’ → ’дрэвы пэўнага выгляду’ (адносна хістання значэння ў слове байра́к гл. Талстой, Геогр., 101). Паколькі Беларусь і Польшча знаходзяцца на перыферыі пашырэння геаграфічнага тэрміна байра́к, то там лёгка развіваюцца другасныя, пераносныя значэнні.

Байра́к 4 ’склеп’ (Мат. конф. МГПИ, 1966, 10). Відавочна, трансфармацыя слова бара́к ’барак’ (да фанетыкі параўн. рус. дыял. байрак ’бальнічны барак’).

Байра́к 5 ’благі чалавек’ (Булг.). Няяснае слова. Можна думаць пра запазычанне з цюрк. моў. Параўн. укр. дыял. байра́к ’сабака-аўчарка’ (< тур.), балг. бара́к ’лахматы сабака або чалавек; брудны чалавек’ (< тур. barak, гл. Макарушка, Словар, 4; БЕР, 1, 33). Аднак, магчыма, ёсць сувязь і з байра́к 3 (’дрэннае дрэва’ → ’дрэннае, пустое’ → ’дрэнны чалавек’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пан ’уладальнік маёнтка, памешчык (у дарэвалюцыйнай Расіі і ў капіталістычных краінах; асоба, якая належала да прывілеяваных (чыноўных, арыстракратычных) слаёў грамадства дарэвалюцыйнай Расіі’. Па́ни, пане́нка, па́ня, па́нскі, па́ні‑ма́тка, панава́ць, па́ніцца ’жыць па-панску, гультайнічаць’. З польск. pan ’тс’, як і рус. і ўкр. пан (Кюнэ, Poln., 84). Ст.-бел. панъ ’пан, памешчык, бог’ (1340 г.) < ст.-польск. pan; пани (пания, панья, паня ’пані’ (пач. XV ст.) < ст.-польск. pani (Булыка, Лекс. запазыч., 21). Слова зах.-слав. арэалу: польск., в.-, н.-луж. pan, чэш., славац. pán, ст.-чэш. hpán. Паводле Фасмера (3, 195), узыходзіць да *gъpan і звязана чаргаваннем са ст.-рус. жупанъ ’кіраўнік акругі’. У іншых і.-е. мовах параўноўваюць са ст.-інд. gōpā́s ’пастух, вартавы’, gōpyáti, gōpayati ’ахоўвае, засцерагае’, gōpanam ’ахова’, грэч. γυπή κοίλωμα γῆς, нов.-в.-ням. Koben ’свінарнік’ (Гуйер, LF, 31, 105 і наст.; Младэнаў, 410). Брукнер (393) разглядае ст.-чэш. hpán як скарачэнне з županъ; апошняе ён лічыць аварскім элементам; супраць Фасмер (там жа). Махэк₂ (431) і Голуб-Копечны (263) тлумачаць panъ як карэлят м. р. да panьji, якое з *potnī — утварэнне ж. роду ад і.-е. pot‑ ’пан’. Трубачоў (Этимология, 1965, 73 і наст.) крыніцу слав. слова бачыць у ст.-іран. gopān ’пастух, вартаўнік стада’, якое з’яўляецца кампазітам з go‑ ’бык, карова’ і pā — nomen agentis ад pā‑ ’вартаваць’. На такую марфалагічную структуру і.-е. паралеляў яшчэ раней указваў Пізані (Paideia, 10, № 4, 1955, 262). Вялікую семантычную дыстанцыю Трубачоў тлумачыць дастаткова высокім становішчам пастуха ў жывёлагадоўчым грамадстве. Гл. яшчэ агляд літаратуры ў Трубачова, История терм., 184.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуздро́ (пуздрё) ’мачавая машонка ў коней’ (Нас.), мн. л. пу́здра ’пазушныя поласці’ (ТС), пуздра ’ноздра, храпа’: конь пу́здры раздуў, ’тоўсты чалавек’ (Бяльк.), ст.-бел. пуздро ’скрынка’ (< польск. pūzdro, Булыка, Лекс. запазыч., 104), укр. пуздро ’мачавы пухір; машонка ў жывёл; ёмістасць для захавання прыпасаў’, пу́здря ’прышч, пухір’, рус. пуздро ’частка жывата ў жывёлы ніжэй пупа’, пу́здря ’чараваты чалавек’, польск. pūzdro ’машонка ў жывёл’; перан. ’дарожны футарал для захоўвання бутэлек’, славац. pūzdro ’футарал’, чэш. pouzdro ’тс’, славен. puzrovina ’дрэннае, жылістае мяса’, харв. pūzdrą ’penis у жывёл; жылістае мяса’, pūzdro ’частка сарочкі, якая ў малых дзяцей вылазіць праз прарэху штаноў’, серб. пу́здра ’цяціва’; ’penis у жывёл’, балг. пу́здра ’дрэннае поснае мяса, у асноўным з жывата’, макед. пуздра ’жылістае мяса’. Праслав. *puzdro ’машонка; похва’, варыянт *ригьго (Міклашыч, 268) звязваюць з пу́за, пузыр (гл.), ‑d‑ разглядаецца як устаўное, параўн. пузды́р (< пузыр) (гл.), так Брукнер, 449; Праабражэнскі, 1, 151; апошні звяртае ўвагу на паралель у ноздра, параўн. літ. nasrailnastrai ’морда, ноздры’, што адлюстроўвае першасную матывацыю ’наздраватасць, рыхласць’, ’уздутасць’; фармальная сувязь з літ. pautas ’яйка’ і інш. ненадзейная (Фасмер, 3, 403). У святле ўсяго сказавага і па лінгвагеаграфічных прычынах малаверагодна аднясенне пу́здра, пу́здря ’таўсцяк, таўстуха’ (Юрч.) да балтызмаў, параўн. літ. pūzrą ’маленькі, пузаты чалавек, хлопчык; санлівец’, pūzdrą ’хто надуўся’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 126), якія, відаць, запазычаны са славянскіх моў. Праабражэнскі (2, 151), Махэк₂ (476) для чэш. pouzdro, славац., польск. pūzdro ’футарал’ бачаць крыніцу ў гоц. Jodr ’тс’, ст.-в.-ням. fitar, fuotar ’падкладка, чахол, похва’ (сюды ж, відаць, і ст.-бел. пуздро ’скрынка’, а таксама ст.-укр. пуздро, гл. ЕСУМ, 4, 628); гл. таксама Бязлай, 3, 140, насуперак Банькоўскі, 2, 968.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сак 1 ’жаночая вопратка тыпу кароткага прасторнага паліто’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Хрэст. дыял.), ’верхняя жаночая вопратка на ваце’ (ТС), ’верхняя жаночая вопратка кароткага памеру’ (Янк.), ’жаночае адзенне’ (Сл. ПЗБ), ’жаночае паліто’ (Бяльк.). З польск. старога sak ’жаночая прасторная вопратка’, якое, відавочна, як і рус. сак ’прасторны, падобны на мяшок плашч’ запазычаны з франц. sac ’плашч’, першапачаткова ’мех’. Аб рускім слове гл. Фасмер, 3, 546. Гл. наступнае і сачык. Ст.-бел. саакъ, сакъ у значэнні ’мяшок; жаночая вопратка; рыбалоўная сетка; мера мёду’ (XVI ст.) з ст.-польск. sak (Булыка, Лекс. запазыч., 104).

