По́хва ’ножны’, ’футарал’, ’vulva’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Гарб., Мік., Гарэц., Яруш., Касп.; маст., смарг., беласт., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ’навалочка’ (Сцяшк. МГ; маст., Сл. ПЗБ), по́хвы ’пахавыя часткі цела ў жывёл’ (віц., Шн. 3; Нік. Очерки), ст.-бел. пахва, похвы ’ножны’, укр. пі́хви ’ножны’, рус. дыял. пахва́, пахвы ’падхвосныя рамяні ў збруі’, польск. pochwa, poszwa ’ножны’, ’рэмень-падхвостнік’, ст.-польск. pochwa, pochew ’ножны’ (XV–XVII стст.), ст.-чэш. pochvy ’тс’, чэш. pochva, pošva ’ножны’, pochvy ’збруя’, славац. pošva ’ножны’, серб.-харв. pohve ’тс’. Відаць, вандроўны тэрмін не зусім яснага паходжання, асабліва ў значэнні вайсковай прылады. Паколькі польскае слова лічыцца запазычаннем са ст.-чэш. pochvy (Банькоўскі 2, 648–649), то, насуперак Кюнэ (Poln., 88) і Булыку (Булыка, Запазыч., 256), можна меркаваць, што ў беларускую мову слова магло трапіць непасрэдна са ст.-чэш. і было збліжана з утварэннямі ад хава́ць, пахава́ць ’схаваць’ (Нас., 486). Імаверным падаецца таксама меркаванне пра сувязь з прасл. *paxy (*paxъve) або з *poxy (*poxъve), гл. паха, што выводзяцца з *pax‑/*paz‑/*pag‑, варыянтнасць *pa‑/*po‑ тлумачыцца старажытным чаргаваннем галосных (Фасмер, 3, 221; Шустар-Шэўц, Etym. Brun., 1, 30). Нацягнутым здаецца збліжэнне з ням. Fachm ’паліца’, ’скрыня’, Fuge ’паз’, ’шво’, ’жалабок’, лац. pango ’ўганяць, убіваць’, ’засаджваць чым-небудзь’ і ўзвядзенне да і.-е. кораня *pāk‑/*pāg‑ ’замацаваць’ (Скок, 2, 695; Голуб-Копечны, 283–284).