Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хіб, ‑а, м.

1. Пярэдняя частка хрыбта некаторых жывёл (свінні, быка і пад.). Свіння, калышучы вялізным хібам, спакойна ўзрывала зямлю пад карэннямі сухога бука. Самуйлёнак. Люся паказала на чучала здаравеннага быка з магутным крутым хібам. Даніленка. Поўсць збоку, дзе сочыцца кроў, мокрая; зверху на хібе ўжо высахла і стаіць — што ўсё адно воўк атросся ад вады. Пташнікаў.

2. Поўсць на хрыбце. Сабака ўбачыў незнаёмага, злосна забурчаў і наставіў хіб. Якімовіч. Алесь прыйшоў у гнеў, у дзікі, І ў абурэнне, жаль вялікі, Катоў ён бедных б’е, ганяе, За хіб у сені выкідае. Колас.

3. Спінны плаўнік у рыбы. — Нідзе не дзенецца! — Андрэй паволі выбраў жылку, і вось ужо рыбіна б’ецца ў роснай траве, настаўляе калючы хіб, цяжка хаўкае жабрамі. Ваданосаў. Як падчэпіш ярша на кручок, дык ён растапырыць жабры, паставіць калючы хіб і нават хвост сагне — так не даецца. Дайліда.

4. перан. Верхні край чаго‑н. на канцы, грэбені (страхі, хвалі і пад.). [Міканор] бег па зломе страхі, па самым хібе — каб не так крута было, бег з нечакана згаданай хлапечай праворнасцю. Мележ. Язэп зняў шапку, выцер лоб і кінуў яе на пракос. Шапка лягла на хіб пракоса, фарсіста задраўшы ўгору патрэсканы казырок. Дуброўскі.

хі́ба 1, ‑ы, ж.

1. Памылка, промах, недахоп. Агульная хіба мовы нашых газет.. вось у чым. Мы абавязкова хочам слова ў слова перакласці кожны сказ з рускай мовы. Лужанін. Доўга пасля таго Аўсееў самотна перажываў свае жыццёвыя хібы. Быкаў. Юнацтва! Гарачае, поўнае запалу, у каго з людзей ты праходзіла без хібаў? Сіняўскі.

2. Пра фізічны недахоп. — Калі ў чалавека ёсць якая-небудзь хіба з вокам, то за гэтае няшчасце нават і хуліган не будзе чалавека абсмейваць. Чорны.

хі́ба 2, часціца.

1. Ужываецца ў пытальных сказах, якія выражаюць сумненне ў чым‑н., недавер да чаго‑н., здзіўленне чым‑н., і па значэнню вельмі блізкія да слоў: «няўжо», «можа быць». — Хіба гэта мячык? — здзівілася бабка, калі дзед вярнуўся дамоў з магазіна. Юрэвіч. [Рабочы:] Мая дачушка вывучыла чатыры [мовы].. Трэба ж і мне не вельмі адстаць ад яе. Хіба я няправільна разважаю? Дубоўка. — А вы хіба бачылі Уладзіміра Ільіча? — спытаў я. — Як жа. І не адзін раз! — адказаў камбрыг. Дзенісевіч. // (звычайна ў спалучэнні са словамі «можна», «магчыма» і асабовымі формамі дзеясл. «магчы»). Ужываецца ў рытарычным пытанні, якое заключае адмоўны адказ. Хіба можна так рабіць? □ Пасля снедання Івана пахіліла да сну. Ён цэлую ноч быў на начлезе, а хіба там заснеш! Чарнышэвіч.

2. Ужываецца ў пытальных сказах для выражэння няўпэўненасці ў неабходнасці якога‑н. дзеяння і блізка па значэнню словам: «можа быць», «не варта». Хіба схадзіць мне да доктара? □ Хіба можна пісьменніка падганяць? Розныя фактары могуць уплываць на плённасць яго працы. «ЛіМ».

3. (звычайна ў спалучэнні са словамі «толькі», «што»). Ужываецца для надання адцення абмежаванасці, дапушчэння, магчымасці чаго‑н. Там ніхто не пройдзе, хіба толькі звер прабярэцца. □ Конь ішоў памалу, хіба толькі з горкі прыбаўляў ходу. Колас. Выдавалі хіба толькі вочы — праніклівыя, пільныя, гарачыя, у іх палаў агонь, і яго цяжка было прыхаваць. «Звязда». Дзед развёў рукамі: — Якая ў мяне зброя, пан гарадавы. Хіба што адна папруга на штанах... Якімовіч.

хі́ба 3, злучн.

1. уступальна-абмежавальны. Ужываецца ў спалучэнні са словамі «толькі», «што» і без іх для выражэння абмежавання ў значэнні: «акрамя таго, што...»; «можа быць, толькі...». Рэдка, хіба толькі ў штучных пасадках, убачыш тут піхту, лістоўніцу, кедр, з хвойных парод абжыліся ў гэтых мясцінах толькі сасна ды елка. Гавеман. Хіба што дзяцел па сухадрэвіне застукоча, дык мы [сяляне] з такім лёскатам звыкліся. Новікаў.

2. умоўны. Ужываецца для выражэння супрацьпастаўлення з адценнем умоўнасці ў значэнні: «калі не...», «калі толькі не...». Абавязкова прыйду, хіба толькі затрымаюць.

хі́ба 4, выкл.

Ужываецца з пытальнай інтанацыяй і выражае сумненне, недавер. [Алесь:] — Ты робіш мне балюча. А я помню цябе. [Майка:] — Хіба? Караткевіч.

хіба́ 1, часціца.

Тое, што і хі́ба ​2.

хіба́ 2, злучн.

Тое, што і хі́ба ​3.

хі́біць, хіблю, хібіш, хібіць; незак.

Разм.

1. Дапускаць пралікі, недакладнасці, рабіць памылкі. І толькі Уладзя хібіў часта: Задач ніяк не браў і — баста. Колас.

2. перан. Баяцца каго‑н., губляцца перад кім‑, чым‑н. Адно, каго баяўся, перад кім хібіў дырэктар, дык гэта перад начальствам. Сабаленка.

хі́бнасць, ‑і, ж.

1. Памылка, няправільнасць, недакладнасць. Стылістычныя хібнасці.

2. Спец. Розніца паміж сапраўднай велічынёю чаго‑н. і велічынёю, атрыманай пры вымярэнні; адхіленне ад зададзенай велічыні; недакладнасць. Абсалютная хібнасць. Адносная хібнасць.

хі́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Адмоўны, нядобры. Саўка акінуў поглядам сваіх мыслей увесь складаны комплекс той ролі, на якую падбіваў яго Бруй, з усімі яе выгодамі і хібнымі бакамі. Колас.

2. Памылковы, няправільны. Хібны крок, брак, недасеў, зрыў, безгаспадарчасць і абязлічка — гэта ўсё роўна, што без барацьбы ворагу здаць пазіцыі... Дудар.

хібо́к, ‑бка, м.

Памянш. да хіб (у 1, 2 знач.); невялікі хіб. Вёрткія шэрыя парасяты бегалі навакол маткі, .. наставіўшы рэдкую шчацінку хібкоў. Самуйлёнак.