ДАЖДЖАВА́ЛЬНЬІЯ МАШЫ́НЫ І ЎСТАНО́ЎКІ.

Прызначаны для палівання дажджаваннем с.-г. культур. Рабочыя органы — кароткаструменныя (5—8 м) насадкі (ствараюць веерападобны паток вады), сярэднеструменныя (10—35 м) і далёкаструменныя (40—80 м і болей) дажджавальныя апараты (ДА; забяспечваюць дажджаванне па крузе або сектары; бываюць каромыславыя, рэактыўныя, турбінныя, імпульснага і бесперапыннага дзеяння і інш.).

Дажджавальныя машыны маюць аўтаномны рухавік або прывод, трансмісію і хадавую частку. Бываюць шматапорныя (7 і болей апор з рознымі хадавымі часткамі) тыпу «Фрэгат», «Днепр» і шыроказахопныя (шыр. захопу 300—800 м) тыпу «Валжанка» (сярэднеструменныя); двухкансольныя тыпу ДДА-100 МА (фермы, зманціраваныя на трактары; маюць помпавую ўстаноўку з прыводам ад вала трактара; кароткаструменныя); навясныя на трактар тыпу ДДН-100 (маюць помпу-рэдуктар, зманціраваны на раме; далёкаструменныя). Адрозніваюць дажджавальныя машыны, якія робяць паліў адначасова з рухам і пазіцыйна (пры нерухомай машыне). Дажджавальныя ўстаноўкі бываюць разборныя пераносныя (манціруюцца з асобных звёнаў, перад зменай пазіцыі яны разбіраюцца і пераносяцца на новае месца) і неразборныя (перамяшчаюцца цалкам на прычэпе трактара). Аснашчаюцца сярэдне- або далёкаструменнымі ДА, працуюць пазіцыйна. Найб. пашыраны камплекты ірыгацыйнага абсталявання «Вясёлка», дажджавальныя шлейфы ДШ-25/300 і інш. Стацыянарныя дажджавальныя сістэмы — укладзеныя пад ворны слой напорныя трубаправоды з гідрантамі, што выходзяць на паверхню. Да іх падключаюцца далёка- або сярэднеструменныя ДА. Вада ў трубаправодную сетку падаецца помпавай станцыяй. Паўстацыянарныя дажджавальныя сістэмы найб. пашыраныя, у іх магістральны і размеркавальны трубаправоды стацыянарныя, а дажджавальныя машыны перамяшчаюцца па арашальнай плошчы.

Літ.:

Сапунков А.П. Применение дождевальной техники М., 1991.

А.​Я.​Вакар.

Дажджавальныя машыны і ўстаноўкі: 1 — сярэднеструменная машына «Фрэгат»; 2 — далёкаструменная машына ДДН-100; каротка струменная ўстаноўка — дажджавальны шлейф ДШ-25/300.
Да арт. Дажджавальныя машыны і ўстаноўкі. Дажджавальныя апараты: а — кароткаструменная дэфлектарная насадка (1 — варонка, 2 — дэфлектар); б, в — сярэднеструменныя, г — далёкаструменны апараты (1 — дапаможныя соплы, 2 — ствол, 3 — асноўнае сапло, 4 — турбінка).

