Баўды́р 1 ’гэтак лаюць тоўстых непаваротлівых людзей’ (КЭС, лаг.), ’лаянкавае слова’ (Бір. Дзярж.). Бліжэй іншых слоў да бел. назвы стаіць укр. бо́вдур ’дурань’ (іншыя значэнні ’комін; густы дым, хмара; жэрдка (у рыбаловаў)’). Рудніцкі (157) хоча ўсе значэнні ўкр. слова вывесці з ’комін’ (а гэта запазычанне з чув. мовы, гл. боўдур ’комін’). Наўрад ці гэта правільна. Трэба, мусіць, думаць пра слав. аснову bъld‑, якая мае прыкладна тое ж значэнне, што і балд‑, булд- (гл.). Bъld‑yrь, bъld‑urъ маглі б быць самастойнымі слав. (усх.-слав.?) утварэннямі (незалежнымі і ад цюрк. уплыву; аб гэтым гл. Краўчук, Тюрк. лекс. элем., 29).

Баўды́р 2 ’вадзяная бурбалка; прышч’ (Нас.). Параўн. рус. ба́лдырь ’пухір’, булды́рь нарыў, шышка’. Звычайна зыходную форму асноў, якія азначаюць ’штосьці круглае, бурбалка і пад.’ вызначыць вельмі цяжка. Можна думаць і пра балд‑, і пра bъld‑ (> боўд‑), і пра булд- (гл.). Прынамсі для значэння ’бурбалка’ можна прыняць гукапераймальнае bъld‑, якое сустракаецца (праўда, рэдка) у некаторым укр. гідраграфічных назвах (параўн., напр., бо́вдур яма ў вадзе’) і да якога зводзіць бел. слова Юркоўскі, Ukr. hydrogr., 90. Цікава, што для абазначэння круглых прадметаў аснова ба́ўд‑ сустракаецца ў некаторым паўд.-зах. укр. гаворках (ба́ўда ’некалькі стручкоў фасолі разам і пад.’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бедрык ’божая кароўка’ (Інстр. лекс., З жыцця). Укр. бе́дрик. Параўн. польск. biedronka, biedrunka, biedrzonka, чэш. bedruňka ’тс’. У славян і іншых народаў ёсць павер’е, што Coccinella — гэта ’божая жывёліна’ (параўн. бел. бо́жая каро́ўка, рус. бо́жья коро́вка, польск. krówka Matki Boskiej, ням. Herrgottkühlein, Herrgottschäfchen і г. д.). Таму бедрык, відавочна, звязана семантычна з такімі назвамі, як польск. biedroń ’стракаты вол’, biedrona ’стракатая карова’ і г. д. (аб польскіх назвах гл. Слаўскі, 1, 32; Саднік-Айцэтмюлер, 4, 262–263). Першапачаткова бедрык — гэта ’стракатая жывёліна’. Тып bedr‑: petr‑ (параўн. яшчэ бел. петрык, укр. пе́трык ’божая кароўка’) у карпацкай зоне займае «паўночны арэал», а на поўдні выступае babr‑, bobr‑, papar‑ і г. д. (параўн. укр. бабру́н, папару́за ’божая кароўка’; з неслав. моў — рум. buburúză і г. д.). Параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 124. Змешваць абодва тыпы (як гэта робіць Махэк₂, 50; Каламіец, Мовознавство, 1967, № З, 50–51) наўрад ці можна. Не выключаецца, што наогул мы тут маем справу з старым субстратным словам (з пазнейшай ад’ідэацыяй да bedr‑ ’сцягно’). Лант (Language, 29, 128–133) зыходзіў з і.