брудны, ‑ая, ‑ае.

1. Нячысты, нямыты, з прыкметнымі слядамі пылу, бруду на паверхні. Склеп быў нізкі, вільготны, з прапыленымі, бруднымі сценамі. Лынькоў. Уздыхае барадаты, а потым ідзе назад у сенцы, цяжка ступаючы бруднымі патрэсканымі нагамі па гладкай, як ток, зямлі. Мурашка. Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю. Брыль. / у знач. наз. бруднае, ‑ага, н. Да чыстага бруднае не прыстае. Прымаўка. // Непрыбраны, засмечаны, запушчаны. Цьмяны дрыготны агонь асвятліў раскошную хату — амаль пустую і страшэнна брудную. Зарэцкі.

2. Такі, дзе асноўны колер выступае невыразна, няярка. Сонца заходзіла за брудную, празрыстую павалоку. Лобан.

3. Прызначаны для адкідаў. Бруднае вядро. // Які мае дачыненне да чаго‑н. нячыстага, маркага. Брудная работа.

4. перан. Грубы, непрыстойны, агідны. Брудная лаянка. Брудныя думкі. Брудныя плёткі, намеры.

5. перан. Які выклікае маральную агіду. Брудная справа. Брудная роля. Брудная душа. ▪ [Ціхан] прызнаўся Мальвіне, што даўно хацеў уцячы з-пад начальства Мачуліна, бо той — чалавек нікчэмны і брудны. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)