ЦЮРКІ́ЗМ,

слова, запазычанае з цюркскіх моў.

Частка лексічных сродкаў цюркскага паходжання захавалася ў бел. мове ад стараж.-рус. эпохі: «арда», «атаман», «баскак», «басурман», «бісер», «ярлык». Большасць Ц. запазычана ў перыяд самаст. развіцця старабел. мовы (14—17 ст.) у выніку гандл., дыпламат. і інш. кантактаў бел. насельніцтва з цюркскімі народамі (у асн. з татарамі, якія перасяляліся на Беларусь пераважна з Крыма) і праз пасрэдніцтва суседніх моў — рус., укр. і польскай. З 15—17 ст. у бел. мове ўжываюцца Ц. быт. характару: «аршын», «атлас», «барсук», «барыш», «буланы», «бурка», «казак», «капшук», «караван», «каўпак», «кафтан», «кілім», «кішэнь», «кумыс», «кутас», «магарыч», «мячэць», «нагайка», «саф’ян», «султан», «тафта», «харч», «чапрак», «шаравары» і інш. Слоўнікі бел. мовы фіксуюць шэраг устарэлых Ц.: «апанча», «армяк», «казна», «камка», «кісцень», «таф’я». Некаторыя Ц. перайшлі ў разрад гістарызмаў. «бунчук», «есаул», «калчан», «ківер», «мурза», «сагайдак», «тамга», «янычар», «ясыр». У сучасную бел. мову Ц. запазычваюцца праз рус. мову. Гэта пераважна экзатызмы (гл. Экзатычная лексіка): «акын», «бархан», «басмач», «гюрза», «калым», «кізіл», «кішлак», «кунак», «саксаул».

Літ.:

Булыка А.М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.

А.​М.​Булыка.

т. 17, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)