-е. *bhed‑r‑ (параўн. санскр. bhadraḥ ’удача, шчасце; спрыяльны’). Сюды і бедру́нка ’Scarabeus auratus’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабін сон ’расліна Crocus Heuffelianus Herb., шафран Гейфеля’ (Бейл.). Іншыя назвы: сон, соннік. Бясспрэчна, гэта назва не першапачтаковая, а перанесеная з іншай расліны. Сон, акрамя ’Crocus’, азначае ’Pulsatilla pratensis’ (таксама сон-трава, сончык, гл. Кіс.). Параўн. укр. сон, сонник ’Pulsatilla’, рус. сон, сон‑дрема ’Pulsatilla’ (таксама сонник, самсончики). Параўн. яшчэ назвы для Anemone: сасо́нік (Шат.), сон-трава (Бяльк.), укр. сон (Макавецкі, Sł. botan.). Як відаць, назвы тыпу сон ужываюцца для абазначэння аж трох раслін (Anemone, Crocus, Pulsatilla). Для Anemone параўн. яшчэ польск. sasanki, sesenki, sasenki, sesanki, чэш. sasanka, балг. дыял. сасан(к)а, съсън, сънкотка, сън‑сън‑котка, для Pulsatilla — серб.-харв. саса, чэш.-мар. sis, sisì, sesí, sosí (гл. Махэк, Jména rostl., 47). Паводле народнага павер’я, жывёлы і людзі, палізаўшы корань Pulsatilla, засынаюць (гл. Нейштадт, Определитель, 257). Магчыма, адсюль і назва. Але можна думаць і пра іншую матывацыю. Расліны роду Anemone ў час дажджу і ноччу закрываюць кветкі, якія звешваюцца ўніз (нібы спяць). Але не выключаецца, што ўсе гэтыя здагадкі не маюць сэнсу. Можна таксама думаць, што мы тут маем нейкую старажытную назву невядомага паходжання, толькі адаптаваную, трансфармаваную з ад’ідэацыяй да ўсх.-слав. слова сон (параўн. прыведзеныя: бел. сончык, сасонік, рус. сонник, самсончики, чэш. sasanka, sisí, sesí, sosí, польск. sesenki, sasenki і г. д., серб.-харв. са́са, балг. сасан(к)а, съсън, съсънка і г. д.). Гл. Краўчук, БЛ, 1974, 6, 66–67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Журы́цца ’сумаваць’, журы́ць ’дакараць’, журлівы. Рус. жури́ть, дыял. жури́ться ’тс’, укр. жури́ти ’выклікаць сум’, рэдк. ’дакараць’, жури́тися ’сумаваць’, журли́вий, ст.-польск. żurzyć się ’гневацца, злавацца’, польск. дыял. żurzyć się ’спрачацца’, чэш. žúřit ’гневацца, сварыцца’, славац. žuriť ’сварыцца, дакараць’, н.-луж. žuriś ’рабіцца злым’, žuriś se ’кіснуць, злавацца, гневацца’, славен. žúriti 1 ’застаўляць’, žúriti se ’паспяшаць, старацца’, žúriti 2 ’ачышчаць ад скуры’, серб.-харв. жу́рити ’падганяць’. Ст.-рус. журити ’дакараць’ (з 1673 г.). Фасмер (2, 68), Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1970, 3, 145) прымаюць думку Развадоўскага (Wybór, 2, 172) пра сувязь журыцца з серб.-харв. гу́рати ’пхаць’, славен. gúrati ’напружваць, мучыць’. Развадоўскі лічыць роднасным гоц. gáurjan ’рабіць смутным’ і ўзводзіць да і.-е. *geur‑. Магчыма лічыць, што гэта той жа корань, што ў слове жураць ’тлець’ (гл.). Сувязь ’гаварыць’ — ’гарэць’ вядомая і для іншых выпадкаў, а Краўчук (Зб. Крапіве, 195–196) адзначыў яе для пары балг. жевря се ’хныкаць, выпрошваць’, укр. жевріти ’тлець’, якая суадносіцца па кораню з журыцца — жураць. Журыць азначала першапачаткова моўную дзейнасць, а сувязь ’гарэць — паліць — пячы’ з ’дакараць’ — ’сумаваць’ адлюстроўваецца і ў іншых выпадках. Супрун, Бюлетин за съпоставително изследване на български език с други езици, 1976, 5, 76–78; Непакупны, Балтійскі родичі слов’ян, 1979, 100–101. