БУЛЫ́КА (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 18.3.1935, в. Селішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мовазнавец. Чл.-кар. АН Беларусі (1994), д-р філал. н. (1981), праф. (1992). Скончыў БДУ (1959). З 1965 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе мову помнікаў стараж. бел. л-ры, старабел. графіку, арфаграфію, фанетыку, марфалогію, лексікалогію і інш.: «Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы» (1970), «Даўнія запазычанні беларускай мовы» (1972), «Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст.» (1980). Аўтар «Слоўніка іншамоўных слоў» (1993), рэдактар і сааўт. «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—14, 1982—96).

А.М.Булыка.

т. 3, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЫ́КА (Галіна Аляксандраўна) (н. 6.12.1960, в. Восава Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэтэса. Дачка А.М.Булыкі. Скончыла хім. ф-т БДУ (1983), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1989). У 1990—94 у газ. «Культура», з 1994 у час. «Беларуская думка». Друкуецца з 1983. У зб-ках вершаў «Сінтэз» (1986), «Турмалін» (1994) — рацыяналізм і экспрэсіўнасць, эмац.-эстэтычнае асваенне «непаэтычных» фіз. і хім. з’яў і рэчываў, філасафічнасць, незвычайнасць міфалагічнай і фалькл. сімволікі, шматпланавасць, неадназначнасць сэнсу (вершы пра гісторыю, навуку, культуру, мастацтва, каханне і інш.).

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Булыка А. М. 1/265; 2/227; 5/59 5; 6/282, 390; 8/352, 434, 452, 670; 9/183, 561; 10/507, 523, 598; 11/115; 12/444

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Н,

пятнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Ν («наш»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Ν («ні»), У старабел, графіцы абазначала гукі «н», «н’» («набыти», «нива»), мела лікавае значэнне «пяцьдзесят». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае санорныя змычна-прахадныя насавыя пярэднеязычныя зычныя гукі «н», «н’» («напрамак», «ніжні» — «н’іжн’і»).

А.​М.​Булыка.

т. 11, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЦІНІ́ЗМ,

слова ці выраз, што перайшлі з лацінскай мовы як запазычанні ці ў выглядзе словаўтваральных, семантычных або сінтакс. калек. У ранні перыяд развіцця бел. мовы гал. роля ва ўзбагачэнні яе тэрміналогіі Л. належала польскай мове, з 2-й пал. 16 ст. ў сувязі з пашырэннем на тэр. Беларусі грамадскіх і культ. функцый лац. мовы Л. запазычваліся і непасрэдна праз пісьмовую і вусную мовы. У 14—18 ст. Л. значна папоўнілася бел. грамадска-паліт., юрыд., канцылярская («депутатъ», «статутъ», «секретаръ») і сац.-эканам. («аренда», «сума») лексіка, атрымала новыя сродкі выражэння тэрміналогія навукі, л-ры, мастацтва («веригъ», «нота», «студентъ»). Многія старыя Л. захаваліся ў бел. мове да нашага часу. У 19—20 ст. крыніцай Л. для бел. мовы стала рус. мова, з якой запазычваюцца пераважна інтэрнацыяналізмы («інфляцыя», «эвалюцыя»). Спецыфічная прыкмета Л. — канцавыя спалучэнні «-ум» («пленум»), «-ус» («корпус»), «-ент» («апанент»), «-цыя» («градацыя»), «-тар» («экватар») і інш.

Літ.:

Булыка АМ. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.

А.​М.​Булыка.

т. 9, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

К,

дванаццатая літара беларускага алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай К («кака»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Κ («капа»). У старабел. пісьменстве абазначала гукі «к», «к’» («камень», «кислый»). Мела таксама лічбавае значэнне «дваццаць». У пач. 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія выбухныя заднеязычныя зычныя гукі «к», «к’» («клопат», «крохкі» — «крохк’і», «ракіта» — «рак’іта»).

А.​М.​Булыка.

т. 7, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

М,

чатырнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай М («мыслеце»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай М («мі»), У старабел. графіцы абазначала гукі «м», «м’» («маршалокъ», «миля»), мела лікавае значэнне «сорак». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае санорныя змычнапраходныя насавыя губна-губныя зычныя гукі «м», «м’» («мова», «мята» — «м’ата»).

А.​М.​Булыка.

т. 9, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬФА,

назва першай літары грэч. алфавіта α. Паходзіць ад назвы фінікійскай літары 𐤀 («алеф»), што ўзнікла на аснове іерагліфічнага егіп. малюнка галавы быка. У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала кароткі і доўгі гук «а», мела лічбавае значэнне 1. З’явілася асновай для кірыліцкай («аз»), У бел. і інш. мовах слова «альфа» абазначае пачатак чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).

А.​М.​Булыка.

т. 1, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Л,

трынаццатая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай λ («людзі»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай λ («ламбда»). У старабел. графіцы абазначала гукі «л», «л’» («лавра», «львица»). Мела лікавае значэнне «трыццаць». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае санорныя змычнапраходныя ротавыя пярэднеязычныя зычныя гукі «л», «л’» («волат», «ільгота» — «йіл’гота», «хваля» — «хвал’я»).

А.​М.​Булыка.

т. 9, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П,

семнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай П («пакой»), утворанай на аснове грэка-візантыйскай устаўнай П («пі»). У старабел. графіку перайшла са стараж.-рус. пісьменства. Абазначала зычныя гукі «п», «п’» («палаць», «праца», «пятно»), мела лічбавае значэнне «восемдзесят». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія выбухныя губна-губныя зычныя гукі «п», «п’» («парог», «праўда», «пясок» — «п’асок»). А.​М.​Булыка.

т. 11, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)