Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хісну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Аднакр. да хістацца (у 1–3 знач.).

хісну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да хістаць.

хіста́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хістання (у 1 знач.). Хістальны рух.

хіста́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. хістаць (у 1, 2 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. хістацца (у 1–3 знач.). Хістанне дрэў. □ І толькі складкі сукенкі ды ледзь прыкметнае хістанне чорных кос на спіне адзначалі яе [Анежкі] рух. Броўка.

2. Няўстойлівасць, зменлівасць. Хістанні тэмпературы. Хістанне цэн.

3. перан. Нерашучасць, сумненне. Ці зайздросны мой лёс? Ці шчасліва жыву? Каб такое пытанне стаяла ў анкеце, — Я, сябры, без хістання б запоўніў графу: — Так, па-мойму, я — самы шчаслівы на свеце! Гілевіч. Рады творчаму плёну, Мы працуем натхнёна, У нашым руху хістанняў няма. Журба.

хістану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Аднакр. да хістацца (у 1–3 знач.).

хістану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да хістаць.

хіста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Калыхацца, ківацца з боку ў бок. [Зыбін] слухаў лагодны, супакойлівы шум зялёных вершалін соснаў, што плаўна хісталіся над ім. Мележ. А .. [збожжа] рознымі колерамі гарыць, да пояса кланяецца — хістаецца ў бакі... Каваль. // Дрыжаць, мігаць (пра агонь, святло і пад.). Белае полымя дрыгацела, хісталася, падымалася і ападала, і вось-вось, здавалася, пагасне. Колас. Туман дыміўся вечаровы, Між дрэў Хістаўся маладзік. Скурко.

2. Ківацца пры хадзьбе з боку ў бок. Як макаўка ад ветру на градзе, Хістаецца дзіцё ва ўсе бакі: Памкнецца крок ступіць — і тут жа ўпадзе, Які ж для ўсіх ты, першы крок, цяжкі! Непачаловіч. Знябыўся, пахудзеў [Пятрусь], рана яго разгнаілася, без сну і яды хістаецца, а не кінуў яе [Ганны] палякам. Нікановіч. // Калыхацца, калывацца ў бакі ў час руху. Воз хістаўся і рыпеў па выбоістай дарозе. Лупсякоў. Вагон гушкаўся, уздрыгваў, хістаўся ў бакі. Васілёнак.

3. Ківацца ў выніку нетрывалага, ненадзейнага прымацавання да чаго‑н., умацавання ў што‑н. або ў выніку трухлявасці і пад. Пад акном ад падлогі чарнелі два вянцы, гнілі; сям-там высыпаў грыбок.. Гніль лезла і вышэй, падтачыла падаконнік, — ён хістаўся пад локцямі ў Аркадзя. Пташнікаў. А зубы ў хлопцаў ад сцюжы ды без вітамінаў хістаюцца, крывавяць і баляць. Грахоўскі. // перан. Траціць ранейшае значэнне, сілу, устойлівасць. Польскі трон хістаўся пад напорам знаці, А яе не турак, дык швед калашмаціў. Бажко.

4. перан. Быць у нерашучасці; вагацца. Нейкі момант.. [Васіль] хістаўся: гаварыць Януку ўсё, як ёсць, ці не гаварыць? Кулакоўскі. Так, пакуль прыедзе бацька, усё будзе ўжо зроблена, і яму не будзе магчымасці ні думаць, ні сумнявацца, ні хістацца. Краўчанка.

5. Быць няўстойлівым, непастаянным; мяняцца. Цэны хістаюцца. Тэмпература паветра хістаецца ад 13 да 18°.

6. Зал. да хістаць (у 1, 2 знач.).

хіста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Прыводзіць у хістальны рух; ківаць з боку ў бок. Парывісты моцны вецер хістаў і згінаў вяршаліны дрэў, шкуматаў густую лістоту. Бяганская. Хістае вецер спелае палессе, І хваля хвалю гоніць — не кране. Тарас. // безас. Кідаць з боку ў бок (пры хваробе, стомленасці і пад.). Ад стомы яе [Надзю] хістала, шумела ў галаве, натруджаныя пальцы зводзіла сутарга. Бураўкін. Ледзь дачакалася [Ніна] раніцы. Трэба ісці на работу, а галава як волавам налітая, хістае ў бакі. Лобан. // Ківаючы, рабіць хісткім; расхістваць. Маладая дужая рука хістала крыж. Пташнікаў.

2. чым. Рабіць хістальныя рухі чым‑н. На голых, спаленых дзялянках Хвоі хістаюць задымленым веццем. Куляшоў. Бор наш сумнай хістаў галавой. Броўка.

3. перан.; што. Рабіць няўстойлівым; падрываць. Хістаць аўтарытэт. □ Моладзь несла вялікія страты заўжды — Ад асілкаў з далёкіх паданняў, былін, Што мячом і шчытом нашых продкаў былі, Да паўстанцаў, што трон самаўладдзя хісталі І свой лёс — на падбрэхічаў лёс не змянялі. Грачанікаў.

хі́сткасць, ‑і, ж.

Уласцівасць хісткага. Хісткасць спадзяванняў. □ Маральнае паражэнне князя — не што іншае, як неабвержны доказ хісткасці жыццёвых устаяў таго ладу, які трымаецца на грашах і насіллі. Ярош.

хі́сткі, ‑ая, ‑ае.

1. Які хістаецца, ківаецца, пакалыхваецца. На хісткай галінцы крушыны, узмахваючы крылцамі, сядзела птушка. Мележ. Люблю над картай пасядзець, люблю Чытаць геаграфічныя запіскі. І кожнаму зайздрошчу караблю І палубам, прасоленым і хісткім. Панчанка. І мы, каб не перашкаджаць людзям, якія ўжо заняты думкамі пра мора, па хісткіх дошках.. сыходзім на бераг. Сіпакоў. // Няўстойлівы, нетрывалы, які лёгка прыходзіць у рух з-за сваёй зношанасці, трухлявасці і пад. Я ўзбег на ганак Хісткі і пахілы, Крануўся кнопкі Чулага званка. Хведаровіч. Над.. [рэчкай] стаяў туман, а нізкі масток быў хісткі, і насціл на ім заброснеў. Лупсякоў. // Які дрыжыць, мігціць (пра агонь, святло і пад.). Часам загараліся ракеты, заліваючы хісткім святлом усё наваколле. Грахоўскі. // Няцвёрды, няўпэўнены (пра паходку, крок). Тады Люба рашуча адарвала свае рукі ад .. [Петрака] і хісткім крокам пайшла. Асіпенка.

2. перан. Ненадзейны, няпэўны; малапераканальны. Хісткае становішча. Хісткія падставы. □ Праўда, усе гэтыя ўлікі, усе гэтыя доказы вельмі і вельмі хісткія. Ніхто і нідзе не мог прывесці прамога доказу непасрэднага ўдзелу інжынера ў чыгуначных дыверсіях. Лынькоў. Абое яны — дзядзька і цётка — усё яшчэ таілі хісткую надзею. Васілевіч. // Непастаянны ў сваіх поглядах, учынках і пад.; які лёгка паддаецца іншым уплывам. [Лабановіч:] — Я, аб вас я не адважваюся гаварыць гэта, хоць і вы, напэўна, такія ж хісткія, як і я, я — дрэва ў полі, што хіліць галіны туды, куды вецер дзьме. Колас. Селянін у прозе Якуба Коласа так ці інакш цікавіцца рэвалюцыяй, усведамляе новыя сацыяльныя ідэі, якія яна несла, але рэвалюцыянер з яго яшчэ даволі хісткі. Навуменка.