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 68; Праабражэнскі, 1, 238–239; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 229; Пятлёва, Этимология, 1967, 178; Младэнаў, ГСУ ИФФ, 13–14 (1917/18), 61–62.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́бто ’няўжо’ (ТС), ’каб’ (Мат. Гом.), то́бто, то́пто ’праўда’ (ПСл), то бо й то ’ды і то праўда’ (Некр. і Байк.), тобойто́ ’поўнасцю з табой згодзен, згода’ (стол., Нар. ск.), то́бтомо ’напэўна’ (Сл. Брэс.), то‑бо‑то, то‑бо‑то́‑што ’вось так, як бы так’ (Некр. і Байк., Байк. і Некр.), то́‑бок ’гэта значыць’ (ТСБМ; Беларусіка, 19, 227), тож‑ба‑то ’у тым-та і справа’ (Стан.), то́ж бо ’тс’ (Федар. 4), то́ж‑то ’вось жа’ (Яруш.); то́ж‑бы‑то ’патакванне’ (Варл.), у свабодным спалучэнні ото бо ж то ’тс’ (Сержп. Прык.), ст.-бел. тоб, тобы ’тады б, калі б’ (Ст.-бел. лексікон), тобы ’як бы’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. то́бто ’гэта значыць’. У складзе элементы то‑, ‑то (гл. то 1), ‑бо‑ (‑б‑, ‑ба‑, гл. бо), ‑бы (гл. бы), ‑й‑ (гл. і), ‑мо (гл. мо), ‑што (гл. што), ‑ж‑ (гл. жа); не вызначаным да канца застаецца паходжанне элемента ‑бок, вядомага і ў самастойным ужыванні, параўн. у адваротным спалучэнні raj, czy bok to niebiesnyje warota (Пятк. 2), якое Краўчук (ЭСБМ, 1, 367) у значэнні ’маўляў’ параўноўвае з укр. бак, пак ’потым, але, ж’, польск. bak (ад bakać ’гаварыць, нагаворваць’, гл. Брукнер, 12), што сустракаецца з пэўнымі фанетычнымі цяжкасцямі. Магчыма дапусціць спалучэнне бо‑ і ‑ка або ‑к, параўн. ту́така, чэш. дыял. tadyk ’тады’ і інш.; адносна апошніх гл. ESSJ SG, 1, 316–317. Параўн. форму з аканнем табатош, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Брыж 1 ’рабро дошкі’ (Інстр. II, таксама брыд), ’востры край, вугал граняў’ (Нас., Бяльк., Гарэц.). Лаўчутэ (Лекс. балтызмы, 18–19) лічыць, што гэта словы (толькі беларускае) на слав. глебе не этымалагізуецца і таму з’яўляецца запазычаннем з балт. моў (літ. brỹžis ’рыса, лінія’; да літ. слова гл. Фрэнкель, 1, 56). Этымалогія, бясспрэчна, няправільная. У гэтым жа значэнні ўжываецца і брыд. Як вядома, слав. *bridъ (утворанае суфіксам ‑d‑ ад *bri‑ti) азначала і востры’. Параўн. рус. дыял. бри́дкий, бри́ткий ’востры’ (пра інструменты), ст.-чэш. břidký ’востры’ (břidký meč), чэш. břitký ’тс’, серб.-харв. бри̏дак ’востры’ (бритка cабља) і г. д. (прыклады гл. Бернекер, 86; Гебаўэр, Sl. stč., 103; Махэк₂, 73; Слаўскі, 1, 47). Брыж з’яўляецца j‑вым варыянтам да брыд ’тс’ (адносна форм на ‑j‑ параўн. славен. brȋja (*bridja) горкасць’). Параўн. яшчэ брыды́ ’канцы клёпак’ (гл.), брэд ’вастрыё нажа’ (гл.). Сюды ж, напэўна, і брыж ’венца посуду’ (Лысенка, СПГ). Гл. Краўчук, Бел.-рус. ізал., 60.

