Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бруд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Тое, чым што‑н. забруджана, запэцкана; гразь. А каб змыць з зямлі бруд, скалыхну я ваду, Што дажджом палілася свінцовым. Чарот. Пад кажурынай лісцяў прэлых Зіма схавала бруд і твань. Колас. // Адкіды, смецце і пад. Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, і стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Брыль. Зусім нядаўна растаў снег. Узімку быў ён надта белым, а цяпер.. ляжыць змешаны з гразёю і розным брудам. Каваль. // Насякомыя, якія паразітуюць на целе чалавека і жывёлы. У бялізне за часы.. [Пракопавага] вандроўніцтва завялося нямала рознага бруду. Колас.

2. перан. Што‑н. нізкае, амаральнае, нядобрасумленнае; напластаванне адмоўных якасцей. [Стэфа:] — Нянавісць мая будзе жорсткая, бязлітасная. Нянавісць да бруду, падману, мяшчанскага дабрабыту ў сваім гняздзечку... Савіцкі. Па-ўдарнаму працу на плечы бяру, Мінуты не страціўшы марна: З вёскі змываць дакастрычніцкі бруд — Задача мая ўдарная. Крапіва.

бру́дзіцца, ‑дзіцца; незак.

Станавіцца брудным; пэцкацца. Светлае адзенне ў дарозе хутка брудзіцца.

бру́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; каго-што і без дап.

1. Рабіць брудным, пэцкаць.

2. Рабіць смецце; смеціць.

3. перан. Няславіць, ганьбіць, зневажаць; чарніць.

•••

Рукі брудзіць — умешвацца ў брудную справу, у непрыемную гісторыю.

бру́дна,

1. Прысл. да брудны.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць бруду дзе‑н.

бруднава́ты, ‑ая, ‑ае.

Крыху брудны. Бруднаватая падлога.

бру́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Нячысты, нямыты, з прыкметнымі слядамі пылу, бруду на паверхні. Склеп быў нізкі, вільготны, з прапыленымі, бруднымі сценамі. Лынькоў. Уздыхае барадаты, а потым ідзе назад у сенцы, цяжка ступаючы бруднымі патрэсканымі нагамі па гладкай, як ток, зямлі. Мурашка. Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю. Брыль. / у знач. наз. бру́днае, ‑ага, н. Да чыстага бруднае не прыстае. Прымаўка. // Непрыбраны, засмечаны, запушчаны. Цьмяны дрыготны агонь асвятліў раскошную хату — амаль пустую і страшэнна брудную. Зарэцкі.

2. Такі, дзе асноўны колер выступае невыразна, няярка. Сонца заходзіла за брудную, празрыстую павалоку. Лобан.

3. Прызначаны для адкідаў. Бруднае вядро. // Які мае дачыненне да чаго‑н. нячыстага, маркага. Брудная работа.

4. перан. Грубы, непрыстойны, агідны. Брудная лаянка. Брудныя думкі. Брудныя плёткі, намеры.

5. перан. Які выклікае маральную агіду. Брудная справа. Брудная роля. Брудная душа. □ [Ціхан] прызнаўся Мальвіне, што даўно хацеў уцячы з-пад начальства Мачуліна, бо той — чалавек нікчэмны і брудны. Дуброўскі.

бру́дэр, ‑а, м.

Апарат для абагравання выведзеных у інкубатары птушанят свойскіх птушак (куранят, качанят і пад.).

[Англ. brooder.]

брудэрша́фт, ‑а, М ‑фце, м.

У выразе: піць брудэршафт або піць на брудэршафт з кім — замацоўваць сяброўства па застольнаму звычаю, паводле якога двое ўдзельнікаў адначасова п’юць свае чаркі, цалуюцца і гэтым устанаўліваюць узаемную дружбу і права звяртацца адзін да другога на «ты».

[Ням. Brüderschaft — братэрства.]

бружме́левы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да бружмелю. Бружмелевы куст.

2. у знач. наз. бружме́левыя, ‑ых. Сямейства дрэвавых і кустовых раслін, да якога адносяцца каліна, бузіна, бружмель і іншыя.

бружме́ль, ‑ю, м.

Кустовая расліна сямейства бружмелевых з папарна размешчанымі лісцямі і рознакаляровымі духмянымі кветкамі.