Празры́сты ’які прапускае святло, праніклівы’, ’ясны, які можна разгадаць’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Некр.), ’зоркі’ (лях., Сл. ПЗБ), укр. прозри́стый ’ясны; які прапускае святло’, польск. przejrzysty ’тс’, ст.-польск. przeźrzysty ’тс’; параўн. рус. прозрачный, польск. przezroczysty і г. д. Арэальнае ўтварэнне ад прыставачных дзеясловаў тыпу празе́рыць, укр. прозира́ти, польск. przezirać < *zьrěti ’глядзець’; той жа корань, што і ў зрок, зрэнкі, зара.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Раскярэ́ша, розкере́ша ’няхлюя, мурза’ (пруж., Непакупны, Связи, 194–195), ’маруда’ (іван., там жа), укр. дыял. ’крываногі’, ’развілка на сасне’. Параўноўваецца (там жа) з літ. kerė́ža ’разгалістае дрэва, куст’, прэфіксальная форма ў выніку кантамінацыі названай формы з славянскай лексемай тыпу укр. розкоря́ка, гл. раскарака. У якасці зыходнай формы фанетычна бліжэй літ. kereišà ’няўклюда, нязграбны чалавек’, гл. керайша. Параўн. Лаўчутэ, Балтизмы, 67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Та́кася, та́кося ’таксама, гэтак’ (ТС). Укр. та́кось ’гэтак’. Параўн. старое чэш. taksi, taks ’тс’. Да *tako (гл. так) і *si (гл. -сь), параўн. ESSJ SG (2, 635); а таксама ЕСУМ (5, 505), дзе дапускаецца ўплыў я́кось з выразу я́кось‑та́кось буде ’неяк будзе’. Канец слова фармальна набліжаны да прыслоўяў тыпу інося, усялякся і пад., параўн. Карскі 2–3, 71 (гл. -ся).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарго́ўля ’торг, купля’ (Байк. і Некр.), ’гандаль’ (Бяльк.), ’гандлёвая сетка’ (даўг., Сл. ПЗБ), ’гандлёвая дзейнасць’ (брасл., Сл. ПЗБ). Укр. торгі́вля ’гандаль’, рус. торго́вля ’тс’. Усходнеславянскае арэальнае ўтварэнне ад таргаваць (гл.) па тыпу гадоўля (ад гадаваць), галадоўля (ад галадаць) і пад.; адносна ўтварэнняў з суф. ‑оўл‑я гл. Сцяцко, Афікс. наз., 91. З захаду беларускага моўнага арэала актыўна выцяснялася германізмам (ідышызмам?) гандаль.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

су́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Выраб са скуры, тканіны і пад., звычайна з ручкамі, прызначаны для нашэння чаго‑н. Гаспадарчая сумка. Прадуктовая сумка. Паштальёнская сумка. □ [Кандуктар] час ад часу папраўляла раменьчык сва[ёй] кандуктарск[ай] сумкі, каб не так рэзала плячо. Пальчэўскі. Нават смешна было глядзець на .. [Янука]: ватоўка расхрыстана, сумка з кнігамі закінута за спіну, шапка з’ехала на патыліцу. Хадкевіч. // Пра выраб такога тыпу для грошай і некаторых прыналежнасцей жаночага туалету.

2. У анатоміі — орган, які мае выгляд полага мяшэчка са злучальнай тканкі. Сардэчная сумка. Сустаўная сумка.

3. У некаторых жывёл — поласць, складка скуры на жываце мацеры, дзе даношваецца і развіваецца дзіцяня.

4. Орган у некаторых грыбоў, у якім развіваюцца споры.

•••

Палявая сумка — сумка, у якой ваенныя носяць планы, карты.

