КАРАМА́ЗАЎ (Віктар Філімонавіч) (н. 27.6.1934, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у раённых газетах. З 1964 у газ. «Звязда», з 1969 у «Літаратуры і мастацтве». З 1971 заг. аддзела маст. фільмаў Бел.дзярж.к-та па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1982—86 літкансультант СП Беларусі. Друкуецца з 1957. Першы зб. апавяданняў «Падранак» (1968). У зб-ках «Па талым снезе» (1973), «Спіраль» (1974) сцвярджае дабрыню, духоўную годнасць чалавека. У эпічным, лірыка-публіцыстычным рамане «Пушча» (1978, экранізаваны ў 1988) на прыкладзе Ліменскай пушчы на Чэрыкаўшчыне маст. сродкамі паказаў бядотны лёс лясоў на Беларусі. Аповесць «Дзень Барыса і Глеба» (1980) пра сучасную вёску. Падзеям Вял.Айч. вайны прысвечаны раман «Бежанцы» (1990). Аповесць «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1991) пра мастака В.Бялыніцкага-Бірулю. У аповесці «Краем Белага шляху» (1992) тэма чарнобыльскай трагедыі. Аўтар нарысаў (зб. «Вясёлка сярод зімы», 1978), сцэнарыяў маст. і дакумент. фільмаў. За кнігу публіцыстычнай прозы і эсэ «Проста ўспомніў я цябе...» (1989) Дзярж. прэмія Беларусі імя К.Каліноўскага 1990.
Тв.:
Дома: Аповесці, апавяданні. Мн., 1984;
Дзяльба кабанчыка: Выбранае. Мн., 1988;
Глядзіце ў вочы лемуру. Мн., 1989;
Аброчны крыж. Мн., 1994. Выбр.тв.Т. 1. Мн., 1997.
Літ.:
Навуменка І. Кніга адкрывае свет. Мн., 1978. С. 216—219;
Дзюбайла П.К. Беларускі раман. Гады 70-я. Мн., 1982. С. 33—46;
Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн.,1984. С. 45—51.