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПСКІ (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 6.5. 1940, в. Шолкавічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966). З 1964 працаваў у раённым друку, у апараце ЦК ЛКСМБ. З 1976 адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1978 гал. рэдактар час. «Вясёлка». Друкуецца з 1953. Аўтар кніг публіцыстыкі «Дзень за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), нарысаў «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Высокія зоркі» (1981), дакумент. аповесцей «Крутыя вёрсты» (1980, пра Героя Сав. Саюза З.​Тусналобаву-Марчанка), «Урокі Купрэвіча» (1987), «Любі мяне пры ўсякай долі...» (з Б.​Чалым, 1989; пра моладзь, вывезеную ў час Вял. Айч. вайны ў Германію), «Невядомы» (1990; пра нарадавольца І.​Грынявіцкага), зб-каў прозы «Лаўрэнавы працадні» (1984), «Раны» (1987), «Дзень нараджэння» (1988). Пра родную вёску, праблемы выхавання моладзі аповесць «Адпяванне жывых» (1993). Тэма дзяцей-сірот узнята ў дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995). Аповесць «Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» (1998), створаная на архіўных і дакумент. матэрыялах, расказвае пра карані сем’яў, прозвішчаў, гербаў. Выдаў кнігі аповесцей, апавяданняў, казак (у т. л. казкі-коміксы) для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974), «Якое яно, шчасце?», «Марынчына казка» (абедзве 1977), «Як бог стварыў свет» (1993), «Вясёлая азбука», «Падкідыш» (абедзве 1992; Літ. прэмія імя Я.​Маўра 1993). За аповесць «Загадкавы чалавечак» (1997) Літ. прэмія імя В.​Віткі 1997. Творы для дзяцей адметныя веданнем дзіцячай псіхалогіі, займальнасцю, жывой нар. мовай, дасціпнасцю. Паводле аповесці «Вясёлая азбука» ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі пастаўлены мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» (1996, лібрэта С.​Клімковіч, муз. В.​Войціка). З 1988 прэзідэнт Бел. дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня 1-га Усебел. фестывалю нар. гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. (1995). Міжнар. прэмія А.​Швейцара за дабрачынныя справы на карысць дзяцей, заложнікаў чарнобыльскай трагедыі (1998).

Тв.:

Аўцюкоўцы. Мн., 1995;

Пралескі ў небе. Мн., 1997;

Антонік-понік. Мн., 1998.

І.​У.​Саламевіч.

У.С.Ліпскі.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАУСТО́ЎСКІ (Канстанцін Георгіевіч) (31.5.1892, Масква — 14.7.1968),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім (1911—13), Маскоўскім (1914) ун-тах. Пасля 1917 супрацоўнічаў у газетах, «Окнах РОСТА», ТАСС. Падарожнічаў па краіне, быў на Беларусі. Друкаваўся з 1912. Першы раман «Рамантыкі» (1916—23, апубл. ў 1935). У ранніх творах (зб-кі апавяд. і нарысаў «Марскія эскізы», 1925; «Сустрэчныя караблі», 1928; раман «Зіхатлівыя воблакі», 1929) востры дынамічны сюжэт, героі — летуценнікі, якія прагнуць рамант. прыгод. Аповесці «Кара-Бугаз» (1932), «Калхіда» (1934) пра этычныя праблемы пераўтварэння навакольнага асяроддзя. Карціны рус. прыроды ў аповесці «Мяшчорская старана» (1939), апавяд. (зб. «Летнія дні», 1937) і інш. У аўтабіягр. эпапеі «Аповесць пра жыццё» (ч. 1—6, 1945—63) шмат раздзелаў прысвечана Беларусі («Карчма на Брагінцы», «Мястэчка Кобрын», «У балотных лясах», «Гнілая зіма» і інш.). Аўтар нататак пра пісьменніцкую працу «Залатая ружа» (1955), гіст. аповесцей «Лёс Шарля Лансевіля» (1933), «Паўночная аповесць» (1938; аднайм. фільм 1960), біягр. аповесцей пра людзей мастацтва «Ісак Левітан» (1937), «Тарас Шаўчэнка» (1939), п’ес «Паручнік Лермантаў» (1941), «Наш сучаснік (Пушкін)» (1949), кніг гіст.-біягр. нарысаў «Блізкія і далёкія» (1967), успамінаў, казак, кінасцэнарыяў і інш. Прозе П. ўласцівы лірызм, эмацыянальнасць, рамант. ўспрыняцце жыцця, паэтычнасць мовы. П’еса «Пярсцёнак» паст. Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1976). Асобныя яго творы на бел. мову пераклалі Я.​Брыль, А.​Кучар, А.​Марціновіч, Л.​Салавей і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1981—86;

Бел. пер. — Кара-Бугаз. 2 выд. Мн., 1935;

Калхіда. Мн., 1935;

Чорнае мора. Мн., 1938;

Аповесці. Мн., 1957;

Белая вясёлка: Аповесці і апавяданні. Мн., 1976.