Санітарная сумка — сумка з наборам медыкаментаў і перавязачных сродкаў, неабходных для першай дапамогі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАСІЛЁК, валошка (Centaurea),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 550 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 8 дзікарослых (мясцовых і занесеных) відаў: васілёк іберыйскі (Centaurea iberica), лугавы (Centaurea jacea), раскідзісты (Centaurea diffusa), рэйнскі (Centaurea rhenana), сіні (Centaurea cyanus), сонечны (Centaurea solstitialis), фрыгійскі (Centaurea phrygia), шурпаты (Centaurea scaniosa), растуць у лясах, на лугах, у хмызняках, пасевах, на пясчаных мясцінах, пустках і ўздоўж дарог; 10 інтрадукаваных: васілёк мяккі (Centaurea mollis), падбелены (Centaurea dealbata), прыгожы (Centaurea bella), рускі (Centaurea ruthenica), сібірскі (Centaurea sibirica), усходні (Centaurea orientalis), Фішэра (Centaurea fischeri) і інш.

Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя ці прыўзнятыя, зрэдку сцябла зусім няма, ёсць формы тыпу «перакаці-поле». Лісце чаргаванае, суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі рознага колеру, у кошыках (сярэдзінныя трубчастыя або трубчаста-лейкападобныя, двухполыя, краявыя — лейкападобныя). Кошыкі гетэрагамныя, мала- або шматкветныя, адзіночныя ці па некалькі на канцах парасткаў. Плод — сямянка з чубком. Дэкар., лек., тэхн. і меданосныя расліны, некат. віды — пустазелле.

Васілёк сіні.

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭР (Карл Максімавіч) (Карл Эрнст; 28.2.1792, Эстонія — 28.11.1876),

расійскі прыродазнавец, заснавальнік эмбрыялогіі. Акад. Пецярбургскай АН. (1828—30 і 1834—62; ганаровы чл. з 1862), замежны чл.-кар. (1826). Адзін з заснавальнікаў Рус. геагр. т-ва. Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1814). Працаваў у Аўстрыі і Германіі, у 1829—30 і з 1834 у Расіі. Адкрыў яйцаклетку ў млекакормячых, апісаў стадыю бластулы, вывучыў эмбрыягенез у кураняці, устанавіў падабенства эмбрыёнаў вышэйшых і ніжэйшых жывёл, паслядоўнае з’яўленне ў эмбрыягенезе адзнак тыпу, класа, атрада і інш.; апісаў развіццё ўсіх асн. органаў пазваночных. Удзельнік экспедыцый на Новую Зямлю (1837) і Каспійскае м. (1853—56). Растлумачыў заканамернасць падмыву берагоў рэк (Бэра закон). Рэдактар серыі выданняў па геаграфіі Расіі. Імем Бэра названы мыс на Новай Зямлі і востраў у Таймырскім зал., грады ў Прыкаспійскай нізіне (гл. Бэраўскія бугры).

Тв.:

Рус. пер. — Избранные работы. Л., 1924;

Автобиография. М., 1950;

История развития животных. Т. 1—2. М.; Л., 1950—53.

А.​С.​Леанцюк.

т. 3, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯССКІ́ВІЧНЫЯ, агнаты (Agnatha),

надклас ніжэйшых пазваночных жывёл, 2 вымерлыя класы: няпарнаноздравыя (Monorhina, Cephalaspidomorphi) і парнаноздравыя (Diplorhina, Pteraspidomorphi); 1 сучасны клас — кругларотыя, які ўключае 40—42 віды міногаў і міксінаў. Пашыраны ў абодвух паўшар’ях, у марскіх і прэсных водах. На Беларусі вядомы 3 віды міногаў.

Стараж. прымітыўныя рыбападобныя жывёлы без сківіц і парных канечнасцей, з хордай. Унутр. шкілет храстковы (у вымерлых быў вонкавы касцявы шкілет). Шчэлепы ў выглядзе мяшкоў з пялёсткамі энтадэрмальнага паходжання. Ноздравая адтуліна ў большасці няпарная. Паўкружных каналаў 1 ці 2. Рот круглы, сысучага тыпу, корм лічынак — раслінныя рэшткі, водарасці, дарослыя паядаюць мяса і кроў рыб ці зусім не кормяцца. Выкапнёвыя бяссківічныя ўсмоктвалі разам з глеем і пяском дробныя арганізмы. Рэшткі бяссківічных вядомы з кембрыю да позняга дэвону Вялікабрытаніі, Нарвегіі (Шпіцберген), Германіі, ЗША, Кітая, Аўстраліі, Тувы і інш. месцаў. Росквіт у познім сілуры і раннім дэвоне. Даўж. ад некалькіх сантыметраў (верацёнападобныя жывёлы) да 1 м (пляскатыя донныя формы). Рэшткі бяссківічных з’яўляюцца вызначальнымі выкапнямі пры вывучэнні адкладаў.

