Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

я́місты, ‑ая, ‑ае.

З вялікай колькасцю ям, калдобін; няроўны. Дарогі не відаць пад нагамі, але горш тое, што яна, няроўная, ямістая, у калдобінах, не дае разгону нагам. Пестрак.

я́мка, ‑і, ДМ ямцы; Р мн. ямак; ж.

Памянш. да яма (у 1 знач.); невялікая яма. У Максімавых варотах, у ямцы, ляжаў і вяла павільваў хвосцікам кабан-кормнік. Капыловіч. // Невялікае паглыбленне на чым‑н., у чым‑н. Вусны.. [Буракова] адразу пасмяглі, на шчоках большымі зрабіліся ямкі, і стала відаць многа маршчын каля вачэй. Ермаловіч. // Выемка, ніша з боку прыпечка, куды заграбаюць жар, попел. У ямцы на прыпечку тлела некалькі вугалёў, прысыпаных попелам. Мурашка.

ямс, ‑у, м.

Шматгадовая травяністая расліна з багатымі на крухмал клубнямі, якая расце ў тропіках і субтропіках.

[Англ. yams.]

ямскі́, ‑ая, ‑ое.

Гіст. Звязаны з перавозкай на конях пошты, грузаў, пасажыраў. Ямская павозка. Ямская павіннасць.

яму́,

гл. ён.

ямчэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. ёмкі.

ямшчы́к, ‑а, м.

Фурман на паштовых, ямскіх конях.

[Цюрк.]

ямшчы́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ямшчыка, належыць, уласцівы ямшчыку. Ямшчыцкія песні.

яна́, яе, ёй, яе, ёй (ёю), аб ёй; мн. яны; займ. асаб. 3 ас. адз. ж.

1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка жаночага роду адзіночнага ліку, які абазначае, звычайна ў папярэднім кантэксце, прадмет гаворкі. Партыя намі кіруе, Мы — выхаванцы яе. Куляшоў. // (у спалучэнні са словам «сама»). Іменна тая, а не хто іншы; тая самая.

2. толькі Р. Ужываецца ў знач. прыналежная займенніка; яе. Як маліны, яе [Бандароўны] губкі, А твар, як лілея; Як дзве зоркі, яе вочы, Гляне — свет яснее. Купала.

3. У спалучэнні з часціцай «вось» набывае ўказальны характар. Вось яна — родная старонка!

яндо́ўка, ‑і, ДМ ‑доўцы; Р мн. ‑довак; ж.

1. У старажытнай Русі — вялікая медная пасуда для віна, піва, мёду.

2. Лаянк. Пра вялікі нос. — Гультай ты!.. Табе ж цяжка рукі завярнуць, каб табе нечага гэту яндоўку тваю на патыліцу звярнула. Крапіва.