Брыж 2 (род. брыжа́) спінка ў ложку’ (КЭС). Відавочна, таго ж паходжання, што і брыж 1 (гл.): ’востры край’ → ’рабро’ → ’спінка’.

Брыж 3 ’выступ у коміне, на які што-небудзь кладуць’ (Інстр. I). Не вельмі лёгка рашыць, куды адносіцца гэта слова: да брыд ’востры край дошкі’ (гл. брыж 1, 2) ці да брыж ’складка’ (гл. брыжы 1). Хутчэй за ўсё брыж 3 адносіцца да брыжы ’складкі, бардзюр’ (< польск.), таму што і ў польск. мове bryże азначаюць розныя выступаючыя прадметы (гл. Варш. сл., 1, 216).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабіна душыца ’расліна Origanum, Origanum vulgare, мацярдушка’ (Нас., Кіс.), таксама душанка, мацярдушка, мацержанка, мацеранка і г. д. (Кіс.). Рус. души́ца, ду́шка, материнка і г. д., укр. душиця, душинка, духовий цвіт, душниця, материнка, материска (гл. Макавецкі, Sł. botan., 250). Падобныя назвы і ў іншых славян (параўн. серб.-харв. бабина дубчица, боља душица; Сіманавіч, 329). Вельмі часта Origanum мае аднолькавыя назвы з Thymus ’чабор’. Параўн. для апошняга бел. мацярдушка, мацержанка, укр. материдушка, материна душка, материнка і г. д. (Макавецкі, Sł. botan.). Да бел. назваў для Origanum вельмі падобныя серб.-харв. і балг. назвы для Thymus: серб.-харв. душинка, мајчина душица, материнка і асабліва для Thymus serpyllum: бабина душа, бабина душица, бабља душа (душица), бабја душа (душица), бакина душица і г. д. (Сіманавіч, 467–468), балг. бабина душица (БЕР, 1, 23). Параўн. таксама (для Thymus) чэш. mateřídouška, mateří dúška, славац. materina dúška, ст.-польск. macierzą duszka (Махэк, Jména rostl., 202). Новатны (SP (Brno), 13 (A12), 35–36) спасылаецца на лац. (VII ст.) matris animula «Thymus» і лічыць, што назвы тыпу mateřídouška — пераклад з лац. У аснове назвы ляжыць уяўленне (вядомае з фальклору) пра душу памерлай маці, якая вяртаецца да дзяцей у выглядзе кветкі. Можна меркаваць, што і бел. назва для Origanum такога ж паходжання («душа бабулі»). Не вельмі пераконвае думка Даля і Мяркулавай, Очерки, 139–140, што назвы тыпу душица, душка і г. д. — вытворнае ад дух, душистый («пахучая расліна»). Здаецца, што гэта пазнейшая ад’ідэацыя. Гл. Краўчук, БЛ, 1974, 6, 66.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СЛАВЯНАЗНА́ЎСТВА,

комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, гісторыю, культуру і мовы слав. народаў як састаўных частак наднацыянальнай слав. этнакульт. супольнасці. Узнікла ў 2-й пал. 18 ст. паралельна з фарміраваннем нац. гістарыяграфіі і філалогіі ў асобных слав. краінах; адначасова ўзнік і тэрмін «С.», або «славістыка». Як вучэнне і навука С. аформілася ў Чэхіі і Славакіі, дзе ля яго вытокаў стаялі І.​Добраўскі, І.​Юнгман (1773—1847), Я.​Колар, Ф.​Чэлакаўскі (1799—1852), Ф.​Палацкі, П.​І.​Шафарык, твор якога «Славянскія старажытнасці» стаў асновай развіцця С. ў інш. слав. краінах. У Балгарыі С. звязана з імем Паісія Хілендарскага (1722—98), у Сербіі — І.​Раіча і В.​Караджыча, у Славеніі — В.​Копітара У польскай і бел. гістарыяграфіі значны ўклад у развіццё С. зрабілі Я.​Патоцкі, С.​Б.​Ліндэ, В.​Суравецкі (1769—1827), З.​Даленга-Хадакоўскі, А.​Міцкевіч, І.​Лялевель, В.​А.​Мацяёўскі (4 апошнія вызначылі месца Беларусі ў слав. свеце). Станаўленню С. ў Расіі спрыяла дзейнасць М.​В.​Ламаносава, В.​М.​Тацішчава, М.​М.​Карамзіна, А.​Х.​Вастокава, Ю.​І.​Вянеліна (1802—39) і інш. У 1-й пал. 19 ст. ўзніклі першыя кафедры С. ва ун-тах Зах. Еўропы — у Парыжы, Вене, Лейпцыгу, Берліне і інш. Вял. значэнне для развіцця С. на Захадзе мела дзейнасць І.​Г.​Гердэра, які разглядаў славянства, па аналогіі з герм. светам, як адзіную паліт. раздробленую вял. нацыю. У 2-й пал. 19 ст. склалася ў агульнапрызнаную навук. дысцыпліну. Цэнтр развіцця С. з гэтага часу перамясціўся ў Расію, дзе яго развіццю спрыялі працы М.​П.​Пагодзіна, В.​М.​Бадзянскага, І.​А.​Сразнеўскага, В.​І.​Грыгаровіча, Ф.​А.​Буслаева, А.​А.​Патабні, М.​Н.​Спяранскага, А.​А.​Шахматава, А.​А.​Сабалеўскага, М.​К.​Любаўскага і інш. Побач з развіццём інтэгральнай агульнаслав. праблематыкі ішоў працэс дыферэнцыяцыі навук. кірункаў, праблема суадносін якіх з цэласнай сістэмай С. выклікала палеміку і застаецца дыскусійнай да нашага часу. Некат. гісторыкі трактуюць С. толькі як сукупнасць гуманіт. навук пра асобныя слав. краіны, адмаўляюць існаванне агульнаслав. этнакульт. супольнасці. У сав. перыяд праблемы С. даследавалі Б.​Дз.​Грэкаў, М.​П.​Грацыянскі, М.​С.​Грушэўскі, М.​С.​Дзяржавін, М.​М.​Ціхаміраў, Б.​А.​Рыбакоў, П.М.​Л.​Траццякоў, Ю.​У.​Брамлей, У.​Д.​Каралюк, В.​В.​Сядоў і інш. Цэнтрам даследаванняў па С. ў Расіі з’яўляецца Ін-т С. і балканістыкі Рас. АН у Маскве. З 1965 выдаецца час. «Славяноведение» (да 1992 «Советское славяноведение»). Праблемы С. даследавалі З.​Неедлы (Чэхаславакія), У.​Геаргіеў (Балгарыя), І.​Лер-Сплавінскі, Г.​Лаўмянскі, І.​Чалакоўскі (Польшча); у Зах. Еўропе і ЗША — Г.​Шцёкль, М.​Фларынскі, Г.​У.​Вярнадскі, Р.​Якабсон, Э.​Фром і інш.

На Беларусі ў 2-й пал. 19 ст. тэматыка С. суправаджала развіццё нац. гуманіт. навук, а заходнярус. школа, ідэйна блізкая да рус. славянафільства, разглядала гісторыю і культуру Беларусі ў агульнарас. і агульнаслав. кантэксце. Працы І.​І.​Грыгаровіча, М.​В.​Каяловіча, І.​І.​Насовіча, П.​М.​Жуковіча, А.​П.​Салунова, М.​В.​Доўнар-Запольскага, Я.​Ф.​Карскага, Е.​Р.​Раманава, П.​А.​Бяссонава і інш. заклалі асновы бел. С. Станаўленне нац. бел. дзяржаўнасці, заснаванне тут універсітэта і Акадэміі навук, а потым і разгалінаванай сістэмы навук. і навуч. устаноў узнялі бел. С. на агульнаеўрап. ўзровень. На Беларусі працавалі вучоныя-славяназнаўцы У.​А.​Пічэта, У.​М.​Перцаў, А.​П.​П’янкоў, І.​В.​Воўк-Левановіч, А.​М.​Ляўданскі і інш.