Літ.:

Левицкий Л.А. Константин Паустовский. 2 изд. М., 1977;

Кременцов А.И. К.​Г.​Паустовский: Жизнь и творчество. М., 1982;

Воспоминания о Константине Паустовском. М., 1983;

Измайлов А.Ф. Наедине с Паустовским: К.​Г.​Паустовский — прозаик, публицист, критик, драматург. Л., 1990.

А.​В.​Спрынчан.

К.Г.Паустоўскі.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ГАРАДНАЯ ЗО́НА,

тэрыторыя, якая з’яўляецца знешнім планіровачным поясам горада, знаходзіцца з ім у цеснай функцыян., эканам., экалагічнай і арх. узаемасувязі. Параметры П.з. і рэгламенты яе развіцця вызначаюцца пры распрацоўцы рэгіянальных і генеральных планаў гарадоў. Рацыянальнае выкарыстанне тэр. П.з. — неабходная ўмова ўстойлівага развіцця вял. гарадоў. Пры яе фарміраванні ўлічваюцца інтарэсы развіцця гар. гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання тэр. рэсурсаў. Арх. планіровачнае вырашэнне П.з. распрацоўваецца з улікам прыярытэтаў захавання зялёных насаджэнняў, водных прастораў і інш. тэрыторый, якія маюць прыродаахоўнае і сан.-гігіенічнае значэнне. У межах П.з. размяшчаюцца гарады-спадарожнікі і інш. паселішчы, катэджныя забудовы, асобныя прамысл. прадпрыемствы, аб’екты камунальнай гаспадаркі, элементы трансп. (аэрапорты, чыг. станцыі і інш.) і інш. (водазаборы, трубаправоды і інш.) інфраструктур, свабодныя эканамічныя зоны, лесапаркі, зоны адпачынку, курорты, заказнікі, помнікі прыроды і інш. Значныя плошчы адводзяцца пад зоны масавага адпачынку, дачныя пасёлкі, санаторыі, пансіянаты, спарт.-аздараўленчыя лагеры. На Беларусі ўсе буйныя гарады маюць П.з. Прыкладам комплекснага развіцця горада і яго П.з. з’яўляецца Мінск. У межах П.з. Мінска вылучаюцца паясы: унутраны — лесапаркавы (радыус 15—20 км) і знешні (радыус каля 50 км). Лясы вакол Мінска ў радыусе 50—80 км фарміруюць зялёную зону горада. Планіровачны каркас тэр. Мінска і яго П.з. мае радыяльна-кальцавую структуру, сфарміраваную аўтамаб. і чыг. дарогамі, рэкамі і азялененымі прасторамі. Яго важнай планіровачнай і кампазіц. воссю з’яўляецца водна-зялёны дыяметр. Склад гар. функцый, вынесеных у П.з. Мінска, ахоплівае ўсе віды гасп. і сац. дзейнасці. У межах П.з. фарміруюцца спецыялізаваныя паселішчы, якія паводле свайго функцыян. прызначэння з’яўляюцца працягам Мінска (Мачулішчы, Гатава, Калодзішчы, Самахвалавічы, Навінкі і інш.). Да структурных элементаў П.з. адносяцца курорт Ждановічы, зоны адпачынку Мінскае мора, Астрашыцкі Гарадок, Пціч, Вясёлка і інш., заказнікі рэсп. значэння Падсады, Прылуцкі, Кайкаўскі, Пекалінскі і інш., свабодная эканам. зона «Мінск». Своеасаблівае арх.-планіровачнае вырашэнне маюць П.з. інш. гарадоў, напр., Гродна, Віцебска.

