Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хлеб, ‑а, м.

1. толькі адз. Прадукт харчавання, які выпякаецца з мукі. Пшанічны хлеб. Кілаграм хлеба. □ У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. Як пернік смачны, У руцэ Трымаў я хлеб жытні калісьці — Спадыспаду не ў муцэ, А на кляновым лісці. Аўрамчык. Ідзеш на дзень — хлеба бяры на два. Прыказка. Ядуць на свеце хлеб траякі: чорны, белы і ніякі. Прыказка. // Такі прадукт у выглядзе вырабаў пэўнай формы. Круглы хлеб. Бохан хлеба. // Цеста, прыгатаванае для выпечкі хлебных вырабаў. Хлеб падышоў. □ [Жонка:] — Дык намялі мукі ў жорнах, замясі цеста, а як падыдзе, пасадзі хлеб у печ. Якімовіч. // а таксама мн. (хлябы́, о́ў). Выпечка. У дзежцы стаяла яшчэ крыху мукі. Гэтай мукі можа яшчэ хопіць на два скупыя хлябы. Чорны.

2. Зерне, якое мелецца на муку для выпякання хлеба. Абмалочаны хлеб. □ Большасць сабранага хлеба калгаснікі.. падзялілі паміж сабой на працадні. Шамякін.

3. Зерневыя расліны (жыта, пшаніца і пад.) на корані. — Цёзка, ці не бачыш, што ў нас у гэтым годзе хлеб радкаваты? — запытаў яго, сеўшы побач, калгасны брыгадзір Кузьма Стрыж. Дуброўскі. Хлеб па хлебу сеяць — ні малаціць, ні веяць. Прыказка. / мн. хлябы́, о́ў. Разм. Жыта там родзіцца на дзіва: Як едзеш між хлябоў вясною, У іх конь хаваецца з дугою. Колас.

4. толькі адз.; перан. Разм. Сродкі для існавання, заробак. Дырэктару было ўжо сумна. Пісаць артыкулы яму не ставала часу і, да таго ж, ён не хацеў адбіраць у газетчыкаў іх законны хлеб. М. Стральцоў. У сенцах сустрэліся з гаспадыняй — баба што печ, на ўсе дзверы. Клім спыніўся і з усмешкаю кіўнуў Шэмету на жонку: — На старшынёўскіх хлябах. Лобан. / Пра жыццё, долю. Ох, дачушка, хлеб твой горкі, горка твая доля! Колас.

•••

Барадзінскі хлеб — асобы гатунак паштучнага заварнога хлеба, які выпякаецца з шатраванай жытняй і пшанічнай мукі і мае прыемны саладкаваты прысмак.

Мінскі хлеб — хлеб з жытняй пытляванай мукі з кменам.

Украінскі хлеб — хлеб з жытняй шатраванай мукі з дабаўленнем пшанічнай мукі другога гатунку.

Аб сухім хлебе — без вадкай стравы (жыць).

Без хлеба сядзець — быць незабяспечаным сродкамі для існавання.

Гэта мой (твой, яго, яе, наш, ваш, іх) хлеб — пра чый‑н. занятак.

Дарэмна хлеб есці гл. есці.

Даць салдацкага хлеба (груб.) — даць выспятка; даць каленам пад зад.

Есці чужы хлеб гл. есці.

Зайцаў хлеб — рэшткі яды, прывезенай дадому з лесу, лугу і пад., якую прапануюць з’есці дзецям.

З хлеба крошак шукаць гл. шукаць.

Ісці на свой хлеб гл. ісці.

І то (гэта) хлеб — ёсць нейкая карысць каму‑н.

І хлеб і да хлеба — усяго многа, дастаткова (прадуктаў харчавання).

Карміць хлебам гл. карміць.

Кусок (кавалак) хлеба гл. кусок.

Лёгкі хлеб — пра лёгкую працу, без клопатаў, турбот, без напружання сіл.

Надзённы хлеб — тое, што патрэбна для жыцця.

На ласкавым хлебе — быць нахлебнікам, жыць на ўтрыманні, з чыёй‑н. ласкі.

Не вялікі хлеб — а) не вельмі добра; б) невысокая аплата працы, не зусім забяспечаныя ўмовы жыцця.

Пасадзіць на хлеб і ваду — пакараць голадам, абмежаваць каго‑н. у ядзе.

Перабівацца з вады на хлеб (з хлеба на квас) гл. перабівацца.

Свой акраец хлеба гл. акраец.

Сесці на хлеб чый гл. сесці.

Стаць на свой хлеб гл. стаць.

Сядзець на чужым хлебе гл. сядзець.

Хлебам не кармі гл. карміць.

Хлеб ды соль! — прыемнага, добрага апетыту (пажаданне таму, каго засталі за ядой).

Хлеб есці з чаго гл. есці.

Хлеб-соль — пачастунак. — Гэта ж во госцік дарагі, Алёша Іванавіч, з мае роднае вёскі.. Заехаў.. укусіць хлеба-солі!.. Брыль.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць гл. шукаць.

Цяжкі хлеб — праца, якая патрабуе вялікіх намаганняў, цяжкая фізічная праца.

Шукаць лёгкага хлеба гл. шукаць.

Шукаць як хлеба гл. шукаць.

хлеба...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «хлеб», «хлебны», напрыклад: хлебазавод, хлебапрадукты, хлебабулачны, хлебапастаўкі.

хлебабу́лачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хлебных вырабаў. Хлебабулачнае прадпрыемства. // Прызначаны для продажу мучных вырабаў. Хлебабулачны магазін.

хлебага́ндаль, ‑длю, м.

Аптовы гандаль хлебам (у 2 знач.).

хлебагандлёвы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хлебагандлю, звязаны з ім. Хлебагандлёвыя арганізацыі. Хлебагандлёвая сетка.

хлебада́йнасць, ‑і, ж.

Паэт. Уласцівасць хлебадайнага.

хлебада́йны, ‑ая, ‑ае.

Паэт. Які дае хлеб, забяспечвае сродкамі для існавання. Дзе мой дом, дзе ты, хата мая, Дзе загон хлебадайнай зямлі? Купала. Спрадвеку драўляная, Як і дрэвы, у зямлю ўрасла. Жыве яна [вёска] З хлебадайнага рамяства. Барадулін.

хлебазаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Прадпрыемства з механізаванай выпечкай хлеба. Хлебазавод-аўтамат.

хлебазда́ча, ‑ы, ж.

Планавая здача збожжа калгасамі і саўгасамі дзяржаве.

хлебану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да хлёбаць.

2. перан. Разм. Выпіць. [Тодар:] — Вунь у Малых Прусах шляхціц Купрыян Свінацяробскі гоніць, дык хоць замест газы палі — далібог жа гарыць, а калі трохі хлебанеш, дык аж вочы на лоб лезуць. Чорны. // Паесці (якой‑н. вадкай стравы). [Бабка:] — У мяне, панічок, капуста ад абеду засталася, можа, вы хлебанулі б крыху? Колас.

3. перан. Разм. Зведаць, перанесці. Хлебанулі гора мы нямала — Дзеці на ваенным рубяжы... Зуёнак.