У наш час праблемы С. даследуюцца ў БДУ (кафедры тэарэт. і слав. мовазнаўства, замежнай л-ры, слав. л-р, гісторыі паўд. і зах. славян, гісторыі Расіі, гісторыі міжнар. адносін і інш.), Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі (аддзел слав. і тэарэт. мовазнаўства), Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Гродзенскім ун-це. Сярод прац кафедры тэарэт. і слав. мовазнаўства БДУ: «Славянскія лічэбнікі» (1969), «Лексічная тыпалогія славянскіх моў» (1983), «Палабская мова» (1987), «Эвалюцыя сістэмы часцін мовы ў славянскіх мовах» (1988), «Стараславянская мова» (1991) і «Праславянская мова» (1993) А.​Я.​Супруна, «Фальклорныя элементы ў фразеалогіі сучасных славянскіх моў» К.​М.​Гюлумянц (1978), «Балгарская мова» Б.​Ю.​Нормана (1980), «Чэшская мова» Н.​В.​Івашынай і Б.​А.​Плотнікава (1985), «Раннія ўсходнеславянскія граматыкі» (1984) і «Славенская мова» (1991) Н.​Б.​Мячкоўскай, «Сербскахарвацкая мова» Л.​В.​Лявонавай (1988), «Польская мова» А.​К.​Кіклевіча, А.​А.​Кожынавай і І.​У.​Кур’ян (2000), сумесны зборнік славістаў БДУ і ун-та ў г. Бохум (Германія) «Славяна-германскія моўныя паралелі» (1996), а таксама даследаванні У.​Б.​Жураўля, А.​В.​Зінкевіча, А.​М.​Калюты, А.​М.​Рудэнкі і інш. Славістычны кірунак у літ.-знаўстве прадстаўлены ў БДУ працамі І.​В.​Шаблоўскай (праблемы кампаратыўнага вывучэння слав. л-р у манаграфіі «Самай высокай мерай», 1984), І.​А.​Чароты і М.​В.​Труса («Югаславянскія літаратуры і культуры», 1999). У Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі найб. значныя працы ў галіне С.: «Славяна-германскае лексічнае ўзаемадзеянне пазнейшай пары» В.​У.​Мартынава (1963), «Сінтаксіс займеннікавых клітык у паўднёваславянскіх мовах», «Энкліза і пракліза ў структуры славянскага сказа» (абедзве 1968), «Тыпалагічныя праблемы балканаславянскага моўнага арэала» (1981), «Арэальная тыпалогія славянскіх моў: Прынцыпы і напрамкі даследавання» (1988) і «Арэальныя аспекты фарміравання славянскіх літаратурных норм» (1993) Г.​А.​Цыхуна і інш. У галіне С. працавалі і працуюць: М.​П.​Антропаў, Г.​Ф.​Вештарт, Л.​Ц.​Выгонная, В.​Л.​Вярэніч, Р.​У.​Краўчук, І.​І.​Лучыц-Федарэц, Мартынаў, А.​Я.​Міхневіч, А.​С.​Сакалоўская, Цыхун, В.​М.​Чэкман і інш. У Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі вядуцца даследаванні па матэрыяльнай і духоўнай культуры бел. і інш. слав народаў. Найб. значныя працы: «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» Г.​А.​Барташэвіч (1985), «Беларуская казка ў казачным эпасе славян» (1968), «Беларуска-рускія фальклорныя сувязі», «Узаемадзеянне ўсходнеславянскіх фальклорных традыцый на сучасным этапе» (абедзве 1988) К.​П.​Кабашнікава, творы Л.​М.​Салавей і інш. Значным укладам у С. з’явіліся працы М.​Г.​Булахава «Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў XIX—XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі» (1958), «Усходнеславянскія моваведы» (т. 1—3, 1976—78). У Гродзенскім ун-це дзейнічае кафедра польскай філалогіі (стваральніца С.​П.​Мусіенка). Праблемы гіст. С. на Беларусі даследуюць І.​В.​Аржахоўскі, Н.​А.​Гусакова, Э.​М.​Загарульскі, Р.​Р.​Лазько, Л.​В.​Лойка, Д.​Б.​Мельцэр, Л.​Л.​Міхайлоўская, С.​В.​Пазняк, А.​П.​Салькоў, Л.​П.​Сушкевіч, Н.​А.​Царук, В.​М.​Чарапіца, М.​Э.​Часноўскі, А.​А.​Яноўскі і інш. Каардынацыйны цэнтр С. на Беларусі — Славістаў беларускі камітэт, які ўваходзіць у Славістаў міжнародны камітэт. У 1976 ЮНЕСКА стварыла Міжнар. асацыяцыю па вывучэнні і распаўсюджванні слав. культур, у рамках якой працуе яе бел. нац. к-т. У 1982 у Мінску праведзена міжнар. навук. канферэнцыя «Славянскія культуры і сусветны культурны працэс».