Н.​А.​Юргенсан.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Луна́ 1 ’зарава’ (Бес.), у выразе: хадзіць па луне ’быць лунацікам’ (віл., Сл. ПЗБ), луна́ ’рэха’ (Растарг.), ’маладзік’ (добруш., Бел. хр. дыял.). Укр. луна́ ’водбліск, зарава’, ’рэха, водгулле’, рус. луна́ ’месяц’, ’водбліск на небе’, ’промень святла’, ’асветленае праменямі святла неба’, паўд. ’рэха’; польск. łuna ’водбліск моцнага святла, вялікага агню’, ’святло’, ’вясёлка’, ’чырвонае неба’, ’чырвань на шчоках’, каш. łu̇na, łǫna ’чырвань агню’, палаб. lau̯nǝ, lai̯nǝ ’месяц’, чэш. і славац. (паэтыч.) luna, ст.-чэш. luna ’промень, святло, бляск’, ’месяц’, славен. lúna ’месяц’, młȃdạ, pȍu̯nạ łȗnạ ’маладзік’, серб.-харв. чак. lunȁ, дуброўн. lȗna ’вясёлка’, макед. (паэтыч.) луна і серб.-харв. лу́на ’месяц’, балг. луна́ ’тс’, ст.-слав. лоуна ’тс’, ц.-слав. ’святло месяца’. Прасл. luná ’бляск, водбліск’, ’месяц’, ’вясёлка’, якому адпавядаюць: ст.-прус. lauxnos ’свяцілы’, лац. lux ’святло’, lūna ’месяц’ (у больш старажытным напісанні losna), авест. raōχšmā‑ ’святло, бляск’, ст.-ірл. lūan ’тс’, ’месяц’, ст.-грэч. λευκός ’светлы’, λύχνος ’свяцільнік, ліхтар’, ст.-в.-ням. liehsen ’ясны’, арм. lusin ’месяц’, тах. lukśanu ’які свеціцца’. І.‑е. праформа *louk‑s‑nā ’свяціла’, ’якая свеціцца’ суадносіцца з дзеясловам *leuk‑/*louk‑ (Бернекер, 745; Фасмер, 2, 533; Слаўскі, 5, 308–311; Мее, Études, 130, 442, 444; Скок, 2, 330–331; Махэк₂, 344; БЕР, 3, 509–510; Аткупшчыкоў, Из истории, 234). Мартынаў (Балта-слав.-іт. ізагл., 30) мяркуе, што прасл. luna з’яўляецца інфільтрацыяй іт. louksnā на зах.-балт. арэале.

Луна́ 2 ’ленасць, гультайства, нерухавасць’ (КЭС, лаг.). Да лунь 3 ’гультай’ (гл.). Магчыма, тут назіраецца пэўны ўплыў на семантыку з боку лексем лунацік, хадзіць па луне́.

Луна́ 3 ’невялікая хмарка’ (гродз., бяроз., Сл. ПЗБ), ваўк. лунёк ’хмарка’ (там жа). Першапачаткова было лунь (ці ⁺лунъ), а жаночы род з’явіўся пад уплывам лексемы хмара (а, магчыма, і луна ’водбліск’), параўн. лунь, лунёк ’невялікая дажджавая хмара’ (віл., Жыв. сл.), ’здань, прывід’, луні́ ’кучаравыя воблакі’ (віл., Нар. лекс.), лунь ’белы балотны туман’ (ТСБМ). Названа паводле бела-шэрага колеру, бледнага водбліску. Генетычна да лупа́ 1 (гл.). Сюды ж луні́сты ’хмарны’ (віл., Сл. ПЗБ).

Луна́ 4 ’незарослае вадзяное месца ў балоце, якое адсвечваецца’ (зах.-бел., Яшк.). З лума́ > лу́міна (гл.). Відавочна, сема ’водбліск’ і вызначыла фіналь, аформіўшы яго ў ‑на, як ⁺луна́ (гл. луна́ 1), якое зафіксавана ў в.-дзв. гаворках у мн. ліку: луны́ ходзюць ’блішчаць, пераліваюцца, льсняцца’ (Сл. ПЗБ). Параўн. таксама лу́нка, лу́нька (гл.).

