Наўда́, рэдка на́ўда, ноўда ’карысць, выгада’ (Шпіл., Сл. ПЗБ, Арх. Федар., Сцяшк. Сл., Цых., шчуч., З нар. сл.), ’патрэба, неабходнасць’ (Федар., Сл. ПЗБ), ’навіна, дзіва’ (Шн. 3, Яўс., Янк. БП; бялын., Нар. сл.), ’асаблівасць, важнасць’, звычайна іранічна ў выразе: вялікая наўда (Чач., Нас., Яруш., Гарэц., Шат.), ’смутак, бяда’ (Яруш., слуц., чэрв., Мат.). Бясспрэчны балтызм, у якасці крыніцы ўказваюць літ. naudà ’карысць, выгада, грошы, дабро’, лат. nauda ’тс’, гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 48 (з л-рай), сюды ж прус. Nauden (ул. імя), гл. Непакупны: Балт. яз. и их взаимодействие, 22; упершыню ў якасці літуанізма адзначыў Насовіч, спасылаючыся на літ. nauda ’дробная манета’ (Нас., 300), што павінна тлумачыць іранічнае ужыванне слова ў беларускай мове ў значэнні ’асаблівасць, важная рэч’; адзначаецца спецыфічнае ужыванне лях. наўда́, калі гаворыцца аб з’явах, якія адбываюцца незалежна ад жадання і волі чалавека: наўда ўпасці (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1971, 1, 94); значэнне ’годнасць, прыгажосць’, параўн. наўда яна на морду, адзначанае Арашонкавай і інш., выводзіцца хутчэй за ўсё са значэння ’дабро, вартасць’, параўн. літ. naudà mergà ’добрая, удалая дзяўчына’ (БЛ, 3, 1973, 31, там жа карта распаўсюджання слова ў межах БССР). Краўчук (Лекс. балтызмы, 15) беспадстаўна аддзяляе наўда ’смутак’ насуперак Карскаму (Труды, 393) ад наўда, ноўда ’карысць’ і ўзводзіць яго да прасл. *nav‑, *ny‑ ’смерць, зморанасць, стомленасць’, параўн. ст.-рус. навь, чэш. unaviti і г. д., на падставе чаго *навьда ’смутак’, што малаверагодна, паколькі значэнне ’смутак’ магло ўзнікнуць на граніцы арэала ў выніку народнаэтымалагічнага збліжэння са словамі нуда́ ’журба, смутак, маркота’. У беларускую літаратурную мову ў значэнні ’патрэба, справа’ слова ўведзена Ф. Багушэвічам (Мар. дыс., 50) і шырока ужывалася ў мастацкай літаратуры ў 20‑я гады XX ст., з другой палавіны 30‑х гадоў ужываецца рэдка (Германовіч, Аб нек. асабл., 10–12; Гутшміт, ZfSl, 19, 1974, 2, 268).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)