хіхі́канне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. хіхікаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. [Чырвонаармеец] пачуў лёгкае хіхіканне мужчын. Бядуля. Тонкае хіхіканне Смагула і залівісты рогат Мікешкі вывелі з сябе Паўліка. Беразняк.
хіхі́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Спадцішка або ціха смяяцца. Каля дуба нехта хіхікаў, баючыся засмяяцца ўголас. Пестрак. [Гараська] смяецца спачатку ціха, хіхікае, пасля рагоча. Сачанка.
хіхі́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.
Абазвацца смяшком. Хтось у натоўпе хіхікнуў, але на яго цыкнулі кабеты і ён адразу ж змоўк. Дуброўскі.