Нарог ’лямеш, сашнік’ (Нас., Чач., Шн., Гарэц., Яруш., Тарн., Сл. ПЗБ); паводле Насовіча, назва ужывалася ў Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай і Мінскай губ.; згодна з ДАБМ, у паўночна-заходняй зоне беларускіх гаворак; за межамі гэтага арэала вядомы на Беласточчыне naroχ ’тс’ (Смул.) і ўсх.-палес. naroh ’жалезны наканечнік рагаціны’ (Маш.); ст.-бел. нарогъ ’сашнік’ (Гарб.), польск. дыял. і ст.-польск. naróg ’жалезны зуб у сахі’. Празрыстая назва (на + рог) акрэслівае этналінгвістычную супольнасць, якая характарызуецца пэўным культурна-моўным адзінствам, у прыватнасці тыпам т. зв. літоўскай сахі (гл. Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў. Мн., 1974, 17).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)