Луна 5 ’няшчасце, бедства’ (Шат.). Генетычна роднаснае да укр. лун, лунь у выразе лу́на пійма́ти ’памерці’, рус. луна́ ’смерть’ і, магчыма, да балг. лу́на ’моцны вецер з віхром’, лу́на і лу́ня ’бура’ (Дурыданаў, Болг. русистика, 1979, 4, 32–34), а таксама чэш. кіёўск. luňák ’хуткі вецер’. Утвораны пры дапамозе старога суфікса ‑на (< прасл. ‑na) ад асновы лу‑, якую Буга (Rinkt, 2, 373), Фасмер (2, 533), разглядаючы рус. луна́ ’смерць’, бачаць у роднасных літ. lavónas і liavónas ’труп’, liáujuosi gyvenęs, прус. au‑laũt ’памерці’, liáutis, paliáuti ’спыняць’, лат. ļaũt ’дапускаць, дазваляць’; сюды ж прасл. lěviti: укр. ліви́ти ’слабець’, чэш. leviti ’палягчаць’; гоц. lēwjan ’аддаваць на што-небудзь’. Сюды ж лу́нуць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВІ́ТКА (Васіль) (сапр. Крысько Цімох Васілевіч; 16.5.1911, в. Еўлічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.7.1996),

бел. паэт. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Скончыў Слуцкую прафтэхшколу (1928). Працаваў у рэдакцыях газет і часопісаў, сакратаром Беластоцкага аддзялення СП Беларусі (1939—41). З 1948 нам., з 1951 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1957—74 гал. рэдактар час. «Вясёлка». Друкаваўся з 1928. Першы зб. вершаў «Гартаванне» (1944). Паэзія Віткі вызначаецца грамадз. пафасам, асн. яе матывы — услаўленне подзвігу чалавека ў Вял. Айч. вайну, гіст. здзяйсненняў бел. народа, хараства роднай зямлі, роздум аб жыцці, прызначэнні паэзіі (зб. «Поўдзень», 1946; «Ружа і штык», 1958; «Праводзіны лета», 1972; «Вышыні святла», 1977). Значнае месца ў творчасці паэта займаюць сатыр. вершы, пародыі, эпіграмы («Для дома, для альбома і трохі для эпохі», 1983). Аўтар п’есы «Шчасце паэта», прысвечанай Я.​Купалу (1950, паст. Бел. т-рам імя Я.​Купалы, 1952), апавяданняў, артыкулаў пра К.​Чорнага, М.​Лынькова, І.​Мележа, М.​Танка, Я.​Брыля, Я.​Маўра, У.​Дубоўку, В.​Сухамлінскага і інш. Для дзяцей напісаў вершаваныя казкі «Вавёрчына гора» (1948), «Буслінае лета» (1957), «Казка пра цара Зубра» (1960), кнігі «Дударык» (1964), «Азбука Васі Вясёлкіна» (1965), «Чытанка-маляванка» (1971), «Хто памагае сонцу» (1975), «Мы будуем метро», «Мінскія балады» (1981), зб. апавяданняў «Зайчык-вадалаз» (1962), зб. нар. пацешак «Ладачкі-ладкі» (1977). Даследаваў праблемы выхавання («Дзеці і мы», 1977; «Урокі», 1982; «Азбука душы», 1988). На бел. мову пераклаў раман М.​Салтыкова-Шчадрына «Паны Галаўлёвы», асобныя творы Л.​Талстога, А.​Чэхава, У.​Маякоўскага, Я.​Райніса, М.​Рыльскага, М.​Стэльмаха, П.​Варанько і інш. Сааўтар чытанак «Роднае слова» для 1-га (1969), 2-га (1970) і 3-га класаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972 за кн. «Чытанка-маляванка», «Казкі» (1968) і паэму «Беларуская калыханка» (1971). Ганаровы дыплом Міжнар. журы па прэміях Х.​К.​Андэрсена (1978) з занясеннем імя паэта ў ганаровы спіс дацкага пісьменніка.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;

Дзецям: Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1986;

Трэція пеўні. Мн., 1988.