Літ.:

Советское славяноведение. М., 1963;

Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 1—5. М., 1955—85;

Славяноведение в дореволюционной России: Биобиблиогр. словарь. М., 1979;

Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;

Позняк С.В., Яновский О.А. Преподавание истории славянских стран в Белорусском государственном университете (1921—1997 гг.) // Вісн. Київськ. ун-та. Історія. 1998. Вип. 37.

А.​В.​Зінкевіч, Я.​І.​Трашчанок.

т. 14, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лыч 1 ’выцягнутая пярэдняя частка галавы некаторых жывёл, рыла’ (Нас., ТСБМ, Мядзв., Грыг., Гарэц., Касп., Растарг., Клім., ТС, Сл. ПЗБ, Мікуц.; КЭС, лаг.; рагач., КЭС), ’твар, брудны твар’ (КТС, Касп.), лы́чак ’лыч’ (Ян.), лы́чык ’рыльца ў парасяці’ (Нас.). Укр. паўн., валын., палес. лич, ли́че, ли́ччя ’свінячае рыла’, ’не пакрытая поўсцю пярэдняя частка галавы каня’, рус. смал., бран., калін. лыч ’рыла свінні’, наўг. лы́чко ’морда сабакі’; польск. łycz ’рыла’, ’доўгі нос’, ’рыла дзіка’, lycz lodzi ’нос карабля’, паводле Слаўскага (5, 384), запазычана з бел. мовы. Трубачоў (Слав. языкозн., V, 181) узводзіць гэту лексему да прасл. дыял. lyčь < *lūkjo‑, супастаўляючы яе ўслед за Траўтманам (151), Фрэнкелем (344, 361), з літ. laũkas ’з белай плямай на лбе’, лац. lūcidus ’ясны’, літ. liaukà ’шыйная залоза’, laukos ’залозы ў свінні’, лат. laukos, ļauka ’пухліна залоз у свінні’. Інакш і больш імаверна Краўчук (Бел.-укр. ізал., 38), які мяркуе, што бел. форма была запазычана з укр. гаворак і ўзыходзіць да прасл. ličь, якое з’яўляецца роднасным да прасл. likъ, lice. Сюды ж лычава́ць ’рыць лычом’ (карэліц., Сцяшк. Сл.), ’рабіць падкоп (пад каго-небудзь)’ (Юрч. Вытв.).

