Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ялі́на, ‑ы, ж.

Высокая елка. На ялінах, быццам свечкі на каляднай ёлцы, віселі шышкі-таўкачыкі і залаціліся на сонцы. Брыль. Старыя хвоі і яліны, Высока кінуўшы галіны, Глядзелі хораша, любоўна. Колас. І пад крык жураўліны, Што асеў на лясы, Сумавалі яліны, Сумавалі ласі. Іверс.

я́лічнік, ‑а, м.

Перавозчык на яліку.

я́лічны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і ялікавы.

ялка́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць ялкавага. Ялкавасць сала.

ялка́вець, ‑ее; незак.

Станавіцца ялкавым.

ялка́вы, ‑ая, ‑ае.

Трохі ёлкі (пра тлушчы). Ялкавае сала.

яло́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да елкі. Затрашчала пад ботамі сухое вецце, яловыя шышкі. Навуменка. // Зроблены з елкі. Яловыя дошкі.

•••

Яловая галава гл. галава.

ялча́ць, ‑ае; незак.

Псуючыся, станавіцца ёлкім (пра тлушчы). У цёплым месцы масла ялчае.

ям, ‑а, м.

Гіст. Паштовая станцыя або паселішча на паштовым тракце, дзе праезджыя мянялі паштовых коней.

[Ад цюрк. jam — паштовая станцыя.]

я́ма, ‑ы, ж.

1. Прыроднае або выкапанае паглыбленне ў зямлі. Глыбокая яма. Засыпаць яму зямлёй. □ Дзяўчаты і жанчыны капалі ямы, хлопцы ставілі слупы. Шамякін. Мікола ехаў асцярожна, старанна абмінаючы ямы. Краўчанка. // перан. Упадзіна, паглыбленне ў чым‑н., на чым‑н. Гэты твар.. з ямамі на шчоках.., з глыбокімі рысамі маршчын, — ні ў чым не нагадваў Міхаіла Ганарджыя. Самуйлёнак.

2. Спецыяльна абсталяванае, паглыбленае месца або памяшканне для складвання, захоўвання чаго‑н., размяшчэння чаго‑н. Памыйная яма. Хаваць бульбу ў яме. Вугальная яма на судне. Аркестравая яма. // Магіла, дол. Стары і Сцяпан пачалі спускаць на вяроўках труну ў яму. Мележ.

3. перан. Месца, у якім цяжка і непрыемна жыць, дзе творацца брудныя справы, плятуцца інтрыгі і пад. — Ці ж толькі свету, што ў аконцы? Або так міла тут бясконца? І там мы будзем жыць таксама; Няма ўжо горшай, як тут, яма. Колас. — Будзем мы прыязджаць к вам часта, .. каб выцягнуць вашу вёску з тае ямы, з якой яна цяпер свету не бачыць. Чорны.

•••

Воўчая яма — а) глыбокая яма з прыманкай для лоўлі ваўкоў; б) у ваеннай справе — штучная перашкода ў выглядзе глыбокай ямы супраць непрыяцеля, які ідзе ў атаку.

Паветраная яма — участак у паветры з інакшым тэмпературным асяроддзем, дзе лятальны апарат рэзка зніжаецца, правальваецца.

Капаць яму гл. капаць.