Арча́к ’лука, драўляны каркас сядла’, ’прыпрэжаны конь’, ’прыпрэжка’ (Нас.), арчако́вы ’прыпражны’ (Нас.). Рус. арча́к ’лука, драўляны каркас сядла’, укр. а́рчик ’сядло’, орчико́вий прыпражны’, польск. jarczak ’лёгкае сядло’ (з XVI ст.). Ва ўсходнеславянскіх мовах з XVI ст.: ст.-бел. ерчакъ, орчаки, ярчакъ ’сядло’, ’драўляны каркас сядла’, рус. ерчакъ (1557), укр. форма арчакъ (пач. XVIII ст.). Агульна прынята этымалогія з цюркскіх моў. Прыводзяць тат. arčak ’лука’ (без крыніцы). Параўн. Міклашыч, Türk. El., Дад., 2, 75, 134. Дакладней форма ингырчак у Сразн., 1, 31. Параўн. тат. ынгырчак ’падсядзёлак’ і інш. аналагічныя цюркскія формы (Радлаў, Опыт., 1, 1358). Да гэтай формы прыводзіць польскае слова Заянчкоўскі, Stud. orient. Аб цюркскім паходжанні беларускага слова пісалі Бірыла (у сувязі з прозвішчам Арчакоў; Бел. антр., 24), Вярхоў (З жыцця, 67). Насуперак Фасмеру, 3, 155, нельга адкідваць рэальную сувязь, якая існавала паміж словамі арчак і ворчык (орчик) (гл.); магчыма, што вынікам гэтай сувязі з’яўляюцца значэнні ’прыпрэжаны’ (параўн. орчиковий коньМаслен., 178), укр. а́рчик (Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 122–123); іншая справа, што гэта сувязь мела народнаэтымалагічны характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баразна́ (адносна семантыкі гл. Яшкін.). Рус. борозда́ (дыял. зах. борозна́), укр. борозна́ (дыял. зах. борозда́), польск. brózda, чэш. brázda, в.-луж. brózda, н.-луж. brozda, ст.-слав. бразда, балг. бразда́ (дыял. бразна́, брезна́, гл. БЕР, 1, 73), серб.-харв. бра́зда, славен. brázda. Прасл. borzda (суф. ‑zda, параўн. Слаўскі, 1, 45); тып *borzna другасны, вытворны ад *borzda (гл. Рудніцкі, 175). Аснова *bor‑ тая ж, што і ў *bor‑na (гл. барана́). Параўноўваюць з ст.-інд. bhr̥ṣṭíṣ ’вастрыё, зубец, край’, ірл. barr ’верхавіна’, ст.-в.-ням. burst ’шчаціна’ (гл. Бернекер, 75; Фасмер, 1, 196); далей з лац. forāre і г. д. Корань *bor‑ (і.-е. *bhor‑) у спецыяльным тэрміналагічным значэнні ’рабіць барозны і да т. п.’ толькі ў слав. мовах і ў грэч. (Машынскі, Pierw., 74). Параўн. грэч. φαρᾶν ’араць’, φάρος ’саха’. Няпэўнымі з’яўляюцца версіі: Махэк₂, 65 (роднаснасць з літ. bir̃žis, лат. birze ’баразна і г. д.’; слав. borz‑ (< *bhorg̑‑) пад уплывам gręda зрабілася *borzda); Голуб-Копечны, 76 (*borzda < *bord‑da, роднаснае з ст.-в.-ням. bart ’край’); Атупшчыкоў, ЭИРЯ, IV, 87–96 (< *borg̑(i)da, да лац. frangere ’ламаць, разбіваць’ і г. д.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Князь1 ’правадыр войска і правіцель вобласці ў феадальнай Русі’ (ТСБМ, Яруш.). Укр. князь, рус. князь, ст.-рус. кънязь ’тс’, ст.-слав. кънѧзь, балг. кнез, серб.-харв. кне̑з, славен. knȇz ’тс’, польск. książę, чэш. kníže, славац. knieža, в.-луж. knjez ’пан’, палаб. knąz ’шляхціц’. Прасл. kъnędzь было запазычана з германскіх моў, ва ўсякім разе задоўга да трэцяй палаталізацыі. Параўн. княгіня (гл.). Аб старажытнасці запазычання сведчыць, відаць, таксама рухомасць акцэнтуацыйнай парадыгмы пры кароткім галосным у корані. Прагерм. kuningaz ’правадыр, кароль’ тлумачыцца як утварэнне на ‑ingaz ад прагерм. kunja ’род’ (лац. genus, ст.-грэч. γένος, ст.-інд. jánaḥ ’тс’). Такім чынам, у прагерманскай мове наглядаецца словаўтваральная інавацыя афіксна-семантычнага тыпу (славянскія мовы не ведаюць ніводнага спрадвечнага слова з суфіксацыяй ędʼzʼь) (Мартынаў, Лекс. взаим., 47–48). Параўн. Кіпарскі Gemeinslav., 181; Экблум, ZfSlPh, 30, 6; Экблум, ScSL, 3, 176. Князь у значэнні ’жаніх’ — табуізм (гл. Хаверс у Фасмера, 2, 266). Такое ж трэба сказаць і аб княгіня ’нявеста’.