Літ.:

Казека Я. Гартаванне слова. Мн., 1985. С. 75—95;

Юрэвіч У. Сейбіт дабра і справядлівасці // Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;

Брыль Я. Паэт і чалавек // Зб. тв. Мн., 1981. Т. 1;

Гілевіч Н. Талент, удзячны Бацькаўшчыне // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;

Гурэвіч Э.С. Васіль Вітка // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд. Мн., 1980.

І.​Д.​Казека.

В.Вітка.

т. 4, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫ́СІН (Аляксей Васілевіч) (22.3.1920, в. Высокі Борак Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 27.8.1981),

бел. паэт. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску (1938—39), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1958). Працаваў у рэдакцыях раённых газет (1939—41, 1946—56), з 1958 у газ. «Магілёўская праўда», з 1974 сакратар Магілёўскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1938. У зб-ках «Наш дзень» (1951), «Сіні ранак» (1959) вершы, прасякнутыя патрыятызмам і грамадзянскім пафасам, адлюстроўваць працоўныя будні краіны, трывогу за мір на зямлі. У зб. «Сонечная паводка» (1962) — зварот да франтавых будняў, роздум аб якіх пазней стаў адной з істотных асаблівасцей яго паэзіі. Кніга «Мае мерыдыяны» (1965) засведчыла другое нараджэнне паэта. У ёй, як і ў кнігах «Твае далоні» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1968), «Пойма» (1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Ёсць на свеце мой алень» (1978) разгортваецца суровы летапіс памяці. Драматызм ваен. часу складае аснову перажывання, вызначае характар лірычнай споведзі героя, былога франтавіка, абумоўлівае глыбокі смутак паэзіі П. Погляд у гераічнае мінулае і ў сённяшні дзень вачыма страчаных баявых сяброў, крытэрый памяці прысутнічае ў кожным творы паэта і становіцца найважнейшай адзнакаю эстэт. вартасці яго паэзіі. Высокая маст. культура, маштабнасць мыслення паэта выяўляюцца ў разважаннях над імгненнем і вечнасцю, над глабальнымі пытаннямі сучаснасці, падсвечанымі памяццю франтавых дарог, у глыбокім пранікненні ў духоўны свет чалавека. Імкненне адчуць і зразумець людскія трывогі і клопаты, душэўны неспакой у роздуме аб нашчадках робяць творчасць П. эмацыянальна дзейснай, абумоўліваюць яе агульначалавечае гучанне, гуманіст. скіраванасць у заўтрашні дзень. Лірыцы паэта ўласцівы жыццесцвярджальнасць, унутраная засяроджанасць, спавядальная шчырасць, сталае майстэрства. Аўтар ліра-эпічных паэм «Белы камень», «Кара», «Жураўліны бераг», кніг для дзяцей «Матылёчкі-матылі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964), «Кавылёк» (1966), «Дзяўчынка Марыям» (1970), «Колькі сонцаў» (1979). На бел. мову пераклаў «Маабіцкі сшытак» М.​Джаліля (1975, з С.​Гаўрусёвым), зб. вершаў М.​Ханінава «Жураўлі над стэпам» (1977). У Палужскай школе Краснапольскага р-на створаны музей П.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1980;

Палёт. Мн., 1982;

Яшчэ не скончана дарога... Мн., 1983;

Аляксей, Дзяніс, Алёнка. Мн., 1984.

Літ.:

Гарэлік Л.М. Аляксей Пысін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;

Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;

Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;

Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976;

Шпакоўскі І. Узрушанасць. Мн., 1978;

Вялюгін А. Выбр. тв. Т. 2. Мн., 1984.

Л.​М.​Гарэлік.

А.В.Пысін.