Лыч 2, лы́чык ’верхняя частка бурака, націна’ (Нас.), віл. лы́чыкі ’націна буракоў’ (Сл. ПЗБ), рус. лыч, паўн.-дзв. ’валасы над ілбом’, вяц., валаг., калін., перм. ’націна караняплодаў (бручкі, морквы, рэпы, буракоў, бульбы)’, наўг. ’лісты і сцябло рэпы’, казан. лычы́ ’агурэчнік’. Бел.-рус. ізалекса. Роднаснае да лыка (гл.), якое да прасл. lyk‑o (н. роду), побач з якім існавалі формы ж. роду (параўн. рус. лыка ’лыка’) і м. роду — lykъ/lykь > lyčь < *lūkʼ‑, як у літ. і лат. мовах (lùnkas, lûks), якое абазначала выцягнутыя, (як лыка) падоўжаныя прадметы, параўн. суч. бел. лы́чык ’край буханкі хлеба’ (глыб., Сл. ПЗБ), лычка ’колца, круг кілбасы’, лычка, лычкі ’вузкія папярочныя нашыўкі на пагонах’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наўда́, рэдка на́ўда, ноўда ’карысць, выгада’ (Шпіл., Сл. ПЗБ, Арх. Федар., Сцяшк. Сл., Цых., шчуч., З нар. сл.), ’патрэба, неабходнасць’ (Федар., Сл. ПЗБ), ’навіна, дзіва’ (Шн. 3, Яўс., Янк. БП; бялын., Нар. сл.), ’асаблівасць, важнасць’, звычайна іранічна ў выразе: вялікая наўда (Чач., Нас., Яруш., Гарэц., Шат.), ’смутак, бяда’ (Яруш., слуц., чэрв., Мат.). Бясспрэчны балтызм, у якасці крыніцы ўказваюць літ. naudà ’карысць, выгада, грошы, дабро’, лат. nauda ’тс’, гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 48 (з л-рай), сюды ж прус. Nauden (ул. імя), гл. Непакупны: Балт. яз. и их взаимодействие, 22; упершыню ў якасці літуанізма адзначыў Насовіч, спасылаючыся на літ. nauda ’дробная манета’ (Нас., 300), што павінна тлумачыць іранічнае ужыванне слова ў беларускай мове ў значэнні ’асаблівасць, важная рэч’; адзначаецца спецыфічнае ужыванне лях. наўда́, калі гаворыцца аб з’явах, якія адбываюцца незалежна ад жадання і волі чалавека: наўда ўпасці (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1971, 1, 94); значэнне ’годнасць, прыгажосць’, параўн. наўда яна на морду, адзначанае Арашонкавай і інш., выводзіцца хутчэй за ўсё са значэння ’дабро, вартасць’, параўн. літ. naudà mergà ’добрая, удалая дзяўчына’ (БЛ, 3, 1973, 31, там жа карта распаўсюджання слова ў межах БССР). Краўчук (Лекс. балтызмы, 15) беспадстаўна аддзяляе наўда ’смутак’ насуперак Карскаму (Труды, 393) ад наўда, ноўда ’карысць’ і ўзводзіць яго да прасл. *nav‑, *ny‑ ’смерць, зморанасць, стомленасць’, параўн. ст.-рус. навь, чэш. unaviti і г. д., на падставе чаго *навьда ’смутак’, што малаверагодна, паколькі значэнне ’смутак’ магло ўзнікнуць на граніцы арэала ў выніку народнаэтымалагічнага збліжэння са словамі нуда́ ’журба, смутак, маркота’. У беларускую літаратурную мову ў значэнні ’патрэба, справа’ слова ўведзена Ф. Багушэвічам (Мар. дыс., 50) і шырока ужывалася ў мастацкай літаратуры ў 20‑я гады XX ст., з другой палавіны 30‑х гадоў ужываецца рэдка (Германовіч, Аб нек. асабл., 10–12; Гутшміт, ZfSl, 19, 1974, 2, 268).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)