хлябо́к, ‑бка, м.
Памянш.-ласк. да хлеб. Працавітая рукой Засявае шнурок... Ой, радзі, божа мой, На пацеху хлябок! Купала. Хлябок — танюткай столачкай, Нібыта залаты. Лойка.
хлябта́ць, хлябчу, хлебчаш, хлебча; незак., што.
1. Піць, зачэрпваючы вадкасць языком (пра некаторых жывёлін). Тады Слава падштурхнуў шчаня да сподачка. Нахіліў галоўку. Толькі пасля гэтага яно і пачало прагна хлябтаць, распырскваючы на падлозе драбнюткія кропелькі малака. Шыловіч.
2. Прагна піць. Ды Дзед Мароз ужо хлебча з конаўкі ваду, выцірае бараду і глядзіць, ладкуецца, дзе б гэта аблюбаваць месца на шырокім палку прылегчы. Кухараў. [Апенька] хлябтаў на поўны рот, пакуль не спаражніў пасудзіны. Навуменка.
3. Разм. груб. Піць (віно, спіртныя напіткі) у вялікай колькасці. — Мала мы з табою, ты [Халімон], нежанаты, ды я, пры жонцы халасты, той гарэлкі папілі ды ў дурня пагулялі?! — на вачах Кірдуна выступіла вільгаць. — Мне, думаеш, лёгка? Буду там чорт ведае з кім тую гарэлку хлябтаць. Караткевіч.
хляве́ц, хляўца, м.
Памянш.-ласк. да хлеў; маленькі хлеў. Гумно паўнела з кожным годам, І багацеў хлявец прыплодам. Колас.
хляво́к, хляўка, м.
Памянш. да хлеў; маленькі хлеў. Недзе над галавой звінелі камары. А ў хляўку, разбуджаны тупатнёй, рохкаў парсючок. Асіпенка.
хля́сцік, ‑а, м.
Вузкая палоска тканіны, прышытая або прышпіленая ззаду верхняга адзення, якая сцягвае яго па таліі. [Лейтэнант] убачыў нахіленую спіну чалавека, хлясцік з алавяным гузікам. Быкаў.
хляўчу́к, хлеўчука, м.
Тое, што і хлеўчык. [Маці] то з Толікам забаўлялася, то ўходжвалася па гаспадарцы, майстравала з Люсяй маленькі хляўчук для качак. Даніленка.