Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мно́га, прысл.

1. У вялікай колькасці, у вялікай ступені; не мала. Лес быў вялікі і глухі, зверыны рознай ды птаства многа вадзілася. Чарнышэвіч. Гэты вечар даў многа спакою Марыне Паўлаўне. Зарэцкі. // (пры выш. ст. і з прыназ. «на»). Значна, у значнай ступені. Многа больш. На многа раней. □ На многа вёрст былі відаць з гары Адсюль палі жытоў і канюшыны. З. Астапенка.

2. Больш, чым патрэбна; лішне. Так ужо многа даставалася беднаму Цімошку з-за гэтага чорнага быка. Пападала яму ад чужых, пападала і ад сваіх. Колас.

•••

Ні многа ні мала — якраз столькі, роўна столькі (звычайна пра вялікую колькасць чаго‑н.).

многа... (а таксама мнага...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «многа», напрыклад: многакватэрны, многаматорны, многаметровы.

многаабяца́ючы, ‑ая, ‑ае.

1. Які падае вялікія надзеі. Многаабяцаючы вучоны.

2. перан. У якім заключаецца намёк на што‑н., абяцанне чаго‑н. Многаабяцаючая назва кнігі.

многаакто́вы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які складаецца з некалькіх актаў. Многаактовая п’еса.

многааперацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які патрабуе для свайго выканання многіх аперацый. // Які выконвае многія аперацыі. Многааперацыйны станок.

многабако́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць многабаковага. Многабаковасць інтарэсаў.

многабако́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае некалькі бакоў. Многабаковая прызма.

2. Звязаны з некалькімі зацікаўленымі бакамі, з многімі ўдзельнікамі. Многабаковы дагавор.

3. Які адрозніваецца разнастайнасцю; рознабаковы. Дыскусія насіла многабаковы характар.

многавуго́льнік, ‑а, м.

Геаметрычная фігура, абмежаваная замкнутай ломанай лініяй. Дыяганаль многавугольніка. Падобныя многавугольнікі.

многавуго́льны, ‑ая, ‑ае.

Які ўтвараецца замкнутай ломанай лініяй.

многавяко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які існуе на працягу многіх вякоў. На кожным кроку кідаліся ў вочы манастыры, кляштары, касцёлы, цэрквы, кірхі і капліцы.. Гэта былі свайго роду сімвалічныя летапісы, што расказвалі пра многавяковае жыццё горада, пра яго гістарычныя лёсы. Колас. Праз Карлаў мост многавяковы Іду між небам і зямлёй. Танк.