Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

брэге́т, ‑а, М ‑геце, м.

Уст. Гадзіннік асобай канструкцыі, які адбіваў гадзіны і долі гадзін і паказваў лічбы месяца.

[Ад імя французскага майстра — Breguet (1747–1823).]

брэ́дзень, ‑дня, м.

Тое, што і браднік. Дзед асцерагаўся нават падыходзіць блізка да.. [Міколкі з бацькам], калі яны выцягвалі на бераг таптуху або брэдзень. Лынькоў.

брэ́днік, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Дрэва ці высокі куст сямейства вярбовых; вербалоз. / ‑у, у знач. зб. Выкарчоўка брэдніку.

2. ‑у. Драўніна гэтага дрэва.

брэйд-вы́мпел, ‑а, м.

Ваенна-марскі флаг паменшанага памеру і рознага колеру, прысвоены камандзірам злучэнняў караблёў, дывізіёнаў і старшаму па рэйдзе.

[Гал. breedwimpel.]

брэ́мсберг, ‑а, м.

1. Прыстасаванне для спуску грузаў па нахіленай плоскасці; механізаваны скат.

2. У горнай справе — падземная нахіленая горная вырабатка, прызначаная для спуску ў ваганетках або канвеерам карысных выкапняў на ніжэйшы гарызонт; спуск.

[Ням. Bremsberg.]

брэ́ндзі, нескл., н.

Гатунак каньячнага віна.

брэ́нзлі, ‑яў; адз. бранзаль, ‑зля, м.

Абл. Махры па краях у хустцы, настольніку і пад. — Добра, добра, мы вам адзначым, — з пагрозай сказаў.. [паліцай], цярэбячы брэнзлі настольніка. Дамашэвіч.

брэ́нканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. брэнкаць.

брэ́нкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і брынкаць. [Антон:] — Мабыць, дзіўна гэта тут, каб старшыня ды на мандаліне брэнкаў? Савіцкі.

брэ́нкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да брэнкаць.