Князь2 ’малады, жаніх’ (Нас., Яруш., Грыг., Гарэц., Нар. лекс., З нар. сл., Маш., Сержп. Грам.), ’дружка’ (Кольб.). Гл. князь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаля́зка1 (ТСБМ), жале́зка (Нас.) ’лязо (нажа, гэбля і г. д.)’. Рус. алан., валаг. желе́зка ’частка гэбля’, абл. желе́зко ’жалезны наканечнік, лязо, вастрыё’. Форма з ‑я‑ з польск. żelazko ’жалезныя часткі розных прадметаў’ (Сцяц. Словаўтв., 123). Форма, зафіксаваная Насовічам, — руска-беларускае ўтварэнне ад назоўніка жалеза з памянш. суфіксам ‑к‑а. Параўн. чэш. želízko, славац. želiezko, славен. želę́zo ’лязо, наканечнік'

Жаля́зка2 (ТСБМ), жале́зка (Нас.), зале́зка (Байк. і Некр.), зяле́зка (Гарэц.) ’прас’. З польск. żelazko ’тс’, безумоўна, форма жаля́зка (Сцяц. Словаўтв., 123). Форму желѣзко, якую дае Насовіч (154), магчыма тлумачыць як трансфармаваны на ўсх.-слав. лад паланізм або як незалежнае ўсх.-слав. утварэнне (у адрозненне ад жаля́зка1 не зафіксавана адпаведнае рус. слова, што зніжае верагоднасць уласна ўсх.-слав. утварэння). Слова пашырана, апрача польск., у н.-луж. zelezko ’прас’, а ў в.-луж. želežko ’жалезны стрыжань — укладыш у прас’. Славен. želę́zo, палаб. zilʼozü маюць значэнне ’прас’. Усе гэтыя мовы мелі сувязь з ням., а паколькі ў герм. мовах слова са значэннем ’жалеза’ выкарыстоўвалася і ў значэнні ’прас’, магчыма, што польск. трэба лічыць калькай, хаця не выключана і ўтварэнне (пераасэнсаванне) на слав. глебе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жы́та ’расліна Secale, род з сям. злакавых’. Рус. жи́то ’мясцовая назва для жыта, ячмяню або наогул для збожжа’, укр. жи́то ’жыта’, польск. żyto ’тс’, в.-луж. žito ’жыта, збожжа’, н.-луж. žyto ’збожжа, жыта’, чэш. žito ’збожжа’, дыял. ’пшаніца’, славац. žito ’жыта’, дыял. ’пшаніца’, славен. žito ’збожжа, жыта’, дыял. ’проса’, серб.-харв. жи̏то ’збожжа; рытуальная ежа з пшаніцы’, дыял. ’проса’, балг. жѝто ’пшаніца’, дыял. ’жыта’, ’збожжа’, макед. жито ’збожжа’, ’пшаніца’, ’куцця’. Ст.-слав. жито ’збожжа’, ’плод’. Ст.-рус. жито ’збожжа’, ’ячмень’, ’багацце’. Ст.-прус. geits ’хлеб’. Шырокае першапачатковае значэнне прасл. *žito ’злакавая расліна’, ’збожжа’, ’ежа з зерня’ робіць бясспрэчнай сувязь жыта і жыць. *Žito ўтворана ад кораня *g​i, *g​ei‑ (Покарны, 1, 467–468) з суфіксацыяй *‑t‑: і.-е. *g​eito‑ (параўн. яшчэ кімер. bwyd ’ежа’). Пра суч. слав. значэнні слова гл. Клепікава, Усачова, ОЛА, 1965, 148–169. Праабражэнскі, 1, 239; Фасмер, 2, 57; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 294; Мейе, Études, 298; Ваян, RÉS, 41, 60; Махэк₂, 728; БЕР, 1, 548; Скок, 3, 681; Траўтман, 82; Тапароў, E–H, 194–197.