хіта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Рабіць лёгкія рухі чым‑н. (звычайна галавой). Незнаёмец, трохі збянтэжаны, стаяў, шырока расставіўшы ногі, у баку ад дзвярэй і, усміхаючыся, хітаў, хітаў галавою. Сачанка. / Пра жывёл. Конь спацелы натужна Галавою хітае... Век загонамі кружым — І не знаем вяртання. Зуёнак. Сядзіць касы на лініі і вушкамі хітае. Масарэнка.
2. што. Ківаючы, рабіць хісткім, расхістваць. [Андрэй і Лаўрэн] браліся за корч, выварочвалі яго з кучы, хіталі туды-сюды, правяраючы, ці не чапляецца за што, разгушквалі і кідалі за плот. Кудравец.
3. каго. Калыхаць, гушкаць (дзіця). [Пелюхава жонка] павярнулася, падалася.., хітаючы дзіця на тоўстых руках, у суседнюю бакоўку. Мележ.
хіто́н, ‑а, м.
1. Мужчынскае і жаночае адзенне старажытных грэкаў — доўгая і шырокая сарочка часцей без рукавоў, якая падпяразвалася з напускам. [Юстын] насіў белую доўгую палатняную світку, якая нагадвала хітон афінян. Бядуля. / Разм. Пра шырокую, свабодную адзежу. Апрануў нейкі хітон.
2. Касцюм танцоўшчыцы класічнага балета з глыбокімі разрэзамі па баках.
[Грэч. chitōn.]
хітрава́ты, ‑ая, ‑ае.
Трохі хітры. Вычыха хітраватая, але часам залішне меле языком і можа выбалбатаць тое, пра што думае. Кулакоўскі. // Які выражае пэўную хітрасць або сведчыць пра яе. [Ячны] падміргнуў мне, нібы змоўшчык, хітраватым вокам. Брыль. Невясёлы, прытомлены твар кранула мілая Ганне змоўніцкая, хітраватая ўсмешка. Мележ.
хітрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Тое, што і хітрыць. [Марцін] ужо не сумняваўся, што Пронька хітруе і шукае карысці для сябе. Каваленка. [Голуб:] «Чэсным хітраваць нідзе не трэба. Калі што, то добра знаю я: Для мяне высокае ёсць неба І, як камень, цвёрдая зямля»... Сербантовіч.
хітраму́драсць, ‑і, ж.
Уласцівасць хітрамудрага; хітрасць, вынаходлівасць розуму.
хітраму́дры, ‑ая, ‑ае.
Які выдзяляецца вынаходлівым розумам. [Іван Пераход:] — Ну, думаю, ты хаця і хітрамудрая, але я перахітру і перамудру цябе!.. І ў першую ж палучку пашыбаваў у кнігарню. Васілёнак. Я не быў такім хітрамудрым, а напісаў папросту і шчыра: «Мой бацька бедны, а да навукі я здольны». Дубоўка. // Які хітра і ўмела прыдуманы, зроблены. Аўгіня.. умела ткаць найпякнейшыя паяскі, з самымі хітрамудрымі ўзорамі: з грабелькамі, падкоўкамі, васількамі. Бядуля. Хітрамудрыя планы адваката лопнулі, як мыльная бурбалка. Васілевіч.
хітраспляце́нне, ‑я, н.
1. Складанае вычварнае перапляценне чаго‑н. Хітраспляценне арнаментаў. // перан. Пра складанае перапляценне якіх‑н. фактаў, падзей. А я, біты, цёрты, не веру ў такое хітраспляценне інтрыг. Шамякін.
2. Складаная будова, развіццё, падача чаго‑н. (сюжэта, думак, ідэй і пад.). Пісьменнік імкнецца зацікавіць чытача не хітраспляценнямі сюжэта, а ўвагай да духоўнага свету гераіні. Шкраба.
хі́трасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць хітрага. Пра хітрасць лісіцы нямала напісана. □ Вядома, гэта не было так выразна і проста сказана, а з мужычай хітрасцю, і Тоўхарт заўважыў гэта. Чорны.
2. Учынкі, прыёмы, паводзіны, разлічаныя на ўвядзенне каго‑н. у зман. Алесь не спіць — ён у трывозе: Што на сягонняшняй дарозе Яго з «начаткамі» чакае? Як сойдзе хітрасць яго тая? Колас. Але на гэты раз маленькая хітрасць дачкі не дапамагла. Шахавец. // Дзеянне, накіраванае на падман праціўніка. Апёкшыся на першай хітрасці, маёр не здолеў прыдумаць нічога іншага, апроч лабавога ўдара. Брыль. Але Генька ведаў, што ворага трэба браць не толькі сілай, але і хітрасцю. Паслядовіч.
3. Выкрутлівасць, спрытнасць. Любамір выглядаў гэтакім прасцячком, хаця на самай справе хітрасці яму не пазычаць. Шыцік. Мудры дзед. Век зжыў, пабадзяўся па людзях, пабачыў. Такія ў вёсцы — філосафы. Варожаць і на ўраджай, і на пагоду. Дзе не розумам, то хітрасцю дойдуць... Пташнікаў.
4. Тое, што зроблена з майстэрствам, адмыслова. Замок з хітрасцю. □ Асабліва захаплялі розныя.. хітрасці [скрыпкі] пасля таго, калі я да мазалёў на пальцах і рабаціння ў вачах папакутаваў над уласным новым стварэннем. Кулакоўскі. [Ягор] уважліва агледзеў кручкі, паплаўкі, змераў вачыма тоню і, відаць, не знайшоўшы ў іх ніякай рыбацкай хітрасці, адказаў: — Вось гэта ўлоў! Ігнаценка.
•••
Не вялікая хітрасць з інф. — не цяжка, не складана.
хітру́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑рузе, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Вельмі хітры чалавек. Заўважыўшы ў поцемках людзей, хітруга гэты адразу ж накіраваўся проста на іх. Дуброўскі. / Пра жывёл, птушак. — От хітругі, пранюхалі, што кукурузу будзем тут сеяць, — скардзіцца на гракоў Тася. Бялевіч.