т. 13, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ключ 1 ’прылада для замыкання і адмыкання замка’ (ТСБМ, Шат., ТС, Сл. паўн.-зах., Яруш., Сцяшк., Бяльк., Янк. II, КЭС, лаг.), ’палка для замыкання дзвярэй’ (Шушк.). Укр. ключ, рус. ключ, ст.-рус. ключь ’тс’, ст.-слав. ключь, балг. ключ, макед. клуч, серб.-харв. кљу̑ч, славен. kljúč ’тс’, польск. klucz, чэш. klíč, славац. kľúč, в.-луж. klúč, н.-луж. kluc, палаб. klʼauc ’тс’. Да прасл. kluka. Суфіксацыя ‑jь фарміруе вытворныя імёны м. р. ад прыметнікаў яшчэ балта-славянскага перыяду (гл. Мартынаў, Праслав. дерив., 22). Таму можна меркаваць аб прыметніку *kluk‑jь ’гакападобны’, ад якога семантычным шляхам утварылася klučь.

Ключ 2 ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, Янк. II, Тарнацкі, Studia). Гл. ключ 1.

Ключ 3 ’крыніца, струмень вады, які б’е з зямлі на дне крыніцы, калодзежа, на беразе ракі, у возеры’ (Яшк., Жд. 2, Сл. паўн.-зах., Маш.). Параўн. ст.-рус. ключь ’тс’. Наяўнасць паўднёваславянскіх паралелей для гэтага значэння (серб.-харв. кљу̑ч ’струмень вады’) сведчыць аб яго яшчэ праславянскай старажытнасці. Неабавязкова таго ж паходжання, што і ключ 1 (гл.), але іншай надзейнай версіі няма.

Ключ 4 ’чарада птушак (гусей, жураўлёў і пад.), якія ляцяць клінам’ (ТСБМ, Сержп., ТС), ’натоўп людзей’ (Ян.). Гл. ключ 1.

Ключ 5 ’панскае ўладанне, вялікі двор, які падзяляўся на фальваркі або засценкі’ (Яшк., Гарб.). Да ключ 4 (гл.).