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кадо́л ’тонкая вяроўка, якой прывязваюць рыбацкую сець’ (Мат. Маг.), ’вельмі грубая вяроўка (якая накладаецца на кола, пры дапамозе якога падымаюць вуллі-калоды на дрэва’ (Маш.) ’канат для парома’ (Маш.), кадола ’вяроўка, пры дапамозе якой невад прыводзіцца ў рух’ (Браім, Рыбалоўства), кадоп ’тонкая вяроўка, да якой прывязана сець’ (бых., Мат. АС), кодол ’вяроўка ў невадзе, за якую яго цягнуць’ (ТСБМ). Укр. дыял. кодола ’вяроўка, прывязаная да крылляў невада’, ’канат’. Жэляхоўскім засведчаны кодільничий ’які цягне невад’. Рус. валаг., цвяр. і інш. кодол ’грубая вяроўка, канат (якарны) або канат для выцягвання рыбалоўнай снасці’. У рус. гаворках зафіксаваны і значэнні тыпу ’калодзежны шост’, а таксама дзеяслоў кодолить ’прывязваць каня на пашы’, кодол ’вяроўка, якой прывязваюць каня’ (арх. і інш.). Геаграфія бел. слове (прыпяцкі і дняпроўскі басейны) сведчыць аб верагодным вандроўным характары слова, аднак назваць з пэўнасцю крыніцу запазычання цяжка. Для рус. кодол, укр. кодола прапанавалі ў якасці такой крыніцы ст.-ісл. kadall ’якарны канат, вяроўка’, ст.-швед. kadhal, аднак ёсць і іншыя версіі аб паходжанні рус. слоў, гл. Фасмер, 2, 276. Калі запазычанне тэрміна ва ўсх.-слав. мовы можна дапусціць, то гісторыя яго экспансіі застаецца няяснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́ўда, проўда ’ісціна, адпаведнасць рэчаіснасці’, ’правільнасць’, ’справядлівасць’, ’на самай справе, сапраўды’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), ’няўжо’ (паст., Сл. ПЗБ), ’так, але, дакладна’ (ТС), ст.-бел. ’права’: ни грабили товара силою без правды (Станкевіч, 1, 369). Рус., укр. пра́вда, ст.-рус. правьда, польск., в.-луж. prawda, н.-луж. pšawda, чэш., славац. pravda ’праўда’, серб.-харв. пра̑вда ’праўда; судовая справа’, славен. právda ’закон; палажэнне; судовая справа’, балг. пра́вда ’праўда’, ’пагалоўе скаціны’, макед. пра́вда ’праўда, справядлівасць’, ст.-слав. прдвьда ’тс’. Прасл. *pravьda (Слаўскі, SP, 1, 63) разглядаецца як іменны дэрыват ад *pravъ (гл. правы) (Фасмер, 3, 352; Махэк₂, 481; Шустар-Шэўц, 2, 1152; Мартынаў, Этимология–1968, 248; Скок, 3, 26; Сной₂, 559), аналагічны да крыўда (гл.), насуперак Трубачову (Этногенез₂, 222–223), які на падставе словаўтваральнай сувязі суфікса ‑ьda з дзеяслоўнымі ўтварэннямі на ‑itі‑ выводзіць гэтыя назоўнікі ад *kriviti і *praviti (гл. правіць) з семантыкай ’правеж, катаванне’. Сюды ж дэрываты: праўдзі́вы ’справядлівы, шчыры’ (Нас., ТС), про́ўдзіць ’гаварыць праўду’ (Шат.), пра́ўдзіць ’збывацца’ (Сл. ПЗБ). Але праўдзівы ў значэнні ’сапраўдны, нефальшывы’ — з польск. prawdziwy. Параўн. правдзівы грыб, гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руда́1 ’прыродная мінеральная сыравіна з металамі або іх злучэннямі’ (ТСБМ). У тым жа значэнні ўкр., рус. руда́, польск., в.-луж. ruda, чэш., славац. ruda, славен. rúda, серб.-харв. ру́да, балг. ру́да́. Прасл. *ruda ад і.-е. кораня *reudh‑ (*roudh‑/*rudh‑) ’чырвоны, руды, рыжы’. Суадносіцца з прасл. *rudъjь ’руды, чырвоны, рыжы’, гл. руды (Трубачоў, Этимология–1988–1990; ESJSt, 13, 781). Адносна сувязі з і.-е. *r(e)udh‑ ’медзь’ гл. Глухак, 533; Нов. в рус. этим., 1, 199.

Руда́2 ’красільнае рэчыва, што змяшчаецца ў ільняным палатне, выводзіцца з палатна вымочваннем і адбельваннем’ (Сл. Брэс.). Ад руды (гл.) як чэрня ’чорная фарба, чорнае адзенне’ < чорны, голя ’голае месца’ і пад.