Сак 2 ’рыбалоўная снасць у выглядзе сеткі, нацягнутай на абруч’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сл. ПЗБ), ’рыбалоўная перастаўная пастка, звычайна пазавая’ (Крыв.), сачо́к ’рыбалоўная сетачка, якая прывязана да жэрдкі’ (Нас.). Гл. таксама ЛА, 1, Карта № 333. Агульнаславянскае. Укр. сак ’ручная сетка’, рус. сак ’від рыбалоўнай сеткі’, ’торба для корму ў кавалерыі’, польск., чэш., славац. sak ’кашэль, мех’, в.-луж. sak ’сетка’, серб.-харв. са̏к ’мех для сена’, славен. sàk ’рыбалоўная сетка’, балг., макед. сак ’тс’. Большасць даследчыкаў (Мюлер, BB 1, 279; Міклашыч, 287; Сной₁, 551; падрабязна гл. Фасмер, 3, 546) лічаць запазычаннем з грэч. ςακκος ад ст.-яўр. (фінікійскага) saq ’мех, шарсцяная тканіна, адзежа’ праз нар.-лац. saccus ’мех’ або італ. sacco ’кашальковая сетка’. Са́ква ’торба з кормам у конніцы’ сведчыць аб існаванні формы *saky, ‑ъve, якая наблізілася да слав. асноў на ‑ŭ. Менш верагодным лічыцца запазычанне праз гоц. sakkus ’мех’ (Уленбек, AfslPh, 15, 491) або з лац. sagena праз ням. Sack (Махэк₂, 536). Гл. таксама Шустэр–Шэўц, 2, 1264–1265; БЕР, 6, 423–424.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)