ільдзі́на і льдзі́на, ‑ы, ж.
Кавалак, глыба лёду. // Крыга. Здаецца, яшчэ ўчора .. [Нёман] імкліва нёс кудысьці на хвалях апошнія льдзіны, а сёння — вербы, заглядваючыся ў яго празрыстую ваду, нібы ў люстэрка, ужо любуюцца сваімі бледна-зялёнымі завушніцамі. Данілевіч. Ён [снежань] ахінуў стагі лугоў, Як верацёны снежнай воўнай; З-пад Налібок, з балот, лясоў Плыты ільдзін пагнаў па Нёмну. Танк.
ільдзі́нка і льдзі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш.-ласк. да ільдзіна; невялікая льдзіна. Праходзілі крыгі; рака, ачышчаючыся, паспешліва праганяла адзінокія льдзінкі. Ракітны. // Кавалачак тонкага лёду. Палі прыцерушыў лёгкі сняжок, толькі рудзеюць сцежка, пратаптаная клетачкамі лапцей, ды каляіны, поўныя каламутнай вады і тонкіх патрушчаных ільдзінак. Грахоўскі. // Лядзяш (на дрэвах, страсе і пад.). Сцюдзёная льдзінка на бярозе гарыць халодным сіняватым святлом. Лынькоў.