Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эсэ́савец, ‑саўца, м.

Ваеннаслужачы нямецкіх фашысцкіх ахоўных атрадаў ці спецыяльных часцей фашысцкай германскай арміі. У Еўнічы сярод дня ўварвалася адступаючая рота эсэсаўцаў — ніхто неяк не чакаў гэтага: старыя, жанчыны і дзеці былі дома. Хадкевіч.

[Ад нямецкага скарачэння SS (Schutznstaffel) — ахоўны атрад).]

эсэ́саўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эсэсаўцаў, складаецца з эсэсаўцаў. Эсэсаўскія часці.

этажэ́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Род мэблі ў выглядзе некалькіх, размешчаных адна над другой паліц на стойках. Фанерныя палічкі сплеценай з лазовых пруцікаў этажэркі застаўлены кнігамі. Навуменка.

[Фр. étagère.]

этазо́л, ‑у, м.

Лекавы сродак з групы сульфаніламідных прэпаратаў.

эталані́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. эталаніраваць.

эталані́равацца, ‑руецца; незак.

1. Правярацца эталонам.

2. Зал. да эталаніраваць.

эталані́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.

Правяраць па эталону.

этало́гія, ‑і, ж.

Навука, якая вывучае паводзіны жывёл у прыродных умовах.

[Ад грэч. ēthos — звычай, нораў, характар і logos — вучэнне.]

этало́н, ‑а, м.

1. Дакладны ўзор устаноўленай адзінкі вымярэння. Эталон метра. // Вельмі дакладны вымяральны прыбор, прызначаны для праверкі іншых такіх прыбораў.

2. перан. Кніжн. Узор, стандарт для параўнання з чым‑н. «Ляўкоўскія» вершы Купалы сталі для творчай моладзі эталонам. Ярош. Было боязна разбурыць новай сустрэчай тое хвалюючае дзіцячае ўяўленне аб чалавеку, які ў сэрцы працягваў жыць эталонам хараства, розуму, душэўнай тонкасці і абаяльнасці. Хадановіч.

[Фр. étalon.]

этало́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эталона, з’яўляецца эталонам. Эталонныя прыборы.