Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хлю́па, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і хлюпота. Прыехаў я ў Вільню — на вуліцах хлюпа, мокры снег, сцюдзёны вецер. Гарэцкі.

хлю́панне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. хлюпаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Чулае вуха пагранічніка здалёк улавіла хлюпанне ног па гразі і шолах кустоў. Пальчэўскі. Чулася толькі хлюпанне вады ды шуршанне леташняй асакі. Шчарбатаў.

хлю́пат, ‑у, М ‑наце, м.

Разм. Гукі, якія ўтвараюцца пры пераліванні, чвяканні або хлюпанні вады. Нарэшце [селянін] нешта ўлавіў... Хлюпат конскіх ног па тонкай грэблі. Бядуля.

хлюпата́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. хлюпатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

хлюпата́ць, ‑поча; незак.

Разм. Утвараць хлюпат. Хмуры восеньскі дождж слепіць шыбы, чутно, як ён хлюпоча пад акном. Хадановіч. Твар, рукі, вопратка — усё было заліта дажджом; вада пацякла ў халявы і хлюпатала ў ботах. Лупсякоў.

хлюпаце́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. хлюпацець, а таксама гукі гэтага дзеяння.

хлюпаце́ць, ‑паціць; незак.

Разм. Тое, што і хлюпатаць. Была ранняя вясна, пахла вільготнай зямлёй, і на дне траншэі, у нас пад нагамі, часам хлюпацела вада. Шарахоўскі. / у безас. ужыв. Сакратар намок і зверху і спадыспаду — дарэмна халявы падцягваў — і цяпер хлюпаціць у ботах. Мурашка. Марозу не было, але і пад нагамі не хлюпацела. Ляўданскі.

хлю́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Плюхацца ў гразі, вадзе. Свінні, парасяты, п[а]дсвінкі хлюпаліся ў лужынах, поркалі лычамі гразкі дзядзінец. Дуброўскі.

хлю́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Утвараць характэрныя гукі, падобныя на хлюпат (пра ваду, вадкасць). З узгоркаў па дарозе беглі ручайкі, а пад нагамі хлюпала вадкая гразь, і толькі на высокіх пясчаных узгорках зямля падсыхала: там ісці было лёгка і прыемна. Колас. Выцягнеш кій з багны, адтуль падымаюцца над вадой мутныя чорныя бурбалкі, пад нагамі пакрэктваюць кладкі, ды чаўкае, хлюпае дрыгва. Дзенісевіч. // З плёскатам стукацца аб што‑н. (пра хвалі). За бартом лайбы меладычна хлюпалі хвалі. Зарэцкі. / у безас. ужыв. У кабінеце было светла, цёпла, і пасля вуліцы, дзе пад нагамі чвякала і хлюпала, дзе пляскаўся волкі вецер, Лёдзі здалося тут вельмі ўтульна. Карпаў.

2. Рухацца па чым‑н. вязкім, гразкім, утвараючы характэрныя гукі. Па выбоістай гразкай дарозе хлюпалі колы. Шушкевіч. З вуліцы Ваця пачуў нейкую гаману. Па мокрым снезе хлюпалі чобаты і гумавыя бахілы, маленькія боцікі і чаравічкі. Грахоўскі.

3. Плакаць, усхліпваць. [Марына:] Ды годзе хлюпаць! Не будзьце вы бабамі! Хадзем лепш раненых з-пад руін выцягваць, бінты шукаць! Губарэвіч. // Утвараць носам гукі, падобныя на хлюпат. Кудзін выціраў.. [слёзы] тыльным бокам рукавіц, хлюпаў носам, смаркаўся сабе пад ногі. Радкевіч.

4. Слаба гарэць. У дыме хлюпае, вось-вось патухне, невялічкая цёмная лямпа. Галавач.

хлю́пік, ‑а, м.

Разм. зневаж. Бязвольны, маладушны чалавек. [Марына:] — Мой другі муж плакаў, калі я пакідала яго, цалаваў рукі і прасіў, ён кахаў мяне, але я ненавідзела гэтага хлюпіка. Шамякін.