т. 3, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭ́РЫІ (ад грэч. baktērion палачка),

група мікраскапічных, пераважна аднаклетачных арганізмаў. Вядома больш за 2000 відаў, якія належаць да пракарыётаў, што не маюць аформленага клетачнага ядра. У сучаснай класіфікацыі на аснове сукупнасці марфалагічных, культуральных і фізіёлага-біяхім. прыкмет усіх бактэрый падзяляюць на эўбактэрыі і архебактэрыі. Бактэрыі маюць палачкападобную (бацылы, кластрыдыі, псеўдаманады), шарападобную (кокі), звілістую (вібрыёны, спірылы, спірахеты) форму: дыяметр 0,1—10 мкм, даўж. 1—20 мкм, а ніткаватыя шматклетачныя бактэрыі — 50—100 мкм. Некаторыя бактэрыі ўтвараюць споры. Многія рухомыя, маюць жгуцікі. Паводле спосабу жыўлення вылучаюць аўтатрофы і гетэратрофы. Залежна ад тыпу дыхання бактэрыі падзяляюць на аэробы і анаэробы. Удзельнічаюць у кругавароце рэчываў у прыродзе, ачышчэнні асяроддзя ад арган. рэшткаў, фарміраванні структуры і ўрадлівасці глебы; падтрымліваюць запасы вуглякіслага газу ў атмасферы. Выкарыстоўваюцца ў харч., мікрабіял., хім. і інш. галінах прам-сці. Патагенныя (хваробатворныя) бактэрыі — узбуджальнікі хвароб раслін, жывёл і чалавека.

Літ.:

Гусев М.В., Минеева Л.А. Микробиология. 3 изд. М., 1992.

Да арт. Бактэрыі: 1 — кокі; 2 — бацылы; 3 — спірылы; 4 — вібрыёны.

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАМАТЫ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

цыклічныя арган. злучэнні, атамы якіх ствараюць адзіную спалучаную (араматычную) сістэму сувязяў. Назва ад прыемнага паху першых адкрытых такіх злучэнняў.

У вузкім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць толькі бензольныя злучэнні: араматычныя вуглевадароды (арэны), напр. бензол, талуол, стырол, бі-, тры- і поліцыклічныя злучэнні, пабудаваныя з бензольных ядраў, напр. нафталін, антрацэн, і іх вытворныя (галагензмяшчальныя, аміны, нітразлучэнні, фенолы і інш.). Фіз. і хім. асаблівасці араматычных злучэнняў звязаны з існаваннем у іх замкнёнай электроннай абалонкі з π-электронаў. У параўнанні з ненасычанымі злучэннямі яны больш устойлівыя, удзельнічаюць пераважна ў рэакцыях замяшчэння і захоўваюць араматычную сістэму сувязяў. У шырокім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць таксама гетэрацыклічныя электронныя аналагі бензолу (пірыдзін, пірол, фуран, тыяфен), небензоідныя злучэнні тыпу азуленаў, баразолу, ферацэну і інш. Асн. крыніца араматычных злучэнняў — прадукты каксавання каменнага вугалю, перапрацоўкі нафты (гл. Араматызацыя). Араматычныя злучэнні — прадукты прамысл. арган. сінтэзу (палімеры, фарбавальнікі, лекавыя сродкі, выбуховыя рэчывы).

Араматычныя злучэнні: 1 — бензол; 2 — талуол; 3 — стырол; 4 — нафталін; 5 — антрацэн.

т. 1, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)