Ключ 6 ’вясёлка’ (ДАБМ). Да клюка 1 (гл.) у адпаведнасці з формай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вёдра ’добрае надвор’е (Інстр. II). Укр. ве́дро ’яснае надвор’е’, рус. вяц. вёдрецо, арханг. ве́дрие, смал., пск. ведри́на ’яснае сонечнае надвор’е’, ст.-рус. ведро ’тс’ (з XII ст.); ’гарачыня, спякота, засуха’ (з XII ст.), ст.-польск. wiadro, wiodro (з XV ст.) ’спякота, гарачыня’, н.-польск. wiadro ’надвор’е, стан паветра’, каш. vʼodro ’надвор’е, паветра’, палаб. vedrü ’надвор’е’; ’сонца’, н.-луж., в.-луж. wjedro ’надвор’е’, чэш. vedro ’спякота, гарачыня’, славац. уст. vedrný, vedro ’яснае надвор’е’, славен. védro, vedrína ’тс’, vę̑drtia ’вясёлка’, серб.-харв. ве̏дро, ведрѝна ’яснае, сонечнае надвор’е’, макед. ведорница, ведрина ’тс’, балг. ведрина, ведринка, ведрост ’тс’, ведър ’ясны, бясхмарны (аб надвор’і)’, ст.-слав. ведро ’добрае надвор’е’. Прасл. vedro з’яўляецца старым адпрыметнікавым назоўнікам. У балтыйскіх адпаведніках, паводле Скока, 3, 572, адсутнічае пачатковае v‑ (< і.-е. u̯e‑); параўн. літ. gaidrùs giẽdras ’ясны, светлы’, лат. gẽdrs, skaidrs ’ясны’. Праабражэнскі (1, 69) аспрэчвае роднасць балтыйскіх лексем да слав. vedro. Славянска-германская ізалекса звычайна інтэрпрэтуецца як звязаная з і.-е. *u̯e‑ і ўтвораная пры дапамозе суф. *‑dhro; параўн. таксама ст.-ісл. veðr ’вецер, паветра, надвор’е’, ст.-в.-ням. wetar, н.-в.-ням. Wetter ’надвор’е’, англ. weather ’надвор’е, ветранае надвор’е; шторм’. Гл. Міклашыч, 377; Праабражэнскі, 1, 69; Брукнер, 622; Голуб-Копечны, 410; Фасмер, 1, 284; Шанскі, 1, В, 84; КЭСРЯ, 72; Скок, 3, 572; БЕР, 1, 127–128. Аднак прагерм. weðra суадносіцца са ст.-грэч. (Ϝ)έτος ’год’, δυσ‑ετηρία ’дрэннае надвор’е’, ст.-інд. vatsaraḥ ’год’ і інш. Калі гэта так, тады прасл. vedro трэба лічыць запазычаннем з герм. (Мартынаў, Лекс, взаим., 56–58). Махэк₂ (681) суадносіць vedro з (s)vęd‑ ’сушыць цяплом, сушыцца, вянуць’, магчыма, сюды ст.-польск. wiądro (?), аднак цяжка звязаць з гэтым коранем прасл. vedro без назальнага ‑e‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мала́нка 1, маля́нка ’разрад атмасфернай электрычнасці ў паветры ў выглядзе яркай звілістай лініі, бліскавіца’ (ТСБМ, Мал., Маш., Федар., Сцяшк., Нас., Яруш., Шат., Касп., Бяльк.; ДАБМ, к. 311); мала́ння, мала́нья, маланя́, мылыня́ (віц., ДАБМ, к. 311; Касп., Сл. ПЗБ, Растарг.), мсцісл. мылыньня́ (Нар. сл.), чачэр. мала́йня, карм. мала́ння ’тс’ (Мат. Гом.). Укр. молоння́, рус. молонья́, мо́лонье, молоньё, мола́нья, пск. мола́нка, ст.-рус. мълния, млънии, мълънии, молния, молиня, палаб. mā́uńa, каш. måłńå, чэш. mlna, mlno, mluno, славен. mółnja, серб.-харв. му́ња, макед., балг. молна, молня, мълния, ст.-слав. млънии. Прасл. mъlni ’маланка’ мае і.-е. адпаведнікі ў ст.-прус. mealde ’тс’, літ. mulna, лат. milna ’молат Пяркуна’, літ. milinỹs ’жорны’, ст.-ісл. muln ’агонь’, Mjǫllnir ’маланка, молат Тора’, уэльск. mellt ’маланка’, хецк. malatt ’від зброі’. Лексема мае міфалагічны характар. Параўн. бел. казкі, дзе Малання, Маладня — імя царыцы-маланкі, а маланка ў бел. вераваннях (як і ў ведыйскіх) — гэта зброя Перуна, подобная да двух камянёў жорнаў, у выніку трэння якіх узнікае гром-маланка (Іванаў, Тапароў, Бел. лекс., 59). Гл. маладня́.

Мала́нка 2 ’вясёлка’ (петрык., Талстой, АЛА–1974, 58) у выразе: маланка воду бярэ. У выніку семантычнага пераносу.

Мала́нка 3 ’мыльнік, Saponaria officinalis L.’ (Сцяшк. Сл.), мыльня́нка ’тс’ пад уплывам маланка 1 (перанос значэння паводле падабенства: мыльнік цвіце чырвонымі кветкамі). Гл. мыльнік 1.

Маланка́ ’пусты чорны арэх’ (Маш.), маланчу́к, маланкавы арэх ’тс’ (маст., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), палес., беласт. маланчу́к ’спарыння, Claviceps purpurea L.’ (Выгонная, Бел.-укр. ізал., 21). Да мала́нка 1 (гл.). Назвы ўзніклі ў сувязі з вераваннем, згодна з якім маланка спальвала арэхі, зерне ў коласе. Аналагічна каш. måłńå апрача ’маланка’, ’туман’ яшчэ і ’зараза’, г. зн. ’шкоднікі-вусеніцы на дрэвах’, ’чорныя плямы на бульбе’, з’яўленне якіх звязваецца са шкодным уплывам маланкі на ўраджаі (Папоўска–Таборска, Бел.-польск. ізал., 103).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)