бруд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Тое, чым што‑н. забруджана, запэцкана; гразь. А каб змыць з зямлі бруд, скалыхну я ваду, Што дажджом палілася свінцовым. Чарот. Пад кажурынай лісцяў прэлых Зіма схавала бруд і твань. Колас. // Адкіды, смецце і пад. Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, і стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Брыль. Зусім нядаўна растаў снег. Узімку быў ён надта белым, а цяпер.. ляжыць змешаны з гразёю і розным брудам. Каваль. // Насякомыя, якія паразітуюць на целе чалавека і жывёлы. У бялізне за часы.. [Пракопавага] вандроўніцтва завялося нямала рознага бруду. Колас.

2. перан. Што‑н. нізкае, амаральнае, нядобрасумленнае; напластаванне адмоўных якасцей. [Стэфа:] — Нянавісць мая будзе жорсткая, бязлітасная. Нянавісць да бруду, падману, мяшчанскага дабрабыту ў сваім гняздзечку... Савіцкі. Па-ўдарнаму працу на плечы бяру, Мінуты не страціўшы марна: З вёскі змываць дакастрычніцкі бруд — Задача мая ўдарная. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)