юна́к, ‑а, м.
Чалавек мужчынскага полу, які не дасягнуў сталасці, малады чалавек, хлопец. Семнаццацігадовы юнак. Юнак-камсамолец. □ Юнакоў, дзяўчат усмешкі ззяюць водбліскам зарніц. Жычка. // перан. Пра дарослага ці пажылога чалавека, поўнага жыццёвых сіл, маладых імкненняў. Прафесару ішоў сорак другі год. Нягледзячы на гэткі ўзрост, ён адчуваў сябе зусім яшчэ юнаком, ды і з выгляду нельга было даць больш трыццаці. Галавач.
юна́цкасць, ‑і, ж.
Уласцівасць юнацкага; маладосць. Юнацкасць душы.
юна́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да юнака, юнацтва, уласцівы ім. Юнацкае захапленне. Юнацкая мара. □ А працы многа, дзе ні глянь, Прастор юнацкаму запалу. Чарот. Кроў маю доўга пілі каты, сілы юнацкія нішчыў астрог. Таўлай.
юна́цтва, ‑а, н.
1. Перыяд жыцця пасля малалецтва да сталасці; ранняя маладосць. Гады юнацтва. □ Напярэдадні юбілею маёй творчасці мне захацелася ўспомніць свой шлях і ўсё сваё жыццё. Я імкнуўся аднавіць усе драбніцы гэтага жыцця — сваё маленства, юнацтва, .. светлыя гадзіны творчасці, сваю сталасць. Купала.
2. зб. Юнакі. // Маладыя людзі абодвух полаў. Юнацтва планет усвядоміла, што сёння ствараецца будучыня і для яго. «Маладосць». Цябе, юнацтва, я люблю. Загартаванае ў вайну, Цану ты знала мазалю І хлебу ведала цану. Хведаровіч.
юна́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Асоба жаночага полу, якая не дасягнула сталасці, маладая дзяўчына.
юна́чы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і юнацкі. Юначы запал. □ Арлы маладыя, Юначая кроў, І радасць вы наша, І наша любоў. Колас. Дай жа, сынку, наглядзецца На юначы воблік твой. Прыходзька.