Руда́3 ’рудая вада на балоце’ (навагр., Нар. сл.; Сл. ПЗБ), ’іржа, іржавы налёт’ (ТС), ’гразь’ (Нас., Мат. Маг., Касп.). Гл. руда2, руды.

Руда́4 ’кроў’ (Нас., Гарэц.). Укр., рус. руда́ ’тс’. Выводзяць з руда3, магчыма, у выніку табуізацыі слова кроў (Фасмер, 3, 513 з літ-рай), або з першаснага значэння ’штосьці чырвонае’ (Борысь, SEK, 4, 188), параўн. ст.-інд. rudhirám ’кроў’ (< і.-е. *roudh‑ ’чырвоны, руды’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сердава́ць ‘адчуваць раздражненне, гнеў на каго-небудзь, злаваць’ (ТСБМ, Нас., Касп., Байк. і Некр., Раст., Шат.), сердава́цца тс’ (Нас.), сердо́ваць ‘тс’ (ТС). Укр. сердува́ти ‘тс’. Дзеяслоў з суф. ‑ова‑ ад се́рдзіць ‘злаваць’ (Нас.), што да прасл. *sьrdati (sę) параўн. укр. се́рдити, рус. серди́ть, рус.-ц.-слав. сръдити, польск. sierdzić się, ст.-чэш. srditi sě ‘шалець, лютаваць’, серб.-харв. срдити се, славен. srdíti se ‘злавацца’, балг. съ́рдя (се), макед. срди (се), ст.-слав. сръдити сѧ ‘раздражняцца’. Звязана з сэрца (гл.), таму што сэрца ўяўлялі як умяшчальню душы, г. зн. і гневу (Фасмер, 3, 605; Махэк₂, 572). Параўн. літ. širdai мн. л. ‘сварка’ < širdis ‘сэрца’; лат. sîrdît ‘раззлавацца’, sirds ‘злосць’ і ‘сэрца’ (Фрэнкель, 985). Параўн. таксама серб.-харв. ср́чити се ‘злавацца’, гл. Фурлан у Бязлай, 3, 305. Адваротнае семантычнае развіццё ў ст.-бел. сердоболь (Чацця 1489 г.), якое Карскі (2–3, 101) разглядае як складанае слова з коранем серд‑ (гл. сэрца) і прыдаткам боль (гл. балець), параўн. рус. сердобольный (Фасмер, 3, 605). Параўн. у Насовіча (Нас., 578) супрацьлеглыя значэнні ў слове се́рца (се́рце) — ‘гнеў, злосць’ і ‘прыхільнасць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́пка1 ‘гара конусападобнай формы, вулкан’ (ТСБМ), ‘купіна’ (Касп., ЛА, 5), ‘магільны насып’ (Шатал., ЛА, 2), ‘вялікі курган, старажытная магіла круглай формы’ (віц., Яшк.), ‘курган, грудок’ (ТС), ‘намагільны насып’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘кратавінне’ (рас., Сл. ПЗБ). Рус. (арх.) со́пка ‘невялікая гара, якая стаіць асобна’, ‘вулкан; невялікі востраў’, дыял. ‘узгорак’, соп ‘насып’, стараж.-рус. съпъ ‘насып, узгорак, гара’. Выводзяць ад соп, якое да сыпаць (Міклашыч, 334; Праабражэнскі, 2, 357; Траўтман, 293), параўн. таксама каш. sëpa ‘кратавінне’ ад sëpac ‘сыпаць’ (SEK, 4, 264). Даль (4, 273) узводзіць да сопеть, гл. сапці; Фасмер (3, 719) дапускае сувязь з гэтым дзеясловам толькі для значэння ‘вулкан’. Паводле Крукоўскага (Уплыў, 73), бел. сопка з рускай, але гэта, магчыма, толькі ў значэнні ‘вулкан’. У іншых славянскіх мовах (чэшскай, польскай) таксама з рускай, гл. Голуб-Копечны, 334; Варш. сл., 6, 268; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 329.

Со́пка2 ‘канапа’ (ТС), со́ўка ‘тс’ (маст., Сл. ПЗБ). Памяншальнае ад сафа́ ‘мяккая шырокая канапа’, якое праз рус. софа́ ‘тс’ або польск. sofa з франц. sofa, італ. sofá ‘канапа, сафа’; заходнееўрапейскія словы ўзыходзяць да араб. suffia ‘падушка на вярблюжым сядле’ (Фасмер, 3, 729).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)