ПАНІ́ЗНІК (Сяргей Сцяпанавіч) (н. 10.5.1942, в. Бабышкі Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт і перакладчык. Скончыў Магілёўскае мед. вучылішча (1962), ф-т журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-паліт. вучылішча (1967). З 1967 ваен. журналіст. З 1977 у газ. «Вячэрні Мінск», з 1980 на Дзяржтэлерадыё БССР, у 1982—96 у выд-ве «Юнацтва», адначасова ў 1992—94 у Нац. навук.-асв. цэнтры імя Ф.Скарыны, у 1996—99 вучоны сакратар Літ. музея Я.Купалы. Друкуецца з 1959 (мае псеўд. Сяргей Папар). У зб-ках паэзіі «Кастры Купалля» (1967), «Палявая пошта» (1972), «Крона надзеі» (1975), «Чало і век» (1979), «Слова на дабрыдзень» (1982), «Мацярык» (1984), «Стырно» (1989), «А пісар земскі...» (1994) і інш. услаўленне роднага краю і яго духоўнай спадчыны, пераемнасці пакаленняў, філас. роздум над часам і гісторыяй свайго народа. Аўтар кн. публіцыстыкі «Пасля вогненных вёсак...» (1980). Аповесці «Браніслава» (1985), «Асвейская трагедыя» (1992) пра Саласпілскі лагер смерці. Піша для дзяцей: зб-кі вершаў «Адкуль вясёлка п’е ваду» (1981), «Жыцень» (1986), «Мы — грамацеі!» (1989), «Золкая зёлка» (1999). З 1990 укладае штогоднік гіст. л-ры «Бацькаўшчына». Даследуе бел.-лат., бел.-ўкр., бел.-чэш. гіст. і культ. сувязі. Перакладае паэзію з інш. моў (зб. «Сустрэча роднасных сусветаў», 1997). На некат. яго вершы напісаны песні.
І.У.Саламевіч.
т. 12, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)