Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

брыва́сты, ‑ая, ‑ае.

З вялікімі густымі бровамі. Шафёр, брывасты, з густой чупрынай, камлюкаваты і, відаць, дужы чалавек, не адказаў. Вышынскі.

брыво́, ‑а; мн. бровы; Р броў, броваў і брывоў, Д бровам і брывам, Т бровамі і брывамі, М аб бровах і брывах; н.

Дугападобная палоска валасоў над вачамі. Маня набірала ў прыгаршчы вады і са смехам палівала на хлопчыка, лёгенька шлёпала яго па тоўстых ручках, ледзь чутна праводзіла пальцам па чорных дугах броў. Васілевіч. Тодар паблісквалі вачамі з-пад пасівелых броваў. Чорны. Ты прайшла з касою чорнай Над малінавым берагам, Пад крылатымі брывамі Хітравата ззялі вочы. Панчанка.

брывяны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае дачыненне да брыва. Адкрыты лоб, сама смуглява, А што найбольш прывабна ў ёй [Марыне], Дык гэта вочы, іх аправа Пад тонкай дужкай брывяной. Колас.

брыг, ‑а, м.

Двухмачтавае паруснае судна 18–19 ст., ваеннае або гандлёвае.

[Анг. brig.]

брыга́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Вайсковае злучэнне, якое складаецца з некалькіх палкоў, батальёнаў або батарэй, а ў флоце — з некалькіх аднатыпных ваенных суднаў. Танкавая брыгада. Брыгада тарпедных катэраў. Партызанская брыгада.

2. Група работнікаў, якая выконвае пэўнае вытворчае (або спецыяльнае) заданне на заводзе, у калгасе, ва ўстанове і пад. Паляводчая брыгада. Трактарная брыгада. Будаўнічая брыгада. Брыгада камуністычнай працы. Рэйдавая брыгада. // Разм. Месца, дзе размяшчаецца і працуе гэты калектыў. Праўленне і канцылярыя, і наогул увесь калгасны цэнтр быў у першай брыгадзе. Васілевіч. У чацвёртую брыгаду, у вёску Зарэчча, пабег з праўлення пасланец. Бялевіч.

•••

Комплексная брыгада — вытворчая брыгада, у склад якой ўваходзяць людзі розных спецыяльнасцей.

[Фр. brigade.]

брыгадзі́р, ‑а, м.

1. Ваенны чын у Расіі ў 18 ст., сярэдні паміж палкоўнікам і генералам.

2. Кіраўнік брыгады (у 2 знач.). Брыгадзір механізатараў. Брыгадзір паляводчай брыгады. □ Успомніў.. [Геня] пра бацьку — вясёлага калгаснага брыгадзіра. Якімовіч. Браты жылі вельмі дружна, і мара ў іх была адна: скончыць школу і пайсці ў брыгаду паляўнічых, брыгадзірам якой быў іх бацька — лепшы паляўнічы на ўсю акругу. Бяганская.

[Ням. Brigadier.]

брыгадзі́раў, ‑ава.

Які належыць брыгадзіру. Брыгадзірава хата.

брыгадзі́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Жан. да брыгадзір (у 2 знач.). Прыйшлі з поля, з гаспадаркі, Клуб запоўніўшы да краю, Брыгадзіры і даяркі, Брыгадзіркі і свінаркі, А гармонік грае, грае. Купала.

брыгадзі́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да брыгадзіра. Брыгадзірская пасада.

брыгадзі́рства, ‑а, н.

Работа на пасадзе брыгадзіра (у 2 знач.). Добрым брыгадзірам паляводчай брыгады быў Міканор Селівончык у калгасе імя Дзяржынскага, але пастарэў чалавек, пасівеў, цяжкавата стала яму брыгадзірства. Бялевіч. Брыгадзіра Юзіка.. знялі з брыгадзірства і ледзь не аддалі пад суд. Сачанка.